“Маладняку” 100 гадоў: наведайце выставу ў літаратурным музеі

Калі вы даўно былі ў Літаратурным музеі, што на Багдановіча ,13 (доўгая афіцыйная назва “Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры”), то варта паспяшацца і запланаваць наведаць яго ў бліжэйшы месяц. Чаму зараз?

У музеі працуе неверагодна цікавая часовая выстава, якая адчынілася яшчэ ў лістападзе мінулага года і прысвечана 100-годдзю заснавання літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. Экспазіцыю музей плануе скончыць 3 сакавіка 2024 года. У вас ёсць яшчэ час, каб дадаць выставу ў свой каляндар.

Тэкст: Марына Азаронак
Фота: Кацярына Буто

Літаратурны музей, на мой погляд, з’яўляецца адным з самых кансерватыўных музеяў Мінска. На працягу доўгіх гадоў у вялікія дзве залі спрабуюць заціснуць нерэальную колькасць інфармацыі, якая збянтэжыць непадрыхтаванага наведніка. На сталую экспазіцыю літаратурнага музея абавязкова варта замаўляць экскурсавода. Калі вы пройдзеце па залях самастойна, то гэта ні чым не будзе адрознівацца ад пахода ў бібліятэку, дзе вы пабачыце манатонна растаўленыя творы найлепшых беларускіх аўтараў.

І на фоне гэтай манатоннасці і прадказальнасці часовая выстава, прысвечаная “Маладняку”, выглядае як подых свежага паветра.

Выстава “Бурлівага лёту сляды незмярымы” прысвечана 100-годдзю стварэння літаратурнага-мастацкага аб’яднання “Маладняк”. У лістападзе 1923 года шэсць беларускіх пісьменнікаў у клубе “КІМ” вырашылі стварыць літаратурнае аб’яднанне, якое за першыя два гады існавання стала самым прагрэсіўным і плённым саюзам літаратурнай моладзі. Удзельнікі выдалі каля 50 зборнікаў твораў маладых пісьменнікаў і выпусцілі 20 нумароў часопіса “Маладняк”.

У аб’яднанне ўваходзілі не толькі беларускія аўтары, там таксама былі створаны літоўская, габрэйская, украінская і руская секцыі. Вы дакладна чулі імёны яе сяброў.

Міхась Чарот, Кузьма Чорны, Алесь Дудар, Уладзімір Дубоўка, Змітрок Бядуля, Міхась Лынькоў, Пятрусь Глебка ў розныя гады пачыналі свой літаратурны шлях як маладнякоўцы.

І гэта толькі самыя знакамітыя імёны, якія вы праходзілі ў школьнай праграме.

Сённяшняя выстава пра “Маладняк” падкупае сваёй навізной, сучасным падыходам да падачы інфармацыі і нетрадыцыйным яркім афармленнем. На ёй вы азнаёміцеся з біяграфіямі знакамітых аўтараў, фотаздымкамі іх бурлівай маладосці, архіўнымі справамі з допытаў, анкетамі на ўступленне ў аб’яднанне, а таксама кнігамі, выдадзенымі ў 1920-я гады.

І калі ў школе вам падаваўся гэты перыяд вельмі сумным і нецікавым, то пасля выставы вы абавязкова захочаце даведацца больш як пра дзейнасць “Маладняка”, так і пра творы яе аўтараў.

Бонус ад ALOVAK! Топ-8 кніг сяброў Маладняка

“Сцежкі-дарожкі” Міхася Зарэцкага
“Мядзведзічы” Кандрата Крапівы
“Язэп Крушынскі” Змітрака Бядулі
“Млечны шлях” Кузьмы Чорнага
“На Купалле” Міхася Чарота (музычная драма, у якой упершыню прагучала “Купалінка” з музыкай У. Тэраўскага)
“І пурпуровых ветразей узвівы” Уладзіміра Дубоўкі
“І залацісцей, і сталёвей” Алеся Дудара
“Вершы” трох паэтак Зінаіды Бандарынай, Наталлі Вішнеўскай і Яўгеніі Пфляўмбаўм (1926)

(c) ALOVAK

Leave a Reply