Святочнае меню: рэцэпты ад беларускіх блогераў

На святы мы не маглі праігнараваць творчасць кухараў і кулінараў, якія ствараюць смачныя стравы і вядуць свае кулінарныя блогі па-беларуску. Спадзяемся, нешта з нашай падборкі рэцэптаў вам прыйдзецца да смаку і ўпрыгожыць ваш святочны стол.

Закускі

Рэцэпт запечаных грушаў з грэцкімі арэхамі і мёдам ад @hanna.latushka

Вам спатрэбіцца:

  • 3 няцвёрдыя грушы;
  • 150 гр. сыру дарблю;
  • 50 гр. грэцкіх арэхаў;
  • некалькі лыжак мёду;
  • каліва праванскіх траваў.

Гатуем:

  • Трэба разрэзаць ігрушы, лыжачкай дастаць насенне, а ў сярэдзінку пакрышыць сыр дарблю, грэцкія арэхі і пасыпаць травамі.
  • Выпякаць каля 15–20 хвілінаў на 180°.
  • Дастаць, паліць мёдам, атрымліваць асалоду ❤️

Рэцэпт бутэрбродаў з журавінавым жэле ад @smachnaya_mova

Вам спатрэбіцца:

  • курыны паштэт,
  • 12 кавалкаў тоставага хлеба,
  • 1 пакецік журавінавага жэле (або 0.5 л журавінавага соку і 1 ст.л. жэлаціну),
  • 50 мл вады,
  • 80 г цукру,
  • 150 г журавін,
  • 1 ст.л. таркаванага імберца,
  • папрыка

Гатуем:

  •  Для жэле: 500 мл журавінавага соку нагрэйце і злучыце з жэлацінам, мяшайце да поўнага распушчэння. Заліце ў форму, пастаўце ў лядоўню, каб застыла.
  •  Тым часам шклянкай выціснііце кругі з лустаў тоставага хлеба і падсмажце.
  •  Злучыце ў рондалі цукар і ваду, пастаўце на агонь. Калі закіпіць, дадайце журавіны, варыце, пакуль ягады не лопнуць. Дадайце таркаваны імберац і папрыку і варыце, пакуль соус не загусцее.
  •  У жэле выцісніце кругі той жа шклянкай, што і ў хлебе.
  •  На лусту хлеба пакладзіце кругляк жэле. Паверх другую лусту хлеба. Потым курыны паштэт. Напрыканцы журавінавы соус.

Рэцэпт рулецікаў з вяндлінай і сырам ад @uzv.hrodna

Для цеста:

  • 1 яйка,
  • 1 ст.л. цукру,
  • соль,
  • 500 г мукі,
  • 5 г сухіх дрожджаў або 18 г свежых дрожджаў,
  • 70-80 г сланечнікавага алею,
  • 250 г топлёнага малака

Для начыння:

  • 300 г вяндліны,
  • 300 г сыру мацарэла,
  • 1 яйка

Гатуем:

  • Зрабіць рошчыну, змяшаўшы дрожджы, цукар, муку і трохі малака.
  • Калі дрожджы “ажывуць”, дадаць астатнія інгрэдыенты і замясіць цеста.
  • Пакінуць цеста даходзіць на 1-1,5 гадзіны.
  • Гатовае цеста падзяліць на чатыры часткі.
  • Кожны кавалак раскачаць на пласт.
  • На пласта выкласці вяндліну, сыр і пасыпаць арэгана ці базілікам.
  • Скруціць рулецікі.
  • Выкласці на пакрытую пергаментам бляху.
  • Памазаць узбітым яйкам, паставіць у духоўку

Фаршыраваныя баклажаны ад @smachna_esci

Вам спатрэбіцца:

  • баклажаны – 2 штукі
  • яйкі – 2
  • сыр – 100 г
  • шпінат ці іншая зеляніна
  • маянэз
  • часнык – 2 дзелькі

Гатуем:

  •  Баклажаны нарэзаць на пласцінкі, заліць халоднай вадой, дадаць 1 ст. л. солі і пакінуць на 20 хвілін.
  •  Паставіць варыць яйкі.
  •  З баклажанаў зліць ваду і добра прамыць. Смажыць на добра разагрэтай патэльні на алеі да залацістага колеру з абодвух бакоў.
  •  Нацерці сыр, здрабніць часнык, нарэзаць яйкі і зеляніну, заправіць маянэзам.
  •  Сфармаваць рулецікі. Смачна есці!

