Рыхтуемся да маркета, каб ён прайшоў паспяхова і плённа

Як рыхтавацца да кірмашу? Як выйгрышна паказаць свае вырабы і прывабна аформіць свой стэнд?  За ўсе 9 гадоў існавання Алоўка мы наведалі безліч маркетаў і кірмашоў, гутарылі з  іх удзельнікамі і арганізатарамі – і маем што сказаць вам на тэму падрыхтоўкі да маркетаў. Дарагія майстры, чытайце наш новы матэрыял, які мы падрыхтавалі сумесна з мастачкай Ірынай Бельскай, – у ім мы сабралі адказы на 17 пытанняў пра падрыхтоўку да маркету і афармленне стэнда.

Фота: Марыя Сонгаль, Дар’я Піскун, “Чароўны млын”, Craftmall

Падрыхтоўка

  1.   Ці трэба ўвогуле рыхтавацца загадзя?

Вядома! На ідэю і распрацоўку стэнда звычайна прыпадае шмат часу. Уявіце, якім мусіць быць ваш стэнд, лепш нават намалюйце яго! Можна зрабіць так: раскладзіце дома свае вырабы ў тым выглядзе, у якім яны павінны быць на стэндзе, сфатаграфуйце вынік. Гэта дапаможа адразу зарыентавацца на выставе падчас афармлення стэнда.

Складзіце падрабязны спіс усіх рэчаў, якія вам спатрэбяцца (зрабіўшы аднойчы гэты спіс, вы будзеце вяртацца да яго пры ўдзеле і ў наступных кірмашах), падумайце пра перавоз усяго неабходнага на выставу (самі, ці будуць памочнікі, ці грузавое таксі).

Істотна, каб вашае аздабленне збіралася лёгка і хутка, каб на месцы паспець зрабіць усё своечасова і не дужа пры гэтым стаміцца. А яшчэ заўсёды прыемна, калі ёсць памочнік, які загрузіць цяжкія скрыні, збярэ стэнд і пасядзіць на месцы, калі вам захочацца адлучыцца, каб павітацца са знаёмымі майстрамі.

  1. Дзе ўзяць інфармацыю?

Азнаёмцеся з умовамі арганізатараў выставы. Даведайцеся, якія матэрыялы і тэхнічныя сродкі вы можаце выкарыстоўваць пры афармленні стэнда. Вызначыцеся, што будзеце браць у арэнду ў арганізатараў (напрыклад, сталы і крэслы), а што прывезяце з сабой (напрыклад, стэлажы). 

Найлепш загадзя наведаць маркет, у якім вы збіраецеся паўдзельнічаць. Прыгледзьцеся да тэхнічных момантаў у афармленні іншых майстроў: як яны прымацоўваюць фон і палічкі, як выкарыстоўваюць мэблю. Калі ў вас з’явіліся пытанні, не саромейцеся задаваць іх арганізатарам ці майстрам. 

Звярніце ўвагу на памер месца, якое вам спатрэбіцца. Часцей за ўсё пры афармленні заявы можна абраць 1, 2 ці 3 метры. Адпаведна з колькасцю метраў павялічваецца і кошт арэнды. 

  1. Чым натхняцца?

Наведвайце разнастайныя кірмашы і выставы, набірайцеся новых уражанняў, шукайце ў інтэрнэце цікавыя ідэі, прасіце парады ў тых, хто знаёмы з вашай творчасцю. Дарэчы, арганізатары нярэдка прыдумваюць для выставы тэму, якой можна натхніцца, каб стварыць на сваім стэндзе нешта незвычайнае. Напрыклад, калі кірмаш прысвяцілі вясне, можна зрабіць акцэнт на зялёным колеры, павесіць гірлянду з жураўлікаў, паставіць вазончык з кветкамі. Ідэй з’яўляецца шмат, стварыць святочную атмасферу на стэндзе ўжо значна лягчэй. 

  1. Як зрабіць мой стэнд асаблівым?

Стэнд павінен вылучацца, прыцягваць як мага больш увагі! Вы можаце выкарыстоўваць у афармленні як яркія колеры, так і манахромныя, залежыць ад вашага бачання і вашых вырабаў. Калі вы ўдзельнічаеце ў выставе, дзе кожнаму ўдзельніку даецца стэнд са сценкамі, то прасторы для творчасці становіцца больш. Шпалеры, крафт-папера, тканіна, мох – вось толькі некалькі матэрыялаў, якія можна прымяніць. Прыдумаць цікавае афармленне стэнда, які складаецца з аднаго стала, – задача больш складаная, але цалкам дасягальная.

Ідэя: свой стэнд можна ператварыць у нейкі аб’ект, уявіце, што вам трэба не проста аформіць некалькі квадратных метраў, а зрабіць з іх кухню, казачны лес ці, напрыклад, шапік з ліманадам! 

