Дзіцячыя кніжныя ілюстрацыі Эмы Маляўкі

Сёння ў ALOVAK шчырае інтэрв’ю з беларускай ілюстратаркай Эмай Маляўкай, у якім яна падзялілася, як здолела кінуць офісную працу і стаць мастачкай, як з дзяцінства ненавідзела сваё прозвішча, а потым раптам палюбіла, калі стала маляваць, і як стварыла старонку пра дзіцячыя ілюстрацыі, якая цяпер налічвае больш за паўмільёна падпісчыкаў. Пра якаснае партфоліа ілюстратара, змаганне з выгараннем і самыя яркія ў свеце скетчбукі чытайце ў гутарцы з Эмай Маляўкай.

Тэкст: Паліна Маслянкова
Фота: архіў Эмы Маляўкі

“Я вырашыла, што ў мяне ўжо няма аніякага шанцу”…

Дзесьці пішуць, што ты самавучка, а дзесьці я чытала, што ты вучылася ў мастацкай школе і спецыялізавалася на выкладанні і крытыцы мастацтва. Як было насамрэч?

Насамрэч, я вучылася ў мастацкай школе ў Паставах. Нядаўна сустрэла сваю настаўніцу Ганну Браніславаўну, якая тады мяне вельмі падтрымлівала. Потым я пайшла ў педагагічны каледж, дзе ў мяне была падспецыялізацыя “Кіраўнік студыі выяўленчага мастацтва”. Нас вучылі розным творчым тэхнікам, але маляванне заўжды было нечым другасным. А пасля я пайшла ва Універсітэт культуры на мастацтвазнаўства, дзе таксама маляванню адводзілася вельмі мала гадзінаў. 

Потым два гады адпрацоўвала размеркаванне ў дзіцячым летніку “Зубраня”, далей працавала ў гандлёва-забаўляльным цэнтры аніматаркай, потым – у колцэнтры, потым – у офісе. Спачатку я яшчэ штосьці малявала для сябе, а з цягам часу наогул перастала рабіць хоць нешта, звязанае з мастацтвам, і вырашыла, што ў мяне ўжо няма аніякага шанцу. 

Паўторна я паспрабавала стаць мастаком-ілюстратарам толькі ў 25 гадоў.

Як жа ты ўсё ж ператварыла дзіцячую любоў да кніг і малюнкаў у сваю прафесію?

Я тады паехала ў Маскву за сваім каханым, які там знайшоў працу. Кінула свой мінскі офіс і стала шукаць нешта падобнае ў новым горадзе. На адным з сумоўяў мне зрабілі прапанову, якая заключалася ў афармленні папераў і продажах. Я вярнулася дахаты і стала плакаць.

Тады мой хлопец запытаўся: “Чаму ты плачаш?” А я равела, бо ненавідзела ўсё гэта. Ён спытаў: “А чаму ты гэтым займаешся?” Я не знайшла, што адказаць, апроч як: “А што мне яшчэ рабіць?” І тады ён задаў мне надзвычай простае пытанне: “А што б ты хацела рабіць?” 

Я прызналася, што ў мяне ёсць мара стаць ілюстратарам, але ж гэта зусім немагчыма. На той момант мне здавалася, што толькі абраныя людзі могуць стаць ілюстратарамі. Але каханы выказаў відавочную ідэю, якая, аднак, на мяне зрабіла вельмі моцнае ўражанне: “Ты можаш зараз паспрабаваць стаць ілюстратаркай. Паспрабаваўшы стаць ілюстратаркай, ты можаш ёй стаць. А не паспрабаваўшы, ты ёй дакладна не станеш”. І я вырашыла паспрабаваць.

Я ўладкавалася ў прыватны садок выкладчыцай выяўленчага мастацтва. Акурат тады ў пакоі для гульняў трэба было аформіць сцены, і я пачала маляваць. Усе прыходзілі і захапляліся. І гэта мяне вельмі моцна натхніла. Тады я пачала чытаць кніжкі, шукаць інфармацыю пра кніжныя ілюстрацыі і шмат маляваць.

“Я заўжды бяру новы скетчбук і прыгожа яго афармляю – гэта мая фішка”

Раскажы пра першую кнігу, якую ты праілюстравала.

