“Наша мэта – зрабіць горад больш утульным” — інтэрв’ю са стваральніцамі прасторы CIKAVA CIKVETKI

На пачатку восені ў цэнтры Мінску, каля Палаца мастацтваў, адкрылася прастора CIKAVA CIKVETKI – месца, дзе можна выпіць кавы, набыць прыгожы і духмяны камплімент з кветак ды завітаць на майстар-клас па фларыстычных кампазіцыях.

Пагутарылі са стваральніцамі прасторы ЦІКАВА ЦІКВЕТКІ Наталляй і Марыяй пра жаданне зрабіць Мінск больш утульным, пра грошы і нечаканыя асаблівасці арэнды ў самым цэнтры горада.

Тэкст: Ангеліна Кавака
Фота: Кацярына Буто, Ангеліна Кавака, архіў гераінь

“Гэта быў шэраг некантраляваных падзей, якія мы праходзілі з весялосцю”

Як прыйшла думка аб’яднаць кавярню, краму кветак і беларускія крафтавыя вырабы?

Наталля:

– Маша жадала зрабіць горад прыгожым. Каб людзі атрымлівалі асалоду, калі яны з раніцы, прабягаючы міма на працу ці спускаючыся са сваёй кватэры, набываюць не толькі каву, але і кветкі.

Насамрэч, усё пачалося з фларыстычнай тэмы. Потым з’явілася думка, што ўсё ж такі людзі не тое каб часта набываюць кветкі. Нашыя людзі набываюць кветкі два разы на год – на 8 сакавіка і на Дзень нараджэння, а нам хацелася б, каб людзі прыходзілі да нас часцей. Яшчэ мы не хацелі працаваць толькі анлайн, было жаданне, каб была нейкая прастора, дзе людзям будзе прыгожа, цікава, утульна і зручна.

Так з’явілася кава – напой папулярны, людзям ён падабаецца, яго набываюць кожны дзень, таму ў нас аб’ядналіся кветкі і кава.

Потым да іх мы дадалі майстар-класы, а цяпер у нас можна набыць крафтавыя тавары беларускіх майстроў. 

Аднойчы на сваёй старонцы ў інстаграме вы сказалі, што ўсё пачалося з жартаў, а потым вы апынуліся ў памяшканні сённяшняй прасторы з падпісаным дагаворам на арэнду. Ці гэта сапраўды быў жарт, які выйшаў з-пад кантролю?

Наталля:

– Гэта быў шэраг некантраляваных падзей, якія мы праходзілі з весялосцю. Вядома, мы не былі ў непрытомнасці! Проста калі б мы ўсё дакладна пралічвалі і пыталіся адна ў адной на сур’ёзных шчах “Ты ўпэўненая?” – нічога б не атрымалася. Магчыма, да канца кожная з нас не верыла, бо на такія ўчынкі мы раней не наважваліся.

“На кожным са складаных этапаў заўсёды ёсць штосьці, над чым можна пасмяяцца”

Якія складанасці былі пры адкрыцці?

Марыя:

– Здаецца, на кожным этапе было штосьці, чаго б хацелася пазбегнуць. Але адзін з асноўных момантаў – гэта тое, што будынак гістарычны, што трэба шмат дзе ўлічваць. 

Астатнія праблемы – бюракратычныя моманты, іх было шмат. Пачынаючы ад моманту рэгістрацыі юрыдычай асобы і падпісання дамовы арэнды і сканчаючы рахункамі за дастаўку.

Вы казалі, у вас юрыдычная асоба названа “Барыста і фларыста”, сапраўды?

Наталля:

– Так! Але, дарэчы, на кожным з такіх, здавалася б, складаных этапаў заўсёды ёсць штосьці, над чым можна пасмяяцца. Бо калі мы рэгістраваліся, нас не з першага разу зарэгістравалі. Там былі памылкі ў дакументах, а яшчэ назва не падыходзіла пад патрабаванні.

І калі мы прапанавалі некалькі варыянтаў назвы – два былі адэкватныя, а трэці смешны – выканкам вырашыў абраць менавіта вясёлы варыянт. Таму так, мы цяпер называемся “Барыста і фларыста”.

А якія складанасці былі менавіта з тым, што будынак гістарычны?

Наталля:

Усе плюсы і мінусы звязаны з тым што гэта цудоўныя тоўстыя сцены, старая падлога і старая праводка. За дзень да запуску мы ўсталёўвалі сантэхніку, мэблю, сістэму ачысткі вады і потым кавамашыну. І ў нас усё пачало сыпацца на вачах: толькі сантэхнікі сабраліся з’язджаць, як у нас лопнула труба. Потым паставілі ачыстку вады, кавамашыну, усе выдыхнулі, бо ўжо канец дня, і тут вырубіла святло, бо гэтая праводка не разлічаная на такія нагрузкі.

Таму адкрыццё ўвесь час перасоўвалася і адкладалася. Затое які быў сторытэлінг у сторыз!

“Мы шмат працуем, увесь час нешта паляпшаем, слухаем нашу аўдыторыю”

А як вы прыйшлі да фармату рэаліці ў сацсетках пра адкрыццё кавярні і чаму вырашылі паступова адыходзіць ад гэтага ў выніку?