Асноўныя стравы

Рэцэпт фаршыраванай скумбрыі ад @elena_bronislavovna

Вам спатрэбіцца:

  • скумбрыя (2 шт.),
  • бульба,
  • цыбуля,
  • морква,
  • грыбы,
  • цвёрды сыр,
  • соль,
  • часнок,
  • кроп,
  • спецыі,
  • алей

Гатуем:

  • Скумбрыю памыйце і папатрашыце са спіны, дастаньце хрыбет, памыйце, абсушыце папяровым рушніком, пасаліце.
  • Абсмажце на патэльні цыбулю, моркву і любыя грыбы да гатоўнасці, пасаліце, дабаўце кроп і спецыі.
  • Бульбу парэжце на скрылёчкі, пасаліце, пакладзіце кроп і часнок, паліце алеем.
  • Пакладзіце рыбку ў форму, напоўніце яе фаршам. Атрымаюцца лодачкі.
  • Абкладзіце бульбай так, каб лодачкі трымалі форму і не падалі.
  • Запякайце пры 200 градусах 30 хвілін , пасыпце нацёртым сырам і запякайце яшчэ 10 хвілін да румянай скарынкі.

Рэцэпт курынага філе ў гарбузовым соусе ад @consort.by

Вам спатрэбіцца:

  • курынае філе (2 шт),
  • гарбуз (400 г),
  • вяршкі 15% (200 мл),
  • масла (20 г),
  • алей (1 ст.л.),
  • часнок (2-3 зубкі),
  • куркума (1 / 2 ч.л.),
  • арэгана, (1 ч.л.),
  • базілік (1 ч.л.),
  • соль і перац.

Гатуем:

  • Гарбуз нарэзаць кубікамі, выкласці яго на засланую пергаментам бляху, апырскаць алеем і запякаць 20 хвілін пры 200 градусах.
  • Тым часам абсмажыць у алеі загадзя прамытае і нацёртае соллю і перцам курынае філе з двух бакоў па адной хвіліне, каб запячатаць усе сокі ў мясе.
  • Запечаны гарбуз перакласці ў чашу блэндара, дадаць часнок, здрабніць.
  • Затым дадаць у атрыманае гарбузовае пюрэ, вяршкі, базілік, арэгана, куркуму і папрыку, соль і перац. Узбіць яшчэ раз.
  • Філе змясціць у форму для запякання і заліць атрыманым соусам.
  • Запякаць курынае філе ў гарбузовым соусе 40 хвілін пры тэмпературы 180 градусаў.

Рэцэпт кіша з ласосем і брокалі ад @ejlei

Для цеста:

  • 250 г мукі,
  • 120 г халоднага сметанковага масла,
  • 60 г халоднай вады,
  • дробка солі

Для начынкі:

  • 400 г філе ласося,
  • 250 г брокалі,
  • 200 г феты,
  • трошкі сыру з цвіллю – пасыпаць верх,
  • 4 яйкі,
  • 75 г вяршкоў,
  • соль, перац, праванскія травы – на ваш густ

Гатуем:

  • Масла нарубіць у муку, наліць ваду, дадаць соль. Змяшаць, вымесіць цеста, раскачаць на пасыпанай мукой паверхні.
  • Выкласці ў форму, пракалоць відэльцам шмат разоў. Гатаваць аснову у духоўцы 15 хвілін пры 200°С.
  • У аснову выкласці начынку пластамі.
  • Яйкі і вяршкі змяшаць, дадаць прыправы, заліць сумессю кіш. Пасыпаць сырам.
  • Гатаваць 40 хвілін пры 170°С.?

Рэцэпт запечанай свіной шыі ад @alesia_foodblog

Вам спатрэбіцца:

  • свіная шыя – 1,5 кг,
  • белае сухое віно – 100 мл.

Для марынаду:

  • cоль – 3 ч.л.,
  • маяран – 1 ч.л.,
  • чабор – 1ч.л.,
  • чорны перац – 1/2 ч.л.,
  • размарын – 2 галінкі,
  • лаўровы ліст – 4 шт,
  • часнок – 2 зубчыкі,
  • аліўкавы алей – 2 ст.л.

