Выставу KNITTING ISOLATION OUT беларускай мастачкі Марыі Гвардзейцавай можна было пабачыць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску. Аўтарка праекту заспела лакдаўн 2020 года ў Латвіі. Вязанне для Марыі падчас каранціну сталася своесаблівым спосабам засяродзіцца і пражыць месяцы ізаляцыі, шукаючы супакой у прутках і пяцельках, а з часам перажыты досвед набыў мастацкую форму інсталяцыі.
Тэкст: Паліна Маслянкова
Фота: Алена Драздова
Інсталяцыя: Марыя Гвардзейцава
Для Марыі паслядоўнасць пяцелек ператвараецца ў матэматычны рытм, медытацыю і цалкам змяняе сутнасць рамяства. Гэта пацвярджаюць і навуковыя даследаванні: паўтаральныя рухі пры вязанні актывуюць парасімпатычную нервовую сістэму, якая супакойвае стрэсавую рэакцыю і зазямляе асобу ў моманце.
Марыя Гвардзейцава спалучыла ў сваіх працах медытатыўны патэнцыял вязання і каліграфіі, звязала вязанне з інтуітыўным пісьмом – і ўсё гэта на фоне трывожных навінаў, якія транслююцца па тэлевізары насупраць канапы з клубочкамі нітак.
Паўтаральныя рухі пры вязанні актывуюць парасімпатычную нервовую сістэму, якая супакойвае стрэсавую рэакцыю і зазямляе асобу ў моманце.
Назвы твораў гавораць самі за сябе:
- “Жыццё пад замком”,
- “Падарожжа ніці замест палётаў”,
- “7 дзён у мастацтве: 36 лекцый у Zoom”,
- “10 дзён ізаляцыі: паліцыя не патэлефанавала”,
- “1500 метраў трывогі падчас кароны”…
Але забытае з дзяцінства хобі абудзіла ў Марыі ўспаміны і дзіцячыя траўмы, пакінутыя сталеннем у 1990-ыя – у гады нястачы і безграшоўя. Юная мастачка вязала сабе і сваёй сям’і швэдры і кардыганы, шапкі і шалікі, таму што на набыццё новых рэчаў надзеі не было. Тады для Марыі вязанне стала сродкам стварэння сваёй рэальнасці, у якой яна можа сабе дазволіць прыгожыя рэчы, а цяпер вязанне сталася для яе тэрапеўтычным сродкам вывязаць свае траўмы, прапрацаваць іх і перастаць баяцца не выжыць.
Для гэтага ёй давялося падчас каранціну звязаць 13 швэдраў, 4 шапкі, 2 снуды і 1 паліто.
Вязанне сталася для мастачкі тэрапеўтычным сродкам вывязаць свае траўмы, прапрацаваць іх і перастаць баяцца не выжыць.
Іншыя праекты Марыі Гвардзейцавай
Інсталяцыі Марыі Гвардзейцавай заўжды прысвечаныя вострым сацыяльным падзеям і праблемам.
- NO HUGS and KISSES
Яшчэ адна выстава яе інсталяцый NO HUGS and KISSES, прысвечаных пандэміі, адбывалася ў Рызе летам 2020 года.
- “Без цукерак”
У 2019 годзе Марыя Гвардзейцава стварыла ў Мінску інсталяцыю “Без цукерак”, прысвечаную адаптацыі дзяцей-сірот да жыцця ў рэальным свеце. Мэтай праекта было паказаць, што дзецям патрэбныя не салодкія падарункі, а чалавечыя стасункі: любоў, цеплыня, падтрымка.
- “Пазл да пазла”
Яшчэ адзін праект “Пазл да пазла”, прысвечаны дзецям-сіротам, быў рэалізаваны ў снежні 2021 года. Ён абапіраецца на статыстыку асацыяцый, якія ўзнікаюць у беларусаў у сувязі з Новым годам. Сцены адна насупраць другой паказваюць, ці магчыма дзецям-сіротам займець сярэдне-статыстычныя асацыяцыі і ўспаміны пра Новы год: сям’я, радасць, дом, сустрэчы з сябрамі, хадзіць у госці, дарыць падарункі і так далей. Дабрачынны праект “Ніці дружбы” і інсталяцыя “Пазл да пазла” накіраваны на пошук куратараў, якія будуць сябраваць і дапамагаць сіротам адаптавацца ў рэальным свеце.
(с) ALOVAK