Марыя:

– У нас першапачаткова была наша публіка: нашы знаёмыя, нашы сябры, калегі, з якімі хацелася дзяліцца нашымі навінкамі і тым, як мы з гэтым усім спраўляемся, таму і ім, і нам было цікава сачыць за гэтымі прыгодамі. Акрамя таго, калі гэта ўсё рыхтавалася, не было што прадаваць, таму мы вымушаны былі неяк знаёміцца з публікай і распавядаць, што тут будзе. Пасля гэта стала не так актуальна.

І як вы стартанулі? Ці можна ўжо казаць нешта пра акупальнасць кавярні?

Наталля:

– Мы ўсё рабілі на ўласныя грошы: і рамонт, і арэнду, і зарплаты, і закупкі, і мэблю… І мы нічога пакуль не атрымоўваем з праекту, толькі ўкладаем. Спачатку трэба, каб ён стаў самастойным, зарабляў на аперацыёнку. А потым, каб зарабляў на сваё развіццё. А ўжо потым нам нешта пачаў вяртаць.

Нядаўна быў першы месяц, калі мы зарабілі і на арэнду, і на зарплату, а гэта ўжо свята!

Галоўнае, што мы шмат працуем, увесь час нешта паляпшаем, слухаем нашу аўдыторыю – у выніку маем добрую дынаміку.

“Але насамрэч мы адкрытыя для прапановаў”

У вас над дзвярыма вісіць налепка, што вы працуеце з “Чайнай поштай”. Як вы прыйшлі да такой супрацы?

Наталля:

– Мы ўвогуле надаем шмат увагі якасці нашых напояў. Таму ў нас добрая кава. Гэта спэшалці кава (ад англ. specialty coffee, кава павышанай якасці – прым.рэд.). Здаецца, што гэта зразумелая “Бразілія”, але яна рэальна добрая, сярэдняга пражання. Какава ў нас суперсмачная французкая, да нас па яе вяртаюцца. Нічога не хачу казаць пра лакальную какаву, але, на жаль, гэта той рэдкі выпадак, калі прадаваць беларускае ў нас не атрымалася, таму што розніца занадта вялікая. У нас добрая японская матча, яна крафтавая. 

Гарбата… Куды тут ўжо? Усё ў нас добрае, а гарбата – не? Я ведаю, што ёсць некалькі крамаў, якія прадаюць у Беларусі добрую гарбату, але “Чайная пошта”… Я там была, мне там спадабалася, там смачная гарбата, там класныя хлапцы, яны заганяюцца гэтая тэмай, кепскага не параяць. Мы прыйшлі да іх, абралі аптымальна-мінімальны асартымент гарбаты і мы гэтай супрацай задаволены. Гэта якраз лінія нашых якасных напояў.

Якія майстар-классы праводзяцца ў вашай прасторы?

Марыя:

 – У нас стала праходзяць майстар-классы па фларыстыцы, па аромапарфуме. Прыходзіць аромапрактык, і дзяўчаты спрабуюць розныя араматы, складаюць для сябе нешта. Яны дадаюць кветкі ў маленькія бутэлечкі, пудылёчкі, у якіх яны робяць кветкавыя духі. То бок гэта ўсё звязана з фларыстыкай нейкім чынам.

Таксама майстар-класы ў нас звязаныя і з мастацтвам, раз мы тут побач з Палацам мастацтваў. Наташа распавядала пра Шагала, пра кветкі ў жыцці Шагала, і мы рабілі букеты, падобныя на букеты з яго карцін.

Да ўсяго вы вырашылі яшчэ прадаваць вырабы беларускіх майстроў…

Наталля:

– Мы толькі пачалі, у нас на палічках першыя цацкі. Мы хацелі б, каб у нас былі прадстаўлены падарункі і сувеніры. Зазвычай крафтавыя прыгожыя рэчы ты можаш заказаць толькі ў інстаграме, а тут іх можна памацаць. 

Другі момант – гэта зручныя ўмовы і для нас, і для майстроў. Нас цікавіць дамова камісіі, дамова рэалізацыі.

Мы гатовыя браць на рэалізацыю прадукцыю майстроў, дадаваць сваю камісію і з імі расплачвацца па выніках месяца. 

У нас ёсць цацкі ручной работы, экалагічныя вазы з пераапрацаванага кардону, пернікі і выпечка, свечкі, календары То бок тое, што можна дадаць да падарунка. Але насамрэч мы адкрытыя для прапановаў. Гэта можа быць кераміка, штосьці льняное, упрыгожанні. Кубачкі і тэрмакубачкі, каб браць напоі з сабой, гэтую тэму хацелася б яшчэ раз падкрэсліць. А яшчэ цукеркі, шкарпэткі, жывыя паштоўкі.

Для нас важна заключыць дамову і працаваць на афіцыйных умовах, каб працаваць згодна з заканадаўствам. Таму вольныя палічкі шчэ ёсць, запрашаем!

(с) ALOVAK

Leave a Reply