Кінуць сталіцу, з’ехаць у вёску і… пачаць ствараць дзіўныя музычныя інструменты. Такі жыццёвы паварот здзейсніў Раман Курач. Тры гады таму ён працаваў кіроўцам аўтобуса, а сёння майструе флейты і плануе вырабляць прафесійныя духавыя інструменты.
![](https://alovakmag.by/wp-content/uploads/2023/10/IMG_20230908_095634_802-742x1024.jpg)
“Ды ў цябе проста занадта шмат летуценняў!”
Гісторыя таго, як Раман прыйшоў да ідэі стварэння майстэрні па вырабе этнічных флейтаў, нагадвае завязку прыгодніцкага серыяла. Жывучы ў Менску і працуючы ў аўтобусным парку, ён не планаваў ніякіх зменаў у жыцці. Так працягвалася да паездкі на Цудоўныя ўзгоркі, што на Валожыншчыне. Пабываўшы там аднойчы, Раман загарэўся, ідэя пераехаць у вёску апанавала яго. Ён наважыўся ў адзін момант: кінуў працу, выключыў тэлефон, узяў тысячу рублёў і рвануў на Цудоўныя ўзгоркі, каб больш не вярнуцца.
– Я заўсёды марыў жыць бліжэй да зямлі, рабіць нешта сваімі рукамі. Але, калі распачынаў гэтую размову ў сямейным коле, падтрымкі не сустракаў. Усе казалі, што я вялікі фантазёр, – успамінае Раман. – Таму ні з кім не раіўся і дзейнічаў хутка.
![](https://alovakmag.by/wp-content/uploads/2023/10/IMG_20230906_100044_936-1024x682.jpg)
Пакуль здзіўленыя адсутнасцю Рамана родныя і працадаўца знаходзіліся ў разгубленасці, ён, натхнёны новым паваротам жыцця, ўжо не сумняваўся ў правільнасці свайго рашэння. Першыя паўтара года на Цудоўных узгорках прайшлі ў пошуках сябе. Раман пасяліўся на хутары, куды яго ласкава пусціў пажыць, у сваю адсутнасць, новы знаёмы. Браўся за любую працу, дапамагаў мясцовым жыхарам, а таксама падахвоціўся на працу да мясцовага майстра-гусляра Дзмітрыя Бацішчы. Менавіта там ён атрымаў першы досвед працы з дрэвам і зацікавіўся тэмай стварэння музычных інструментаў.
“У маім арсенале не хапала хіба што флейты”
Музыка, дарэчы, суправаджала Рамана на працягу большай часткі жыцця.
– У мяне няма профільнай адукацыі, але я вырас у музычнай сям’і, і дома заўсёды было поўна музычных інструментаў, – кажа Раман. – Абысці іх было немагчыма, хаця бацькі ніколі не прымушалі да заняткаў музыкай. Разнастайныя гітары, барабаны, варган, бубен, гуслі… У маім арсенале не хапала хіба што флейты, але я да пэўнай пары не адчуваў да яе ніякай цікавасці.
Раман паспеў знайсці жонку, з’ездзіць у падарожжа і нават купіць на Цудоўных узгорках дом перш, чым адбыўся выпадак, які вызначыў яго далейшы шлях. Знаёмы, які некалі пусціў пажыць на хутар, папрасіў дапамагчы з яго продажам, а ў падзяку дазволіў забраць некаторыя рэчы і некалькі пакінутых у хаце флейтаў.
![](https://alovakmag.by/wp-content/uploads/2023/10/IMG_20230911_085530_743-1024x1024.png)
![](https://alovakmag.by/wp-content/uploads/2023/10/IMG_20230911_085601_135-1024x1024.png)
– Гэта былі японскія сякухаці – досыць цяжкія ў засваенні флейты з адкрытым свістком. Адну падарыў брату, на другой пачаў спрабаваць іграць сам. Доўга нічога не атрымлівалася, але ў момант, калі ўдалося выдаць першы глыбокі гук, мяне проста прабрала да дрыжыкаў.
Я паглядзеў на флейту іншымі вачыма і падумаў, што мог бы таксама зрабіць такую ж самую, а можа нават і лепшую.