У любым выпадку, вельмі істотна, каб выставачны стэнд быў у адным стылі з  вашымі вырабамі. Ён павінен падаваць вашыя працы ў найлепшым выглядзе, і пры гэтым не перацягваць увагу на сябе.

  1. Наколькі важнае святло?

Пры падачы заявы на ўдзел у выставе, падумайце, ці спатрэбяцца вам разетка і свяцільні. Калі тое асвятленне, што ёсць, вас не задавальняе, вазьміце з сабой лямпы. Дадатковае святло зробіць акцэнт на шыльдзе, яна стане больш заўважнай. А магчыма, ваша ідэя будзе ў тым, каб зрабіць цёмны стэнд з невялікім акцэнтным святлом.

Таксама ўсё залежыць ад вырабаў. Калі гэта маленькія прадметы, то крыніца святла можа быць бліжэй (настольная лямпа), калі гэта цацкі, то лепш выкарыстоўваць верхняе святло, але яно заўсёды мусіць быць накіраваным.

  1. Што яшчэ важна ў падрыхтоўцы да маркету?

Некалькі разоў анансуйце ў вашых сацсетках, што ўдзельнічаеце ў маркеце. Паказвайце моманты падрыхтоўкі, заклікайце прыйсці да вас. Адзначайце ў публікацыях і гісторыях арганізатараў, гэта для вас стане дадатковай рэкламай – арганізатары кірмашоў іх з радасцю рэпосцяць.

Афармляем стэнд

  1. Чым упрыгожваць стэнд?

Выкарыстоўвайце гірлядны, фіранкі, лямпачкі, шарыкі, сцяжкі… Вось ужо дзе ёсць прастора для фантазіі! Выдатна прыцягваюць увагу прадметы ў руху. Напрыклад, фігурка на сонечных батарэйках, якая хістаецца, альбо святлодыёдная гірлянда, ці вентылятар з трапяткімі стужачкамі. Але ўсё гэта павінна быць не выпадковым на вашым стэндзе, а падтрымліваць агульную канцэпцыю. І ўсе гэтыя “штучкі” не павінны выклікаць жадання іх набыць у патынцыйных пакупнікоў вашых вырабаў.

  1. Як размеркававаць свае вырабы на стэндзе?

Вельмі істотна размеркаваць свае працы правільна, асабліва калі яны самі па сабе выкарыстоўваюцца для афармлення стэнда. Пры гэтым трэба ўлічваць і колькасць прац, і іх памер, і плошчу вашага стэнда. Істотны прынцып размеркавання вырабаў: па памеры, колеры, матэрыяле, з якога яны зроблены.

На выставе рамеснік выконвае функцыі дызайнера і мерчэндайзера адначасова, таму паклапаціцеся пра тое, каб вам і пакупнікам было зручна дацягнуцца да любога выраба, не майструйце грувасткія кампазіцыі.

  1. Ці патрэбная шыльда?

Назва і слоган вашага брэнда мусяць быць навідавоку. Ці будзе гэта асветлены надпіс альбо акуратная драўляная таблічка – вырашаць вам, але нейкая шыльда з назвай вашага брэнда мусіць быць.

На выставах, як правіла, робіцца вельмі шмат фотаздымкаў, многія з іх трапляюць у сацыяльныя сеткі. Дзякуючы шыльдзе будзе зразумела, каму належаць вырабы, а патэнцыйныя пакупнікі лёгка знойдуць вас у інтэрнэце.

  1.  Як зрабіць кірмаш камфортным для сябе і пакупнікоў?

Удзел у выставе абавязвае майстра доўгі час знаходзіцца ля сваіх вырабаў. Паклапаціцеся пра свой камфорт і арганізуйце ўтульны куток на стэндзе. Схавайце скрыні і асабістыя рэчы, што вы прывезлі з сабой, за стэлажом ці пад сталом, каб пакупнікі не бачылі анічога лішняга. Арганізуйце месца, дзе вы можаце прысесці. 

Калі вы прадаяце ўпрыгожанні, вопратку ці аксэсуары, вам спатрэбіцца прыгожае люстэрка. Яно не толькі дапаможа кліентам, што абіраюць тавар, але і прыцягне ўвагу мінакоў. Каму не захочацца спыніцца і паглядзецца ў люстэрка? Магчыма, яно будзе такім прыгожым і незвычайным, што нават стане фішкай вашага стэнда.

Некаторыя майстры наўмысна адмаўляюцца ад стала на сваім стэндзе, і ў гэтым бачаць шмат плюсаў. Па-першае, праз стол нязручна размаўляць з пакупнікамі і прапаноўваць сваю дапамогу. Па-другое, гэта камфортна пры вялікай плыні людзей. Пакупнік “заходзіць” усярэдзіну і нікому не замінае. Па-трэцяе, месца на стэндзе значна больш, чым на стале, варыянтаў размеркавання вырабаў мноства. 

