Выцінанка праз VR-акуляры: віртуальныя выставы і досвед іх стварэння

Віртуальныя выставы ў свеце з 2020 года сталі трэндам, а потым і штодзённасцю. Пра тое, як развіваецца гэтая галіна ў Беларусі, і работы якіх беларускіх мастакоў можна пабачыць праз VR-акуляры, “Аловак” распытаў у Юлiі Цыркуновай, заснавальнiцы i куратаркі вiртуальнай галерэi ў метасусвеце @the01gallery

У чым перавагі віртуальнай выставы перад звычайнай?

Я б зрабiла акцэнт не на перавазе аднаго фармату над другiм, а хутчэй на тых дадатковых магчымасцях, якiя дае вiртуальны фармат i гледачам, i аўтарам. Гэта як суcтрэча з сябрамi – з аднаго боку, нiякiя вiдэазванкi не заменяць жывых сустрэчаў, а з другога – каб не магчымасць дыстанцыйнага кантакту, многiя сувязi наогул бы згубiлiся з цягам часу. Адно дапаўняе другое. Так i ў мастацтве: цяпер у свеце не iдзе гаворкі пра выцясненне цi поўнае замяшчэнне класiчнага спосабу экспанавання мастацтва лічбавым, наадварот, абодва фарматы маюць аднолькавыя мэты, хоць i з абсалютна розным iнстументарыем.

На маю думку, вiртуальны фармат робiць сустрэчу з выставай i яе артэфактамi амаль што iнтымнай: там толькi ты, i ўся прастора выставы размаўляе толькi з табой. Такого эффекту даволi складана дасягнуць ў рэальнай фiзiчнай прасторы. У вiртуальнай жа галерэi ёсць адчуванне, што аўтар i куратар уступаюць ў дыялог менавiта з табой.

Так, канешне, у метасусвеце могуць сустрэцца i аватары iншых наведнікаў, але гэта нiяк не перашкаджае твайму досведу знаёмства з прасторай.

А навошта віртуальныя выставы майстрам?

Не менш цiкавых магчымасцей дае метасусвет майстрам. Перш за ўсё гэта прастора, якая не мае фiзiчных абмежаванняў, а гэта азначае, што яна можа быць стылiзаваная непасрэдна пад тэматыку выставы цi бачанне аўтара, нават пад самае неверагоднае.

Акрамя таго, выстава ў метасусвеце можа iснаваць неабмежаваную колькасць часу i быць адчыненая для наведнiкаў 24/7. Як быццам “забаўляльныя” магчымасцi не адмяняюць i больш практычны функцыянал: кожную работу можна разгледзець у дэталях, дазнацца пра яе кошт, наяўнасць, прачытаць або паслухаць голас самога аўтара, якi расказвае гiсторыю яе стварэння, i гэтак далей.

Канешне, майстры цяпер маюць свае сайты i старонкi ў сацыяльных сетках, дзе размяшчаюсь свае работы, але прайсцi па метапрасторы для звычайнага наведнiка i ўбачыць адразу ўсе працы зручней, чым скролiць старонку ў iнcтаграм.

У чым жа асаблівасць віртуальных выставаў ?

Калі па-простаму, то для наведвання віртуальнай выставы вам не спатрэбіцца святочная сукенка, а толькі зручны дамашні фатэль і гарбата 🙂 Хоць тэрмiналогiя сучаснага мастацтва, звязанага з тэхналогiямi, мяняецца тут i цяпер (яшчэ адносна нядаўнi тэрмiн камп’ютарнае мастацтва сёння гучыць амаль што архаiчна), можна казаць пра некатарыя паўсюдна прынятыя вызначэнні.

Вiртуальная ў адносiнах да выставы азначае, што ні сама прастора, ні яе артэфакты не будуць мець фiзiчнага праяўлення.

Тут бывае блытаніна з лічбавымі выставамi, але выстава можа мець такую назву дзякуючы лічбавым артэфактам, якiя пры гэтым будуць размешчаныя ў межах класiчнай галерэйнай прасторы.  

Асаблівасць віртуальных выставаў у метасусвеце – гэта глабальнасць, уваход i дзейнасць у метасусвеце неабмежаваныя нічым. Няма рамак музейных, храналагiчных, геаграфiчных. 

А цi заўсёды вiртуальная выстава – гэта выстава у 3D-фармаце?

