Гэты матэрыял мы прысвячаем удзельнікам разнастайных выстаў-кірмашоў вырабаў ручной работы – тым, хто яшчэ сумняваецца або ўжо вырашыў браць у іх удзел. Удзельнікі з досведам таксама знойдуць нешта карыснае для сябе сярод парадаў, падрыхтаваных камандай нашага часопіса. Нам дапамагалі ў гэтым непасрэдна самі майстры-ўдзельнікі кірмашоў. Гаворым ім шчыры дзякуй!
Дзеля зручнасці ўсе парады згрупаваны ў 6 тэматычных блокаў. Чытайце, запамінайце, карыстайцеся, дадавайце нешта новае і не забывайцеся дзяліцца сваімі думкамі ды пажаданнямі на нашых старонках у сацыяльных сетках.
Рыхтуемся, настройваемся
- Інфармацыі зашмат не бывае. Перад тым, як вы вырашыце браць удзел у кірмашы, варта даведацца пра яго як мага больш: пачытаць водгукі майстроў-удзельнікаў, пабачыцца з арганізатарамі, а яшчэ лепш – наведаць такі кірмаш, калі ён адбываецца не ўпершыню. Гэта дапаможа вызначыць мэтавую аўдыторыю пакупнікоў, зразумець і параўнаць узровень работ, якія прадаюць іншыя майстры, вырашыць, як афармляць свой стэнд і іншае.
- Раскажыце пра свой удзел. Актыўна рэкламуйце кірмаш, які мае адбыцца, сярод сваіх сяброў і падпісчыкаў у сацыяльных сетках, тэлефануйце старым сябрам, з кім даўно не бачыліся, запрашайце сваякоў. Па-першае, прысутнасць “сваіх” надае ўпэўненасці, а па-другое, натоўп каля вашага стэнда стварае ажыятаж, што таксама прыцягвае пакупнікоў. Вось толькі з сябрамі размаўляйце, але не абдзяляйце ўвагай наведвальнікаў, якія падыходзяць і цікавяцца вашымі вырабамі.
- Гэта вам не жарты. Стаўцеся сур’ёзна да будучага кірмаша. Бо ад таго, як усё пройдзе, залежыць ваш настрой, жаданне працягваць працу ў абраным накірунку. Помніце і пра тое, што вы не толькі ўпрыгожваеце сваёй творчасцю навакольную рэчаіснасць, але яшчэ і маеце адказнасць перад грамадствам: асобныя работы ствараюць уяўленне пра выставу і майстроў у цэлым.
Яна Гусейнава, teddybears і цацкі MushiMishi (http://vk.com/mushimishi):
“…Трэба сур’ёзна ставіцца да выставы, не так, каб проста зарабіць грошы, таму што ў першую чаргу гэта выстава, а ў другую – кірмаш”.
- Зусім не страшна. Напэўна, самая галоўная парада, якую мы хочам даць – гэта не баяцца! У вас абавязкова ўсё атрымаецца і вы будзеце ўспамінаць пра свой удзел з усмешкай. Наважвайцеся, спрабуйце, эксперыментуйце. А ўсялякія няўдачы і шурпатасці ў працэсе ўспрымайце з лёгкасцю, не канцэнтруйцеся на іх. Нават правал можа ў перспектыве адамкнуць для вас патрэбныя дзверы. І калі перамогі звычайна асляпляюць, то няўдачы штурхаюць да новых ідэй.
- Пакіньце памятку пра сябе. Хоць некаторыя майстры і адмаўляюцца ад візітовак, мы ўсё ж лічым, што яны неабходныя. Ніколі не ведаеш, у чыіх руках яны апынуцца. Візітоўка мусіць выглядаць так, каб чалавек, адшукаўшы яе ў сябе праз нейкі час, мог прыгадаць, каму яна належыць, якія вырабы прыцягнулі яго ўвагу. Калі вы вельмі заклапочаныя лёсам візітовак ці гэта проста надта дорага для вас, можна іх не выкладаць і не пакідаць на бачным месцы, а прапаноўваць тым, хто зацікавіцца вашымі работамі.
