На пачатку 2023 года рамеснікі Беларусі ўпершыню за доўгі час сутыкнуліся са зменамі ў падаткаабкладанні іх дзейнасці – змяніўся падатковы перыяд і стаўка рамеснага збору, з’явілася магчымасць аплачваць падатак на прафдаход (больш падрабязна можна пачытаць тут). Але загадзя было вядома, што такі парадак для некага з рамеснікаў працягнецца толькі да 30 чэрвеня. Сталі вядомыя падрабязнасці падаткаабкладання рамеснікаў у другой палове 2023 года – расказваем пра іх разам з юрысткай Аленай Федарынчык.
Фота на вокладцы: Ганна Латушка
Як будзе прымацца рашэнне пра статус рамесніка?
Нагадаем, згодна са зменамі ў Падатковы кодэкс, пачынаючы з 1 ліпеня 2023 года рамесны збор можна будзе аплачваць толькі ў выпадку прыняцця рашэння мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі**.
** Закон Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2022 г. № 230-З “Аб змяненні законаў па пытаннях падаткаабкладання”
Калі такога рашэння не будзе, то рамеснік павінен будзе перайсці на выплату падатку на прафесійны даход (ППД).
Рамеснікі ўжо цяпер могуць перайсці на выплату ППД і не пацвярджаць свой рамесны статус.
Як будуць прымацца такія рашэнні – вядома пакуль не ва ўсіх раёнах Беларусі. Рамеснікам трэба адсочваць інфармацыю на сайтах мясцовых выканкамаў, а ніжэй мы дамо інфармацыю пра парадак прыняцця рашэння ў Мінску і Мінскім раёне (будзе абнаўляцца).
Як расказалі на семінары, які прайшоў 27 красавіка ў Мінгарвыканкаме, рашэнне па пацвярджэнні рамеснага статусу будзе прымацца спецыяльнымі камісіямі ў раённых адміністрацыях Мінска. У склад камісій будуць уключаны прадстаўнікі Міністэрства культуры. Камісіі складуць рэестр рамеснікаў, каб у далейшым яны змаглі пацвердзіць свой статус.
Мінск. Выставы-кірмашы для рамеснікаў у маі
У Мінску камісіі будуць працаваць на выставах-кірмашах у адміністрацыях кожнага з раёнаў горада. Выставіць там свае работы можна будзе бясплатна. Кірмашы для мінскіх рамеснікаў пройдуць у маі, у выхадныя дні:
- Заводскі раён – вул. Жылуновіча, 4 (прылеглая тэрыторыя да ўнівермага “Беларусь”);
- Ленінскі раён – Парк імя Грэкавай Н.Г. (вул. Малініна);
- Маскоўскі раён – Парк імя Міхаіла Паўлава;
- Кастрычніцкі раён – вул. Асаналіева, 44;
- Партызанскі раён – Парк экстрэмальных відаў спорту, вул. Сталетава, 1;
- Першамайскі раён – вул. Русіянава, 1;
- Савецкі раён – Камароўскі сквер;
- Фрунзенскі раён – Парк Цівалі;
- Цэнтральны раён – Набярэжная Траецкага прадмесця.
Для таго, каб паўдзельнічаць у такім кірмашы, рамесніку неабходна будзе звярнуцца ў адміністрацыю раёна з заявай, пацвярджэннем аплаты рамеснага збору і пашпартам. Па падрабязную інфармацыю неабходна звярнуцца ў адміністрацыю раёна па месцы рэгістрацыі.
Мінскі раён. Паказаць фота сваіх вырабаў
Каб атрымаць дазвол на аплату рамеснага збору ў Мінскім раёне, неабходна звярнуцца ў аддзел зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб Мінскага райвыканкама (г. Мінск, вул. Альшэўскага, д.8) з:
- заявай,
- фота- і відэаматэрыяламі пра сваю рамесную дзейнасць і створаныя вырабы на лічбавым носьбіце – CD, DVD, флэшцы (прыкладаюцца да заявы і не вяртаюцца пасля).
Гэтыя дакументы разглядаюцца камісіяй. Па выніках пасяджэння камісіі прымаецца рашэнне на працягу 30 каляндарных дзён пра магчымасць прымянення рамеснага збору.
Крытэры для прыняцця рашэння пра рамесны статус
У грамадскім доступе крытэраў, паводле якіх будзе прымацца рашэнне, пакуль няма. Вядома, што іх распрацавала Міністэрства культуры.
Паводле словаў першага намесніка старшыні Мінгарвыканкама, рамесніцкі збор змогуць выплачваць тыя рамеснікі, якія ствараюць аўтарскія, творчыя работы, захоўваюць і памнажаюць беларускія народныя традыцыі ручной працы.
На семінары ў Мінгарвыканкаме спасылаліся таксама на артыкул 189 Кодэкса аб культуры – у ім ідзе размова пра майстроў народных мастацкіх рамёстваў і іх статус. Так, у артыкуле пералічаны віды народных мастацкіх рамёстваў:
- разьба па дрэве;
- роспiс па дрэве, тканiне, шкле;
- саломапляценне;
- пляценне i вырабы з раслiнных матэрыялаў мясцовага паходжання (лазы, чароту, карэння, бяросты, дранкі, лыка i іншых матэрыялаў);
- аплiкацыя i iнкрустацыя саломкай;
- ткацтва на ручных i ткацкiх станках;
- ткацтва, пляценне, вiццё паясоў;
- вышыўка ручная;
- карункапляценне i вязанне карункаў;
- ганчарства;
- выраб глiнянай цацкi;
- кавальства;
- бондарства;
- выцiнанка;
- выраб народных касцюмаў у мясцовых i рэгiянальных традыцыях з захаваннем традыцыйных тэхналогiй ткацтва, вышыўкi;
- выраб сувенiрных этнаграфiчных лялек у народных касцюмах;
- ручное мастацкае вязанне ў беларускiх народных традыцыях;
- мастацкая апрацоўка скуры;
- выраб уручную мастацкай мэблi з дрэва;
- нiзанне бiсеру;
- пiсанкарства (выраб велiкодных яек-пiсанак);
- пернiкарства i выраб абраднага печыва (вясельныя караваi i іншае печыва);
- iншыя вiды народных мастацкіх рамёстваў.
Высновы
У рамеснікаў ёсць выбар:
Першы варыянт. Паспрабаваць пацвердзіць рамесны статус. Калі камісіі ў мясцовых выканкамах і адміністрацыях пацвердзяць такі статус, то рамеснік працягне, як і раней, выплачваць рамесны збор. У выпадку непацверджання рамеснага статусу рамеснік павінен перайсці на аплату ППД.
Другі варыянт. Можна не пацвярджаць свой рамесны статус і адразу перайсці на выплату ППД. Гэта можна зрабіць ужо цяпер альбо пачакаць 1 ліпеня 2023 года.
(с) ALOVAK
[…] 2023 годзе многія рамеснікі сталі працаваць па-новаму, змянілася стаўка рамеснага збору, а хтосьці ўвогуле […]