Беларускія нячысцікі Артура Басака

А ці бачылі вы беларускіх нячысцікаў? А ці ведалі, што іх малюе праграміст з Горадні? Ды яшчэ стылусам на смартфоне?

Сёння мы публікуем творчую гісторыю мастака-самавука Артура Басака пра тое, як цяга да малявання і міфалогіі ператварылася ва ўлюбёнае хобі і атрымала гарачы водгук у аўдыторыі. А вось ці ператворцца хобі ў нешта яшчэ, чытайце ў інтэрв’ю.

Тэкст: Паліна Маслянкова
Фота: Артур Басак

Раней маляваў усялякіх оркаў і эльфаў, а тут пераключыўся на беларускіх нячысцікаў”

Артур, сёння ты праграміст, і мастацтва для цябе толькі хобі. А пасля школы ты выпадкова не стаяў паміж выбарам: быць мастаком ці праграмістам? 

Не, такога пытання ніколі не стаяла. Малюю я з дзяцінства, шпалеры размалёўваў, як і шмат хто з дзяцей. У Баранавічах, дзе я нарадзіўся, наведваў некалькі мастацкіх школ: Палац дзіцячай творчасці, Гарадскую мастацкую школу і яшчэ нейкі гурток у маёй гімназіі №1. І ні ў воднай з гэтых установаў не было настаўніка, які б мяне зацікавіў, натхніў, паказаў прыклад. Я добра памятаю, что мне не падабаліся падыходы, якія былі ў гэтых установах. Ніводную з іх я так і не скончыў. 

А вось настаўнік інфарматыкі нашай гімназіі сваю справу зрабіў добра – і ўжо з 5 класа я цікавіўся не толькі кампутарамі, але менавіта праграмаваннем. Нават удзельнічаў у алімпіядах. Таму яшчэ да ВНУ я паступіў у Гарадзенскі тэхналагічны каледж па спецыяльнасці “Тэхнік-праграміст” і далей развіваўся ў гэтым кірунку, але не пераставаў маляваць для душы. Лясун, Наўка, Хапун у мяне захаваліся яшчэ на паперы, з даінстаграмных часоў. 

А як у цябе з’явілася цікаўнасць да беларускіх міфалагічных істот?

Міфалогія падабалася з маленства, пачыналася ўсё, канешне, з грэцкай: медуза Гаргона, Лярнейская гідра, Нямейскі леў, Мінатаўр і г.д. Далей цікавіўся легендамі пра Караля Артура – ён жа мой цёзка. 

Памятаю, што ў дзяцінстве вельмі падабаліся кнігі “Чараўнік з краіны Оз”, “Сем падземных каралёў” і, вядома, “Урфін Джус і яго драўляныя салдаты”. Дагэтуль лічу, што гэта вельмі файнае дзіцячае фэнтэзі.

А потым было ўжо больш сталае фэнтэзі: “Хобіт” і “Ўладар пярсцёнкаў” Дж.Р.Р. Толкіна, “Гары Потэр” Дж.К. Роўлінг, “Вядзьмар” А. Сапкоўскага. Ну і кампутарныя гульні з гэтай тэматыкай: Warcraft, Diablo і г.д.

У нейкі момант з’явілася цікавасць да свайго: а што ў нас было замест кентаўраў і мінатаўраў? Павінна ж нешта быць! Як капнуў, дык так і закапаўся. Раней маляваў усялякіх монстраў, оркаў, эльфаў, а тут пераключыўся на беларускіх нячысцікаў, зразумеў, што некаторых персанажаў беларускай міфалогіі яшчэ ніхто не маляваў – ніша вольная. 

Наша міфалогія больш багатая за скандынаўскую і грэцкую, таму што людзі ў нашай краіне ў стане неадукаванасці і нейкай вясковасці жылі дольш і больш, чым у іншых краінах. Нават хрысціянства цалкам не знішчыла ўсе гэтыя абрады і павер’і, яно толькі іх трошкі трансфармавала. Што тут казаць, хтосьці і дагэтуль возіць сваіх дзяцей-заік да бабак-шаптух у вёску.

