Фантазійныя ўпрыгажэнні Дар’і Палуян

Новая творчая гісторыя ў ALOVAK – пра дызайнерку ўпрыгажэнняў Дар’ю Палуян, якая разам з мужам Мікітам стварае ўпрыгажэнні як мастацтва. Даша распавяла, якімі шляхамі прыйшла да ювелірнай справы, як нараджаюцца ідэі новых калекцый, з якой тэхнікай яе ўжо шосты раз запрашаюць у Мілан і чаго не стае беларускім маркетам.

Тэкст: Паліна Маслянкова
Фота: Ганна Латушка і Palujan.Arts

“Мяне ўсё вяло да ўпрыгажэнняў”

Дар’я, ты атрымала мастацкую адукацыю і потым працавала ў розных творчых сферах. Што найбольш паўплывала на тую Дар’ю Палуян, якую мы ведаем цяпер?

Сузіранне прыгожага ў побыце. Мне здаецца, гэта маміна выхаванне. Яна ў мяне працавала мастаком-афарміцелем, я з дзяцінства ўбірала ў сябе любоў да простых рэчаў. У нас дома было шмат літаратуры, розных мастацкіх энцыклапедый. Па кропельцы год за годам я сама прывучалася маляваць, потым пайшла ў мастацкую вучэльню на дэкаратара. На той час там была нядрэнная афарміцельская адукацыя. Мы спрабавалі шмат розных матэрыялаў, жылі сярод прыроды, у Міры, у сваім творчым кам’юніці. Пасля навучання я выкладала выяўленчае мастацтва ў школе, вяла творчыя гурткі, рыхтавала дзяцей да паступлення ў мастацкія ВНУ. 

Таксама я займалася афармленнем падарункаў – гэта была часовая праца, якая, як ні дзіўна, мне дала вельмі добры досвед. Я люблю, калі ўсё прыгожа запакавана. Там я навучылася працаваць з матэрыялам і ўпакоўкай. А ўпакоўка брэнда цяпер вельмі ўплывае на продажы. 

Пасля трох гадоў работы дызайнеркай у Нацыянальнай бібліятэцы я працавала ў калабарацыі з сёстрамі Парфяновіч, якія стваралі калекцыі канцэртных строяў, а я займалася ручной працай, стварэннем дэталяў. 

У 2011 годзе я нават удзельнічала ў “Млыне моды”, і мая калекцыя “Афрыка” аказалася прызавой. Афрыка мне дужа падабаецца сваёй каларыстыкай, дэкаратыўнымі элементамі, тады я рабіла шмат ручной працы, дэталяў і ўпрыгожанняў. Мяне гэта так захапіла – нават больш, чым самі касцюмы. Вось тады я і зразумела, што ўпрыгажэнні – гэта маё.

А потым я была графічным дызайнерам у класнага фатографа і відэографа Ганны Герт, з якой мы рэалізавалі супольны творчы праект на каляндарную тэму. Для калекцыі “Дрыяды” трэба было стварыць 12 жаночых вобразаў. У нас былі на здымках вядомыя беларускія мадэлі, Ала Свірыдэнка шыла касцюмы, а візажыстка Надзея Сліжэўская стварала не проста візаж, а нейкія неверагодныя рэчы з прычоскай і макіяжам. Я ж рабіла авангардныя ўпрыгажэнні пад вобраз: там былі і кароны, і гарсэты, і нешта на плечы. Мы не ведалі, што ў нас атрымаецца, але атрымалася здорава! Мы прыйшлі ў Нацыянальны мастацкі музей з прапановай выставіцца – і нам адразу сказалі “Так”!

фота: Ганна Герт

Напэўна, мяне ўсё вяло да ўпрыгажэнняў. Рэч у тым, што я ва ўпрыгажэннях бачу арт-аб’ект. Хутчэй за ўсё, для мяне ўпрыгажэнні як для мастака – палатно, а для скульптара – аб’ёмная фігура. Мне вельмі падабаецца дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і арнаментыка, я вывучала і пісала навуковую працу пра ДПМ Беларусі. 

Многія ставяцца да ўпрыгажэнняў як да нейкай дробязі. Але менавіта па ўпрыгажэннях – нават не па вопратцы, а па аксэсуарах – можна шмат расказаць пра чалавека, напісаць яго псіхалагічны партрэт. Колькі ўпрыгажэнняў у вобразе, якія яны, ці любіць чалавек іх насіць, ці гэта падарунак або самастойна выбраны аксэсуар – па ўсіх гэтых прыкметах можна беспамылкова зразумець, які чалавек перад вамі. 

Памятаеш, як ты стварыла першае ўпрыгажэнне сваімі рукамі?

У мяне заўжды дома было шмат матэрыялаў: я збірала нейкі дрот, камяні, перліны. Адночы ноччу я стала круціць бранзалет – ён атрымаўся вельмі інтуітыўны, авангардны, але я настолькі паглыбілася ў працэс, што атрымала максімум задавальнення. Потым з’явілася другое ўпрыгожанне, трэцяе. Тады я Ўкантакце выклала фота сваёй працы, а мая сяброўка-дызайнерка пабачыла і прапанавала калабарацыю – стварыць упрыгажэнні пад калекцыю касцюмаў. За месяц давялося зрабіць тытанічную працу, складаную і творчую. З таго моманту я і раблю ўпрыгажэнні.

Калі дачцэ споўнілася 4 месяцы, я зразумела, што не магу сядзець без справы, у мяне ўжо былі напрацоўкі, некалькі супольных праектаў. І я саспела да вынаходніцтва ўласнай тэхнікі, пошуку свайго вобразу і стылю.

Цяпер я працую з самымі рознымі матэрыяламі: з камянямі, меддзю, ювелірнай трохкампанентнай смалой, акрылам, эмалямі, алейнымі фарбамі, алкіднымі грунтамі, лакамі, стальной фурнітурай. А ўпрыгажэнні з калекцыі “Белыя кветкі” і “Эліцэя” створаны ў аўтарскай тэхніцы з адмысловага пластыку, алею і акрылавай масы.

“Гэта мастацтва, а не проста нейкія ланцужкі ды завушніцы”

У Беларусі няма выставаў ювелірнага мастацтва, але патлумач, за кошт чаго жывуць майстры, якія вырабляюць ўпрыгажэнні як творы мастацтва па ўсім свеце?

Некалькі гадоў таму ў мяне з’явілася мэта падняць у нашай краіне пытанне з упрыгажэннямі, паказаць, што гэта мастацтва, а не проста нейкія ланцужкі ды завушніцы. Прадэманстраваць, што гэта можна насіць і такім чынам распавядаць пра мастака, які стварыў гэтае ўпрыгажэнне. Дызайнерскую вопратку ў нас носяць. Дык чаму гэтак жа не могуць насіць дызайнерскія ўпрыгажэнні? Нам някепска было б пашырыць свае гарызонты ў дачыненні да ўпрыгажэнняў. У мяне ёсць жаданне правесці выставу беларускіх ювеліраў, я рыхтуюся да гэтага маштабнага праекту, якому няма аналагаў у нас, але я не ведаю, ці атрымаецца, бо ў нас няма досведу і ювелірнай школы.

Дарэчы, ювелір – гэта не той чалавек, які працуе толькі з каштоўнымі металамі і камянямі. Дызайнер-ювелір можа працаваць з рознымі матэрыяламі: з ніткай, з лёскай, з клеем, з дрэвам. Гэта проста тонкая ручная праца па стварэнні ўпрыгажэнняў з нуля.

Для заробку ювеліраў за мяжой ёсць некалькі варыянтаў: 

  • Першы варыянт. У Еўропе людзі ўдзельнічаюць у выставах, конкурсах, фестывалях, там дызайнерам ёсць дзе сябе паказаць. З’яўляецца замоўца і набывае вырабы.
  • Другі варыянт. Дызайнеры часам маштабуюцца. Кампанія ці група людзей пачынае працаваць масава з моднымі дамамі, з кінаіндустрыяй, ствараюць вобразы для музычных кліпаў і рэкламы.

Ты ставішся да ўпрыгожанняў як да арт-аб’ектаў, але пры гэтым мусіш ствараць даволі насібельныя вырабы на продаж. Як ты знаходзіш гэты кампраміс?

Кампраміс мне дапамог знайсці мой муж – стварыць вялікую флагманскую калекцыю, базавую, паўсядзённую, якая, можна сказаць, і корміць нас. На жаль, не ўсе будуць насіць мастацтва на сабе. Людзям часта проста трэба адчуваць сябе камфортна, упэўнена, таму мы ствараем і лаканічныя рэчы. 

У нас ёсць вялікая калекцыя “Матрыца”, якая складаецца з васьмі відаў натуральных камянёў. Мы падабралі розныя па колеры, па ўласцівасцях, па фактуры камяні і стварылі чатырнаццаць відаў завушніцаў, тры віды бранзалетаў, некалькі відаў пярсцёнкаў, а яшчэ калье, чокеры… 

Як сказаў мой Мікіта, “Матрыца” – гэта такая гульня: набываючы нешта адно, можна зачапіцца за нешта яшчэ, каб стварыць сабе камплект. Гэтая калекцыя бясконцая. Людзі, якія ўжо маюць нешта з гэтай калекцыі, усё адно шторазу знаходзяць для сябе нешта новае. Яна камфортная, з якасных матэрыялаў (са сталі і натуральных камянёў) і яна пасуе абсалютна ўсім. Гэта такое выйсце для нас на сёння.

“Я не ведала, што гэта будзе, але атрымалася новая калекцыя”

Як да цябе прыходзяць ідэі новых калекцый?

Гэта такія інсайты цікавыя! Яны прыходзяць да мяне ў самы нечаканы момант! Я магу ехаць у электрычцы, пабачыць нейкага чалавека з цікавай знешнасцю… А яшчэ, бывае, я магу перажыць нейкую эмоцыю, вельмі моцную, часам нават не пазітыўную… У мяне часта калекцыі нараджаюцца на негатыўных эмоцыях. Я прасачыла, што і калекцыя “Белыя кветкі”, і калекцыя “Эліцэя” паўсталі на маім негатыўным досведзе – мой негатыў выліўся ў прыгожае. 

“Белыя кветкі” – вобраз нашых беларускіх жанчын. Белыя кветкі – гэта чысціня, ва ўсходняй культуры гэта асацыяцыя з лотасам. Я ў гэтую калекцыю заклала ўвесь вобраз жанчын, якім сёння няпроста быць жанчынай і пры гэтым мець права голаса. Можа быць, гэтая калекцыя ў нечым феміністычная, бо я за свабоду жанчын, за іх права гаварыць, праяўляць сябе і рабіць тое, што лічыш патрэбным. “Белыя кветкі” – гэта чысціня і сіла адначасова.

“Эліцэя” – гэта назва прэпарата, які мне прапісала мая псіхатэрапеўтка. Калі было цяжка, я не давала сабе рады, я тады толькі пачала прымаць гэты прэпарат… І ў нейкі момант мне было настолькі кепска, у мяне здарыўся трыгер, я моцна расплакалася, не ведала, куды сябе падзець, але было важна адчуць грунт пад нагамі, таму я проста стала маляваць на паперы, я не ведала, што гэта будзе, але атрымалася новая калекцыя. Як сказала мая псіхатэрапеўтка, “выглядае трошкі дзіўна, але з надзеяй на лепшае”.

Як у цябе справы са стрэсам цяпер? Што дапамагае найлепш?

Усё разам: псіхатэрапія, прэпараты, вельмі дапамагае майстэрня і сустрэчы з людзьмі. Мае кліенты – гэта маё выратаванне. Ёсць настолькі цёплыя, ужо блізкія мне людзі. Дапамагаюць выставы, маркеты, якія яшчэ праходзяць у Беларусі.

“Я працую на замову ў улікам магчымасцяў матэрыялу і ўласных рэсурсаў”

Некаторыя калекцыі ты потым тыражуеш, а некаторыя ствараеш у адзінкавых экзэмплярах. Ад чаго гэта залежыць?

Масава я раблю тое, што карыстаецца папытам, тое, што актуальна на кожны дзень. Апроч гэтага, мы яшчэ працуем з крамамі, здаём упрыгажэнні на рэалізацыю. Гэта найперш калекцыя “Матрыца”, некаторыя вырабы з “Белых кветак” – дастаткова лаканічныя, нескладаныя. Складаныя мадэлі мы робім на замову. 