Самая першая кніга была створаная з маім сябрам Аляксандрам Вяроўкіным-Арловым, які напісаў кніжку пра вушка, а я яе праілюстравала. Для любога ілюстратара пабачыць апублікаваны тэкст са сваімі ілюстрацыямі вельмі прыемна. На тым этапе для мяне гэта было нейкім прарывам.

This slideshow requires JavaScript.

Як у цябе адбываецца творчы працэс працы над новай кнігай?

Звычайна я атрымліваю ліст ад нейкага выдавецтва з прапановай працы, даведваюся ўсе ўмовы і, калі яны мяне задавальняюць, я пераходжу да абмеркавання праекта. Калі праект мне цікавы, я чытаю твор і ўяўляю, якім чынам я хачу яго выявіць, каб з’явіліся нейкія вобразы ў галаве. 

Я заўжды бяру новы скетчбук і прыгожа яго афармляю, гэта мая фішка. Напрыклад, для кніжкі пра бабулю я адмыслова выбрала льняную тканіну, састарыла яе, вышыла назву “Бабуля” і прысвяціла яе сваёй бабулі Гунорці з Паставаў, якую я вельмі люблю. 

Далей я збіраю вобразы, пачынаю скетчыць у скетчубуку, працаваць над раскадроўкай кнігі, збіраць інфармацыю ў сеціве, знаходзіць нейкія фатаздымкі маіх паездак у Беларусь, усё гэта калекцыяную і на нейкі час пакідаю ў галаве, каб яно зварылася і пачало выдаваць мне нейкія ідэі. Пасля гэтага я ўжо пераходжу да працы, адмалёўкі макета (сторыборда) і разваротаў. На кожным этапе працы я стараюся дасылаць свае распрацоўкі выдавецтву.

Макет – гэта вельмі грубая адмалёўка вобразаў з тлумачэннямі, якую я звычайна дасылаю для ўзгаднення. Бывае, што рэдактар, пагартаўшы макет, можа сказаць: “Вось гэта мне зусім не падабаецца”. Нешта я часам гатовая адпусціць ці памяняць, але, калі я адчуваю, што менавіта гэты разварот ці вобраз для мяне вельмі важны, я буду адваёўваць яго права застацца ў кнізе. Рэдактары амаль заўжды гатовыя да кампрамісаў. Некаторыя настолькі давяраюць, што просяць дасылаць не макет, а адразу ілюстрацыі. Гатовыя ілюстрацыі я сканую, падпраўляю нешта ў фоташопе і дасылаю выдавецтву. 

Ты згадала кніжку пра бабулю. Раскажы пра яе падрабязней.

Я некалі стварыла серыю скетчаў пра сваю бабулю і расмясціла іх у інстаграме. Бабуля Гунорця рана памерла, для мяне гэта была сур’ёзная траўма, бо я яе вельмі любіла і заўжды хацела зрабіць нешта звязанае з Беларуссю, з бабуляй. Выдавецтва “Ліманад” натхнілася маімі скетчамі і замовіла паводле іх гісторыю “Здравствуй, бабушка!”, якую напісала Ірына Зартайская. Мне вельмі спадабаўся тэкст, і я з натхненнем праілюстравала гэтую кнігу. 

This slideshow requires JavaScript.

Я разумею, што, магчыма, у гэтай кнізе кожны пабачыць сваю бабулю са сваёй краіны. Але для мяне яна найперш пра Беларусь.

А якая з тваіх кніг у цябе ўлюбёная?

Напэўна, больш за ўсё часу і сваёй душы я прысвяціла кнігам, якія былі створаныя за апошні год. Гэта кніга пра бабулю, выдадзеная ў Расіі, кніга пра мора, якая будзе выдадзеная ў Кітаі, і кніга пра Раство, якая будзе выдадзеная ў Англіі. 

Кітайская казка пра тое, як маленькая дзяўчынка знайшла ракавінку, і гэтая ракавінка расказвала ёй марскія гісторыі. Але яна з часам стала сохнуць і губляць свае магічныя здольнасці, а дзяўчынка доўга не магла адпусціць сваю ракавінку, бо яна стала ёй сяброўкай. Але нарэшце дзяўчынка зразумела, што яна мусіць адпусціць ракавінку, каб яна змагла жыць далей і захоўваць гісторыі пра марское дно. Гэта вельмі пяшчотная, меладычная кніжка.

This slideshow requires JavaScript.

А ангельская кніжка пра старую мядзьведзіцу, якая рыхтавалася да Калядаў, і пра павукоў, якіх я вельмі люблю. Гэтая казка вельмі вясёлая і смешная. 

Да ўсіх сваіх кніг я стаўлюся з вялікай любоўю, яны частка майго шляху, але самая ўлюбёная, напэўна, у мяне яшчэ наперадзе.

“Трэба стварыць добрае партфоліа, размясціць яго на сайце і дасылаць лісты ў выдавецтвы”

З якімі выдавецтвамі ты ўжо супрацоўнічала? Як туды трапіць мала вядомаму ілюстратару?

Я б не сказала, што я такі ўжо вядомы ілюстратар, але я ўжо супрацоўнічала з выдавецтвамі з Брытаніі, Францыі, Паўднёвай Карэі, Кітая, Расіі. Мяне знаходзяць праз Instagram і Behanse. Але сёлета я хачу праявіць ініцыятыву і знайсці сама выдавецтвы, якія б мне былі цікавыя для супрацы. Для гэтага трэба стварыць добрае, прэзентабельнае партфоліа, размясціць яго на нейкім сайце пад сваім імем, стварыць ліст, абраць выдавецтвы і пісаць ім. 

This slideshow requires JavaScript.

Топавыя выдавецтвы могуць быць зачыненыя для невядомага ілюстратара. Тады туды можна трапіць, толькі калі з’яўляешся часткай нейкай ілюстратарскай агенцыі. То бок трэба пайсці крыху іншым шляхам. Прынцып той жа (партфоліа, сайт, ліст), але пісаць не наўпрост у выдавецтвы, а шукаць агенцыі, якія працуюць з топавымі выдавецтвамі. 

А яшчэ ўдзел у конкурсах дае шанец, што цябе заўважаць. Напрыклад, штогод праходзіць Балонскі кніжны кірмаш, вельмі шмат людзей з усяго свету менавіта там засвяціліся. Конкурсаў вельмі шмат, напрыклад, Bologna, The AOI, CCBF, але самы вядомы, напэўна, BIBF Ananas. Трэба быць актыўнымі, можна прапанаваць сваю работу некамерцыйным арганізацыям, напрыклад, Юнісэф. 

А што ты ўкладваеш у панятак “добрае партфоліа ілюстратара”? Якім яно мусіць быць?

Гэта партфоліа, якое паказвае, на што ты здольны як мастак. Трэба паказаць: 

  • што ты ўмееш ствараць прыгожых, яркіх персанажаў; 
  • што ты ўмееш працаваць серыйна, ствараць серыі персанажаў;  
  • што ты ўмееш працаваць над кнігамі з тэкстам, упісаць тэкст у разваротную ілюстрацыю; 
  • што ты ўмееш ствараць цікавыя, дынамічныя ілюстрацыі; 
  • што ты маеш свой стыль.

У прынцыпе, для партфоліа важна прадставіць 10-20 добрых работ у адной стылістыцы, якія максімальна прадставяць вас як мастака.

Сярод мастакоў няма адзінага меркаваня, ці трэба мастаку вытрымліваць свой уласны стыль і наколькі можна ад яго адыходзіць. А што думаеш ты?

Усе выдаўцы і ілюстратары сыходзяцца, што павінен быць адзін стыль, але што гэта значыць? Гэта не значыць, што калі я намалявала карцінкі чорна-белымі чарніламі, я ўсё буду маляваць чорна-белымі чарніламі. 

Стыль – гэта не толькі тэхніка і матэрыял. Стыль – гэта пра тое, якія прапорцыі ты выкарыстоўваеш, як лінія твая выглядае, як ты стылізуеш персанажаў, як ты думаеш, як ты ствараеш свае ілюстрацыі. Ілюстратары могуць выкарыстоўваць розныя тэхнікі і захоўваць пры гэтым свой стыль. 

Так, існуюць ілюстратары, якія пачалі пісаць алеем, і яны ўсё жыццё ствараюць свае палотны алеем. Але я лічу, што мастак мусіць эксперыментаваць, увесь час развівацца. Калі ты перастанеш спрабаваць нешта новае, ты памрэш як мастак унутры. З кнігі ў кнігу я спрабую новы падыход, новыя колеры, стараюся не паўтарацца.

