Сёлета спаўняецца 100 гадоў Васілю Быкаву. Мы ўсе ведаем яго як пісьменніка, які паказваў чытачам штодзённую трагічнасць вайны. Вайны не медальнай і гераічнай, а вайны, якую бачыць звычайны чалавек, які ніколі не патрапіць на перадавіцы газет. Але мала хто ведае, што Быкаў быў яшчэ і мастаком.
ALOVAK трапіў на выставу “Васіль Быкаў. Жыццё праз абрысы і лініі” ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры, прысвечанай народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву і прымеркаванай да 100-годдзя са дня яго нараджэння. Дзякуючы выставе можна было даведацца больш пра захапленне пісьменніка, якое сам Быкаў іранічна называў “мастацкім зудам”.
Улюбёны занятак
У юнацтве Васіль Быкаў хацеў стаць мастаком, паступіў у Віцебскую мастацкую вучэльню. Аднак неўзабаве быў вымушаны пакінуць вучобу праз пагаршэнне матэрыяльнага становішча сям’і і адмену дзяржаўных стыпендый.
Пасля вучыўся ў фабрычна-завадской вучэльні. Праз шмат гадоў прызнаваўся, што сумаваў па мастацтве:
“Часам увечары падыходзіў да мастацкага вучылішча, заглядваў у нізкія вокны… Было сорамна і балюча”…
І тым не менш Васіль Быкаў не кінуў улюбёнага занятку, маляваў нават на фронце. А пасля другой сусветнай вайны быў час, калі пісьменнік працаваў мастаком у гарадзенскіх майстэрнях.
Зусім іншы Быкаў
Малюнкі знакамітага пісьменніка не ствараліся для мастацкай каштоўнасці, яны занатоўваліся Быкавым дзеля ўспамінаў, а часам і проста на злобу дня. Акрамя замалёвак з дзяцінства, ваенных лакацый, сямейных і літаратурных сустрэчаў, на выставе можна было пабачыць зусім іншага Быкава.
На закрыцці аднайменнай выставы, прысвечанай мастацкай спадчыне пісьменніка, якая праходзіла ў Віцебску з 29 верасня – 13 лістапада 2023 года, Васілю Быкаву пасмяротна ўручылі сімвалічны дыплом аб заканчэнні Віцебскага мастацкага вучылішча. Цалкам заслужана!
Імгненні жыцця Васіля Быкава
Мы ўсе часам у задуменнасці пачынаем маляваць на лекцыях ці сустрэчах, але Быкаў пайшоў далей. Аўтар толькі стварае свет сваіх герояў? Лухта! Аўтар таксама задумваецца і пра вокладку рамана. Самаробны канспект-дапаможнік па вывучэнні камп’ютара, засваенне аўтамабільнай справы, замалёўкі пісьменніка ў якасці будаўніка і дачніка-пачаткоўца, праект помніка літаратару і нават Шагал на Палессі – усё гэта зафіксавалі аловак і пэндзаль пісьменніка.
Праз кароткія замалёўкі экспазцыі можна было ўхапіцца за імгненні жыцця Васіля Быкава. Імгненні, якія перадалі яго жартаўлівы характар і філасофскі погляд на штодзённасць.
Акрамя мастацкай спадчыны Васіля Быкава, на выставе можна было пабачыць вельмі шмат фотаздымкаў пісьменніка: падчас працы і на адпачынку, з сябрамі, вядомымі літаратарамі і сям’ёй. А таксама кнігі, перакладзеныя на розныя мовы, рукапісы, лісты, дакументы, асабістыя рэчы Васіля Быкава, і нават афішы спектакляў і фільмаў, створаных паводле яго кніг.
Дзе яшчэ можна пазнаёміцца з творчасцю Быкава
- Музей-сядзіба Васіля Быкава
Дзе: в. Бычкі, Ушацкі раён, Віцебская вобласць
Знаходзіцца ў адноўленай хаце, дзе пісьменнік жыў да 1940 года. У ёй месціцца этнаграфічна-побытавая экспазіцыя, дзе размешчаны прадметы хатняга ўжытку (альбо іх аналагі), якімі карысталася сям’я Быкавых.
- Музей-дача Васіля Быкава
Дзе: вул. Вінаградная (яна ж – Дачная), д. 62, Ждановічы-6, Мінскі раён, Мінская вобласць
Адкрыты на базе дачы пісьменніка, дзейнічае як філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Дае ўяўленне пра дачны побыт творцы ў 1985-1998 гг., пра тое, якім В. Быкаў быў у штодзённым жыцці.
- Экспазіцыя “Гродзеншчына літаратурная” у музеі Максіма Багдановіча ў Гродне
Дзе: вул. 1 Мая, 10, г. Гродна
У экспазіцыі прадстаўлены ўласныя рэчы В. Быкава: дыпламат, кававарка, рупар, дыктафон, нататнік і інш.
P.S. Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы тэксту Марыне Азаронак.
(с) ALOVAK