Метафарычныя карты: талля з карцін беларускіх мастакоў

ALOVAK сабраў таллю са 100 метафарычных карт ад 100 сучасных беларускіх мастакоў і ілюстратараў. Мы паспрабавалі скласці як мага больш разнапланавую і багатую на метафары падборку выяваў, выкананых у самых розных творчых тэхніках.

Метафарычныя карты – адносна малады інструмент псіхатэрапіі. Іх вынайшаў мастак і мастацтвазнаўца Элі Раман, які ў 1975 г. вырашыў такім спосабам “вынесці мастацтва з галерэй”. Ён лічыў, што плён творчасці мастакоў павінен прыносіць карысць. Таллю, з якой усё пачалося, Раман намаляваў сам і выдаў яе пад назвай “Ох-карты” (ад воклічу здзіўлення Oh). У выданне 1981 г. ўваходзілі 88 картак з выявамі і 88 картак са словамі. У 1983 Элі Раман пазнаёміўся з псіхатэрапеўтам Марытцам Эгетмеерам, які заўважыў у картах інструмент, які дазволіць вывесці працу з імі на новы ўзровень.

Як выкарыстоўваюць метафарычныя карты?

Звычайна сюжэт асацыятыўнай карты неадназначны і не мае адзіна правільнай інтэрпрэтацыі. На адным і тым жа малюнку розныя людзі здольныя знайсці розныя моманты і дэталі, у залежнасці ад свайго псіхаэмацыйнага фону і глыбіні мыслення.

Метафарычныя карты шырока ўжываюцца ў псіхалогіі і арт-тэрапіі для дыягностыкі псіхалагічнага стану чалавека. Ёсць некалькі варыянтаў працы з МАК:

  • Усляпую: Чалавек выцягвае карту, не бачачы выявы і як бы гуляючы з лёсам, а пасля адказвае на пытанні паводле выцягнутай карткі.
  • У адкрытую: Карты ляжаць на стале. Чалавек абірае карту, якая адгукаецца больш за ўсё, і тады ўжо адказвае на пытанні і дзеліцца сваімі асацыяцыямі.

Каму яшчэ карысныя метафарычныя карты?

Творчым людзям яны дапамогуць прыдумаць гісторыю, знайсці натхненне для працы над творчым праектам, разварушыць уяўленне.

Педагогам і настаўнікам карты дапамагаюць не толькі вывучаць матэрыял, развіваць фантазію і маўленне, але і ствараць атмасферу даверу, настроіць вучняў на самааналіз, рэфлексію, самаразвіццё і пошук рашэнняў.

Тым, хто хоча пазнаць сябе лепей, можна рабіць практыкаванні, у якіх трэба так ці інакш пафантазіраваць пра выяўленыя на картах сцэны і сітуацыі. Такім чынам можна лепей зразумець сябе, свае перажыванні, матывы сваіх учынкаў. Напрыклад, вы можаце задаць сабе пытанне, якое вас цяпер турбуе, і загадаць нумар ад 1 да 100. Адшукайце карту пад гэтым нумарам і паразважайце, пра што яна для вас. Магчыма, гэтая “варажба” дапаможа вам візуалізаваць ці вербалізаваць адказ на ваша пытанне.

ТОП-100 метафарычных карцін беларускіх мастакоў

(с) ALOVAK

Leave a Reply