У цябе ёсць курс на творчым партале Domestika, які называецца “Скетчбук-тэхнікі для дзіцячай ілюстрацыі”. У прадмове да яго ты кажаш, што маляваць можа навучыцца кожны. Ты напраўду так лічыш? Усё ж гэта творчасць, тут не абыдзешся перайманнем, тут трэба арыгінальнасць, свой стыль, талент. Ці не?

А ў гэтым пытанні акурат ёсць палеміка. Мы з Кацяй Дубовік пра гэта разважалі, і яна ўпэўненая, што вельмі важна менавіта наяўнасць таленту. Я ж лічу, што талент – гэта вельмі файна. Калі ён ёсць, ён дапаможа дайсці з пункту А ў пункт Б нашмат хутчэй, чым ілюстратару без таленту.

Магчыма, чалавеку, які не валодае талентам ад нараджэння, спатрэбіцца куды больш намаганняў і часу, каб дабрацца да ўзроўню чалавека з талентам. Але таксама бывае так, што чалавек з неймаверным талентам проста лянуецца. І чалавек, закаханы ў гэтую справу, можа стаць больш паспяховым, чым чалавек з талентам. Маляванне – гэта навык, які можна развіваць.

На днях мы атрымалі пытанне ад чытача: якія патрабаванні выстаўляюць выдавецтвы ілюстратарам? Творчыя і тэхнічныя.

Ведаеце, я ўжо даўно не атрымлівала тэхнічнага задання. Калі цябе ўжо выбралі, калі выдавецтву падабаецца, як ты малюеш, ім пасуе твой стыль, то выдаўцы ўжо далей давяраюць табе як мастаку. Ёсць нейкія другасныя выдавецтвы, якія могуць прасіць намаляваць нешта ў стылі пэўнага ілюстратара. Але я з такімі ніколі не звязвалася, бо гэта нешта вельмі дзіўнае. 

This slideshow requires JavaScript.

Выдавецтвы даюць тэкст, колькасць разваротаў, разбіўку тэксту на развароты, могуць быць пажаданні ад аўтара, каб на пэўным развароце было намалявана нешта канкрэтнае. Могуць даць нейкі кірунак, у якім працаваць, але часцей за ўсё яны гатовыя да таго, каб большую частку пытанняў я вырашала сама як мастак.

“Калі ў мяне будзе сваё дзіця, я буду хадзіць за ім і запісваць ідэі!”

Падкажы, ці працавала ты з беларускімі аўтарамі? Можа, ёсць беларускі твор, які ты марыш праілюстраваць? Або напісаць свой?

Я яшчэ не працавала, але вельмі хачу. Мне ўжо прапаноўвалі супрацу беларускія выдавецтвы, але акурат тады, калі я працавала над адной кнігай, і ўжо быў падпісаны кантракт на наступную. Вядома, я адмовілася, але я вельмі хачу стварыць нешта паводле матываў беларускай культуры, я адкрытая да прапановаў. 

Калі муж ездзіў у Беларусь, ён скупіў для мяне ўсе кнігі пра беларускі народны касцюм. Напэўна, я хацела б знайсці народную казку, якая б мне спадабалася, але рэч у тым, што я не ведаю, дзе іх шукаць анлайн. Калі ў вас ёсць улюбёная казка ці зборнік казак, буду ўдзячная за спасылкі. 

А яшчэ на гэты год я паставіла сабе задачу наблізіцца да сваёй уласнай кнігі, на якой стаяла б толькі адно імя – Эма Маляўка. 

Але гэта не так лёгка, як мне здавалася спачатку. Я накупіла сабе кніг пра тое, як ствараць кнігі, пачала больш чытаць твораў для дзяцей, каб натхніцца на свой уласны твор.

У цябе яшчэ няма сваіх дзяцей?

Пакуль няма. Мы з мужам вечна адкладаем: ну, можа, праз годзік, праз два. Але мы ўжо немаладыя, мне 34 гады. Ёсць варункі, якія нам не дазваляюць пакуль гэтага зрабіць. Цяпер мы жывём у Нідэрландах, а ўсе нашы родныя ў Беларусі. Я ўсведамляю, што калі ў мяне з’явіцца дзіця, яно будзе на мне і на маім мужу, пераважна на маіх руках, і гэта мяне трошачкі пужае, бо я тады не змагу займацца нічым, апроч дзіцяці.

Думаю, што гэта менавіта той трыгер, які народзіць кнігу Эмы Маляўкі з адным толькі імем на вокладцы.

