Цацкі Мантэсоры ад беларускіх майстроў

Здаецца, кожная маці чула пра педагагічную сістэму, якую стварыла ў першай палове XX стагоддзя італьянская лекарка і педагагіня Марыя Мантэсоры. У наш час па ёй працуюць з дзеткамі ва ўсім свеце.

Сістэма заснавана на ідэях свабоднага выхавання дзіцяці, і самае важнае месца ў ёй нададзена сэнсарнаму досведу (развіццю органаў пачуццяў) пры дапамозе дыдактычных заняткаў і спецыяльна арганізаванага асяроддзя. 

Шмат хто з нашых майстроў робіць цацкі, гульні і развівальныя матэрыялы, якія можна прымяняць у педагогіцы Мантэсоры. Мы падрыхтавалі матэрыял, які дапаможа вам зарыентавацца ў занятках, якія будуць цікавыя дзіцяці ў тым ці іншым узросце, і прапануем падборку Мантэсоры-вырабаў ад беларускіх майстроў.

Над падборкай працавала: Алеся Акуленка

Змест

Агульная інфармацыя

Методыка Мантэсоры скіравана на развіццё маторыкі, маўлення, матэматычных уяўленняў, побытавых навыкаў, вучыць дзіця разумець прычынна-выніковыя сувязі. Чым жа цацкі гэтай сістэмы адрозніваюцца ад астатніх?

  1. Аддаецца перавага натуральным расфарбоўкам і матэрыялам: дрэву, тканіне, металу, шклу. Гэта не толькі больш экалагічна, але і карысна: разнастайнасць фактур узбагачае сэнсорыку дзіцяці.
  2. Кожная цацка прызначана для адточвання АДНАГО навыку. Толькі так дзеці вучацца канцэнтравацца і дабівацца выніку.
  3. Цацка павінна несці інфармацыю пра рэальнасць. Чым меншае дзіця, тым больш прыбліжанай да рэальнасці павінна быць цацка. Частка мозгу, якая адказвае за ўяўленне, фармуецца пасля 6 гадоў.
  4. Самае галоўнае: цацка павінна адпавядаць стадыі развіцця дзіцяці. Для гэтага неабходна валодаць пэўнымі ведамі (кнігі, відэа, курсы ў дапамогу), а таксама ўважліва назіраць за малым.

0-6 месяцаў

Пацеркі, колцы, грызункі

Пацеркі і колцы развіваюць хапальныя рухі дзіцяці. Грызунок дапамагае прарэзацца першым зубкам і палягчае боль у запалёных дзяснах. Разнастайнасць фактур дапамагае немаўляці спазнаваць свет і стымулюе развіццё цэнтральнай нервовай сістэмы.

Для вырабу цацак у гэтай катэгорыі беларускія майстры выкарстоўваюць самыя розныя пароды натуральнага дрэва: ядловец, бук, клён, алешыну, ліпу. Акрамя дрэва, ідуць у працу баваўняныя ніткі – імі майстрыцы абвязваюць свае пацеркі.

Бразготкі

Бразготкі ствараюць гукавы эфект, які вучыць малога ўсталёўваць прычынна-выніковыя сувязі і стымулюе пошукавы рэфлекс, які, у сваю чаргу, заахвочвае даследаваць навакольны свет.

Беларускія майстры выкарстоўваюць толькі экалагічныя матэрыялы і напаўняюць свае брызготкі грэчкай, якая стварае вельмі прыемны мяккі гук.

Мабілі і расцяжкі

У першыя месяцы жыцця дзіця вучыцца факусаваць погляд на прадметах.  Для развіцця візуальнага ўспрымання немаўлятам спачатку трэба выбіраць чорна-белыя мабілі.

У шэсць тыдняў дзіця можа адрозніваць колеры. Можна прапанаваць мабіль, які складаецца з яркіх колераў і мае аб’ём. 

У 2-3 месяцы немаўля пачынае адрозніваць адценні. Таму варта падвесіць мабіль з фігур аднаго колеру, але розных адценняў, якія вісяць на нітках рознай даўжыні і ўтвараюць ўзыходную лінію.

У 3-4 месяцы трэба, каб немаўля вучылася засяроджвацца і кантраляваць рухі рук. Мабіль падвешваецца досыць блізка да малога, рух яго рук стварае кругазварот паветра, ад якога цацкі танчаць!

Мабілі нашых беларускіх брэндаў выдатна спраўляюцца з гэтымі задачамі.

6-12 месяцаў

Кубікі

Дзіця робіць спробы ставіць кубік на кубік, збіраць вежы, што развівае канцэнтрацыю і спрыт.

Нашы майстры робяць кубікі высокай якасці з розных парод дрэва: ясень, груша, клён, дуб.

Сарцёры

Сарцёры для дзяцей гэтага ўзросту – гэта цацка на вывучэнне колеру, а таксама глядзельна-маторнай каардынацыі.

Пірамідкі з колцамі

Карысць пірамідкі для развіцця дзіцяці цяжка пераацаніць:

  • Каардынацыя рухаў і развіццё дробнай маторыкі. 
  • Развіццё логікі дзіцяці. 
  • Знаёмства з паняццямі “больш-менш”, “зверху-знізу”, “над-пад”.
  • Вывучэнне лікаў. Дзіця можна навучыць лічыць: “Колькі колцаў у пірамідкі?”, “Колькі надзета?”
  • Разуменне і выконванне просьбы: “вазьмі”, “надзень”, “здымі”, “дастань” і г.д.

Пірамідкі беларускіх брэндаў, вырабленыя з масіву бярозы ці бука, пакрытыя гіпаалергеннай эмаллю на воднай аснове (дазволеная для дзіцячых цацак згодна з DIN.EN-71.3).

Падстаўка

Развіццю буйнай маторыкі дапаможа спецыяльная падстаўка, дзякуючы якой дзіця будзе падцягвацца і ўставаць. Пазней такая падстаўка спатрэбіцца, каб самастойна чысціць зубкі ці дапамагаць маме на кухні.

1-1,5 гадкоў

Кубікі, нанізаныя на вертыкаль

Вытанчэнню глядзельна-маторнай каардынацыі і хапальных рухаў служыць пірамідка з кубікаў. Спачатку яна складаецца літаральна з трох дэталяў аднаго памеру, колеру і формы, каб нічога не адцягвала дзіця ад нанізвання. Яна вучыць нанізваць. Гэта ўжо потым збіраць па памерах, колерах і інш.

Копіі рэальных прадметаў

Цацачныя мініяцюры дазваляюць, гуляючы, дапамагчы малому даследаваць свет, навучыць яго першасным ведам і набыццю практычных навыкаў, а таксама папоўніць яго слоўнікавы запас.

Беларускія брэнды ствараюць мініяцюрныя копіі гародніны, садавіны, грыбоў, жывёл, казурак, птушак з розных матэрыялаў: дрэва, палімернай гліны, ільну, фетру, ваты.

Спартыўны комплекс

Развіццю буйной маторыкі і фізічнаму развіццю паспрыяе спартыўны комплекс.

Шнуроўкі

Ужо даўно даказана, што развіццё рукі наўпрост звязана з развіццём аддзелаў мозгу, якія адказваюць за маўленне дзіцяці. Развіццё дробнай маторыкі рукі – адна з асноўных задач агульнага развіцця дзяцей гэтага ўзросту. І ў гэтым дапамогуць шнуроўкі.

Дэталі драўляных шнуровак беларускіх брэндаў якасныя і дастаткова буйныя, каб не турбавацца пра бяспеку, і ў той жа час зручныя для дзіцячых ручак. З імі можна таксама вывучыць геаметрычныя фігуры.

1,5 – 3 гадкі

Менажніцы

Для развіцця тактыльнага ўспрымання, стэрэагнастычнага пачуцця і здольнасці класіфікаваць і сартаваць спатрэбіцца паднос з некалькімі секцыямі (менажніца) і розныя віды аднаго і таго ж аб’екта: фішкі, ракавінкі, арэхі, струкі насення, геаметрычныя формы.

Беларускія майстры робяць якасныя драўляныя дошкі, менажніцы і посуд розных формаў і памераў.

Сарцёр-укладка

Сарцёр-укладка – гэта гульня для развіцця дробнай маторыкі, успрымання і тактыльных адчуванняў.

Тактыльнае лато

Праз пальчыкі дзіця атрымлівае інфармацыю пра фактуру: гладкі, рабрысты, шурпаты і г.д., што дапамагае ў запуску маўлення.
З дапамогай набораў ад нашых майстроў вы зможаце навучыць дзіця адрозніваць мяккае ад цвёрдага, шурпатае ад гладкага, буйное ад дробнага, і таксама падвучыць колеры.

