Для пошуку новых крыніц натхнення ALOVAK працягвае распавядаць пра рэдкія і незвычайныя віды мастацкай творчасці. Сёння на чарзе старажытнае і актуальнае ў наш час мастацтва эбру.
Тэкст: Таццяна Ягорава
Фота: Марыя Шаргароўская
Таямніцы мармуравання
Эбру (ці як яго яшчэ называюць «мармураванне») – гэта старажытнаўсходняе мастацтва малявання на паверхні вадкасці адмысловымі фарбамі і інструментамі.
Дзякуючы спецыяльнаму складу, фарбы на вадзе не змешваюцца адна з адной, а ўтвараюць неверагодныя ўзоры і малюнкі, якія потым можна перанесці на паперу ці іншую паверхню.
Само мастацтва ўзнікла на Блізкім Усходзе, недзе на тэрыторыі Персіі або Асманскай імперыі прыкладна ў 1100 годзе.
Першапачаткова яно насіла ўтылітарны характар: патрэбна была папера для афіцыйных дакументаў і подпісаў, якую б немагчыма было падрабіць. Майстры таго часу навучыліся загушчаць ваду пры дапамозе натуральных загушчальнікаў, здрабняючы высушаныя расліны (напрыклад, калючку гевен) у парашок. Фарбы рабіліся з натуральных прыродных пігментаў (сажа, охра і да т.п.), вады і бычынай жоўці, дзякуючы апошняй фарбы расплываліся па паверхні раствору, а не змешваліся з ім.
Усе майстры, якія стваралі такую ??адмысловую паперу (яе сталі зваць мармуровай паперай праз падабенства малюнка са зрэзам натуральнага мармуру), былі вельмі запатрабаванымі і высокааплатнымі людзьмі. У кожнага з іх быў свой сакрэт стварэння раствора і фарбаў, які захоўваўся ў строгай таямніцы.
З цягам часу мастацтва мармуравання патрапіла ў Заходнюю Еўропу, і да 1600-х гадоў Францыя і Нідэрланды сталі добра вядомыя якасцю сваёй мармуровай паперы.
Тут яна стала неад’емнай часткай пераплётнай справы, змяшчалася на ўнутраныя вокладкі дыхтоўных кніг, што да гэтага часу з’яўляецца адным з асноўных спосабаў яе выкарыстання. Французскія і нідэрландскія майстры распрацавалі шмат новых патэрнаў – паўторных узораў – з’явіліся “французскі завіток”, “муар”, “іспанская хваля” і інш. Мудрагелістыя ўзоры мармуровай паперы выкарыстоўваліся для пакрыцця зморшчын, завязак і слядоў клею на вокладках, а таксама служылі эстэтычным пераходам ад цёмных скураных вокладак да белых старонак усярэдзіне.
Гільдыі “мармуроўцаў” былі аддзеленыя ад гільдый пераплётчыкаў, другія ўвесь час шпіёнілі за першымі, спрабуючы адкрыць для сябе метады мармуравання, каб пазбегнуць высокага кошту іх паперы.
Таму на працягу стагоддзяў “мармуроўцам” часта даводзілася працаваць па начах у сакрэтных лабараторыях, за зачыненымі дзвярыма, і наўрад ці хтосьці мог спадзявацца навучыцца гэтаму мастацтву, калі толькі ён не нарадзіўся ў сям’і майстра.
Большасці вучняў не давяралі ўсе формулы мармуравання, пакуль ім не спаўнялася 30 ці 40 гадоў.
Па меры таго, як насельніцтва расло і станавілася больш адукаваным, кнігі друкаваліся ў вялікіх колькасцях, а таксама таннелі, і станавілася зразумела, што цудоўныя вокладкі і мармуровыя форзацы хутка сыдуць у мінулае. Да 1890-х гадоў гэтае мастацтва лічылася мудрагелістым і старамодным і фактычна знаходзілася на мяжы вымірання.
Нарэшце, некалькі пазасталых майстроў пачалі публікаваць свае каштоўныя шматвяковыя сямейныя сакрэтныя рэцэпты і формулы мармуравання, каб яны не страціліся назаўжды. Дзякуючы гэтаму мастацтва захавалася і перажывае адраджэнне ў нашыя дні.