Напэўна! Я як педагог вельмі люблю дзяцей. Дзеці мяне вельмі любяць, мы можам гуляць, размаўляць. Я абажаю дзяцей, бо ў іх яшчэ няма такой колькасці патэрнаў у галаве. Калі ў мяне будзе сваё дзіця, я буду хадзіць за ім і запісваць ідэі!

“Многія шукаюць псеўданімы, а ў мяне быў гатовы псеўданім – Эма Маляўка”

Эма, ты заўжды падкрэсліваеш, што ты ілюстратарка з Беларусі і часова жывеш у Нідэрландах. Раскажы гісторыю свайго пераезду і досведу жыцця за мяжой.

Мы пераехалі ў Нідэрланды пасля 2014 года, калі ў Маскве ўсё пачало мяняцца. У нас з’явілася магчымасць, і мы вырашылі паспрабаваць пажыць у Еўропе, пагатоў Нідэрланды – адна з топавых краінаў, куды імкнуцца людзі з розных сфераў. Я вельмі моцна люблю Галандыю, сама жыву ў невялікім гарадку тут. Але нідэрландцы даволі закрытыя, з імі складана пасябраваць, хоць ставяцца да эмігрантаў яны ўмерана пазітыўна. У нас вельмі класныя суседзі, усе вельмі прыемныя людзі. За час жыцця ў гэтай краіне у мяне з’явілася шмат галандскіх сяброў-ілюстратараў, мне на глебе творчасці нашмат прасцей шукаць сяброў. 

Калі я сюды пераехала, мне вельмі хацелася арганізаваць нешта накшталт скетч-сняданкаў, на якія б збіраліся калегі-ілюстратары і нешта разам малявалі, але гэта было даволі складана. А потым сюды прыехала яшчэ адна знаёмая, і мы сталі хадзіць на урбан-скетчынг. Мы сталі фармаваць паступова групу аматараў, потым стварылі інстаграм-старонку, дзе мы кожныя два тыдні абвяшчаем сустрэчу ў Амстэрдаме, знаходзім кавярню, рэзервуем столік на 6-10 асобаў і прапануем падпісчыкам далучыцца. Хто першы напіша, той трапляе да нас на сустрэчу, каб разам паскетчыць. Мне вельмі падабаюцца гэтыя сустрэчы. Туды прыходзяць вельмі розныя людзі: з Бразіліі, Японіі, нехта з мясцовых. За час пандэміі я зразумела, што я вельмі люблю людзей, я веру ў чалавецтва, я адкрытая свету.

На oz.by можна набыць казкі Алёны Хмяльніцкай з тваімі малюнкамі. Яны па-руску, але тваё імя там напісана не Эмма Молявко, а Эма Маляука. Гэта лагічна, але, на жаль, рэдкасць у наш час. Раскажы, чаму для цябе гэта важна.

Я ненавідзела сваё прозвішча ўсё жыццё. Асабліва яго напісанне па-расейску. У дзяцінстве было шмат жартаў з нагоды майго прозвішча. Я такі чалавек, што таксама магла з гэтага пасмяяцца, але ўсё ж не любіла сваё прозвішча. 

Калі я выходзіла замуж, я думала змяніць прозвішча, але мой каханы сказаў ні ў якім разе гэтага не рабіць. “Яно ж у цябе такое прыгожае! Ты Маляўка, ты ж малюеш!” І тады я падумала, што сапраўды прыгожа гучыць – Эма Маляўка. Многія шукаюць псеўданімы, а ў мяне быў гатовы псеўданім, які я цяпер вельмі люблю і паўсюль яго выкарыстоўваю. Прычым менавіта па-беларуску.

Тэма беларускасці наогул праходзіла праз усё маё жыццё. Калі я жыла ў Беларусі, я змагалася, колькі магла, каб нешта змяніць. У нейкі момант, калі я з’ехала, я зразумела, што не магу ні на што паўплываць, і нават на нейкі час ад гэтага дыстанцыявалася. Проста заставалася ілюстратаркай Эмай Маляўкай з Беларусі. Але пасля 2020 года гэта для мяне зноў стала супер-важна, і я паўсюль, дзе толькі можна, падкрэсліваю, што я беларуска, я ўсім расказваю, хто такія беларусы, усім сваім сябрам з Нідэрландаў і ў інстаграме я стараюся гэта трансляваць. 