“Некаторых персанажаў беларускай міфалогіі яшчэ ніхто не маляваў”

Раскажы падрабязней, на якія крыніцы і на творчасць якіх мастакоў ты абапіраешся, малюючы беларускіх нячысцікаў?

Ёсць некалькі вельмі класічных кніжак па беларуская міфалогіі і фальклору, дзе можна знайсці інфармацыю пра нашых пачвар ды монстраў. Напрыклад, энцыклапедычны слоўнік “Міфалогія беларусаў” пад навуковай рэдакцыяй Таццяны Валодзінай і Сяргея Санько. Знакамітая “Зямная дарога ў вырай: беларускія народныя прыкметы і павер’і” Уладзіміра Васілевіча, працы Паўла Шпілеўскага і Адама Багдановіча, выпускі “Беларускага фальклору”, які выдае час ад часу НАН Беларусі. Усім вядомыя сборнікі казак: “Заклятыя скарбы”, “З рога ўсяго многа”, “Людзей слухай, а свой розум май” і г.д.

Яшчэ ёсць цудоўны інтэрнэт-праект “Беларускі Бестыярый” майго знаёмага мастака і ілюстратара беларускіх нячысцікаў Яўгена Ката.

Пра кнігі шмат хто пытаецца з падпісантаў, я імі час ад часу дзялюся ў сваіх сторыз “Кнігі”. Вось вам фота маёй сціплай хатняй фальклорнай бібліятэкі:

З мастакоў, безумоўна, я паглядаю на ілюстрацыі Валерыя Пятровіча Славука. Ён, верагодна, быў, ёсць і застанецца канонам у гэтай тэме. На кнігах з яго ілюстрацыямі асабіста я вырас. У мяне ёсць яго мастацкі альбом і такія бэстсэлеры, як “Чароўны свет” і “Вядзьмар, які рабіўся ваўком”. На жаль, пакуль аўтографа яго ў мяне няма.

Але маімі любімымі ілюстратарамі я лічу Тэадора Севярына Кітэльсена і Ёна Баўэра, якія цудоўна і неверагодна малявалі скандынаўскіх троляў. Здаецца, на мой стыль і атмасферу малюнкаў менавіта яны паўплывалі больш за астатніх.

А колькі персанажаў ужо створана ў межах праекта “Беларускія нячысцікі”? Ці ёсць сярод іх твае ўлюбёнцы?

Ёсць ужо каля 200 ілюстрацый, улічваючы персанажаў не толькі ніжэйшай міфалогіі (нячысцікаў і духаў), але і вышэйшай (старажытных багоў). Я ўсіх люблю аднолькава, а на аватарку профіля я паставіў Гаёўку, бо мне падабаецца, як яна атрымалася ў мяне. А вось у маіх дзяцей ёсць любімыя персанажы: дачка любіць усіх русалак і аднарогаў, а сынка – усіх цмокаў.

Беларуская міфалогія і дэманалогія для цябе – гэта невычэрпная крыніца натхнення? Табе не зацесна ў гэтай нішы? Не было думак калі-небудзь паспрабаваць сябе ў іншай сферы ці тэхніцы?

Я ўжо троху стаміўся ад гэтых эльфаў і оркаў Толкіна, яны паўсюль. І дагэтуль эксплатуецца гэтая тэма і ягоныя творы, вось новы серыял надоечы выйшаў. А беларуская міфалогія – гэта ж не толькі сваё, роднае, але і канцэптуальна нешта новае, тэма не разгорнутая ні ў кіно, ні ў кампутарных гульнях або настолках, ды і ў літаратуры з мастацтвам таксама сціпла раскрытая.

Цесна? Не, я нават магу пасунуцца яшчэ для каго-небудзь (смяецца). А калі вядзецца пра тэхніку, то цікава было б, напрыклад, паспрабаваць зрабіць фігуркі або скульптуры нячысцікаў, але на гэта патрэбны час, мо калі-небудзь. Дарэчы, раней я таксама маляваў нячысцікаў, толькі вуглём або алоўкам на звычайнай паперы.

