Дажынкі – аўтэнтычнае беларускае свята

Свята заканчэння жніва для беларусаў заўжды было ці не важнейшае за Купалле ды Каляды. Нягледзячы на тое, што на нашы палеткі прыйшлі трактары і камбайны, да сённяшняга дня ў Беларусі захаваліся старадаўнія песні, танцы і абрады, якімі і цяпер дзе-нідзе адзначаюць заканчэнне жніва. І гэта, канешне, зусім не тыя “скульптуры” з саломы, што часам можна пабачыць уздоўж шашы, ці фестывалі і кірмашы, якія штогод праводзяцца ў чарговым райцэнтры. Як беларусы напраўду святкавалі традыцыйныя Дажынкі, нам расказала выкладчыца фальклёру Надзея Касцяневіч.

Тэкст: Надзея Касцяневіч
Фота: з архіву Музеі народнай архітэктуры і побыту, Альфрэд Мікус
Фота на вокладцы: Альфрэд Мікус

Дажынкі – свята заканчэння жніва, якое суправаджалася абрадамі, танцамі, песнямі ды частаваннямі. Адзначалі Дажынкі падчас трэцяга малога Спаса – свята хлеба. 

Зажынкі

Рыхтаваліся да Дажынак вельмі старанна. Загадзя, яшчэ на Каляды, нашы продкі ўсе абрадавыя дзеянні накіроўвалі на ўраджайнасць, верылі ў прыродныя сілы, якія дапамогуць добраму гаспадару, што выконвае усе народныя правілы жыцця. 

Пачыналася гарачая пара жаночай працы з Зажынак, дзе на пачатку здзяйснялі абрадавыя рытуалы на полі (абыходзілі жыта, зажыналі першы сноп), затым пераходзілі да Жніва.

Зажынкі. Фота: Альфрэд Мікус

Жніво

Жніво – гарачая пара ўборкі поля – займала асноўнае месца ў жыцці сялян, асабліва ў жніўні. У апошні дзень жніва трэба было аддзячыць ніве за добры ураджай, папрасіць у духаў поля і продкаў новага ўраджаю на наступны год, таму жнейкі пакідалі на полі некалькі нязжатых каласоў для абрада “Барада” (“Раёк”, “Ніўка”, “Куст”, “Дажынкі” і інш.), а таксама для апошняга снапа. Завяршалі асноўны цыкл земляробчай працы ў полі Дажынкі.

Паводле Я. Карскага, першыя згадкі пра свята сустракаюцца ў хроніках пад ХІІ ст. Хаця сама традыцыя можа весці свой пачатак яшчэ ад неаліту, калі на Беларусі з’явілася земляробства.

Дажынкі

1. Калі асноўныя працы ў полі былі скончаныя, на наступны дзень пасля абеду, святочна апрануўшыся, жанчыны і незамужнія дзяўчаты ішлі ў поле, узяўшы з сабой сярпы, посцілкі і пачастунак (хлеб, соль, яйкі, сыр, сала), каб зладзіць абрад Дажынкі. 

2. Спачатку перад абрадам трэба было прапалоць кавалак пакінутага жыта. Напрыклад, на Крупшчыне жанчыны клікалі на праполку лясных звяроў: “Ваўкі, мядзведзі, хадзіце бораду палоць…”. 

Абрад завівання барады. Фота: etna.by

3. Затым галоўная жняя прапаноўвала незамужнім дзяўчатам паваражыць. Дзяўчаты сядалі колцам вакол пакінутых каласоў і рукамі, абгорнутымі ў рукаў, пачыналі палоць, уважліва глядзелі, хто выпаўзе з зямлі: чарвячок – багаты жаніх, маленькая казявачка – бедны жаніх, павучок – удавец, вусень – легкадумны жаніх.

4. Варажылі і цяжарныя жанчыны, каб даведацца, хто ў іх народзіцца: хлопчык ці дзяўчынка. Калі знаходзілі павучка – хлопчык, калі чорную казюльку – дзяўчынка. 

