Восеньскі “Чароўны Млын” 2022: рэпартаж

7-9 кастрычніка ў Мінску прайшоў восеньскі “Чароўны Млын” ? традыцыйная выстава-кірмаш вырабаў ручной работы. ALOVAK падрыхтаваў фотарэпартаж з мерапрыемства, а таксама распытаў майстроў-удзельнікаў пра тое, ці засталіся яны задаволенымі вынікамі “Чароўнага Млына”.

Фота: Марыя Сонгаль

Удзельнічала ў “Чароўным Млыне” як заўжды вельмі багата майстроў і дызайнераў. Хапала і пакупнікоў, нягледзячы на час, у які мы жывем, гэта адзначалі і самі майстры. Творчасць падтрымлівае! 

Мы спыталі 11 удзельнікаў “Чароўнага Млына”, з якім настроем яны ішлі на “Млын”, ці апраўдаліся іх чаканні. А таксама папрасілі іх даць парады майстрам, якія яшчэ ні разу не ўдзельнічалі ў маркетах такога маштабу.

Калі знойдзеце на фотаздымках ніжэй сябе ці свой стэнд на фота, напішыце нам – мы вас адзначым! 

Каця Карэнюгіна, фларыстыка

@evgeniya_verbitskaya_florist і @katariosflowers

Я ўдзельнічала ў “Млыне” 5 разоў з перапынкам у 6 гадоў. Ішла з добрым настроем, прадчувала шмат зносінаў, я гэта вельмі люблю. Я не чакала нічога асаблівага, паспрабавала зрабіць свае работы максімальна добра і атрымаць задавальненне. Думаю, Жэня Вярбіцкая, з якой я дзяліла стэнд,  таксама (яна ўдзельнічае ўжо другі раз).  І нам вельмі спадабалася, што ў нас атрымалася, паказалі, расказалі пра ўсё, мы гэта ўмеем. У нас бралі кантакты для афармлення рэстарана, а таксама для замовы вянкоў. Гэта вельмі важна.

Мне гэтыя тры дні паказалі, што мы жывём, працягваем жыць, рабіць тое, што мы добра ўмеем, дзяліцца гэтым з іншымі. Вельмі цёплая была атмасфера сярод удзельнікаў, шмат добрых знаёмых і сяброў, мы шмат размаўлялі і ўсміхаліся, гэта вельмі каштоўна. Нягледзячы на ??тое, што адбываецца вакол, мы падзарадзіліся адзін ад аднаго, мне здаецца. Наведнікі шчыра цікавіліся, многія захапляліся, гэта вельмі прыемна.

Удзел у калядным “Млыне” пад пытаннем, бо лістапад – гарачы час для фларыстаў, і да нас ёсць замовы на афармленне. А часу для якаснай падрыхтоўкі вельмі мала.

Парады майстрам ад мяне вельмі простыя: не баяцца, рабіць максімальна добра тое, што збіраецеся выстаўляць, рабіць так, каб самім у сябе хацелася купіць. Быць добразычлівымі і ўсмешлівымі з пакупнікамі, быць гатовымі, што не ўсе настроены пазітыўна, і не прымаць гэта блізка да сэрца. Важна быць шчырымі і любіць сваю справу. Гэта вельмі адчуваецца, паверце. Вядома, прадумаць стэнд, пакаванне, але гэта тэхнічныя дэталі. І яшчэ я б параіла запісваць усё, каб прааналізаваць потым.

Піць больш вады ў дні маркета і імкнуцца крыху раней класціся спаць. Жадаю ўсім пачаткоўцам удачы і добрых продажаў!