Натхніўшыся гэтай думкай, Раман пачаў усебакова вывучаць тэму стварэння духавога інструмента. Знаходзіў інфармацыю на прасторах сеціва, глядзеў відэаролікі на ютубе. Першай вырабіў індзейскую варыяцыю флейты – пімак. Пасля пачаў рабіць інструменты адзін за адным. Нешта атрымлівалася добра, нешта – на выкід. Але з кожным новым вырабам цікавасць і імкненне рабіць лепш толькі ўзрасталі, а з імі спела думка аб ператварэнні працэсу ў сваю справу.
– Распавёў аб задумцы брату, паказаў сваю першую флейту. Ідэя стварэння майстэрні ў ім адгукнулася, і мы вырашылі пачаць прасоўваць гэтую справу ўдваіх, – расказвае Раман.
![](https://alovakmag.by/wp-content/uploads/2023/10/IMG_20230906_100120_671-1024x682.jpg)
![](https://alovakmag.by/wp-content/uploads/2023/10/IMG_20230908_094404_347-1024x881.jpg)
Так намаганнямі двух братоў з’явілася Pavetra – майстэрня па вырабе флейтаў
Раман заняўся вырабам інструментаў, а яго брат Іван пагрузіўся ў тэму прасоўвання майстэрні ў сацыяльных сетках. Увесну хлопцы адправіліся з дэбютам на “Чароўны млын”.
За тры дні кірмашу прадалі каля дзесяці флейтаў. Не толькі адбілі арэнду, але і засталіся ў плюсе.
Акрамя таго, пасля “Млыну” яшчэ паўтара тыдні захоўвалася вялікая актыўнасць у сацыяльных сетках. У інстаграме прылятала па замове на дзень. Хлопцы ўсцешыліся і зразумелі: патэнцыял ёсць. Іван пачаў вучыцца прасоўванню, наладжваць таргет і чат-бот. Свой унёсак зрабіла і яго жонка-дызайнерка – менавіта яна дапамагла “ўпакаваць“ брэнд і намалявала лагатып. У Pavetra, аднак, на некаторы перыяд паўстала зацішша. Раман прызнаецца: у нейкі момант заказаў не было зусім, і ён быў блізкі да таго, каб страціць творчы запал. Падтрымку аказалі сябры і сямейнікі, якія прыязджалі ў госці і абавязкова куплялі нешта з асартыменту. Неўзабаве справа ссунулася з мёртвай кропкі – прыводзіць кліентаў пачала таргетаваная рэклама. На дзіва, у братоў з’явіліся нават два інвестары, якія паверылі ў іх справу і пагадзіліся прафінансаваць куплю неабходнага абсталявання.
![](https://alovakmag.by/wp-content/uploads/2023/10/IMG_20230906_100102_231-1024x682.jpg)
– Адзін з іх наш даўні сябар, а другога прывёў Іван, які не губляе магчымасці расказаць пра нашу справу ў сваім асяроддзі, – усміхаючыся, расказвае Раман. – Цяпер мы праводзім своеасаблівы тэхнічны апгрэйд. Набылі станок і закупляем абсталяванне для вытворчасці новых разнавіднасцяў флейтаў. Акрамя таго, станок дазволіць нам павялічыць аб’ёмы вытворчасці, бо пакуль я ўсё раблю ўручную і проста не паспяваю задавальняць попыт. За дзень магу стварыць адну-дзве флейты, а попыт такі, што сёння, напрыклад, у мяне ў наяўнасці толькі адзін інструмент.
Цяпер кошт флейтаў у Pavetra вар’юецца ад 60 да 200 рублёў. За месяц удаецца прадаць ад 10 да 17 штук. Заробак справа прыносіць нестабільны, і неабходнасць ў падпрацоўках у Рамана пакуль яшчэ застаецца. Але майстар упэўнены, што з уключэннем у працэс станка і выхадам на большыя аб’ёмы справа стане больш прыбытковай. Вялікай канкурэнцыі ў сферы вытворчасці флейтаў у Беларусі ён не адчувае.
– У нас у краіне ніша флейтыстаў даволі свабодная. Ёсць майстры, якія кропкава нешта робяць, але масавасці ў гэтым няма і, у цэлым, канкурэнцыя не адчуваецца, – дзеліцца Раман. – Акрамя таго, калі звярнуцца да этнічнай флейты, то гэта інструмент дастаткова аўтэнтычны. У кожнага майстра ён з выгляду і гучання адрозніваецца, і ў кожнага свае прыхільнікі.
