Традыцыі гадання на Каляды

Вясёлы калядны час! Старажытнае пераплятаецца з новым, усе ў радасным прадчуванні нараджэння новага сонца і новага году. У такі пераломны час нібыта прыадчыняецца завеса таямніцы і здаецца, што можна зазірнуць у будучыню… Пра традыцыі гадання на Каляды чытайце ў матэрыяле Насты ГЛУШКО.

Тэкст: Наста Глушко
Ілюстрацыі: Ірына Бельская

Зазірнуць у будучыню хочацца нават нам, сучасным, якія амаль самі ствараюць сваё жыццё, а што ўжо казаць пра колішніх людзей, лёс каторых залежыў у вялікай ступені ад сілаў прыроды, з якімі не паспрачаешся. З старажытных часоў захавалася безліч прыкмет і розных магічных дзеянняў, якія, як лічылася, маглі б дапамагчы палепшыць лёс будучага ураджаю, адгадаць, ці хутка вернецца вясна, якім будзе лета, даведацца што ж чакае наперадзе…

Калядны перыяд складаецца з трох вялікіх святаў: Раство, Васілле (св. Васіль, Новы год) і Хрышчэнне (Вадохрышча). Адпаведна,  вечары перад гэтымі святамі называлі Посная Куцця (Галодная, Бедная каляда), Багатая Куцця (Шчадрэц ці Шчодрая, Тоўстая Куцця) і Трэцяя Куцця (Вадапосная, Хрышчэнская).

У калядныя вечары, якія называлі “крывымі”, існавала шмат забаронаў на працу. Нельга было нічога гнуць, круціць, а таксама прасці і шыць, бо наступствы для гаспадаркі былі б вельмі дрэнныя. Верылі, што з-за парушэння забаронаў дзеці маглі б нарадзіцца хворымі, а скаціна ­– знявечаная, і, наогул,  усё пайшло б  “крыва”. Калі ж вы ўсё ж правініліся, апошні шанец штось паправіць заставаўся на Трэцюю, Хрышчэнскую Куццю. Трэба было ўзяць нітку і завязаць на ёй столькі вузельчыкаў, колькі было правінаў. Пасля тую нітку спальвалі ці выкідалі.

Часцей за іншых цікавіліся сваім будучым лёсам, канешне,  дзяўчаты. Каханне і шлюб заманліва мігцяць наперадзе, але ці будуць яны шчаслівымі? Ці аддасць маці за любага ці за чужога з далёкай стараны? А можа ў гэтым годзе яшчэ можна пагуляць з сяброўкамі і не спяшацца? Восенню адгудзела Вялікая вясельніца*, але ж наперадзе яшчэ Малая вясельніца, што распачнецца бліжэй да вясны. Каляды – самы час даведацца, што ж чакае наперадзе.

*Вялікая вясельніца – час, калі пасля сканчэння земляробчых прац пачыналі граць вяселлі.

Гадалі звычайна  на Шчадрэц (перад Новым годам). Спосабаў даведацца пра свой лёс існавала даволі шмат, ад зусім простых, хутчэй падобных на гульню, да  складаных, з цэлым шэрагам дзеянняў і забаронаў, але з больш дакладным вынікам.

Гаданні на цот і лішку

Да простых можна аднесці гаданні на цот і лішку. Дзяўчаты выбягалі на двор і хапалі бярэмя дроў, цягнулі ў хату і падлічвалі: калі выходзіла цотная колькасць – быць у пары ў гэтым годзе, калі няцотная – сёлета замуж не пайсці. Таксама можна было набраць на двары трэсак і палічыць іх, альбо абняць плот, і, не лічачы штыкецін, праверыць, ці цотная колькасць іх патрапіла пад рукі. А можна палічыць іх,  прыгаворваючы: “То тын, то тынец, то хлопец, то удавец”, хлопцы ж казалі: “То кол, то каліца, то дзеўка, то ўдавіца”, якое слова будзе апошнім – такія і высновы.

Гаданні з абуткам

Перад Новым годам дзеўкі збіраліся ў адной хаце, спявалі, размаўлялі,  апоўначы ж  выпраўляліся ў поле, кожная кідала свой абутак праз плячо і адзначала, куды паляціць. Верылі,  што калі зранку абутак не знойдзецца –  дзяўчына пойдзе замуж, а калі будзе на месцы – то яна пакуль дома застанецца.  Каб даведацца, ў які бок замуж пойдзе, скідалі з нагі чаравік і што сілы кідалі яго на вуліцу (альбо праз страху), глядзелі, ў які бок наском ляжа, у той бок і аддадуць.

З той жа мэтай бегалі пад суседскае вакно і слухалі гаспадарскія размовы. Калі пачуюць: “Ідзі ўжо, хопіць сядзець!”– значыцца хутка вяселле, і наадварот, калі першыя словы будуць: “Пасядзі яшчэ, не спяшайся!”