Саша Мурына, кераміка 

@sasha.murina

Я заўсёды толькі з пазітыўнымі думкамі і настроем спяшаюся на “Млын”. Удзельнічала ўжо 6 ці 7 разоў. Гэта неверагодна цёплая атмасфера, тамака збіраюцца такія таленавітыя людзі. Наведнікі гавораць заўсёды стоооолькі добрых словаў, гэта яшчэ больш акрыляе, хочацца яшчэ больш тварыць і ствараць нешта новае. Я заўсёды радая, як праходзяць у мяне выставы. Удзячная кожнаму пакупніку і проста наведнікам, якія прыходзяць са мной пазнаёміцца ??і паразмаўляць. Для мяне гэта вельмі каштоўна. Бо толькі мы, людзі, сваімі добрымі словамі на адрас адно аднаму робім настрой і – калі маштабна нават глядзець – робім гэты свет. Гэта выдатна, што ў нашай краіне столькі добрых і спагадлівых людзей. Гэтыя неверагодныя пачуцці мяне заўсёды перапаўняюць, хочацца ўвесь час усміхацца, што я і раблю😅

Я захапляюся заўсёды сваімі калегамі, у мяне няма канкурэнтаў, бо ў кожнага майстра свой почырк, свая душа. Ты бярэш у рукі выраб і проста адчуваеш вар’яцкую энергетыку выраба, і яны розныя ва ўсіх! Гэта выдатна. Я заўжды купляю сабе на выставе вырабы, вы не ўяўляеце, нават кераміку!

Абавязкова буду ўдзельнічаць яшчэ. Ужо падала заяўку на калядную выставу. Ведаю, што ўсё атрымаецца, бо трэба проста верыць толькі ў самае добрае.

Мне часта пішуць майстры, просяць расказаць, як праходзіць выстава. Я з радасцю дзялюся сваім досведам і меркаваннем. Заўсёды рэкамендую спрабаваць! Бо не паспрабаваўшы – не даведаешся.

Людміла Буракова, тэкстыль

У “Млыне” ўдзельнічала 5 разоў. Але гэты раз для мяне як першы. Апошнія 3 гады я не прымала ўдзел. І за гэты час у мяне з’явіўся новы праект – тэкстыль з ільну с ручной набойкай. Дагэтуль я рабіла кветкі з шаўковых тканін і палімернай гліны.

Шла з добрым настроем. Вельмі хацелася ўбачыць старых знаемых майстроў. Ужывую пабачыць тых, хто набываў мае рэчы праз інстаграм. Дый наогул пераключыцца ад навін. “Млын” – гэта заўсёды цёплая атмасфера і новыя знаёмствы.

Чаканні апраўдаліся часткова. На жаль, многія майстры з’ехалі з краіны. Тыя, з кім у мяне моцна асацыяваўся “Млын”, цяпер за мяжой. Час ад часу мяне даганялі гукавыя галюцынацыі. Мне здавалася, што я чую іх галасы 🙂  Вельмі сумую па іх. Многія сталі блізкімі сябрамі.

Наконт удзелу ў перадкалядным “Млыне” – не вырашыла яшчэ. Але заяву на ўсялякі выпадак падала. Час такі няпросты, што больш, чым на дзень, не заплануеш. 

Парада майстрам:  З аднаго боку, не фіксуйцеся на продажы сваіх вырабаў. З другога боку, не трэба баяцца прадаваць. Заўсёды трымайце ў галаве думку, што вашыя рэчы робяць пакупнікоў шчаслівымі. Робяць лягчэйшым іх жыццё. Дадаюць радасці і цеплыні. Людзі гэта адчуваюць. І тады адбываецца ўзаемны абмен добрай энергіяй

Таня Рудзеня, кераміка:

@rudzenika

Я не часта бываю на “Млыне”. Удзельнічаю чацвёрты ці пяты раз. І звычайна на Новы год прыязджала, бо калегі казалі, што ўвосень купляюць слаба.

У гэты раз я не збіралася ўдзельнічаць. Заяву на ўдзел падала мая каляжанка, якой пацвердзілі ўдзел, але аплаціць яго яна не паспела, а таксама не змагла б трапіць на “Млын” па прычынах, ад яе незалежных.  Калі з ёй наладзілася сувязь, я атрымала дазвол на продаж яе вырабаў. Я яшчэ раз падала заяўку і аплаціла яе ўдзел. Так і атрымалася, што ўдзельнічала я ў кірмашы ад дзвюх асоб: ад сябе і ад Наташы.