Арганізацыйнае
- Дакументы, аплата. Загадзя паклапаціцеся пра рэгістрацыю ўдзелу ў кірмашы, пра аплату арэнды. Калі вы бярэце ўдзел як рамеснік, то памятайце, што неабходна аплаціць рамесны збор. Квіток на аплату ды іншыя дакументы, якія патрабуюць арганізатары, вазьміце з сабой.
- Прыехаць загадзя. З арганізатарамі варта папярэдне абмеркаваць тое, калі можна прыехаць на кірмаш для афармлення стэнда. Калі ў вас шмат вырабаў, складанае афармленне, а ўмовамі ўдзелу гэта прадугледжана – будзе лепей, калі ў вас атрымаецца ўсё зрабіць за дзень да адкрыцця.
Ірына Бельская, прадметы інтэр’еру з керамікі і гіпсу (http://krasivodoma.by):
“За адну гадзіну складана ўсё расставіць, таму, калі ёсць магчымасць, раю ўсё аформіць напярэдадні, паглядзець збоку на свой стэнд, а з раніцы дапоўніць, дарабіць, калі палічыце неабходным”.
- Дапамога важкая. Вам можа спатрэбіцца дапамога сяброў, сваякоў у тым, каб даставіць і разгрузіць вашы работы, аформіць стэнд. Калі вам прапанавалі дапамогу – не адмаўляйцеся, таксама не саромейцеся прасіць яе.
- Размяняйце грошы для рэшты. Загадзя прызапасьце дробязь, каб даваць рэшту. Пакупнікам не давядзецца чакаць, а вам – бегаць мяняць купюры.
- Неабходныя дробязі. Каб зразумець, што вам можа спатрэбіцца на працягу дня на кірмашы (акрамя саміх вырабаў і ўсяго, што з імі звязана), адкажыце сабе на наступныя пытанні:
- Што вам можа спатрэбіцца для афармлення стэнда (нажніцы, ніткі, скотч, кнопкі)?
- Што вы будзеце рабіць увесь дзень, чым зоймеце сябе (узяць нататнік для запісаў, паперу і фламастары для малявання, ніткі і пруткі для вязання)?
- Дзе вы будзеце абедаць (калі на месцы, то паклапаціцеся пра ежу з сабой, тэрмас)?
- Ці будзеце пераапранацца (зменны абутак, цёплая кофта)?
- Ці будзеце вы частаваць наведвальнікаў (падрыхтаваць прыемныя бонусы – цукеркі, печыва, паштоўкі)?
Акрамя пералічанага, вам таксама могуць спатрэбіцца фотаапарат, люстэрка (калі рэчы, якія ідуць на продаж, пакупнікам трэба мераць) і іншыя, хутчэй за ўсё, толькі вам вядомыя рэчы, абумоўленыя спецыфікай вашай працы.
Тавар
- Прывабліваем пакупнікоў. Падумайце, чым вы зможаце “зачапіць” і здзівіць наведвальнікаў кірмашу. Калі вы новы майстар і яшчэ не выпрацавалі свой пазнавальны стыль, то вашы вырабы павінны быць як мінімум акуратнымі, а як максімум – унікальнымі.
- Рыхтуйцеся загадзя. Сплануйце свой працоўны графік так, каб падрыхтоўка да кірмашу не стала для вас дужа стамляльнай. Калі маеце невялікі запас вырабаў, пачніце рыхтавацца як мінімум за месяц, каб не бавіць апошнія ночы ў стварэнні новых. Мы ж ведаем, што найбольш прадукцыйны час – дзень напярэдадні, але намагайцеся ўсё асноўнае зрабіць як мага раней. А калі нешта і застанецца дарабіць, то толькі дробную працу па афармленні (прышыць цэтлікі, паставіць аўтарскае кляймо).
- Аўтарская праца. Падчас падрыхтоўкі вырабаў на продаж на кірмашы важна знайсці баланс паміж сваім густам і жаданнямі пакупніка. Трэба разумець, што не ўсё, што пасуе вам, спадабаецца іншым. У той жа час нельга забывацца на сваё творчае “я”, на тое, што вы хочаце паказаць і данесці сваімі работамі. Але які шлях абраць – вырашаць толькі вам.