Насамрэч, тут у мяне шмат сяброў з Беларусі і Украіны. Яны ўсё чакаюць, калі я пачну размаўляць па-беларуску, але пакуль для мяне гэта цяжкавата.

“Найбольшы прыбытак мне прыносіць выкладанне і ілюстраванне кніг”

Апроч кніг, твае паштоўкі і плакаты прадаюцца па ўсім свеце. Раскажы пра продаж сваіх прац на etsy.com ды іншых пляцоўках. Праз якія каналы табе больш за ўсё падабаецца адпускаць свае працы ў свет?

Я вельмі прадуктыўны чалавек. Я за гэтыя гады стварыла вельмі шмат илюстрацый, і я вельмі лёгка аддаю свае работы. Мае паштоўкі прадаваліся ў ЦУМе і на беларускім сайце acards.by. Яны ўзялі мае старыя работы, створаныя ў класічным ці, хутчэй, прадказальным стылі, які мне ўжо не даспадобы. Я лёгка іх аддала: забірайце, друкуйце, я не супраць. А апошнія работы я не аддаю, бо я завяла свой etsy, там прадаю свае плакаты і паштоўкі. Я не магу сказаць, што я там раблю вялікія грошы, бываюць месяцы, калі наогул проста нуль, а на Каляды можа быць добры плюс, адчувальны для бюджэту. 

Я лічу, што зарабляць толькі кніжнай ілюстрацыяй немагчыма. Ёсць такія людзі, але большая частка ілюстратараў зарабляюць пакрыху ў розных галінах: за кошт выкладання, продажу паштовак, данатаў з патрэону, майстар-класаў. Усе спрабуюць сябе ў розных кірунках. 

Калі ты хочаш цалкам пакрываць свае патрэбы, а не проста маляваць для душы, тады трэба быць гатовым рабіць усё: маркетынг, сацсеткі, продажы. Але гэта толькі гучыць страшна, а насамрэч ты ўсё гэта пачынаеш рабіць не адразу, а паступова, таму нічога страшнага ў гэтым няма. 

Я ведаю, што ёсць ілюстратары, якія працуюць з агенцыямі і маюць сталую занятасць, але з дзіцячымі кнігамі так не працуе. Колькасць кніг, якую ты можаш праілюстраваць за год на фрылансе, абмежаваная тваімі фізічнымі магчымасцямі, а плоцяць табе пасля здачы праекта. Таму ілюстратару трэба прыдумаць, на што жыць паміж праектамі. Для мяне гэта не толькі ілюстрацыі, але і выкладанне на партале Domestika, і стварэнне кантэнту для Patreon.

А раскажы падрабязней пра “Патрэон”. Чым ты радуеш сваіх патронаў?

Калі паўгода таму я завяла Patreon, я вырашыла ні на каго не падпісвацца з сяброў-ілюстратараў, каб нікога не капіяваць і не падпадаць пад уплыў нейкіх трэндаў. Я проста расказваю пра ўсё, што звязана з маёй дзейнасцю: як стварыць партфоліа, якія матэрыялы мне падабаюцца, як я малюю – дзялюся нейкімі сакрэтамі. 

Ты стварыла старонку ў інстаграм, дзе збіраеш дзіцячыя кніжныя ілюстрацыі мастакоў з усяго свету. Цяпер там 567 тысяч падпісчыкаў. Раскажы, як у цябе ўзнікла такая ідэя, як ты прасоўвала гэтую старонку і ці здолела ты яе манетызаваць? 

Напачатку сваёй кар’еры я проста вар’яцела з прыгожых ілюстрацыяў, я калекцыянавала тысячы карцінак і потым падумала, што было б файна імі дзяліцца. Я прыдумала фармат – тры карцінкі аднаго мастака запар, у трох допісах. Тады яшчэ не было каруселі, і я была першая, хто так зрабіў. Менавіта гэта стрэліла. Я прысвячала ўсю паласу стужкі аднаму ілюстратару, а яны перапошчвалі мяне. Дзякуючы такой колькасці ілюстрацый, старонка прасоўвалася вельмі актыўна, я хутка нарасціла аўдыторыю. На асабістай старонцы нашмат павольней ішоў гэты рост. 