Я сумнявалася, ці прыйдзе нехта, бо шмат хто з маіх пакупнікоў зьехаў з Беларусі. Але дарма. Па-першае, я вельмі радавалася, дазнаўшыся, што ўваход на “Млын” вольны. З’явіўся шанец у першы дзень прыйсці паглядзець-пагуляць, пасля абраць нешта і ўжо напрыканцы набываць тое, што спадабалася. Па-другое, у горадзе цяпер мала мерапрыемстваў. А такіх, як “Млын”, дык увогуле няма. Таму пакупнікоў прыходзіла шмат. І гэта вельмі натхняе.

Мае чаканні апраўдаліся, шмат вырабаў прадалося. І маіх, і маёй каляжанкі. Я ўбачыла, што, нягледзячы ні на што, у Беларусі шмат хто застаецца і нават не плануе нікуды з’яжджаць. Шмат рамеснікаў прывезлі вельмі прыгожыя і натхняльныя вырабы. Для мяне гэта было, безумоўна, карысна.

Я планую ўдзельнічаць у перадкалядным кірмашы. І спадзяюся на свята і абдымкі. Гэта добра падтрымлівае мяне ў гэты сумны час.

Маладым майстрам я папярэдне параю рабіць шмат пастоў пра “Млын”. Трэба людзям-пакупнікам падрыхтавацца. Я звычайна ў сторыз паказваю, што прывязу на “Млын”, якія планую кошты, якія вырабы. Чым болей публікацый, тым болей пасля і пакупак. Прынамсі ў мяне так.

Вольга і Алена

@milota_hm_izfetra і @d.ollli

Вольга, упрыгожанні з бісеру

У выставе “Чароўны млын” я прымаю ўдзел сёмы раз. Усе яны пралятаюць на адным дыханні, напоўненыя цяплом, незабыўнымі эмоцыямі і ўтульнасцю. На выставе пануе неверагодная творчая атмасфера, якая дае мне сілы iсцi і развiвацца далей. Вельмi прыемна пачуць вялікую колькасць цёплых словаў на свой адрас. Я ўдзячная ўсім і кожнаму за захопленыя і душэўныя словы. Я абавязкова буду прымаць удзел у перадкалядным “Млыне”. 

З “Млына” немагчыма сысці з дрэнным настроем. Калі вы ні разу не былі на гэтай выдатнай выставе, абавязкова наведайце, у якасці ўдзельніка ці наведніка.

Алена, аксэсуары з фетру

У кірмашы я ўдзельнічаю ўжо сёмы раз. Першы мой “Млын” быў перадкалядным у 2019 годзе. Кірмаш заўсёды вельмі чакаю, бо гэта не проста месца, дзе збіраецца шмат людзей са сваімі вырабамі, а месца сапраўды чароўнае, вырабы чароўныя і людзі таксама. З выставы я заўсёды прыязджаю стомленая, але шчаслівая, шчаслівая ад кампліментаў, ад размоў з наведнікамі, ад сусрэч з вельмі цікавымі майстрамі. На перадкалядны млын я падала заяўку, цяпер чакаю.

Я заўжды кажу майстрам, якія прыходзяць паглядзець: удзельнічайце, трэба, каб людзі бачылі, якую прыгажосць вы ствараеце, не трэба яе хаваць!

Наталля Парахневіч, тэкстыль і аксэсуары:

@nataliiaparakhnevich

Можа, гэта ўжо восьмы ўдзел у “Млыне”. Кожны раз едзем з узнёслым настроем і чаканнем свята. Ніколі яшчэ гэта мерапрыемства нас не расчароўвала. Заробкі бываюць розныя. Сёлетні восеньскі “Млын” спраўдзіў нашыя чаканні ў фінансавым сэнсе. Вельмі любім атмосферу мерапрыемства, суседзяў па выставе, сяброў, пакупнікоў, арганізатараў. Дарэчы, арганізатары ставяцца да усіх паважліва і нават з любоўю.