“Усе працы выкананы ў лічбавым фармаце з дапамогай смартфона Samsung Note 10 і пяра S Pen”

Калі я прачытала, што ты малюеш беларускіх монстраў стылусам на смартфоне, то была вельмі ўражаная. Раскажы, чаму ты абраў такую тэхніку і ў чым яе спецыфіка? 

Тут нічога спецыфічнага, падыход той жа, што і на планшэце, але экран меншы, таму і фармат меншы. А маленькі фармат хутчэй і лягчэй маляваць. Планшэт у мяне ёсць, але я абіраю тэлефон, таму што часу на хобі ў мяне няшмат, а хуткія замалёвы на тэлефоне я магу рабіць, дзе заўгодна. 

Карыстаюся я старой праграмкай, яе, напэўна, ужо няма ў Google Play, завецца “Накід”, нешта накшталт Paint, вельмі простая прылада, некалькі колераў і аловак. Таксама выкарыстоўваю заўсёды адзін фільтр, каб колеры зрабіць больш цёмнымі і цьмянымі. А ў астатнім тэхніка тая ж, як і на паперы, я часам паказваю працэс ў інстаграм-гісторыях “Замалёвы” – калі прыглядзецца, то можна ўбачыць, як шмат штрыхоў я раблю.

Маляванне стылусам на тэлефоне і на планшэце

Мінусы такога падыхода ў тым, што выявы вельмі маленькія, іх не надрукуеш на вялікім палатне, ну і лічбавая ілюстрацыя, якую можна тыражаваць, цэніцца меней, чым выкананая класічнымі прыладамі ў адным экзэмпляры. 

Ты непрафесійны мастак, але твае карцінкі нячысцікаў настолькі шырока разышліся, што твая творчасць цяпер больш пазнавальная, чым творчасць многіх прафесійных мастакоў. Чым ты тлумачыш гэты поспех? Ты займаўся прасоўваннем, трапіў у трэнд ці нешта іншае?

Я не адчуваю нейкага асаблівага поспеху. Ёсць куды больш папулярныя акаўнты беларускіх ілюстратараў. Мне здаецца, поспех тут толькі ў тым, што, па сутнасці, не так шмат альтэрнатывы. Пералічыце мне тых, хто робіць ілюстрацыі, прысвечаныя беларускай міфалогіі, – здаецца, хопіць пальцаў адной рукі. Некаторых персанажаў я першы намаляваў, іх выяваў увогуле не было ў прыродзе.

І стыль: чорны фон, усё такое цёмнае, таямнічае, часам жудаснае, кантраст святла і ззянне вачэй. Такое лёгка вылучыць і ідэнтыфікаваць. Таму і пазнавальна. Усе ж навокал кажуць, што ў мастака павінен быць свой стыль, ну вось я свой знайшоў і пакуль працягваю ў ім працаваць.

А наконт прасоўвання, так, я ладзіў некалькі прома-акцый у Інстаграм – і гэта дапамагло знайсці аўдыторыю. Але, мне здаецца, больш дапамагае “сарафаннае радыё”, калі тыя, каму рэальна цікавая тэма, дзеляцца маімі публікацыямі з сябрамі ў гісторыях і паведамленнях. Так некаторыя знакамітыя беларускія музыкі і спартоўцы дзяліліся маім акаўнтам у сваіх сацсетках, яны і дагэтуль на мяне падпісаныя. Інфармацыйныя, творчыя і фальклорныя суполкі таксама рабілі мне маленькую рэкламу, напрыклад, Onliner, Chrysalis Magazine, “Традыцыйны Строй”, “Дзед Янкель” і інш. Дарэчы, “Аловак” таксама мяне двойчы ўзгадваў у сваіх артыкулах – і за гэта я ўсім вельмі ўдзячны і кажу вялікі дзякуй, бо грошы я нікому не плаціў! Гэта магія інтэрнэту, так вось усё працуе.

Ну, і самае галоўнае, выявы без тэксту не былі б вельмі цікавыя людзям. Трэба адзначыць, што людзей цікавіць у першую чаргу камбінація тэксту і выявы, людзей прыцягвае менавіта беларуская міфалогія. Цяпер беларуская культура на ўздыме, гэта мэйнстрым, і гэта значна ўплывае на папулярнасць той або іншай рэчы.

