Беларускія традыцыі ў аб’ектыве Альфрэда Мікуса

Прысвячаемгэты артыкул унікальнаму беларускаму фатографу, майстру рэпартажнай здымкі Альфрэду Мікусу. На вялікі жаль, ён ужо не пабачыць гэты допіс. Сёлета гэты таленавіты  і энэргічны чалавек раптоўна сышоў з жыцця, яму было ўсяго 57. Сімвалічна, што гэта адбылося ў дзень фатографа і падчас фэсту традыцыйнай культуры “Пятровіца”, які ён так любіў здымаць…

Тэкст: Вадзім Буто
Фота: Альфрэд Мікус

Альфрэд Мікус родам з Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. У прафесійную мастацкую фатаграфію ён прыйшоў у 42 гады. І ўжо праз пяць год стаў уладальнікам самых прэстыжных узнагарод у гэтай сферы – залатых медалёў FIAP (Міжнароднай федэрацыі фатаграфічнага мастацтва), UPI (Міжнароднага Саюза Фатографаў) і іншых вядомых сусветных фотасупольнасцей.

Фэст традыцыйнай народнай культуры “Пятровіца” ў в. Шыпілавічы Любанскага раёна Мінскай вобласці

Аб’ездзіўшы дзясяткі краін, ажыццявіўшы мноства фотапраектаў, спадар Мікус вырашыў для сябе, што за цікавымі і ўнікальнымі кадрамі не абавязкова ехаць далёка. Дастаткова глыбей даведацца пра Беларусь — пра яе культуру і традыцыі.

Так асноўнай тэмай для здымак у фатографа сталі старажытныя абрады, фэсты і святы, якія праводзяцца ў беларускіх вёсках  і мястэчках.

Фэст традыцыйнай народнай культуры “Пятровіца” ў в. Шыпілавічы Любанскага раёна Мінскай вобласці

Спадару Мікусу не падабаліся пастановачныя здымкі:

“Я за рэальныя сюжэты. А іх вакол незлічонае мноства. У гэтым пераканаўся яшчэ на пачатку сваёй фатаграфічнай кар’еры, калі з сябрамі-аднадумцамі аб’ездзіў дзясяткі беларускіх рэгіёнаў. Быў прыемна здзіўлены, як шмат у нашай краіне ўнікальных архітэктурных помнікаў — храмаў, закінутых сядзіб…”.

Фестываль ранняга сярэднявечча «У гасцях у Радзімічаў» у в. Радамля, Чавускага раёна Магілёўскай вобласці

Фатограф лічыў, што турыстам у Беларусі трэба абавязкова паказваць нашы старажытныя абрады, ён лічыў іх “неверагодна каларытнымі”. У прыклад прыводзіў палескія “Ваджэнне куста” і “Перанос свечкі”, а таксама Пятроўскі фэст у Любанскім раёне:

“Вось што сапраўды трэба папулярызаваць! Усё зроблена ад душы, не для галачкі, а сапраўды для людзей. Такія мерапрыемствы не павінны быць зачыненымі дзействамі”.

Абрадавае свята “Багач” у Вязынцы

Альфрэд Мікус дзяліўся сваім сакрэтам удалай здымкі:

“Кожны раз еду на абрад і кожны раз улюбляюся. Выбіраю двух-трох чалавек, якіх здымаю часцей за іншых, і рэальна ў іх улюбляюся. Пражываю кожную здымку, апускаюся ў характар, у эмоцыю. І пасля здымкі яшчэ 3-4 дні хаджу закаханым”.

Фестываль вясельных традыцый “Вяселле фэст” у сядзібе “Стулы”, Пружанскі раён Брэсцкай вобласці
Альфрэд Мікус на фэсце “Пятровіца”

Яшчэ больш адметных фота Альфрэда Мікуса з беларускіх фэстаў і святаў

Купалле ў Ракаве

Купалле ў Строчыцах
Фэст “Наш Грунвальд” у Дудутках
Абрад “Ваджэнне і пахаванне Стралы” у в.Стаўбуны Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці
Багач у Вязынцы
Гуканне вясны ў “Вязынцы”
Фэст “Гальшанскі замак”
Фэст “Купальскае кола” у Строчыцах
Абрад ваджэння Кусты на другі дзень Тройцы ў в.Лобча Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці.
Адкрыццё экспазіцыі «Беларускі народны строй» у Музеі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах

(с) ALOVAK

Leave a Reply