Гатуем:

  • Змешваем аліўкавы алей, перац, маяран, чабор, соль і дробны часнок.
  • Шаруем кавалачак свініны марынадам, кладзем у талерачку, абкладваем размарынам і лаўровымі лісточкамі.
  • Накрываем і адпраўляем у халадзільнік.
  • Праз 12 гадзін дастаем шыю, пратыкаем відэльцам, пераварочваем і адпраўляем яшчэ на суткі ў халадзільнік.
  • Перакладваем мяса ў рукаў для запякання, уліваем віно, закрываем рукаў.
  • Робім невялікія дзірачкі ў рукаве.
  • Выпякаем 1,5 гадзіны пры 200°С.

Салодкае

Рэцэпт труфеляў з нуту ад @greenmom_in_the_kitchen

Вам спатрэбіцца:

  • 500 г варанага нуту
  • 15 мяккіх іранскіх фінікаў (прыкладна 130 г)
  • 4 ст л кэраба
  • 2-3 ст.л. какосавага ўрбеча (альбо алею, калі вам не прынцыпова)
  • 1 ч л ванільнага экстракту (калі ёсць)
  • кедравыя арэшкі/крышаныя фундук/міндаль – на ваша жаданне

Гатуем:

  • Усе інгрыдыенты змяшяшаць у камбайне/блэндары (з фінікаў дастаць косткі).
  • Дадаць арэшкі, скатаць шарыкі, абваляць у какосавай стружцы/кэрабе альбо дробным насенні (мак, чыа, кунжут) і адправіць у лядоўню на пару гадзін.
  • Кэраб можна браць як неабсмажаны, так і абсмажаны. Гэтая альтэрнатыва какаве дае асаблівы арамат цукеркам і робіць іх дазваляльным пачастункам для маленькіх ласуноў – падыходзіць дзеткам ад 10 мес.

Рэцэпт шакаладнага кекса ад @kurapatka

Вам спатрэбіцца:

  • Цукіні- 1 шт. (200 г.)
  • Спелы банан -1 шт. (80 г.)
  • Мёд, фінікі ці какосавы цукар (на выбар)
  • Какосавае масла – 2 ст. л.
  • Мука б/г- 100 г.
  • Какава-парашок – 40 г.
  • Соль – 1/4 ч. л.
  • Яблычны воцат альбо лімонны сок – 1 ч. л.
  • Сода – 1 ч. л.
  • Арэхі грэцкія ці фундук – на ваша жаданне

Гатуем:

  • Узбіць ў блэндары банан, цукіні, масла, фінікі, лімонны сок.
  • Асобна змяшаць муку, какаву, соду і соль.
  • Злучыць дзве масы і добра перамяшаць.
  • Выкласці у форму для кекса, засцеленую пергаментам, і выпякаць 35-45 хв. пры 200°.
  • Астудзіць і лепш пакласці на некалькі гадзін у лядоўню.

Рэцэпт печыва “Мазурка” ад @lalilu_lya

Вам спатрэбіцца:

  • 2 яйкі
  • 1 шклянка грэцкіх арэхаў
  • 1 шклянкі разынак
  • 1 шклянкі мукі
  • 1 шклянка цукру (я брала палову)
  • 1,5 ч.л. разрыхляльніку
  • ванілін

Гатуем:

  • Убіць спачатку бялкі з цукрам, дадаць па адным жаўткі.
  • Потым пакрышачку муку з разрыхляльнікам.
  • Перамяшаць з арэхамі (іх трэба падрабніць) і разынкамі.
  • Пячы пры 180 градусах.
  • Парэзаць адразу, пакуль гарачае.

Рэцэпт дэсерту “Птушынае малако” ад @hodny_keks

Вам спатрэбіцца:

  • 180 г масла,
  • 100 г згушчонкі,
  • 70 г бялку,
  • 150 г вады,
  • 300 г цукру,
  • 9 г агар-агару,
  • дробка лімоннай кіслаты,
  • дробка ваніліну або 10-20 г ванільнага цукру

Гатуем:

  • Масла і згушчонку пакаёвай тэмпературы ўзбіць міксерам хвіліны 2-3 да пышнасці.
  • У асобнай місцы ўзбіць бялок, дадаць дробку лімоннай кіслаты.
  • У посуд з тоўстым дном уліць ваду, усыпаць цукар з ванілінам і агар-агар – і на пліту.
  • Памешваць да таго часу, пакуль сіроп не пачне цягнуцца з лыжкі, нібы тонкая нітачка.
  • Калі сіроп гатовы, яго трэба ўліць у бялок, бесперапынна ўзбіваючы ўсю масу міксерам.
  • Цяпер да бялкоў паступова ўвесці крэм з масла і згушчонкі, усё добра размешваючы.
  • Як толькі размяшалі апошнюю лыжку крэму, выліваем масу ў форму. Хвілін праз 15 накрыць цыратай і ў халадзільнік на гадзіну.
  • Пасля парэзаць, абкачаць у какаве, какосавай стружцы ці арэхах. Смачна есці!