“Калі я пачынаў, мой месячны заробак быў 140 даляраў”

Ці прыносіць тваё хобі нейкі прыбытак? 

Не, хутчэй наадварот. У Інстаграме ў мяне няма ніякай манетызацыі, я не раблю рэкламы за грошы. Калі я чымсьці дзялюся, то гэта таму што мне шчыра падабаецца. Калабарацыі таксама ніякіх грошай мне не прынеслі. Я сумняюся, ці варта заводзіць які-небудзь Patreon: беларусы цяпер і так эканамічна не ў найлепшым стане, а у мяне падпісанты пераважана тут, у краіне, многія з вёсак і малых гарадоў. Гэта не тая аўдыторыя, якая магла б данаціць, мне падаецца.

Ты айцішнік, які жыве ў Горадні. Ці не задумваўся ты пра пераезд у Менск ці за мяжу? І што ты мяркуеш пра сучасную масавую рэлакацыю ў ІТ-сферы? 

Мне вельмі падабаецца Гародня, лічу сябе менавіта гарадзенцам, большую частку жыцця жыву тут, тут сустрэў жонку, тут нарадзіліся дзеці. Але час такі, што, канешне ж, разважаеш пра пераезд, бо становішча ў маёй галіне цяжкае, хутка працы будзе менш, чым было раней, шмат кліентаў і кампаній сыходзіць і не хоча працаваць тут болей. І гэта вельмі сумна. 

На мой погляд, забіваюць кураня, якое несла залатыя яйкі. Гэта сучасныя студэнты выпускаюцца і прыходзяць у развітую галіну, вялікія офісы з кавай і прысмакамі, а таксама добрымі заробкамі. А калі я пачынаў, то працаваў у падвале мясцовай кампаніі на расейскі рынак, знаходзілася яна на Азерскай шашы паміж нейкіх гаражоў, і мой месячны заробак быў 140 даляраў. Я бачыў, як гэта ўсё развівалася, як адчыняліся новыя офісы, ствараліся новыя кампанія, узнікалі новыя працоўныя месцы і раслі заробкі. Фактычна, мая галіна зрабіла сярэдні клас у Беларусі. І, канешне ж, ад таго мне значна больш сумна і горача, чым тым, хто не ведае, як гэта ўсё пачыналася. Калі ўсё так і працягнецца, то мы больш не будзем “ІТ-краінай”, можна будзе ўсталяваць помнік гэтай галіне, гэта будзе адкат да 2008, у лепшым выпадку – да 2010 года.

Я вось у жніўні сышоў з кампаніі, можна сказаць, праз тое, што не пагадзіўся на рэлакацыю. Прапановаў новай працы няшмат, пакуль беспрацоўны. Канешне, калі такая тэндэнцыя застанецца, то прыйдзецца неяк думаць пра пераезд. Большая частка тых, каго я ведаю, з’ехалі за мяжу, крэатыўных людзей становіцца значна менш. Але загадваць не буду, пабачым, у нашым краі заўсёды было цяжка, здаецца, гэта нейкі бясконцы беларускі лёс.

Неяк ты бясплатна рассылаў сваім падпісчыкам паштоўкі з монстрамі – і ўсе ў мастацкіх філатэлістычных капэртах з выявамі гістарычных мясцін Беларусі 1998, 1999, 2000, 2004, 2009 гадоў. Раскажы і пра гэтае сваё захапленне.