Кацярына Ваданосава (http://vk.com/ruzhakvetka):
“Мне больш падабаецца працаваць на сябе, ствараць тое, што я б сама насіла ці чым карысталася. Але практыка паказвае, што мой густ дастаткова спецыфічны для нашых шырот, таму часцей мне даводзіцца працаваць на замову. Таму, каб браць удзел у кірмашах, я лічу, важна рабіць не толькі тое, што даспадобы табе, але і арыентавацца на пакупнікоў”.
- Розныя кошты. Падчас падрыхтоўкі падумайце над цэнавымі катэгорыямі вырабаў, ці будзе іх некалькі. Калі пакупніку вельмі спадабаліся вашыя работы, але набыць ён іх не можа з-за высокага кошту, яму будзе прыемна купіць на памяць невялікі сувенір, які нагадае яму пра вас. Хто ведае, магчыма, пазней гэты чалавек ці нехта з яго знаёмых стане вашым сталым пакупніком.
- Разнастайны асартымент. Будзе цудоўна, калі акрамя разнастайных коштаў вашыя вырабы будуць вылучацца і іншымі параметрамі – памерам, колерам, тэматыкай, мэтавай аўдыторыяй.
- Кошт вырабаў. Усталяваць кошт – адна задача, а другая – рашыць, ці будзеце вы карыстацца цэннікамі. Шмат хто абыходзіцца без іх, агучваючы кошт па запыту. Аднак заўжды ёсць верагоднасць таго, што патэнцыйны пакупнік пасароміцца пытаць ці адцягваць увагу майстра, таму мы выступаем за ўказванне кошту. Але і тут ёсць варыянты: многае залежыць ад колькасці, памераў і асаблівасцей вашых вырабаў. Можна павесіць кошт на кожны выраб, можна ўказаць яго на бірках, а можна групаваць усё ўмоўна па коштах і ставіць побач з кожнай такой групай адзін заўважны цэннік.
Афармленне
- Наколькі важна афармленне. Падумайце, як вы аформіце свой стэнд, калі бярэце ўдзел у вялікім кірмашы. Калі майстроў вельмі шмат, то якія б цудоўныя вырабы вы ні выстаўлялі, гэта не мае значэння: калі ваш стэнд незаўважны – да вас не падыдуць. Асабліва калі ён знаходзіцца не каля ўваходу і да вас дойдуць ужо крыху стомленыя наведвальнікі. Спосабаў афармлення існуе мноства – шыльды, гірлянды, яркія сцены… Загадзя прадумайце, як будзеце мацаваць і размяшчаць ваш рэквізіт і абсталяванне, высветліце ў арганізатараў вашы магчымасці адносна гэтага (хутчэй за ўсё, свідраваць сцены, забіваць цвікі, высоўваць часткі стэнда ў праход не дазваляецца). Калі збіраецеся дзяліць стэнд з яшчэ адным майстрам, можна разам прыдумаць афармленне ў адным стылі.
Майстэрня Ямінскай Анастасіі, тканіны, шаўкаграфія (http://jamido.by/):
“Афармленне стэнда, асвятленне, падача сваёй прадукцыі – гэта ў першую чаргу. Прадаць можна ўсё, што заўгодна, але падача павінна быць прыгожай і зразумелай, простай”.
- Стол і крэсла. Для мінімальнага афармлення стэнда вам патрэбны стол, крэслы ці іншае абсталяванне (стэлажы, этажэркі). Даведайцеся ў арганізатараў, што з гэтага вы можаце арэндаваць у іх, а што давядзецца ўзяць з сабой. На наш погляд, укладаць грошы ва ўласнае абсталяванне мае сэнс, калі плануецца часты ўдзел у кірмашах, тады выдаткі хутка акупляюцца. Гэта больш выгадна за арэнду.
- Пачуццё меры. Падумайце над аптымальнай колькасцю вашых работ для размяшчэння. Іх мусіць быць столькі, каб гэта арганічна выглядала на стэндзе. Лішак вырабаў можа як прыцягнуць пакупніка, так і адвабіць. Абавязкова ўлічвайце, што нічога не павінна падаць з прылаўка, калі наведвальнік паспрабуе дастаць цікавую яму рэч з шэрагу іншых. Таму, калі вырабаў у вас багата, прадумайце дадатковыя паліцы, стэлажы. Калі работ мала, мае сэнс арэндаваць месца з яшчэ адным майстрам, тады і выдаткі на ўдзел будуць меншыя.