Рэцэпт імбірнага торта ад @cudounaya_cukernya

Для каржоў (на 3 формы 18 см):

  • 300 г мукі;
  • 175 г сметанковага масла;
  • 150 г цукру “Цудоўная цукерня”;
  • 100 г карычневага цукру; 3 яйкі;
  • 2 ч.л. разрыхляльніка;
  • 220 мл малака;
  • 2 ч.л. молатай карыцы;
  • 1/2 ч.л. молатага кардамону;
  • 1 ч.л. імбіру.

Для крэму:

  • 180 г сметанковага масла пакаёвай тэмпературы;
  • 500 г крэм-чызу;
  • 150 г цукровай пудры;
  • 100 г брусніцаў.

Гатуем:

  • Узбіць яйкі з цукрам да пышнай масы.
  • Прасеяць сухiя iнрэдыенты ў яечную сумесь. Уліць растопленае масла і малако, змяшаць.
  • Напоўніць формы цестам і выпякаць пры 180 градусах да поўнай гатоўнасці.
  • Перавярнуць каржы на рашотку і астудзіць.
  • Для крэму ўзбіць масла, крэм-чыз і цукровую пудру. Зліць сок з размарожаных брусніцаў.
  • Сабраць торт, наносячы крэм на кожны корж i пасыпаючы бруснiцамi. Абмазаць бакi торта крэмам i упрыгожыць на свой густ.

Рэцэпт бісквіту для лянівай гаспадыні ад @dannissas

Вам спатрэбіцца:

  • 4 яйкі (можна і 3 калі яны не маленькія)
  • 1 шклянка цукру
  • 1 шклянка пшанічнай мукі
  • 1 дробка солі
  • 1 чайная лыжка разрыхляльніку
  • 1 пакецік вініліну

Гатуем:

  • Узбіваем яйкі з дробкай солі, не аддзяляючы жаўткі ад бялкоў, пакрыху дадаём увесь цукар, і калі ў вас планетарны міксер, пакідаем кухню на 10 хвілін. Але калі міксер звычайны, тады крыху паўзбіваем, пакуль яйкавая маса не павялічыцца ў аб’ёме. Пажадана хвілін 10))
  • Далей асобна змешваем разрыхляльнік і ванілін з мукой, і толькі пасля гэтага ўводзім муку ва ўзбітыя яйкі з цукрам. Змешваем.
  • Перакладаем у змазаную алеем форму і ставім у папярэдне разагрэтую духавую шафу на хвілін 40-50 пры 180°. Першыя хвілін 20-25 яе нельга адчыняць, каб бісквіт не асеў.

Бісквіт гатовы!

Бонус!

Рэцэпт сочыва з сасновых шышак ад @sasnouskaya17

Вам спатрэбіцца:

  • 1 кг зялёненькіх шышачак (якія яшчэ не зацвярдзелі, іх можна пракалоць пазногцем)
  • 1 кг цукру
  • 10 шклянак вады

Гатуем:

  • Збіраем шышкі, перабіраем іх ад смецця і заліваем вадой у рондалі, у якім потым будзем варыць сочыва.
  • Настойваем так шышкі суткі.
  • Вымаем шышкі, адкладаем – яшчэ спатрэбяцца.
  • Водны настой змешваем з цукрам і варым на ціхім агні, памешваючы, пакуль наш сіроп не пачне гусцець і набываць чырвонае адценне (гэта дзесь 1,5-2 гадзіны).
  • Напрыканцы гатавання закідваем зноў шышкі ў сіроп. Варым разам яшчэ хвілін 10.
  • Усё! Цудадзейны сродак для здароўя і добрага настрою гатовы! Аблізваем лыжку, даём астыць і разліваем па слоічках.

(с) ALOVAK

1 Comment

  1. Якая смаката! Дзякуй вялікі!

Leave a Reply