Тым не менш заставацца толькі майстрам па вырабе этнічных флейтаў Раман не плануе. Цяпер яго таксама зацікавіла тэма прафесійных флейтаў, бо ў Беларусі гэты сегмент прадстаўлены толькі замежнымі вытворцамі.
![](https://alovakmag.by/wp-content/uploads/2023/10/IMG_20230911_085530_743-1-1024x1024.png)
![](https://alovakmag.by/wp-content/uploads/2023/10/IMG_20230911_085557_619-1-1024x1024.png)
![](https://alovakmag.by/wp-content/uploads/2023/10/IMG_20230911_085601_055-1-1024x1024.png)
“У Беларусі няма вытворчасці сваіх прафесійных флейтаў. Наша мэта – пачаць іх рабіць”
– Этнічная флейта – гэта народны духавы інструмент, які любяць за прастату. Іх купляюць людзі, якія жадаюць далучыцца да музыкі ў абыход прафесійнага навучання, граць для сябе, для душы. Мы і далей будзем іх рабіць, аднак, варта прызнаць, што прыродная форма такіх флейтаў не дазваляе дамагчыся вялікіх магчымасцяў у плане актаваў. Таму гэты інструмент не вельмі цікавы прафесіяналам і не выкарыстоўваецца для акадэмічнага навучання музыцы. Што тычыцца такога ўзроўню, як блок-флейта ці акадэмічная свірэль – гэта больш тэхналагічныя і дакладныя музычныя інструменты. Граць на іх вучаць у пачатковым блоку музычнай школы. Мая мэта цяпер у тым, каб асвоіць іх выраб і на сваім прыкладзе паказаць, што ў Беларусі могуць рабіць інструменты такой якасці. Цяпер большасць у нас карыстаецца дарагімі нямецкімі Hohner ці зусім таннымі пластыкавымі аналагамі, якія ні гучаннем сваім, ні выглядам не могуць ні на што натхніць, – дзеліцца сваімі думкамі Раман. Майстар упэўнены, што эканомія на інструменце часта абарочваецца тым, што чалавек страчвае жаданне займацца музыкай, бо асвойваць інструмент нізкай якасці нецікава.
– Мы плануем прапанаваць нешта сярэдняе па кошце без шкоды якасці. Упэўнены, калі такая флейта з’явіцца на нашым рынку, многія аддадуць перавагу менавіта ёй.
![](https://alovakmag.by/wp-content/uploads/2023/10/373062054_206932789033889_1109561066389352291_n-1024x1024.jpg)
![](https://alovakmag.by/wp-content/uploads/2023/10/380408718_218304817896686_8750314039625823934_n-1024x1024.jpg)
![](https://alovakmag.by/wp-content/uploads/2023/10/384128203_223402684053566_152215669789969525_n-1-1024x1024.jpg)
“Уся гэтая гісторыя пра тое, каб жыць, слухаючы сваё сэрца”
Гаворачы аб перспектывах, Раман поўны энтузіязму і бачыць сябе не адзіным майстрам на сваёй вытворчасці.
– Мне хацелася б згуртаваць вакол гэтай справы некалькіх майстроў і стварыць своеасаблівую творчую талаку, – дзеліцца сваімі планамі на будучыню Раман. – У кожнага будзе магчымасць ствараць свой інструмент або запусціць імянную лінейку, якая падкрэсліць індывідуальнасць майстра.
![](https://alovakmag.by/wp-content/uploads/2023/10/IMG_20230908_095634_631-873x1024.jpg)
Не выключае Раман з’яўлення іншых вырабаў, а таксама музычных інструментаў іншага класу, напрыклад манахордаў.
– Вельмі шмат ідэй і задумак, якія хочацца рэалізаваць. Ёсць прадчуванне, што ўсё павінна атрымацца як трэба. Цяпер мае родныя і сябры падтрымліваюць маю дзейнасць і з цікавасцю назіраюць за тым, як змянілася маё жыццё, як я знайшоў сваю справу. Для сябе я ўжо даўно вырашыў, што, чым бы я ні заняўся, гэта павінна быць пра любоў і давер да сябе, да свету. Толькі з такой пазіцыі ўсё пачынае атрымлівацца.