Таксама хобі з дзяцінства. Мой дзед, бацька і хросны збіралі паштовыя маркі. Усе іх калекцыі ў выніку мне засталіся. Трэба было з гэтым нешта рабіць. Я вырашыў працягнуць, але потым зразумеў, што нельга збіраць адначасова ўсё, усе тэмы. Дый прыйшло разуменне, што нічога незвычайнага ў калекцыі няма. Тады я выбраў пэўную тэму – еўрапейскі зубр. Зрабіў фокус на ёй – і цяпер у мяне вельмі сур’ёзная, на мой погляд, філатэлістычная калекцыя марак, паштовак, канвертаў і паштовых картак. Яе можна паглядзець на сайце zubry.by – на жаль, толькі на расейскай або ангельскай мове, калі рукі дойдуць, то будзе і беларуская. Некалькі разоў я прапаноўваў дзяржаўным музеям зрабіць выставу маёй калекцыі, але нікому не цікава, нават музею ў Белавежская пушчы таксама не цікава. Ну а вось гэтыя мастацкія канверты, па сутнасці, былі мне не патрэбныя, бо да тэмы не адносяцца, вось я і вырашыў, што будзе файна даслаць у іх паштоўкі з нячысцікамі. Людзям будзе прыемна.

“Вакол усяго гэтага можна зрабіць вельмі цікавую экскурсію для аматараў міфалогіі”

Раскажы пра тваю выставу на фестывалі “Шлях цмока” і пра Музей міфаў таксама.

Фестываль ”Шлях Цмока” – гэта штогадовы фестываль у вёсцы Домжарыцы, дзе знаходзіцца Бярэзінскі запаведнік. Фестываль прысвечаны менавіта беларускай міфалогіі, а яго асноўны брэнд – гэта беларускі цмок. Недалёка ад запаведніка знаходзіцца Лепельскае возера, дзе, паводле легенды, жыў цмок, вось у гонар яго і названы гэты фестываль. 

На працягу фестывалю пераапранутыя ў розных беларускіх нячысцікаў акторы і аніматары ладзяць гульні, сцэнкі, спектаклі. Таксама вялікай часткай фестывалю з’яўляюцца канцэрт музыкаў, горад рамеснікаў, пляцоўка мастакоў і навуковыя даклады ад нашых знакамітых навукоўцаў і даследчыкаў беларускага фальклора. Сёлета быў трэці па ліку фестываль, на якім у мяне з Яўгенам Катом была сумесная выстава.

Пасля фестывалю я зрабіў падарунак Музею міфаў і пакінуў ім усе свае выявы, якія прывёз з Горадні на выставу. Спадзяюся, хутка яны будуць упрыгожваць экспазіцыю музея.

Таксама ў Бярэзінскім запаведніку ёсць Музей міфаў. Гэта адзіны музей на тэрыторыі Беларусі, прысвечаны менавіта нашай роднай міфалогіі. Адна яго частка знаходзіцца ў будынку – гэта тры пакоі, якія сімвалізуюць зямное жыццё, падземны свет, дзе гаспадарыць Вужыны Кароль, і нябёсы. Другая частка – у лесе, на свежым паветры, дзе можна знайсці цікавыя скульптуры розных міфалагічных персанажаў. Дарэчы, кульмінація фестывалю “Шлях цмока” – гэта начная экскурсія па прыроднай частцы Музея міфаў.

Музей міфаў

Таццяна Валодзіна – доктарка філалагічных навук і загадчыца аддзела фалькларыстыкі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – напісала табе ў аўтографе, што ты робіш больш за цэлы інстытут. Як ты ставішся да такой ацэнкі сваёй творчасці?

Канежне ж, гэта вельмі прыемна, але, на мой погляд, вельмі гучна. Насамрэч я звычайны аматар, які нешта там малюе. Трэба разумець, што без такіх выбітных навукоўцаў, як Таццяна Васілеўна Валодзіна і іншыя, мы б нічога не ведалі пра наш фальклор і міфалогію, а значыцца, і маляваць не было б чаго.

Я чула, што ў цябе ёсць ідэя міфалагічнай экскрусіі па Горадні. Раскажы пра яе.

Вось у кожным палацы або замку ёсць нейкая містычная легенда пра здань або скарб. Калі вы наведаеце Нясвіжскі палац, то абавязкова пачуеце ад гіда пра Чорную Панну. Мне здаецца, гэта вельмі цікава і прываблівае турыстаў. Але я не ведаю якіх-небудзь экскурсій, якія б былі цалкам пабудаваны на міфах і легендах. Нейкая такая вось жывая казка, мо нават з акторамі і вопраткай пэўнай, і, канешне ж, ноччу.

