Як стварыць волата: гісторыя ілюстратара кнігі “Ледзяны волат”

Надоечы ў выдавецтве “Тэхналогія” выйшла дзіцячая кніга “Ледзяны волат” Сакрыса Тапеліюса ў перакладзе са шведскае мовы Алесі Башарымавай. Ілюстратар кнігі Уладзіслаў Пятровіч расказаў часопісу ALOVAK, як ствараў ілюстрацыі да кнігі, дзе чэрпаў натхненне і як прыдумваў волата.

Тэкст і фота: Уладзіслаў Пятровіч

Як узнікла ідэя выдаць кнігу “Ледзяны волат”?

Я яшчэ малады кніжны ілюстратар, хоць малюю насамрэч вельмі даўно. Па прафесіі я эканаміст, і мая асноўная праца не злучана з творчасцю. Аднак, мая любоў да кніг, казак і малявання не дае мне спакою, падахвочвае тварыць. Яшчэ са школьных гадоў я марыў маляваць ілюстрацыі для кніг, дзяліцца з чытачом сваім візуальным успрыманнем гісторый. А яшчэ я вельмі люблю таямнічую, зіхоткую і ўтульную зіму, казачных істот і цікавыя сюжэты. Усё гэта і адбілася ў кнізе пра волата.

 

Як правіла, у выдавецтвах шукаюць ілюстратара пад пэўны праект, прапануюць мастаку праілюстраваць тую ці іншую кнігу. Але ў выпадку з “Ледзяным волатам” адбылося ўсё наадварот. Я як ілюстратар выбраў казку і прапанаваў выдаць яе беларускі пераклад у маім афармленні, маючы агульную ідэю, распрацаваных персанажаў і прыклад некалькіх ілюстрацый будучай кнігі. Я вельмі ўдзячны выдавецтву “Тэхналогія” за тое, што зацікавілася маёй творчасцю, замовіла пераклад на беларускую мову ў Алесі Башарымавай і дазволіла ўбачыць свет казцы шведскага пісьменніка Сакрыса Тапеліюса ў маім афармленні.

Што ж гэта за Ледзяны волат?

Шведскі пісьменнік Сакрыс Тапеліюс, які жыў у 19 стагоддзі, стварыў мноства добрых, дасціпных і цікавых казак. Многія чытачы з дзяцінства ведаюць яго знакамітыя казкі пра паўночных троляў, лапарэй, такія як “Сампа-Лапаранак”, “Як тролі на свой лад Каляды спраўлялі”, “Зімовая казка” ды іншыя. У творчасці пісьменніка мяне вабіць, галоўным чынам, казачная зімовая атмасфера, паўночныя фальклорныя матывы і глыбокія маральныя пытанні, якія аўтар задае чытачу (як маленькаму, так і даросламу).

Усе гэтыя элементы прысутнічаюць у казцы пра Ледзянога волата, якая пры першым жа чытанні намалявала ў маім уяўленні Волата, халоднага, старажытнага (які памятаў нават гнеў бога Тора), які абудзіўся ў Скандынавіі пасля вельмі доўгага сну ў свеце тэлеграфных правадоў, кавы і чыгунак. Волат разам са сваім міфічным спадарожнікам Альвам адпраўляецца падарожнічаць па Скандынавіі ў сямімільных ботах, даследуючы, наколькі людзі “сталі дурнейшыя” за апошнюю тысячу гадоў. У сваім падарожжы Волат знаходзіць фінскага хлопчыка, з якім пачынае гульню ў загадкі, і ад зыходу такой гульні залежыць жыццё герояў. Чым жа скончыўся інтэлектуальны двубой смелага хлопчыка і старажытнага, страшнага Ледзянога волата…можна даведацца, прачытаўшы гэтую казку ў цудоўным перакладзе на беларускую мову Алесі Башарымавай.

Шлях стварэння кніжнай ілюстрацыі

Дык як жа мастаку прыдумаць візуальныя вобразы для казкі? Як стварыць персанажаў, асяроддзе і казачную атмасферу? