Як плаціць падаткі рамеснікам у Беларусі ў 2023 годзе?

У гэтым артыкуле юрыстка Алена Федарынчык раскажа пра тое, якія падаткі трэба плаціць рамесніку ў 2023 годзе, якія змены ў падаткаабкладанні рамеснай дзейнасці адбыліся, і якія перспектывы чакаюць рамеснікаў у найбліжэйшай будучыні.

Як абкладаецца падаткамі праца рамеснікаў да 30 чэрвеня 2023 года

1) Падатковы перыяд і стаўка рамеснага збору

З гэтага года рамесны збор аплачваецца кожны каляндарны месяц, а не раз на год, як гэта было раней, а стаўка збору роўная 6 беларускім рублям (у месяц).

Аплата збору праводзіцца за кожны каляндарны месяц не пазней за 1-е чысло гэтага месяца*.

Даведка. Да 2023 года рамесны збор аплачваўся ў памеры 62 руб. за поўны наступны каляндарны год не пазней за 28 снежня бягучага года.

2) Магчымасць абраць паміж рамесным зборам і падаткам на прафдаход

Права выплаты рамеснага збору захоўваецца за рамеснікамі да 30 чэрвеня 2023 года, пры гэтым на працягу гэтага часу рамеснікі могуць самастойна вырашаць, выплачваць рамесны збор або падатак на прафесійны даход (далей – ППД) **.

Даведка.

  • Стаўка ППД складае 10 і 20% (у залежнасці ад таго, ад каго і ў якім памеры атрыманы даход).
  • Абавязковая ўмова для прымянення ППД – папярэдне ўсталяваць праграму на смартфон «Падатак на прафесійны даход».
  • Самастойна разлічваць ППД рамесніку не трэба, гэтак жа як і падаваць падатковыя дэкларацыі.
  • Падатковы орган самастойна вылічвае суму падатку да выплаты і штомесяц паведамляе пра гэта плацельшчыку праз праграму.

Што чакае рамеснікаў пасля 30 чэрвеня 2023 года

Пачынаючы з 1 ліпеня 2023 года рамесны збор можна будзе аплачваць толькі ў выпадку прыняцця рашэння мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі**.

Калі такога рашэння не будзе, то рамеснік павінен перайсці на выплату падатку на прафдаход.

Высновы

Такім чынам, у 2023 годзе для рамеснікаў прадугледжана альтэрнатыва ў легалізацыі свайго статусу: да 30 чэрвеня 2023 года рамеснікі могуць выбіраць, плаціць ім рамесны збор ці ППД.

З 1 ліпеня 2023 года працягваць выплачваць рамесны збор можна будзе толькі ў выпадку прыняцця рашэння мясцовымі органамі. Больш падрабязнай інфармацыі пра працэдуру прыняцця такіх рашэнняў пакуль няма. Неабходна адсочваць гэты момант хаця б у СМІ.

У цяперашні час для тых, хто займаецца рамеснай дзейнасцю, рамесны збор – самы выгадны варыянт легалізацыі.

Спасылкі на заканадаўства:

* арт.371, 372 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь

** Закон Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2022 г. № 230-З “Аб змене законаў па пытаннях падаткаабкладання”

(с) ALOVAK

1 Comment

  1. […] падатак на прафдаход (больш падрабязна можна пачытаць тут). Але загадзя было вядома, што такі парадак для некага […]

Leave a Reply