Ілюстрацыі Beatrice Cerocchi і Zbigniew Rychlicki

Каб выкласці нешта прыгожае і якаснае сабе ў інстаграм, мне трэба патраціць час на стварэнне ілюстрацыі. А тут я магу выбіраць найлепшыя работы сусветна вядомых і таленавітых ілюстратараў і дзяліцца імі, выдаткоўваючы час толькі на пошук і адбор. Раней я публікавала мілыя ілюстрацыі, за кошт чаго і быў актыўны прырост. Цяпер я стараюся адбіраць ілюстрацыі, якія лічу якаснымі, крутымі, каб развіваць густ аўдыторыі. Магчыма, праз гэта статыстыка і зніжаецца, але паколькі гэта мне не прыносіць грошай, я лічу, што магу там рабіць усё, што хачу. Я не размяшчаю там нікога за грошы, але пакідаю гэтую старонку як магчымасць для прасоўвання сябе і сваёй творчасці.

Падзяліся сваім топам дзіцячых кніжных ілюстратараў.

З беларускіх ілюстратараў гэта дакладна Каця Дубовік – над маім працоўным сталом вісіць яе ілюстрацыя. Вельмі люблю мастакоў з мінулага, з Польшчы і Чэхіі, наогул мне вельмі адгукаецца ўсходнееўпрапейская школа. 

Напэўна, дзясятка ўлюбёных ілюстратараў на сёння будзе выглядаць прыблізна так:

1. Wilkon J?zef
2. Ronald Searle
3. Miroco Machiko
4. Tatjana Mawrina
5. Reich K?roly
6. Zbigniew Rychlicki
7. Ji?? ?alamoun
8. john burningham
9. Born Adolf
10. Jes?s Cisneros

“У ідэале ілюстратару трэба знайсці баланс паміж працай і адпачынкам”

Раскажы, ці бываюць у цябе моманты, калі натхненне знікае? Як ты вяртаеш сябе да творчасці?

Нядаўна я сутыкнулася з сур’ёзным выгараннем і нават апублікавала агромністы артыкул, дзе я распавядаю пра ўсё гэта. Мастакі вельмі падлягаюць выгаранню, бо ў нашым жыцці няма падзелу на працу і дом, усё маё жыццё напоўнена ілюстрацыяй. У ілюстратара назапашвальны эфект стомленасці часта можа быць не заўважны, бо ты ўвесь час працягваеш нешта рабіць. 

Мне дапамагае адцягванне ўвагі і захапленне нечым яшчэ, апроч ілюстрацыі. Я пачала хадзіць у фітнэс-клуб, што раней для мяне было зусім не ўласціва. Я стала часцей сустракацца з сябрамі, я чытаю кнігі, я спрабую нешта новае, я карыстаюся любой магчымасцю адпачыць ад ілюстрацыі. Я адмовілася ад усіх праектаў, бо летась я выпусціла тры кнігі, і да канца года я адчувала, што стамілася. І таму я цяпер даю сабе больш свабоды не займацца ілюстрацыяй з ранку да ночы.

Вядома, калі ў цябе дэдлайны, у цябе проста няма магчымасці сказаць не, у цябе ёсць кантракт, і ты мусіш яго выканаць, таму ў канцы праекта ты адчуваеш спустошанасць. Каб напоўніцца нанова, табе трэба адпачыць.

Падзяліся сваімі марамі і творчымі планамі на будучыню.

Я ўвесь час у пошуку сябе як ілюстратара, у пошуку спосабаў выражэння сваёй ідэі. Я нават напісала вялізны тэкст “Мае планы на гэты год”. Там ёсць такія пункты:

  • Па-першае, даць сабе магчымасць менш працаваць і больш адпачываць. 
  • Па-другое, палепшыць свае навыкі мастака, больш маляваць, скетчыць для душы, каб зразумець сябе. 
  • Па-трэцяе, стварыць свой сайт. 
  • Па-чацвёртае, правесці свой першы майстар-клас у Амстэрдаме, то бок хачу больш сустракацца з людзьмі, камунікаваць. І калі я падзялілася гэтай ідэяй, мне прапанавалі прыехаць з майстар-класам у Швейцарыю. І гэтая думка мне спадабалася! 
  • І нарэшце, я хачу атрымаць правы кіроўцы.

@ALOVAK

1 Comment

  1. Эмма! Как приятно читать, что ты занимаешься любимым делом! Ты очень талантливая, просто умница! Твоя мама подарила нам пару открыток с гномиком, с ними моя дочь не расстается!!!

Leave a Reply