5. Пасля варожбаў удзельніцы абраду падзяляліся на дзве групы: кабеты завівалі бараду, упрыгожваючы яе стужкамі і кветкамі. Сярод дзяўчат абіралі Багіню, для якой плялі вянок з каласоў, каснічкоў (стужак), палявых кветак, а таксама ўпрыгожвалі апошні сноп, каб аднесці гаспадару поля. Часам апошні сноп вязалі ў выглядзе антрапаморфнага пудзіла (бабы ці дзеда ў залежнасці ад рэгіёна). 

6. Дажынкавыя абрады суправаджаліся загаворамі і песнямі, якія былі скіраваны на атрыманне ўраджаю ў наступным годзе. Напрыклад, падчас “завівання барады” спявалі “Стаіць казёл на мяжы” і іншыя адпаведныя песні. 

З Вікіпедыі: У многіх вёсках, сабраўшы ўраджай, было прынята пакідаць на полі некалькі нязжатых каласкоў. Іх абвязвалі поясам, упрыгожвалі кветкамі і стужкамі. Гэта і звалося завіць бараду.

Абрад завівання барады. Фота: etna.by

7. Пасля працы жнеі ладзілі на полі невялікае частаванне, паабедаўшы, усё тое, што засталося, пакідалі на полі для жывёл і птушак як падзяку за ураджай.

8. Затым самая старэйшая жнейка пачынала качацца па полі са словамі: «Ніўка, ніўка, аддай маю сілку на другую ніўку, на другі гадок», гэта паўтарала кожная жняя.  

9. Падрыхтаваўшы ўсе асноўныя сімвалы ўрадлівасці (бараду, апошні сноп, вянок), жанчыны надзявалі на “Багіню” вянок, давалі ў рукі сноп, з песнямі накіроўваліся ў двор гаспадара поля. 

10.  Дажынкавы вянок уручалі або надзявалі гаспадару з пажаданнем здароўя і добрага ўраджаю на лета. Гаспадар у сваю чаргу дзякаваў жнейкам, плаціў ім грошы і абавязкова ладзіў частаванне. Напрыклад, у Лідскім раёне гаспадар лез на гару і абліваў жнею вадой, пасля яна аддавала яму вянок – гэта садзейнічала таму, каб у наступным годзе не было засухі. 

Апошні сноп займаў пачэснае месца ў хаце гаспадара – покуць (чырвоны кут). Пасля зімы яго абмалочвалі, а зерне дадавалі ў агульную сявеньку для засявання новага ўраджаю. 

Пляценне вянка з каласоў. Фота: Альфрэд Мікус

З Вікіпедыі: У іншых мясцінах замест Багіні абіралі Талаку. Даследчык-аматар Павел Шпілеўскі зрабіў выснову, што ў Беларусі калісьці існавала багіня з імем Талака. На самой справе багіні Талакі ніколі не было. Гэта позняя персаніфікацыя. Хаця сам абрад, несумненна, старажытны, і мог быць прысвечаны нейкаму невядомаму сёння боству.

Дажынкі сёння

Апошні сноп. Фота: Альфрэд Мікус

З Вікіпедыі: Сканчэнне жніва святкавалася ў многіх народаў, але ў беларусаў традыцыя захавалася ў вельмі архаічным выглядзе.

На жаль, сёння сапраўдны абрад пабачыць вельмі цяжка, бо на змену сярпам прыйшлі камбайны. Але, у залежнасці ад кіраўніка калгаса (напрыклад, у Любанскім райвыканкаме), дзе-нідзе яшчэ жыве аўтэнтычная традыцыя, а ў іншых мясцінах часам на поле запрашаюць аматарскія калектывы для правядзення абрада Дажынкі.

Калі Купалле ці Каляды святкуюць паўсюдна, то паўдзельнічаць у абрадзе Дажынак не так і проста. Завітаць на сапраўдныя Дажынкі і адчуць глыбокі сэнс свята заканчэння жніва для нашых продкаў можна ў Музеі народнай архітэктуры і побыту (Строчыцы) у суботу 27 жніўня.

(с) ALOVAK

Leave a Reply