- Не хавайцеся ад свайго пакупніка. Некаторыя майстры так афармляюць стэнд, што іх саміх абсалютна не бачна за прылаўкам. Як правіла, каля такіх стэндаў мала людзей ці зусім нікога.
- Ваш знешні выгляд не павінен саступаць знешняму выгляду вырабаў. Памятайце, што вашы вырабы – адлюстраванне вашай сутнасці. Ад творчага чалавека часта чакаюць нечага неардынарнага, але зусім не абавязкова фарбаваць валасы ў сіні колер. Дастаткова дадаць адметнасці вопратцы ці аксэсуарам, якія будуць перагукацца з вырабамі, падкрэсліваючы вашу індывідуальнасць.
- Упакоўка для вырабаў. Усім вядома, што асноўная функцыя ўпакоўкі ў тым, каб тавар было зручна пераносіць, каб ён не пэцкаўся, не біўся. Проста прывабная ці зробленая ў адным стылі са стэндам упакоўка – нечаканы і прыемны бонус, які можа ўзрадаваць вашага пакупніка.
Падчас кірмашу
- Усміхайцеся! Вам патрэбны выдатны настрой і добразычлівасць, бо маркотны і пахмурны выгляд гандляра адваблівае пакупнікоў. Вы – аўтар, творца, які нясе свету свае прыдумкі, аддае энергію і душу. Хай гэта выяўляецца на вашым твары! Будзьце ветлівыя і прыязныя.
- Адысці па справах. На працягу дня на кірмашы вам, зразумела, трэба будзе адыходзіць. У такім выпадку можна папрасіць суседа даглядаць ваш стэнд ці паклікаць некага з сяброў ці сваякоў на дапамогу. Толькі не забудзьцеся пакінуць вашы візітоўкі гэтаму чалавеку, сцісла раскажыце яму пра вашы вырабы (з чаго яны), а таксама назавіце кошты, калі ў вас няма цэннікаў.
- Размаўляем з наведвальнікамі. Стасункі з пакупнікамі – гэта не толькі цэлая навука, але і добры досвед, не пагарджайце ім. Калі пакупнік гатовы да размовы, пацікаўцеся, што яму спадабалася на кірмашы, якія іншыя падобныя мерапрыемствы ён наведвае. У той жа час не будзьце надакучлівымі, калі бачыце, што пакупнік не ў гуморы размаўляць і падышоў да вашага стэнда, каб разгледзіць бліжэй вырабы – дайце яму на гэта час.
Тамара Матыль, праект «Міні-Мінск» (http://facebook.com/mini.minsk):
“Гэта прамы кантакт з чалавекам, які набывае. У нас часта адбываюцца дыялогі, таму што пакупнік задае пытанне: «А што гэта?», – і гэта вельмі цудоўна, адразу адбываецца зваротная сувязь. Таму такія непасрэдныя зносіны на кірмашах надзвычай каштоўныя”.
- Размаўляем з майстрамі. Карысна мець стасункі і з ўдзельнікамі кірмашу, каб абменьвацца досведам, атрымліваць неабходныя кантакты, даведвацца пра новых пастаўшчыкоў матэрыялаў і г. д. З суседзямі гэта абмеркаваць прасцей за ўсё, але варта прайсціся па кірмашы, многія майстры ахвотна знаёмяцца і гутараць.
- Дабрыня выратуе свет. Не забывайцеся казаць добрыя словы іншым майстрам. Гэтак вы не толькі падбадзёрыце іх, але і зможаце разлічваць на нейкую мінімальную дапамогу (прыглядзець за стэндам, папрасіць нажніцы). І хто ведае, можа, у асобе вашага суседа вы знойдзеце яшчэ аднаго сябра ці пакупніка. Увогуле, дарыць усмешку і казаць прыемнае можна проста так, не чакаючы нічога наўзамен.