Тактыльныя кнігі

Тактыльная кніга – гэта рознакаляровая кніга з малюнкамі, аплікацыямі, ушытымі ці ўкладзенымі ў кішэні мяккімі цацкамі, выкананымі з розных матэрыялаў, якія навобмацак максімальна набліжаныя да арыгінала. Яна дапамагае ў развіцці маўлення, вывучэнні навакольнага свету.

Беларускія майстры шыюць для дзяцей з тканіны і фетру разнастайныя развівальныя кнігі, якія дапамогуць замацаваць назіранні ў гульнявой форме, а таксама развіваць фантазію ў ролевых гульнях.

Кулінарныя інструменты

З пункту гледжання Марыі Монтэсоры, жыццёвая задача дашкольніка – прыстасавацца да навакольнага свету. У гэтым сэнсе прыгатаванне ежы – гэта і ўменне, неабходнае для жыцця, і трэнаванне вельмі розных і дакладных рухаў, і тактыльная разнастайнасць, і матэматыка, і ўпарадкаванне, і сартаванне.

Музычныя інструменты

Згодна з шматлікімі даследаваннямі музыка можа:

  • павысіць узровень псіхічнай і разумовай каардынацыі і здароўя;
  • дапамагчы засвоіць асновы матэматыкі і іншых навук; развіць маўленчыя навыкі;
  • трэнаваць розныя віды памяці;
  • фармаваць камунікатыўныя здольнасці і ўменне працаваць эфектыўна ва ўмовах шматзадачнасці.

Беларускія майстры даказваюць, што іх дзіцячыя музычныя інструменты ідэальныя для базавага знаёмства з музыкай.

3-4 гадкі

Цацкі для нанізвання і сартавання

Нанізванне больш дробных пацерак удасканальвае глядзельна-маторную каардынацыю і хапальныя рухі дзіцяці.

Але нанізваць можна не толькі пацеркі, але і прадметы розных формаў, багаты выбар якіх прапануюць беларускія майстры.

Пазлы

Пазлы развіваюць логіку, дробную маторыку, прасторавае мысленне і канцэнтрацыю. Пачынаць трэба з двух паловак карцінкі, а пасля паступова павялічваць колькасць частак.

Беларускія майстры прапануюць выдатныя драўляныя кубікі і карткі для развіцця малых.

Геаборд

Геаборд дапамагае:

  • стымуляваць дробную маторыку;
  • паляпшаць памяць;
  • развіваць уседлівасць і ўважлівасць;
  • даследаваць формы і сіметрыю;
  • ствараць літары і лічбы.

Геаборды беларускіх майстроў адрозніваюцца высокай якасцю. З імі можна лёгка засвоіць асновы геаметрыі і не толькі.

Канструктары

Канструктар развівае прасторавае ўспрыманне, логіку, уседлівасць, увагу і назіральнасць. Гэта будзе добры падарунак як для дзяўчынкі, так і для хлопчыка.

Беларускія вытворцы выкарыстоўваюць для сваіх вырабаў натуральнае дрэва і сваю фантазію.

Балансіры

Развіццю спрыту і раўнавагі спрыяюць такія прылады, як балансіры. Заняткі на балансіры ўздзейнічаюць на мазжачок, які адказвае за эмацыйны і разумовы складнікі, каардынацыю рухаў, памяць і маўленне.

Беларускія брэнды робяць якасныя драўляныя балансіры, якія дапамогуць заставацца ў балансе і дзецям, і дарослым.

4-5 гадкоў

Мініяцюры

Сэнс мініяцюр – пазнаёміць дзіця з навакольным асяроддзем (таму цацкі павінны быць максімальна прыбліжанымі да рэальнасці) і павялічыць яго слоўнікавы запас.

Шалі і лічыльнікі

Для дзіцяці паняцці такіх адзінак меры, як маса або вага, дастаткова складаныя. Але цацачныя шалі ператвораць няпростае заданне ў займальную гульню і падрыхтуюць да знаёмства з матэматыкай.

Лічыльнікі патрэбны для інтэлектуальнага развіцця дзяцей. Практыкаванні на іх паляпшаюць памяць, стымулююць назіральнасць, уседлівасць, развіваюць дробную маторыку, дазваляюць у гульнявой форме вырашаць простыя прыклады.