Не, але гэта, на жаль, часцей за ўсе пытанне бюджэту. Аблічбаванне фiзiчнай прасторы музейных памяшканняў i выраб 3д-мадэляў экспанатаў – гэта даволi дарагая паслуга. Таму часам вiртуальная выстава можа складацца з 2д-аб’ектаў. Гэта апраўдана, калi сама па сабе прастора выставы не дадае сэнсу экспазiцыi.

З другога боку, 3д-фармат стварае адчуванне поўнага пагружэння ў музейнае асяроддзе, больш адпавядае чаканням “наведнiкаў”, асаблiвага новага пакалення, якiя ўжо не ўяўляюць вiртуальны фармат не ў 3д-аб’ёме.

Як ствараецца віртуальная выстава?

Раздзелiм вiртуальныя выставы на дзве групы: аўтаномныя i ўбудаваныя ў метасусвет.

Першая группа – гэта вiртуальныя музеi i галерэi, для якiх асаблiвым штуршком стала пандэмія. Дыстанцыйныя вандроўкi па сваiх прасторах сталi прапаноўваць амаль ўсе музеi свету з ўваходам праз сайт музея цi з дапамогай мабільнай праграмы. Такiя вiртуальныя прасторы будуюцца паводле прынцыпу поўнага лічбавага сканавання музейнага асяроддзя i аблічбоўкi артэфактаў, для iх “наведвання” не патрэбны аватар, толькi рэгiстрацыя.

На сёння магчымасць завесцi аўтаномную вiртуальную прастору на сваiм сайце цi сайце галерэi ёсць ў кожнага мастака.

Iснуе безлiч дызайн-студый, якiя прапануюць ўжо гатовыя прасторы ў розных стылях, мастаку застаецца толькi абраць сваю i аблічбаваць свае работы. Мне падабаецца, напрыклад, Ikonospace, але iх сапраўды шмат.

Другая группа – галерэi ў метасусвеце. Напэўна, самая вядомая прастора ў метасусвеце – гэта Decentraland. Мне ж больш падабаецца Spatial. Дарэчы Spatial таксама прапануе гатовыя пляцоўкi для галерэй ў некалькiх стылях.

Мастаку дастаткова абраць гатовы дызайн галерэi, аблічбаваць свае работы, загрузiць у галерэю – і ўсё! Можна запрашаць наведнiкаў.

Калi доступ агульны, то любы аватар* з метасусвету ў любы час можа наведаць такую галерэю нават без дазволу яе ўладальнiка. А можна зрабiць закрыты доступ i запрашаць за аплату (як i ўваход ў музей ў фiзiчным свеце).

*Аватар – наш лічбавы прадстаўнік у віртуальным свеце.

Я таксама размясцiла галерэю ў метасусвеце, але не брала гатовыя рашэннi, а стварала яе з нуля, пачынаючы з таго, якое будзе надвор’е навокал, цi будзе iсцi снег, як для зiмовай выставы, цi будуць чутны птушкi i дзявочы смех, як для вясенняй. Каб ствараць цалкам ўсё асяроддзе i саму галерэю, дастаткова мець навыкi геймдэву, канкрэтна я працую з Unity. А далей – залежыць ад праекта: можа спатрэбiцца любая праграма для стварэння 3д-аб’ектаў, можа спатрэбiцца графiка цi апрацоўка фотаздымкаў. Чым шырэй iнструментарый – тым цiкавей будзе вынiк працы.  

Ці гатовыя беларускія аматары мастацтва да віртуальных выставаў? 

Якраз спажыўцы культурнага прадукту гатовыя i нават прагнуць новых сучасных актуальных формаў прагляду артэфактаў. Таму мастакам i куратарам сёння не трэба застываць ў класiчных формах кантакту з аўдыторыяй. I тут не столькi пытанне гатоўнасцi наведнiкаў, колькi самiх установаў культуры рабiць гэтыя крокi. 

Дзень выцiнанкi у Музеi беларускай маляванкi у Заслаўлi 26 сакавiка 2024 года

Якія адметныя віртуальныя выставы ладзіліся ў беларускіх музеях?