А ёсць калекцыя “Петлі”, якая ідзе выключна пад замову. Недзе ў 2015 годзе ў мяне была цікавая замова для беларускай скрыпачкі Maimuna, якая выступала тады на Еўравізіі разам з Uzari. Для яе я тады рабіла галаўны ўбор і вялікі бранзалет. Гэта быў дрот і халодныя эмалі – мая аўтарская тэхніка, з якой мяне ўжо шосты раз запрашаюць у Італію на выставу, на тыдзень ювелірнага мастацтва ў Мілане. Але цяпер я не магу сабе гэтага дазволіць: удзел каштуе 6000 еўра. Затое цікава, што на выставу ты мусіш распрацаваць канцэпцыю калекцыі, прыгожа распісаць тэхніку і матэрыялы, але самае галоўнае, што мяне ўразіла, яны пішуць тлуснымі літарамі “Калі ласка, не прылізвайце свае работы, не даводзьце іх да ідэалу. Нам важна бачыць, што гэта ручная работа майстра”. 

У нас дызайнеры робяць ўпрыгажэнні, каб ніхто не здагадаўся, ці гэта ручная работа, ці станок, бо ў нас пакупнік патрабавальны, ён любіць, каб было ўсё акуратна, сіметрычна, ідэальна – і гэта добра, але ў такім выпадку часам цяжка адрозніць, ручная гэта праца або не…

Многія майстры не любяць працаваць на замову, а як з гэтым у цябе?

Я працую на замову з улікам магчымасцяў матэрыялу і маіх уласных рэсурсаў. Рэч у тым, што часам людзі просяць зрабіць нешта з каштоўных камянёў, а я не маю права працаваць з імі, бо на працу з каштоўнымі металамі і камянямі ў Беларусі патрэбная ліцэнзія ювеліра. 

Раскажы пра лінейку вясельных упрыгожанняў – у чым спецыфіка стварэння аксэсуараў для нявест?

Праца з нявестамі сапраўды вельмі тонкая, бо да нявестаў трэба ставіцца з любоўю, пяшчотай і цярпеннем. Некалі я стварыла вясельную калекцыю, каб паказаць сферу сваіх магчымасцяў. А цяпер я працую з нявестамі толькі на замову: тут выключна індывідуальны падыход, усе дэталі абгаворваюцца, падбіраем вобраз разам з сукенкай, бывае, нават з жаніхом, з сяброўкамі і мамамі нявесты. Я прапаноўваю варыянты, але ў дадзеным выпадку я лічу, што жанчына мусіць сама адчуць, чаго яна хоча, каб ў гэты асаблівы дзень быць ва ўсёй сваёй красе.

“Арганізатарам нашых маркетаў часта не стае нагледжанасці”

Як вы прынялі рашэнне арандаваць майстэрню-студыю? Дома працаваць некамфортна?

Ой, дома працаваць немагчыма, асабліва з дзіцём! Дом – гэта дом, а майстэрня – гэта творчы свет, іншая атмасфера, поўнае расслабленне. Бывае, мы тут працуем з мужам уваіх, бывае, па чарзе. Тут ні ад каго не залежыш, выбудоўваеш свой графік, як хочаш. Тут я сустракаюся са сваімі пакупнікамі – гэта асобная крыніца натхнення!

А дзе яшчэ цябе можна сустрэць? Падзяліся сваім досведам удзелу ў розных маркетах і парэкамендуй найлепшыя з іх. 

Craftmall – вельмі прыгожае мерапрыемства, там выстаўляюцца найлепшыя дызайнеры, якія яшчэ засталіся ў Беларусі. Я цаню, што арганізатары выбіраюць цікавыя пляцоўкі, праводзяць адбор дызайнераў, ствараюць адмысловую атмасферу: музыка, ежа, майстар-класы, маркет. Людзі прыходзяць і пагружаюцца, пакідаючы свае праблемы недзе там. На мой погляд, гэта на сёння самае цікавае мерапрыемства Мінска.

Я горача рэкамендую наведваць OPEN-шкаф, бо гэта цалкам незалежнае мерапрыемства, цікавая падача, добрая арганізацыя, ашаламляльная публіка. Гэта абсалютны нефармат: там можна сустрэць усё: ад віншажнай вопраткі да вырабаў ручной работы, смелых вырабаў, якіх у краме не сустрэнеш.

