Аліса Цёсь – маладая беларуская фатографка, ці фатаграфіня, як яна сама сябе называе, якая не проста здымае людзей, а стварае мастацтва па-беларуску, чым паспела заваяваць прыхільнасць аўдыторыі ў інстаграме і тыктоку. На фота і відэа Аліса паказвае прыгожых беларусаў і беларусак на фоне родных мясцін і гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны. Яны могуць быць у народных строях, а могуць не быць у іх, але з першага позірку на гэтыя кадры зразумела, што яны зробленыя беларускай.
Чытайце ў нашым інтэрв’ю з Алісай пра яе шлях да фатаграфіі і любоў да рылзаў, пра ідэі для фота і нечаканыя бонусы ад здымак, пра першыя заробленыя “5 р” і пераход на беларускую мову.
“Аніякага сакрэтнага сакрэту не існуе”
Аліса, дзе ты вучылася фатаграфаваць?
Фатаграфаваць я вучылася сама, з 7 гадоў – тады ў мяне і з’явіўся першы здымач. Здымала прыроду, сваю сям’ю, сяброў, школу – усё, чым жыла тыя гады. І я адносна нядаўна даведалася пра праграмы для рэдагавання здымкаў. Раней я нічога не апрацоўвала, а калі пачала апрацоўваць, то рабіла гэта на тэлефоне, на старэнькім Redmi A4.
А калі я даведалася, што здымкі могуць прыносіць грошы, то прайшла 2 курсы ў фатографаў, на якіх была падпісана, каб даведацца, як жа гэта – зарабляць на здымках. Было адчуванне, што вакол на гэтым умеюць зарабляць усе, акрамя мяне. Дык вось: калі адзін курс мне даў слушныя парады ў прасоўванні, то другі не даў нічога, на жаль.
І яшчэ я даведалася, што аніякага сакрэтнага сакрэту не існуе, трэба проста не баяцца сваіх здольнасцяў.
Ты вучылася на журфаку, так? Раскажы, што дала табе адукацыя.
На вялікую радасць, журфак я не скончыла. Адлічылася з 3 курсу і зрабіла гэта менавіта праз тое, што адукацыя мне не прыносіла ні карысці, ні зацікаўленасці, ні задавальнення. Адзінае, што ратавала там – людзі, але амаль усе, хто мне быў цікавы там, таксама сышлі. Відавочна, што ўсё адбываецца да лепшага, і маё рашэнне сысці раней таксама. Але ў добрых абставінах гэта сапраўды была б цікавая і карысная адукацыя, на маю думку. Мабыць, я калісьці і атрымаю вышэйшую адукацыю, калі буду ведаць, для чаго мне яна неабходная. А магчыма і не. Хто ведае, як складзецца жыццё?
“Проста адчуваю, што люблю здымаць”
Чаму ўвогуле фатаграфія? Чым яна цябе прывабіла?
Мне мая матуля пазаўчора кінула відэа, дзе мой тата мяне здымае ў 5 гадоў, і тады я ў яго пыталася: “А што гэта?” Ён распавядаў, і я маленькая ўсміхалася. Праз 2 гады я захацела сваю камеру. І любоў гэтая не праходзіць па сённяшні дзень.
Вельмі складана адказваць на пытанне, чым мяне прывабіла фатаграфія? Бо гэта як з каханнем – проста адчуваю, што люблю здымаць.
Якія фатографы і іншыя творчыя людзі цябе натхняюць?
Адзіны беларускі фатограф, якім я моцна захапляюся – мой сябар Антон @filmcamerajoy. Ён вельмі прыгожа здымае на стужку. І ён не проста ведае ўсё пра стужкі, камеры, але яшчэ ўмее сам здымкі друкаваць. Толькі ўявіце, як гэта крута!
А першай, хто мяне натхніў на эксперыменты, была @photo.destruction – дзяўчына Ліля з Харкаву. Дзякуючы ёй я перастала хвалявацца і стала больш ствараць.
“Відэа для мяне як адпачынак”
У тваім профілі ў інстаграме вельмі шмат відэа. Як цябе захапіў свет Reels і TikTok?