У Горадні шмат цікавых лакацый, звязаных з міфамі і легендамі. Ёсць Алень Святога Губерта, здань Белай Панны і караля Стэфана Баторыя, пра апошняга кажуць: “Кадук яго ўзяў”. Кадук у беларуская міфалогіі – гэта жудасны дэман. Ёсць помнік Адаму Міцкевічу, які і пра Дзядоў пісаў, і пра Свіцязянку. Артур Конан Дойл узгадваў у сваім “Сабаку Баскервіляў” нейкага прывіднага гарадзенскага сабаку. А ў нашым гарадскім лесе “Пышкі” сто адсоткаў жыве Лясун. Ёсць жудасная легенда пра ведзьмара Максіма Знака, якога ў 1691 годзе спалілі на плошчы Горадні за чараўніцтва. Карацей, такую містычную праграму можна разгарнуць! І галоўнае, у нас ёсць музей Максіма Багдановіча, у якім жыў і яго бацька – Адам Багдановіч, выбітны фалькларыст і навукоўца.

Вось вакол усяго гэтага можна зрабіць вельмі цікавую экскурсію для аматараў міфалогіі.

“З боку піару гэта была добрая калабарацыя”

Твая першая персанальная выстава адбылася ў этна-краме “Цудоўня” ў Горадні. А дзе яшчэ вісяць твае карціны?

У мяне было некалькі надрукаваных ілюстрацый яшчэ з першага майго фестывалю “Шлях цмока”, і гарадзенская этна-крама “Цудоўня” прапанавала мне павесіць гэтыя выявы ў будынку крамы. Атрымалася такая міні-выстава. Частка, напэўна, і дагэтуль там вісіць.

Яшчэ адна мая ілюстрацыя знаходзіцца ў мастацкім фондзе музея Лідскага замка. Гэта была ініцыятыва старшага навуковага супрацоўніка музея Мікалая Іоды адчыніць такую вось міні-выставу ў рамках святочнай праграмы “Ноч у музеі”. Гэта выява здані аднаго з ваяроў князя Карыбута, які раней жыў і кіраваў Лідскім замкам, але пры аблозе пакінуў яго і здрадзіў сваім ваярам. Прывіды ваяроў і дагэтуль шукаюць яго. Цікавасць выставы яшчэ і ў тым, што карціну кожны тыдзень вешаюць у рознае месца замка, то бок наведнікам яшчэ трэба адшукаць гэтую здань.

Ну вось і выявы з апошняга “Шляха цмока” трапілі ў Музей міфаў, а рэшта маіх выяваў у сеціве.

Год таму выходзіў каляндар з беларускімі монстрамі, у LSTR можна набыць цішотку з выявамі беларускіх нячысцікаў… Раскажы пра праекты і калабарацыі, у якіх табе давялося паўдзельнічаць.

Каляндар мне прапанаваў выпусціць Яўген Кот, гэта яго праект, частка “Беларускага бестыярыя”. Было 6 ягоных ілюстрацый і 6 маіх. Надрукавалі 1000 асобнікаў, якія вельмі хутка разышліся. Здаецца, з боку піару гэта была добрая калабарацыя, таму што потым, калі я тэлефанаваў у выдавецтвы наконт сваёй кнігі, многія ўжо пра мяне ведалі, дзякуючы календару і яго поспеху. А вось фінансава тут я нічога не выйграў: выдавецтва “Галіяфы”, якое выдала каляндар, зачынілі і цяпер ліквідуюць, таму па грошах нават у мінус трошкі выйшаў.

Каляндар “Беларускі Бестыярый 2022″

Было дзве калабарацыі з брэндамі адзення. З боку падпісантаў быў запыт на цішоткі, ну і я паабяццаў, што абавязкова будуць. Сам я іх зрабіць не мог, бо трэба ведаць, дзе, як, што і ІП адчыняць, каб гандляваць. Таму напісаў некалькім крамам і вытворчасцям. У выніку зрабілі цішоткі з беларускімі старажытнымі багамі разам з этна-крамай “Рагна” і беларускіх нячысцікаў з LSTR. Дзякуй крамам за супрацу, бо для іх гэта быў трошкі чэлендж, бо мае выявы вельмі маленькія і растравыя (іх цяжка друкаваць на вопратцы, для вопраткі робяць выявы ў вектарным фармаце). Людзі купляюць цішоткі, але наколькі там усё паспяхова, не ведаю, бо для мяне гэта толькі нейкая рэклама, ніякіх адсоткаў я там не бяру.