Адраджэнне эбру
Адзін з найвядомейшых сучасных майстроў з Турцыі Атыла Кан @atillacan_art распавёў, што бачыў сон пра тое, што эбру распаўсюджваецца па ўсім свеце і аб’ядноўвае людзей. Сон аказаўся прарочым! Дзякуючы настойлівасці і ініцыятыве Атылы Кана, у 2014 годзе мастацтва эбру было ўнесена ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА.
Сёння мастацтва малявання на вадзе працягвае жыць і развівацца ў двух асноўных кірунках:
Першы – гэта традыцыйнае, кананічнае эбру,
якое захоўвае старажытныя традыцыі. Будучыя майстры навучаюцца навыкам падрыхтоўкі фарбаў, раствору, кшталтуючы майстэрства стварэння традыцыйных узораў, патэрнаў.
Вось некалькі выбітных прадстаўнікоў гэтага кірунку:
- Хікмет Барутчугіл (@hikmetbarutcugil, Турцыя)
- Фірдэўс Чалканаглу (@firdevscalkanoglu, Турцыя)
- Ватанабе Мінака (@ebru_marbling_minako, Японія)
- Севім Сюручу (@sevim.surucu, Турцыя)
- Алена Белазёрава (@belozerova.ebru, Расія)
- Джуліа Джаніні (@giulio_giannini_e_figlio, Італія)
- Кацярына Савельева (@katyebru, Расія)
- Гарып Ай (@garipay, Турцыя)
- Ангеліна Залатая (@angelina_ebru_art, Украіна)
Другі кірунак пачаў актыўна развівацца ў апошняе дзесяцігоддзе са з’яўленнем гатовых фарбаў для малявання, у тым ліку і на хімічнай аснове.
Яны не баяцца перападаў тэмпературы і значна таннейшыя за кананічныя фарбы, якія ствараюцца з натуральных пігментаў. Таксама ў гатовых фарбаў шырэйшы дыяпазон пераносу на розныя паверхні, яны больш укрыўныя і яркія. Такія іх уласцівасці даюць найшырэйшы абшар для фантазіі і эксперыментаў – з іх дапамогай дэкаруюць розныя тканіны, з якіх потым шыюць адзенне, ствараюць хусткі і паланціны, абіваюць мэблю, ствараюць засні для свяцільняў, фарбуюць скуру, робяць упрыгожванні, некаторыя фарбуюць нават аўтамабільныя дыскі!
Вось толькі некаторыя імёны майстроў, якія працуюць у гэтым напрамку:
- Сьюзан Шнайдэр (@shandells, ЗША), стварае і дэкаруе засні для свяцільняў
- Сямейная майстэрня (@mayusilkart, ЗША), якая стварае шалікі і паланціны
- Ульяна Храмкова (@ebrucolor, Расія), вытворца фарбаў і матэрыялаў для эбру)
- Вольга Васіна (@ebru_volga, Расія) выкладчык і амбасадор фарбаў Amazing Color
Эбру ў Беларусі
У Беларусі другі напрамак эбру развівае Таццяна Ягорава, якая такім чынам дэкаруе тэкстыль, дрэва, скуру, а таксама абутак, адзенне і прадметы інтэр’еру. Яна ж праводзіць навучальныя майстар-класы па маляванні на вадзе і для дзяцей, і для дарослых, так што калі вы зацікавіліся эбру, можаце прыйсці і паспрабаваць гэтае чараўніцтва ўласнымі рукамі.
Працэс стварэння малюнка адбываецца ў некалькі этапаў.
Спачатку замешваецца неабходная колькасць раствору з вады і загушчальніка. Калі раствор гатовы, ён пераліваецца ў ёмістасць патрэбнага памеру. Затым пры дапамозе спецыяльнага пэндзля або шыла фарба наносіцца на паверхню раствора, расплываючыся ў выглядзе колаў рознага дыяметру.
На трэцім этапе, з дапамогай таго ж шыла або грэбня, з нанесеных колаў пачынаюць фармаваць патрэбны малюнак або ўзор – гэта ўменне прыходзіць толькі з вопытам.
Калі малюнак гатовы, зверху на яго кладзецца або ліст паперы, або іншы матэрыял, і малюнак з паверхні раствора пераносіцца на гэты матэрыял.
Застаецца даць падсохнуць малюнку – і усё гатова!
(С) ALOVAK