Гаданні з першым блінам

Шмат якія варожбы звязаныя з першым блінам, што спечаны на св. Васіля. Так, узяўшы першы блін, дзеўка бегла на ростань, і з’еўшы яго, чакала, адкуль пачуе брэх сабакі ­– туды і замуж пойдзе. Альбо бегла да палонкі,  дзе ваду бралі, і чакала, хто першы прыйдзе па ваду. Калі мужчына – аддавала яму блін, і верыла, што хутка быць у шлюбе. Нават хлопцы, жадаючы даведацца, з якіх мясцін будзе нявеста, пяклі блін самі і, ўсклаўшы яго на галаву, адпраўляліся на скрыжаванне дарог, дзе слухалі, адкуль пачуецца брэх сабак – адтуль і нявеста. Калі вынік быў добры – кідалі блін у той бок, калі не – забіралі з сабою.  Таксама, блінамі ці аладкамі кармілі сабаку, і глядзелі  чыю аладку з’есць першай – тая першая і пойдзе замуж. Першы блін насілі увечары ў хлеў і скормлівалі ў цемры жывёле, пасля запальвалі святло і глядзелі,  каму блін дастаўся: калі быку – ісці замуж, калі карове – сядзець у дзеўках.

Гаданні з рэчамі-сімваламі

Варажылі таксама з рэчамі-сімваламі. Хавалі прадметы пад талеркі ці шапкі,  альбо проста завязвалі вочы і выбіралі адну рэч. Такім чынам можна было даведацца пра лёс альбо характар будучага мужа ці жонкі. Калі дзяўчыне выпадаў чапец – хутка замуж, грабянец – быць у дзеўках, пярсцёнак – замужжа, венік – стары муж, пясок – смерць, вугаль – цяжкае жыццё, пацеркі – слёзы, ключы ці хлеб – багацце, чарка – муж-п’яніца,  іголка – муж-кравец і г.д.

Гаданні з пярсцёнкам

Цікавыя  варожбы звязаны з пярсцёнкам. Напрыклад, застаўшыся адна,дзеўка глядзела праз пярсцёнак на свечку, імкнучыся пабачыць жаніха. Альбо кідала пярсцёнак у шклянку з вадою, ставіла на люстэрка і, забраўшыся на гарышча, ля коміну, апоўначы выглядала ў шклянцы жаніха.

Вось яшчэ больш разгорнутае апісанне: “На Хрышчэнне, да поўначы, прынесці вады і перасеяць залы. Узяць чыстую белую талерку, на яе пакласці белы ліст паперы, на ліст насыпаць залы, на залу паставіць шклянку, у шклянку – залаты пярсцёнак. Апоўначы запаліць свечку і глядзець у ваду, так можна пабачыць жаніха”.

З той жа мэтай накрывалі стол з кожнай стравы, што была на Куццю, ў асобным пакоі, і глядзелі праз шчылінку, хто прыйдзе вячэраць. Калі дзяўчыне падавалася, што яна бачыць кагосьці – галоўнае было не спалохацца! Інакш усё магло знікнуць,  а яна так і не даведаецца нічога. Гадаць такім чынам,  па расповедах, адважваліся толькі адзін раз, бо было дужа страшна.  А калі дзеўка была смялейшай, то  заставалася ў пакоі і гукала: “Прашу на вячэру!”  Але ж нельга было на стол класці ні нажа, ні відэльца, бо такая варажба магла дрэнна скончыцца.

Яшчэ цікавыя варыянты гадання

Пра ліццё воску ці волава, напэўна, ўсе ведаюць – у халодную ваду льюць расплаўлены воск ці волава, калі фігурка застыне, глядзяць на што атрымалася падобная, і па выніку мяркуюць аб будучым лёсе.

Вось яшчэ адзін цікавы варыянт гадання.  На Хрышчэнскую Куццю дзеўка варыла сабе салёную бульбу ў лушпайках, ні з кім не размаўляла,  клалася спаць і пільнавала: хто ў сне падасць вады – той і суджаны.

Часам для гадання замыкалі сапраўдны калодзеж: з адкрытым замком тры разы абыходзілі калодзеж, пасля чаго замыкалі замок, а ключ клалі пад падушку.  Тры разы казалі: “Суджон-раджон, прыйдзі каня паіці і ключа прасіці” і чакалі , хто прысніцца – той і будзе будучым мужам. Запомніць імкнуліся хаця б якія прыкметы: чарнявы, кучаравы, кульгавы, малады ці стары.

Распаўсюджаны таксама варыянт з мостам, кладкай. Дзеўка ці хлопец бралі ў рот лучыну, запаленую з дзвюх канцоў, гасілі яе недзе ў палонцы, макаючы ў ваду спачатку правы канец, тады левы, не выпускаючы з роту. Не азіраючыся, моўчкі вярталіся дамоў. Лучынку ламалі на дзевяць кавалкаў і клалі іх радком, як масток, сабе пад падушку (альбо на пасудзіну з вадою). Ноччу павінен быў прысніцца суджаная ці суджаны, які перавядзе па мастку.

***

Смелым трэба быць, каб зазірнуць у вочы свайму лёсу. Што чакае наперадзе? Шчасце ці жыццёвыя складанасці? Жыццё будзе багатым ці ў дзеўках прыйдзецца век векаваць? Ці варта шукаць адказ, калі ён можа аказацца не суцяшальны? Кожны вырашае сам.

 

Артыкул падрыхтаваны на аснове матэрыялаў з кніг “Жыцця адвечны лад” і “Зямная дарога ў вырай” (Мінск, выдавецтва  “Беларусь, 2010, укладальнік У. Васілевіч).

(с) ALOVAK

Leave a Reply