- Спалучыць прыемнае з карысным. Загадзя вырашыце, чым будзеце займацца на працягу дня на кірмашы, калі ў вас з’явіцца вольны час. Вазьміце з сабой патрэбныя рэчы (кнігу, рукадзелле, маляванне). Толькі не сядзіце з сумным выглядам!
- Трапяткое стаўленне. З любоўю стаўцеся да сваіх вырабаў. Бо ў тым, што яны зробленыя з душой, заключаецца вялізарная перавага handmade-вырабаў. Менавіта дзеля гэтага пакупнікі ідуць на кірмашы. Вашае стаўленне да ўласных работ – прыклад для пакупніка, як трэба з імі абыходзіцца. Калі майстар натхнёна расказвае пра свае рэчы – разумееш, што ніякую масавую вытворчасць не параўнаць з ручнымі вырабамі.
Пасля кірмаша
- Апошні рывок. Пасля сканчэння кірмашу застаецца толькі ўсё акуратна сабраць, спакаваць, здаць арэндаваныя рэчы. Скарыстайце апошні шанс абмяняцца кантактамі з іншымі майстрамі, падзяліцца з імі ўражаннямі. Не ўпусціце магчымасць займець аднадумцаў, з якімі ў перспектыве можна наладзіць сумесныя праекты, а таксама натхніцца на стварэнне чагосьці новага, арыгінальнага. І не забудзьцеся прыбраць смецце пасля сябе!
- Час на адпачынак. Знайдзіце час адпачыць пасля кірмашу. Удзел у такіх мерапрыемствах забірае шмат сіл, у тым ліку душэўных. Таму вам можа спатрэбіцца час, каб аднавіцца і зноў увайсці ў працоўны рытм. Майце гэта на ўвазе, плануючы сваю далейшую дзейнасць.
- Раскласці па паліцах. Пасля кірмашу не лянуйцеся занатаваць вашы ўражанні, высновы, заўвагі. Гэта дапаможа вам найлепш падрыхтавацца да наступнага мерапрыемства, а таксама падзяліцца са сваімі сябрамі і знаёмымі майстрамі каштоўным досведам. Памятайце, што, натхняючы людзей вакол, вы акрыляеце і сябе.
***
Рыхтуючы парады для майстроў, мы не маглі абысці ўвагай і пакупнікоў, бо мы самі таксама часам бываем не толькі ўдзельнікамі, але і наведвальнікамі такіх мерапрыемстваў. Такім чынам…
НАШЫ ПАРАДЫ ПАКУПНІКАМ:
- Перад тым, як фатаграфаваць працы ўдзельнікаў, спытайце дазволу. Гэта будзе вельмі ветліва з вашага боку.
- Усміхайцеся! Не заставайцеся абыякавымі. Нават калі вы нічога не купіце, усмешка, камплімент і любая зацікаўленасць вельмі прыемныя майстру.
- Калі вам спадабалася рэч, але не пасуе, напрыклад, колер, вы заўсёды можаце распытаць майстра, ці працуе ён на замову. Як правіла, майстры ахвотна згаджаюцца.
- Майце на ўвазе, што на кірмашах майстар часцей за ўсё ставіць кошт ніжэй на 30-70 працэнтаў у параўнанні з коштам яго вырабаў у краме ці галерэі.
- Будзьце тактоўнымі. Людзі творчых прафесій звычайна ранімыя і амбіцыйныя, ставяцца да сваіх работ з пяшчотай. Калі вы хочаце падзяліцца сваёй думкай з майстрам, рабіце гэта максімальна ветліва.
- Калі вас зацікавіла тэхніка, у якой працуе майстар, запытайцеся ў яго пра заняткі ці майстар-класы – магчыма, ён іх ладзіць, а калі не, то параіць нешта.
- Калі вы любіце гандлявацца, улічыце, што на кірмашах часцей за ўсё прадстаўлены працы ручнога вырабу, у цану ўключаны выдаткі майстра на матэрыялы, на аплату месца на кірмашы і яго выдаткаваны час. Таму будзьце гатовыя, што майстар катэгарычна адмовіцца цану зніжаць.
[…] Агульныя парады па ўдзелу ў кірмашах чытайце ў гэтым артыкуле. […]
[…] Больш парадаў для ўдзельнікаў маркетаў шукайце тут […]