Сама не ведаю, шчыра кажучы… Але я проста люблю здымаць відэа, ня гледзячы на захапленне фотаздымкамі. Спачатку ў мяне з’явілася першая камера, бо мне проста захацелася мець камеру. А другая камера з’явілася, бо я хацела здымаць відэа на ютуб. Відэа на ютуб зняла я тады ўсяго адно, але мабыць у хуткім часе я ўсё ж здзейсню сваю мару.
Дык вось відэа для мяне як адпачынак. Мне настолькі камфортна ствараць, здымаць і мантажаваць відэа, што магу гэтым займацца бесперапынна.
Ад таго і любоў да рылзаў – ад любові здымаць відэа і ўстаўляць туды любімую музыку. А музыкі я вельмі шмат слухаю.
@alicetsyos #беларускітыкток #belarus #беларусь ? оригинальный звук – Cio?/Цёсь Аліса
Тыкток ці Інстаграм?:)
Назаву сваёй любімай сацсеткай інстаграм, бо менавіта там у мяне больш магчымасцяў узаемадзейнічаць з маімі шаноўнымі гледачамі. Але ўвогуле, не люблю абіраць! Таму няхай дзве і будуць)
Можаш падзяліцца з нашымі падпісантамі нейкімі лайфхакамі, як прасоўваць сябе ў сацсетках?
Наколькі гэта магчыма назваць лайфхакам, не ведаю, але параю публікаваць відэа рэгулярна, а ў тыкток дабавіць жывасці!
“Я амаль не адчуваю розніцы паміж камерцыяй і творчасцю”
Як ты шукаеш ідэі для здымак?
Насамрэч, я іх не шукаю, яны неяк мяне самі знаходзяць. Натхненне – гэта такая рэч, якая суправаджае мяне праз усё жыццё. Я слухаю музыку і прыдумваю ідэі, я гляджу тыкток і таксама натхняюся, гуляю па вуліцы, вандрую, кахаю, гляджу фільмы – усё гэта для мяне бязмежнае натхненне.
Ты робіш як камерцыйныя здымкі, так і для душы, так? У чым адрозненне іх у плане арганізацыі?
Так, менавіта! У мяне можна замовіць здымку, але я гэтаксама люблю рэалізоўваць свае творчыя задумкі.
На вялікае шчасце, цяпер я амаль не адчуваю розніцы паміж камерцыяй і творчасцю, бо людзі, якія замаўляюць у мяне здымачку, давяраюць майму густу, і я таксама кайфую ад замоўленых здымак.
Розніца толькі можа быць у тым, што ў творчых здымках усё залежыць толькі ад мяне, мне не трэба ўзгадняць ідэю, а толькі знайсці чалавека, якому мая задумка будзе цікавая. А ў камерцыі мы адштурхоўваемся ад таго, што хоча чалавек, які замаўляе здымку.
Як ты знаходзіш аднадумцаў для рэалізацыі сваіх творчых ідэй?
Напэўна, менавіта праз тое, што я заўсёды хацела мець аднадумцаў, пачала весці старонкі ў інстаграм і тыкток. А людзей прывабліваюць падобныя на іх людзі. Таму цяпер я магу знаходзіць новых мадэляў, дызайнераў, мастакоў, выкладаючы сторыз, што я іх шукаю. І вось неяк так і знаходзяцца.
“На здымцы магчыма знайсці сябра або каханага!”
Якія цікавыя гісторыі здараліся з табой падчас здымак?
Самая цікавая рэч, якая адбываецца падчас здымак, – я знаходжу сяброў. Мабыць, гэта дзіўна, але дзякуючы здымкам я знайшла большасць свайго атачэння. Раней мне было б складана паверыць у тое, што на здымцы магчыма знайсці сябра або каханага! Але ўсё так і ёсць. Здымка – гэта не толькі пра сам працэс здымкі, гэта пра ўзаемадзеянне, гэта пра любоў да чалавека, якога здымаеш.
А фатаграфіня або фатограф на здымцы – гэта яшчэ і псіхолаг, сябар, падтрымка, памочнік, цікавы суразмоўца.
І я вельмі рада, што людзі пачынаюць у нас цаніць такіх людзей, як я, са здымачамі)
Раскажы, як праходзяць звычайна твае здымкі ў грамадскіх месцах. У тым жа Цэнтральным універсаме ці на вуліцах Менска. Не страшна выходзіць з зоны камфорту?