Спадзяёмся на удзел у перадкалядным “Млыне”. З тых часоў, як сталі ездзіць сюды, пачолося для нас новае жыццё. Ёсць, да чаго рыхтавацца, ёсць, на што спадзявацца, ёсць, чаго чакаць. Нам падабаецца. 

Раіць нешта складана, бо у кожнага свой уласны досвед. Раім удзельнічаць, рабіць кожны раз нешта новае, нечаканае, не спадзявацца на вялікія прыбыткі. Але натхняцца цудоўнай атмасферай мерапрыемства. Такія добрыя сувязі наладжваюцца з майстрамі і пакупнікамі, нават сапраўднае сяброўства.

Алег Барычэўскі, кераміка

@oleg_borichevskii

Я ўдзельнічаю у “Млыне” з 2018 года. Амаль кожны раз бяру ўдзел. У гэты раз “Млын” цалкам апраўдаўся. Што было нечакана. У гэтыя дні я адчуваў нават вялікую зацікаўленнасць людзей.  Вядома, буду прымаць удзел у перадкалядным “Млыне”. Трэба ўдзельнічаць у такім кірмашы, бо гэта той выпадак, калі можна ўбачыць водгукі людзей. І яны заўсёды эмацыйныя. Там ёсць жывы кантакт.

Улада, карціны на замову

@art_familydavydov

Вядома, было вельмі ўзрушальна ўпершыню ўдзельнічаць у такім маштабным кірмашы, дзе збіраецца такая колькасць таленавітых, цікавых людзей, якія аддаюць усяго сябе сваёй любімай справе. Але гэтае хваляванне абсалютна сыходзіць, калі разумееш і адчуваеш, што патрапіў у асаблівы чароўны свет – свет адкрытых, душэўных, творчых людзей, свет шчаслівых, захопленых усмешак і вачэй пакупнікоў! І гэта так каштоўна! Вядома ж, нам вельмі б хацелася і яшчэ не адзін раз прыняць удзел у “Млыне”, каб мець магчымасць яшчэ раз акунуцца ў гэтую дзіўную атмасферу, сустрэцца з калегамі, натхніцца для новых ідэй і работ.

Усім майстрам, якія пакуль не наважыліся на ўдзел, я ад душы магу сказаць: што б ні было, ідзіце наперад, удзельнічайце, знаёмцеся, дзейнічайце – і жыццё само знойдзе для вас менавіта вашых людзей. Удачы і шчасця Вам!

Вольга Лукашэвіч, вязаныя цацкі

@lykke_toys

Гэта быў пяты ўдзел у кірмашы. Ехала на “Млын” з той упэўненасцю, што гэта будзе не проста кірмаш, а сапраўднае свята, як гэта і было заўсёды. Мае чаканні апраўдаліся на сто адсоткаў, таму што столькі новых знаёмстваў, столькі новых ідэй, столькі падтрымкі проста нельга знайсці ў іншым месцы! Цікава, што, калі едзеш дадому з “Млыну” (я з Пінску), кожны раз адразу пачынаеш чакаць і планаваць наступны “Млын”. Таму магу з упэўненасцю раіць гэты кірмаш усім тым, хто яшчэ сумняваецца наконт удзелу – абавязкова спрабуйце, гэта таго варта!

Таццяна Уруціна, кераміка:

@tanyauryutina

Я пастаянны ўдзельнік “Млына” ўжо шмат гадоў. Ішла з настроем убачыць сяброў, паказаць і прадаць новыя працы. Усё адбылося. У наступным “Млыне” спадзяюся ўдзельнічаць. Майстрам пажадаю працаваць і яшчэ раз працаваць. Сачыць за трэндамі ў дызайне. І рэалізоўваць свае ідэі.

Больш фота з “Чароўнага Млына”

@tkhlopkova_ceramics

 

@sprytnybaber
@parahnevichm

@irina_prilukova

@artgomel

(с) ALOVAK

Leave a Reply