Гукавыя гульні

Гукавыя гульні – важны этап у развіцці пісьменнасці ў дзіцяці ва ўзросце ад 4 да 6 гадоў. Выразна прамаўляючы назвы прадметаў, дзіця вучыцца адрозніваць гукі і правільна іх прамаўляць. Гэта база, якую неабходна падрыхтаваць для наступнага навучання пісьму і чытанню.

Штампы

Штампы падрыхтоўваюць рукі дзіцяці да пісьма і дапамагаюць вывучаць навакольны свет. А яшчэ гэта першыя спробы дэкору: аркуша паперы, рамкі для фота ці пропісаў.

Крэйдавыя паверхні

Маляванне крэйдай спрыяе падрыхтоўцы рукі дзіцяці да пісьма, а таксама развіццю творчасці і самавыяўлення.

Драўляныя цацкі беларускіх майстроў выкананы ўручную з экалагічных матэрыялаў з выкарыстаннем сертыфікаваных пакрыццяў.

Рухомы алфавіт

Рухомы алфавіт Мантэсоры – гэта некалькі вялікіх падносаў з ячэйкамі. У кожнай ячэйцы ляжыць выразаная з кардону, фанеры ці пластыку літара пісьмовага шрыфту. Галосныя – ружовыя або чырвоныя, зычныя – блакітныя. Простая мэта – скласці з літар рухомага алфавіту тое ці іншае слова. Ускосная мэта – падрыхтоўка да пісьма, засваенне метаду чытання праз склады.

@semeinyi_dar

Цацкі для вывучэння космасу

Касмічнае выхаванне Мантэсоры выяўляе глыбінныя сувязі паміж такімі навукамі, як астраномія, хімія, геаграфія, біялогія і г.д. Цэнтральная ідэя – усведамленне сябе касмічнай істотай, якая глыбока вывучае ўсё, што адбываецца ў космасе, унутры, шукае гармонію ў сабе і паміж усімі людзьмі планеты.
Некалькі рэкамендацый ад беларускіх брэндаў, як пачынаць знаёмства з космасам:
1. Пачніце аповед з нашай планеты.
2. Потым раскажыце пра Сонца.
3. Праглядзіце выдатны мультфільм “Маленькія Эйнштэйны”.
4. Абавязкова залучайцеся ў гульню.
5. Прагаворвайце назвы планет.

Настольныя гульні

Настольныя гульні развіваюць наступныя важныя навыкі:

  • Матэматычныя здольнасці і памяць
  • Каардынацыя і дробная маторыка\
  • Прасторавае мысленне
  • Сацыяльны інтэлект і маўленне
  • Канцэнтрацыя ўвагі і валявыя навыкі
  • Логіка і стратэгічнае мысленне
  • Развіццё асобы

Беларускія аўтары стварылі шмат ўнікальных настольных гульняў, якія дапамогуць палюбіць беларускую мову з дзяцінства.

Араматныя рэчы і карысныя прысмакі

Сама Марыя Мантэсоры пісала, што лепшым спосабам развіцця органаў нюху і густу з’яўляецца смачны абед. Акрамя ўдыхання пахаў з заплюшчанымі вачыма, ніякіх практыкаванняў яна не прапаноўвала, а тыя, што існуюць цяпер, не класічныя матэрыялы, але створаныя па іх падабенстве.

Прапануйце дзіцяці адгадваць пах або густ з заплюшчанымі вачыма. Гэта дапаможа засяродзіцца на адным адчуванні (паху або гусце), абстрагуючыся ад усіх іншых.

Не абавязкова для гэтых мэтаў набываць нешта ў дзіцячай краме, прадукты з водарамі і смакамі знойдуцца ў вашым доме. А калі хочацца чагосьці адмысловага, паглядзіце на нашым сайце ранейшыя падборкі араматных ці смачных падарункаў ад беларускіх майстроў.

***

Набываючы цацкі для дзіцяці, ацэньвайце іх развівальны патэнцыял, звяртайце ўвагу на якасць матэрыялаў, цаніце ручную работу, цікаўцеся паходжаннем і гісторыяй брэнда і падтрымлівайце сваіх!

(С) ALOVAK

1 Comment

  1. Колькi варыянтау для падарункау…

Leave a Reply