Мне камфортна здымаць сярод людзей. Няма думак кшталту “блін, а што яны падумаюць?”, “а што, калі яны кепска адрэагуюць?”
Нават не памятаю, ці былі калісьці такія разважанні, бо мне нават падабаецца, што на прыгожых людзей, якіх я здымаю, хтосьці можа заглядзецца.
Ды і нас усіх хвалюе толькі нашае жыццё. Мы можам паўзгадваць незнаёмцаў пару хвілін, а пасля далей будзем разважаць пра сябе.
А вось з мадэлямі бывае па-рознаму: камусьці таксама камфортна здымацца сярод людзей, камусьці можа стаць некамфортна. У такім выпадку я размаўляю з чалавекам, адцягваю яго ўвагу ад людзей. Пакуль у мяне толькі добрыя ўспаміны, бо людзі могуць праходзіць міма, а бывае, што мадэлям робяць кампліменты. І гэта адбываецца часта.
Як увогуле трапіць да цябе на здымку? Трэба ўжо мець нейкую гатовую ідэю ці лакацыю? Ты нешта прапануеш сама або прыдумваеце ўсё разам з кліентамі?
Каб трапіць на здымачку, трэба проста напісаць мне у прыват пра гэта. Я дашлю ўсе ўмовы, і, калі вам усё падыдзе, то ўжо можам ствараць мастацтва разам. Часта бывае такое, што чалавек ведае, што ён хоча ўбачыць, у чым яму быць, і дзе хочацца зняцца. А калі проста ёсць жаданне паздымацца, але ідэі няма – то таксама пішыце! Я заўсёды прапаноўваю ідэі зыходзячы з таго, якая/які мой замоўца, як ёй/яму будзе камфортна. Таксама я задаю пытанні, праз якія я даведваюся пра замоўцу, і прапаную здымку, адштурхоўваючыся ад майго адчування замоўцы як асобы, якую я хачу раскрыць.
“Збіраюся пашыць строй сама”
Строі на тваіх мадэлях – раскажы пра іх, дзе такія можна ўзяць? А можа да цябе прыходзяць тыя, у каго ўжо ёсць строі?
Звычайна мы ўсе строі бяром у майстрыцы Аляксандры Мятлеўскай (@allexasya), якая шые і вышывае іх. Пачалі працаваць з ёй увесну 2022 года і па сённяшні дзень заўсёды да яе звяртаюся. А так да мяне пакуль што прыходзіла толькі адна дзяўчына, у якой была кашуля яе бабулі, і цяпер яна хоча зрабіць гэты строй поўным.
У мяне таксама ёсць кашулі і фартухі, а цэлага строю пакуль няма. Але я збіраюся яго пашыць сама.
А як ставішся да вырабаў ручной работы?
Люблю ручную працу, але рэчаў майстроў у мяне яшчэ не шмат. Дарэчы, адну з кашуль я замовіла ў майстрыцы Аляксандры, у якой бяру строі для здымачак. Але мая калекцыя рэчаў ручной работы павінна павялічыцца, бо мая матуленька вельмі прыгожа вяжа, і я прашу ў яе часам звязаць мне штосьці. У мяне шмат балаклаваў, якія мне матуля звязала ўласнаруч у мінулую зіму, дагэтуль іх нашу, калі холадна. Можна сказаць, што я сапраўдная фанатка матулінага вязання.
“Я навучылася цаніць сваю працу і разумець сваю каштоўнасць”
Ці былі ў цябе складанасці на шляху да фатаграфіі як да працы? Ці былі нейкія страхі, сумненні?
Шлях да прыняцця грошай за здымкі заняў вельмі шмат часу.
На мяне моцна паўплываў мой пасёлак, у якім я нарадзілася і жыла большую частку свайго жыцця. У беларускай глыбінцы складана данесці, што за здымкі трэба плаціць, асабліва, калі ты школьніца.
Мой самы першы ганарар быў 5 рублёў.