Яшчэ знакаміты дзіцячы расейскамоўны часопіс “Каламбур” з накладам ў 1000 асобнікаў зрабіў з маімі нячысцікамі добры разварот.

“Нячысцікі беларускія, таму і мова беларуская”

Цяпер ты ў пошуку выдавецтва для сваёй кнігі пра беларускіх нячысцікаў. Раскажы: што гэта будзе за выданне?

О, зараз будзе эксклюзіў. Ніхто яшчэ не ведае, нават падпісанты (смяецца). Выдавецтва я знайшоў – гэта “Тэхналогія”, дамова ўжо падпісаная, нават макет кнігі ўжо гатовы і неўзабаве ўсё пойдзе ў друк. 

Гэта будзе толькі першая кніга з цэлай серыі – “Беларускія нячысцікі: лясныя”. Спадзяюся, што хопіць рэсурсаў зрабіць астатнія: балотныя, дварова-хатнія, вадзяныя, палявыя і інш.

Першапачаткова была ідэя проста перанесці інстаграм-старонку ў кнігу, то бок проста ілюстрацыі нячысцікаў і іх апісанне побач. Але у працэсе канцэпт змяніўся, кніга будзе мастацкай, нават з невялічкім сюжэтам. 

Галоўны персанаж – нячысціказнаўца, нехта такі пасярэдзіне паміж Ньютам Саламандрам з “Фантастычных пачвар” і Ван Хельсінгам або Ведзьмаром Сапкоўскага. Ён вандруе па беларускіх землях, вёсках і мястэчках і запісвае ў свой нататнік маленькія аповеды пра нячысцікаў, якіх сустракае на сваім шляху. Першая частка прысвечана менавіта лясным нячысцікам.

З тэкстам мне дапамагае сапраўдная пісьменніца, аўтарка ўжо двух беларускіх паўнавартасных фэнтэзійных кніг. Ілюстрацыі нячысцікаў будуць тыя ж, што і ў маім інстаграм-акаўнце, то бок гэта ўсё яшчэ накшталт нейкага каталога або энцыклапедыі, але будзе яшчэ і трошкі дадатковай графікі і малюнкаў. Асобнікаў будзе 700.

Карацей будзе бомба, больш нічога не скажу – чакайце, каму цікава!

Твой мастацкі праект ты ведзеш па-беларуску, твая кніга таксама выйдзе па-беларуску. Цікаўнасць да беларускай мовы прыйшла разам з цікаўнасцю да фальклору, ці гэта зусім іншая гісторыя?

Беларуская мова была заўсёды побач са мной. У жыцці большая частка асяроддзя расейскамоўная, таму расейскую ўжываю часцей, але з беларускамоўнымі размаўляю па-беларуску.

Рэч у тым, што мой родны дзядзька, брат маёй матулі, заўсёды размаўляў па-беларуску і жыў побач. Ён удзельнік Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якое ліквідавалі ў 2021 годзе, а папяровыя нумары першай газеты з рысункамі заўсёды ў маленстве ў мяне былі на стале. Я нават свае дзіцячыя малюнкі дасылаў у гэтую газету на конкурс і беларускамоўную кнігу выйграў у выніку, нешта там пра сузор’і было. Таму для мяне не складана было заўсёды пераключацца з мовы на мову. Канешне, я раблю памылкі, але гэта нармальна. Што датычыцца ўсялякіх там экзаменаў і дыктантаў, то заўсёды абіраў беларускую мову, калі быў выбар.

Нячысцікі беларускія, таму і мова беларуская. Арыгінальная літаратура пра беларускі фальклор пераважна таксама заўсёды на беларускай мове, то бок тут усё на сваіх месцах.

“Сонца і Месяц”

(с) ALOVAK

Leave a Reply