У нас у Беларусі няма галерэй ці студый, якія б прадстаўлялі нашых беларускіх дызайнераў, якія займаюцца менавіта ручной працай. А арганізатары розных маркетаў, на жаль, бяруць усіх запар, і дызайнеры губляюцца на фоне неэкалагічных брэндаў, бо такое суседства абясцэньвае ручную працу. 

Да пандэміі я ездзіла на розныя выставы і маркеты, у тым ліку за мяжу. Арганізатарам нашых маркетаў часта не стае нагледжанасці, досведу арганізацыі. Яны перажываюць, што няма спонсараў, але часам і сваімі сіламі можна арганізаваць вельмі цікавую выставу.

Вось у нас кажуць: попыт нараджае прапанову. Але я правяла даследаванне: насамрэч, дызайнеры могуць задаваць трэнд і попыт. Проста трэба пачысціць прапанову.

А што ты рабіла для прасоўвання свайго брэнда Palujan.arts?

Я прасоўваю свой брэнд сама: раблю фота і відэа, ствараю кантэнт, пішу кантэнт-план. Калі гэта калабарацыя, то фота прадстаўляе фатограф, а так збольшага я ўсё сама. Я не назаву сябе вельмі дасведчанай у справе прасоўвання, але я навучалася SMM і цяпер гадзіны дзве на дзень адводжу на працу з сацсеткамі.

Яшчэ недзе гадзіну на дзень я прысвячаю развіццю нагледжанасці. Мяне вельмі натхняюць японскія дызайнеры: смела, тонка, неверагодна! Нямецкія, амерыканскія, мексіканскія, іспанскія дызайнеры – невычэрпная крыніца натхнення. Я не падпісана на кожнага з іх, але я сачу за міжнароднымі кластарамі, парталамі, агрэгатарамі, якія посцяць працы розных майстроў: artistarjewels, fashion____deconstruction, contemporary_jewelry, zudesignjewellery. Дарэчы, я аднойчы трапіла ў адзін з такіх паблікаў, дзе збіраюць працы з подпісам і з дазволу аўтара. 

Раю ўсім дызайнерам больш глядзець на працы іншых майстроў – не для таго, каб паўтараць тэхніку ці вобраз. А для таго, каб бачыць, што магчымасці бязмежныя, што трэба расслабіцца і не баяцца ствараць нешта адметнае і паказваць сябе. Мяне мой страх прымусіў адмовіцца ад многіх праектаў і магчымасцяў. Але не варта баяцца камунікацыі і калабарацыі, не варта саромецца паказваць свае працы. А яшчэ шмат-шмат працаваць – поспех дасягаецца не на ўдачу, а толькі праз каласальную працу.

“Мне вельмі падабаецца Скандынавія, але я Беларусь люблю”

Як адбіліся апошнія крызісы на тваёй дзейнасці і на індустрыі ўпрыгожанняў наогул у Беларусі?

Цяпер, каб атрымліваць прыблізна тыя ж грошы, якія ў нас былі гады тры таму, каб дагнаць той узровень прыбытку, які мы мелі да крызісаў, трэба выкладвацца на 200-300 адсоткаў. Але калі дызайнер робіць тое, што ўмее і любіць, то за гады ў яго ўжо ёсць свая аўдыторыя аматараў брэнда, і ён можа выстаяць у любой канкурэнцыі і прайсці праз любыя крызісы. 

Некаторыя таленавітыя дызайнеры наракаюць на тое, што іх вырабы больш цэняцца за мяжой, чым на радзіме. А ў якіх краінах цяпер носяць твае завушніцы і брошкі?

Канада, Амерыка, Францыя, Нідэрланды, Брытанія, Італія, Ізраіль, Украіна – і Беларусь. 

А сама не думала пра пераезд у іншую краіну?

Думала. Мне вельмі падабаецца Скандынавія – для жыцця, для развіцця. Люблю скандынаўскае кіно і мастацтва. Там дастаткова ўсё аскетычнае, простае. А яшчэ там цудоўнае стаўленне да людзей. Няма падзелу на лепшых і горшых. Проста ёсць усе людзі, яны ўсе розныя. Мне гэта адгукаецца. Але я Беларусь люблю. 

(С) ALOVAK

2 Comments

  1. Такая ўжо дзе прыгажосць!

  2. […] Інтэрв’ю з Дар’яй Палуян чытайце на сайце Алоўка. […]

Leave a Reply