І тое, гэтую здымачку замовіў сябар маіх сябровак, і, калі ён спытаў “які кошт?”, то мне было неверагодна няёмка называць гэтыя “5 р”. Пасля я яму дадала, што можа расплаціцца са мною кукурузнымі палачкамі, якія я моцна люблю… Але ведаеце што? Пасля здымкі ён дае мне кукурузныя палачкі, на якіх я заўважаю самаробны канверцік, у якім былі жаданыя “5 р”…. Так прыемно было, словамі не перадаць, быццам я зарабіла мільёны даляраў :)…
І яшчэ паказальны момант з майго пасёлку: дзяўчынка замовіла здымачку, таксама за “5 р”. І вось я яе здымаю, мы з ёй размаўляем і тут яна кажа чуткі, што я за здымку бяру “10 р”.
Вы б бачылі маё неразуменне, бо як гэта я магу людзей так абкрасці, на цэлых 10 рублёў!
Цяпер гэтыя ўспаміны выклікаюць у мяне усмешку, а яшчэ ўдзячнасць да сябе, што я навучылася цаніць сваю працу і разумець сваю каштоўнасць.
Бачыла, што ты расказвала ў Сторыз пра “Спячую спадчыну”, у якой прымаеш удзел. Раскажы пра яе падрабязней.
“Спячая спадчына” – вельмі класная ініцыятыва, мэта якой звярнуць увагу людзей на беларускія славутасці і спадчыну, каб людзі ведалі не толькі пра Мірскі і Нясвіжскі замак. Звычайна мы ездзім у закінутыя касцёлы, сядзібы, маёнткі, фатаграфуем там і здымаем відэа з мадэлямі, ну а пасля здымкі выкладваюцца ў інстаграме.
“З пераходам на беларускую мову мая творчасць раскрылася”
Беларускасць, на тваю думку, гэта часовы трэнд ці вяртанне да сваіх вытокаў? Як ты прыйшла да яе сама?
На маю думку цяпер у нашым грамадстве адбываюцца вялікія змены. Гэта і рост самасвядомасці, адчуванне сваіх вытокаў, большага разумення, хто мы – беларусы, і як даць магчымасць свету даведацца пра нас.
Для мяне распаўсюджанне беларускай мовы – вяртанне да нормы. Бо каму, як не беларусам, размаўляць па-беларуску?
І менавіта праз такія думкі я перайшла на родную мову: глядзела гісторыі свайго гледача, які разважаў, чаму беларусы не размаўляюць на беларускай, і сама падумала: “сапраўды, чаму?” І перайшла.
@alicetsyos
А калі пачала размаўляць сваёй мовай, то паглыбілася ў культуру краіны – пачала чытаць нашу літаратуру, слухаць нашых музыкаў. Вось і жыву гэтым цяпер.
Якім чынам уплывае на тваю прафесійную дзейнасць мова тваёй старонкі?
Мне пісалі гледачы, што з пераходам на беларускую мову мая творчасць раскрылася. І так, напэўна, гэта праўда.
“Не трэба быць падобным на кагосьці”
Бываюць моманты, калі апускаюцца рукі? Як даеш рады з такім станам?
Бываюць. Адбываецца гэта, бо я самакрытычная, і пачынаю казаць сабе, што я зрабіла недастаткова.
Асабліва з надыходам дня народзінаў пачынаю хвалявацца, што можна было зняць больш і лепш.
А ўсё менавіта праз тое, што пачынаю параўноўваць сябе з іншымі. Але так рабіць не варта. Паўтараю гэта сама сабе і становіцца лепш.
Як ты бачыш сваё творчае развіццё?
Не люблю казаць пра свае планы і мары, але адно магу сказаць дакладна – далей будзе яшчэ цікавей і прыгажэй на маёй старонцы.
Калі б ты магла даць беларускім творчым людзям толькі тры парады, якімі б яны былі?
Напэўна, гэтыя парады будуць карыснымі не толькі беларускім творцам, але яны такія:
- Стварайце тое, ад чаго Вы атрымоўвайце асалоду ў працэсе.
- Вам не трэба быць падобнымі на кагосьці, каб дасягнуць поспеху, шукайце сябе і сваё бачанне – вашае асабістае.
- Не засяроджваецеся на лічбах праглядаў.
Дзякуй табе за размову!
(с) ALOVAK