Вырабы з галінак сваімі рукамі рабіць вельмі прыемна і займальна. Асабліва, калі самі галінкі вы будзеце не абламваць з жывых дрэў, а падбіраць ужо сухія, альбо выкарыстоўваць тыя, якія засталіся пасля абрэзкі саду. Усе прадметы для гэтай падборкі былі прыдуманы і рэалізаваны камандай нашага часопіса. Іх проста рабіць, і вы з лёгкасцю можаце выкарыстоўваць гэтыя ідэі як аснову для стварэння свайго арыгінальнага прадмета.
Тэкст: Ірына Бельская, Кацярына Буто
Фота: Кацярына Буто, Аляксандра Баярына
1.
Як зберагчы любімыя расліны ад усюдыісных любімца-ката ці гарэзы-дзіцяці? Галінкі дапамогуць вам трымаць абарону! Яшчэ і дэкаратыўную функцыю выканаюць. Вы можаце выбраць самі, як замацаваць галінкі вакол гаршка: прыляпіць, прыбіць цвічкамі (калі гаршчок драўляны або пластыкавы), абматаць шпагатам. А можаце скарыстацца ідэяй ад ALOVAK: нацягнуць самую звычайную жаночую панчоху «у сетку».
2.
Галінкі, як і само дрэва, выдатна выглядаюць ў біжутэрыі, таму мы не маглі прайсці міма ўпрыгожванняў. Мы выбралі кулон: абрэзалі галінку да патрэбнага нам памеру, ачысцілі ад кары, выпалілі арнамент і ўставілі штыфты для ланцужка. Па аналогіі вы можаце зрабіць завушніцы, каралі, бранзалет. Нарыхтоўкі з галінак для ўпрыгожванняў можна фарбаваць, размалёўваць, выразаць – сапраўдны палёт фантазіі забяспечаны!
3.
Шар з галінак лазы цудоўны! Як прадмет дэкору ён ўпрыгожыць любы інтэр’ер, асабліва той, дзе выкарыстоўваюцца пераважна натуральныя матэрыялы – дрэва, лён… Мы схематычна паказалі, як зрабіць такі шар сваімі рукамі:
4.
Гэты «штотыднёвік» by ALOVAK – цуд калектыўнага розуму аўтараў часопіса. Ён быў апрабаваны і ўкаранёны ў практыку, таму наш вердыкт адназначны: гэта вельмі зручна! Увесь тыдзень і ўсе справы перад вачыма – немагчыма нічога забыць, а апраўданні накшталт «згубіўся штодзённік» ужо не працуюць 🙂
5.
Сумка для вясновых шпацыраў у парк і паходаў з сяброўкамі ў кафэ – у яе будзе зручна пакласці любімы часопіс або планшэт (з любімым часопісам!). Гэта сумка была адмыслова зроблена для нашай вясновай фотаздымкі.
Каб падрыхтаваць галінкі да выкарыстання ў якасці ручак для гэтай сумкі, мы папярэдне залілі іх гарачай вадой на некалькі гадзін (а лепш на ноч), знялі кару, адшліфавалі наждачнай паперай і надалі тон марылкай. А пакрокавую інструкцыю, як сшыць такую сумку шукайце тут.
6.
Фантазія ALOVAK на тэму любімай з дзяцінства кнігі Памэлы Трэверс пра Мэры Попінс. Калі была гатова лесвічка з галінак, хутка звалялася з воўны і цацачная місіс Коры. Вядома ж для таго, каб прыляпляць зорачкі ад пернікаў на неба…
7.
Яшчэ адна варыяцыя на тэму галінак і лесвіц. Канатная лесвічка са шпагату і галінак – выдатны спосаб захоўваць свае завушніцы, кулоны і іншую біжутэрыю.
8.
З тонкіх галінак можна зрабіць такую ??арыгінальную візітоўніцу. Для гэтага вам спатрэбяцца гіпс і форма для заліўкі, напрыклад, слоічак з-пад смятаны. Размяшайце гіпс з вадой да стану не вельмі густой смятаны, заліце ??гіпсавы раствор у форму. Галінкі звяжыце з аднаго краю і ўваткніце ў форму з гіпсам ніткамі ўніз. Улічвайце, што гіпс хутка застывае, таму дзейнічайце хутка. Пачакайце, пакуль высахне, і дастаньце візітоўніцу з формы. Галінкі зверху трэба падраўняць, а аснову з гіпсу – адшліфаваць. Пры неабходнасці такую ??візітоўніцу можна размаляваць акрылавымі фарбамі.
9.
Знайшлі падчас прагулкі ў лесе сухую абламаную галінку – не спяшайцеся яе выкідваць! Яна можа вам паслужыць, напрыклад, вешалкай. Для ручніка ці … часопіса.
10.
Каб зрабіць такую ??сваімі рукамі, вам спатрэбіцца некалькі дошчачак для падставы і даха, чатыры досыць тоўстыя галінкі прыдатнай даўжыні і ахапак тонкіх галінак для дэкору даху. А таксама шпагат, клей, цвічкі… У якасці «сподачка» мы выкарыстоўвалі рамку для фатаграфіі. Як зрабіць такую кармушку – шукайце пакрокавую інструкцыю тут.
P.S. Тэма галінак і вырабаў з іх настолькі разнастайная і бязмежная, што мы ніяк не можам паставіць кропку на гэтым. Мы напэўна не раз вернемся да гэтага даступнага прыроднага матэрыялу.
Будзем рады, калі вы падзеліцеся сваім вопытам, распавядзеце аб сваіх эксперыментах і пакажаце вырабы, зробленыя вамі з дапамогай галінак. Мы чакаем вашых лістоў на электронны адрас: alovakmag@gmail.com