На мой погляд, самай знакавай падзеяй у кантэксце прыняцця вiртуальнага фармату як афiцыйна дазволенага на пляцоўках традыцыйных культурных установаў Беларусi стала выстава пад назвай “Нас зразумеюць праз 100 гадоў”, прысвечаная стагоддзю заснавання УНОВИС i Лазару Хiдзiкелю, першаму супрэматычнаму архiтэктару. Яго смелыя архiтэктурныя канструкцыi былi зробленыя ў фармаце 3D i вакол iх можно было “пагуляць” у акулярах VR падчас выставы.

Вельмi сiмвалiчна, што падзея ў гонар аднаго з мастакоў, што быў часткай новага рэвалюцыйнага напрамку ў мастацтве, праз сто гадоў дала iмпульс для зноў жа самага новага тэхналагiчнага iнструменту ў сферы мастацтва.

Музей беларускай маляванкi у Заслаўлi

Сёння разглядаць вiртуальныя артэфакты ў акулярах VR можна i ў Музеi беларускай маляванкi, i ў Музеi “Краiна мiнi”, наогул зараз гэта ўжо звычайны атрыбут музеяў i галерэй, яго прымяненне будзе толькi пашырацца, а ўжыванне падчас выставаў не патрабуе асобнага анансавання, як гэта было, калi толькi рабiлiся першыя крокi ў вiртуальнай рэальнасцi. 

Як і чаму з’явілася віртуальная выстава беларускай выцінанкі?

“На працягу свайго iснавання беларуская выцiнанка перажывала перыяды як актыўнага развiцця, так i спаду iнтарэсу да яе. Апошнiм чaсам гэты вiд мастацтва зноў адраджаецца. I перш за ўсё дзякуючы народным майстрам Беларусi”,- такi адказ на гэтае пытанне можна пачуць ўнутры галерэi ў самым пачатку лічбавага падарожжа.

Акрамя таго, мне падабаецца тое, што ў сваёй прымiтыўнай форме выцiнанка знаёмая кожнаму і кожнай з нас з дзяцiнства па тых самых сняжынках, што мы рабілі для ўпрыгожвання шыбаў.

У дачыненні да выцiнанкi мне хочацца выкарыстоўваць слова “жывое” мастацтва. Таму што на працягу свайго шматгадовага бытавання на нашай тэрыторыi выцiнанка заўсёды адлюстроўвала самае актуальнае адчуванне беларусамi прыгожага. Таму мне захацелася перанесцi вобразы выцiнанкi ў самую сучастную прастору – метасусвет, каб яшчэ раз пераканацца, наколькi актуальнай яна можа быць.

Вiртуальную выцiнанку я ўжо двойчы паказвала ў Музеi беларускай маляванкi ў Заслаўi. Першы раз – падчас майстар-класу па выцiнанцы Анастасii Балыш. Гэта была VR-выстава (глядзелi праз акуляры VR) на тэму зiмовых святаў з аўтарскiмi выцiнанкамi прафесiйнай мастачкі i народнага майстра Беларусi Лiзаветы Чырвонцавай.

А другi раз у Дзень выцiнанкi, які ладзіў Музей беларускай маляванкi 26 сакавіка. Акрамя маёй вiртуальнай выcтавы з работамі Лiзаветы Чырвонцавай, Людмiлы Валковiч-Барыс, Наталлi Чырвонцавай i Галiны Жураўлёвай, музей прадставiў удзельнiкам мерапрыемства магчымасць пазнаёмiцца з выцiнанкамi гэтых жа аўтараў ужывую. Гэта акурат той самы iдэальны варыянт дапаўнення аднаго фармата другiм, пра якi я казала ў самым пачатку.

А зараз мы супрацоўнiчаем з музеем, каб зрабiць вiртуальную выставу даступнай для прагляду ўсiмi наведвальнiкамi.

P.S. Пра яшчэ адзін досвед стварэння віртуальнай выставы Юліяй Цыркуновай

Першай мастачкай, якой я прапанавала вiртуальны эксперымент, была Алена Катоўская. Гэта быў сапраўды незвычайны праект – мы ўзялi яе работы як прынты, я зрабiла вiртуальнае адзенне i сама Алена “прымярала” гэтыя вобразы. Цiкава, што ў iнстаграме мяне пыталi, цi можна купiць ў рэальнасцi гэтую вопратку) Партугальскi анлайн-часопiс ZOOT зрабiў са мной i Аленай iнтэрв’ю пра гэты наш вясёлы арт-эксперымент.

Алена Катоўская у вiртуальнай вопратцы

(с) ALOVAK

Leave a Reply