Беларусь у фантастычных ілюстрацыях Лізаветы Лянкевіч

Нядаўна пабачыла свет новае выданне кнігі Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. Ілюстрацыі да кнігі стварыла мастачка Лізавета Лянкевіч, што ставіць гэты твор побач з “Новай зямлёй” Якуба Коласа і “Палескімі рабінзонамі” Янкі Маўра, па-майстэрску праілюстраванымі Лізаветай у той жа стылістыцы. Пра канцэпцыю і этапы працы над кнігай расказала сама мастачка.

Тэкст: выдавецтва “Папуры”
Фота: Кацярына Сперанская

Наватарства

Праца над кнігай была складаная, бо найперш я хацела зрабіць нешта новае, са свежым, не зусім класічным пераасэнсаваннем. У 1990 годзе кніга ўжо выходзіла ў цудоўным афармленні Валерыя Славука, таму перада мной стаяла задача паказаць іншыя пласты гэтага твора, расставіць іншыя акцэнты.

Сама кніга шматпластавая, з глыбокім маральна-этычным складнікам, шматлікімі адсылкамі да міфалогіі розных часоў і народаў, да элементаў беларускага этнасу. Менавіта на гэтых момантах я і хацела зрабіць акцэнт, на іх і будуецца канцэпцыя маіх ілюстрацый. 

Міфалогія

Галоўных герояў апавяданняў і баек я паказваю не як канкрэтных людзей, але ў абагульненым вобразе міфічнага (напрыклад, грэцкага) героя, які праходзіць розныя жыццёвыя прыгоды і выпрабаванні.

Адсылкі ў мяне не толькі да старажытнагрэцкай і рымскай міфалогіі, якія я ўжыўляю ў беларускае асяроддзе, звяртаючыся да беларускага фальклёру, нацыянальных асаблівасцяў і прыродна архітэктурнага кантэксту, а таксама і да жыццяпісаў хрысціянскіх святых. Напрыклад, я паказваю жыццё несвятога героя, як звычайна паказваюць жыццё святых на іконах. Барацьба хрысціянства і паганства праходзіць чырвонай лінія праз увесь твор: барацьба цемры і святла; веры і бязбожнасці; святых, добрых людзей і вядзьмарак, чараўнікоў і цёмных сіл. 

Многія апавяданні гучаць ці то як прытчы або павучальныя байкі, ці то як страшылкі, якія дзеці і падлеткі расказваюць адно аднаму ўначы. Таму сярод маіх герояў не толькі ўмоўныя, кананічныя вобразы, але і мілыя карузлікі, вадзяныя здані і разнастайныя лясныя жыхары. Такім чынам я хацела паказаць багацце чароўнага свету, які стварыў Ян Баршчэўскі. 

Колер 

Я выбрала для кнігі фіялетавы, бо гэты колер для мяне містычны, начны, колер азёрных глыбінь і лясных гушчароў, колер слёз, які дапамагае стварыць у кнізе пэўную таямнічую атмасферу. Менавіта такі настрой я хацела перадаць чытачу праз свае ілюстрацыі. 

Для мяне было важна стварыць такія ілюстрацыі, якія б дапамаглі падкрэсліць асноўную думку, расставіць у кожным апавяданні правільныя акцэнты. Ілюстрацыі, якія б паспрыялі нараджэнню ў чытача новых, уласных вобразаў, якія б падказвалі, але не раскрывалі ўсе таямніцы.

Анімацыя

У кнізе я месцамі карыстаюся элементамі анімацыі, якія дапамагаюць узмацніць драматургію раздзела. Напрыклад, у апавяданні пра валасы, якія крычаць на галаве, найлепш перадаць гэты пакутлівы момант для галоўнага героя ўдаецца якраз за кошт анімаванага падыходу. 

Таксама я старалася шукаць новыя кампазіцыйныя рашэнні. Напрыклад, у пятым апавяданні я паказваю не проста дзяўчынку з чорнай радзімай адмецінай, а ейнае адлюстраванне ў калюжы скрозь гады, і як гэтая радзімка разрасталася, паціху ператвараючыся ў чарцяня, і як умомант знікла, калі дзяўчына сустрэла сваё светлае каханне. 

Этапы працы

Праца над праектам цягнулася прыкладна паўгода. Першыя месяцы я чытала, аналізавала тэкст, вылучала для сябе асноўныя моманты, прыдумляла канцэпцыю, рабіла эскізы. Гэта таксама складаны і важны этап, які часам займае не менш часу, чым уласна канчатковая прамалёўка выніковых ілюстрацый. 

Спадчына

Я люблю раздзел пра Плачку, хоць ён і досыць дэпрэсіўны. Але гэта важны раздзел, у ім я раблю акцэнт на зруйнаванай спадчыне (я ўстаўляю рэальныя гістарычныя архітэктурныя адсылкі – усе касцёлы, цэрквы, руіны у гэтым раздзеле сапраўдыя), якая так і не адноўлена, над якой, як Маці Божая, пралівае слёзы Плачка. Для мяне гэта адзін з самых глыбокіх вобразаў ва ўсёй кнізе. 

Ну і на вокладцы я ствараю вобраз затопленай (ці патанулай) Беларускай Антлантыды. Руіны спадчыны на дне возера Нешчарда, роднага возера Яна Баршчэўскага, якое ён з такой любоўю апісвае ў сваім творы. На дне возера, дзе героі апавяданняў чакаюць цікаўнага чытача. І я, у выглядзе русалкі, якая занырвае ў глыбіні гэтага дзівоснага свету, пагружаецца ўсё глыбей і глыбей, каб з дапамогай сваіх малюнкаў разам з Янам Баршчэўскім правесці чытача праз гэтыя незвычайныя, часам страшныя, часам сумныя, а часам жартаўлівыя аповеды шляхціца Завальні і ягоных гасцей.

(с) ALOVAK

Leave a Reply