Важныя дробязі

  1. Ці патрэбныя візітоўкі?

Каб наведнікі кірмашу даведаліся больш пра вас і захавалі вашы кантакты, важна ім у гэтым дапамагчы. Візітоўкі, улёткі, паштоўкі з назвай вашага брэнда і са спасылкамі на вашы сацсеткі могуць ляжаць на самім стэндзе, а таксама іх можна ўкладаць у пакецікі з набытымі вырабамі.

!!! Важна: у вас можа не быць ні візітовак, ні паштовак, але абавязкова раздрукуйце і прыгожа аформіце (напрыклад, у рамку) QR-код са спасылкай на вашую асноўную сацсетку. Гэта вельмі зручна наведнікам, а для вас дадатковая магчымасць павялічыць колькасць падпісчыкаў.

Калі вы аматар візітовак, майце на ўвазе, што па візітоўках павінна быць зразумела, каму яна належыць – таму візітоўкі павінны быць у адным стылі з вашымі вырабамі, а можа на іх павінна быць фота вырабаў.

Каб вашы візітоўкі, спасылкі добра спрацавалі – падрыхтуйце  вашу старонку ў сацсетках, пераверце, ці дастаткова там інфармацыі: як набыць вашы вырабы па-за межамі кірмашу, як з вамі звязацца, ці робіце вырабы на замову, як убачыць вырабы ў наяўнасці і іх кошт.

  1.  Як быць з коштамі і цэннікамі?

Загадзя падумайце пра цэны. Вельмі зручна, калі патэнцыйным пакупнікам яны будуць адразу зразумелыя. Не думайце, што калі чалавеку цікава, ён спытае – ручную працу складана ацаніць, і чалавек можа прайсці, так і не спытаўшы.  

Калі ў вас ёсць упэўненасць, што цэны на вашам стэндзе пазначаць не варта, тады вы павінны хутка адказваць пра кошт, калі пытаюць.

Класна, калі загадзя вы падрыхтуеце адказы на пытанні, чаму так дорага, ці можна зніжку. Такіх пытанняў можа і не быць, але калі будуць, яны не павінны вас ставіць у тупік. 

  1.  Ці важны вобраз майстра?

Што сабой уяўляе чалавек, які стварыў выстаўленую на стэндзе прыгажосць? Сваім вонкавым выглядам вы можаце падкрэсліць трапяткое стаўленне да сваіх прац: апрануць на сябе ўпрыгожанні ўласнай вытворчасці альбо цішотку з такім жа прынтам, як і на вырабах, што ёсць у продажы… Не забывайцеся на яшчэ адно вельмі істотнае ўпрыгожанне стэнда – усмешку майстра! Памятайце – вы  з вашымі вырабамі і стэндам складаеце агульнае ўражанне. Сваім выглядам вы можаце падкрэсліць важнасць мерапрыемства.

  1.  А што наконт упакоўкі?

Прыгожая ўпакоўка ў стылі вашых вырабаў – выдатны бонус да пакупкі. Можна зрабіць упакоўку ўласнымі рукамі ці набыць пакеты з крафт-паперы і паставіць на іх свой лагатып. Існуе шмат варыянтаў упакоўкі – абярыце адзін з іх і радуйце сваіх пакупнікоў.

На маркеце

  1.  А як быць з суседзямі?

Адразу пазнаёмцеся со сваімі суседзямі, будзьце ветлівыя. Так дні кірмашу пройдуць у добразычлівай атмасферы. А ў вас з’явяцца добрыя знаёмыя. Падтрымлівайце іншых майстроў добрым словам, водгукамі на працу, пакупкамі. 

  1.  На што яшчэ звярнуць увагу?

З павагай стаўцеся да арганізатараў, пакупнікоў, гледачоў, месца правядзення кірмашу. Прыходзьце загадзя да адкрыцця  і збірайце рэчы толькі пасля заканчэння выставы.

Ад майстроў залежыць, як пакупнікі будуць успрымаць маркет – як рынак ці як свята ручной работы.

Пасля кірмашу напішыце водгук арганізатарам, падзякуйце  сваім пакупнікам і наведнікам у сацсетках.

  1.  Хвалююся перад маркетам, як быць? 

Кірмаш патрабуе шмат энэргіі. Настройцеся на добры лад, падумайце, як добра пройдзе ваш кірмаш, з якім пасылам вы будзеце несці сваю творчасць у свет. Адчуйце сваю каштоўнасць і каштоўнасць вашых вырабаў. 

Падсумоўваючы, раім хадзіць на кірмашы з добрым настроем! Любая выстава – гэта досвед, так што наважвайцеся. У вас абавязкова атрымаецца!

(с) ALOVAK

Leave a Reply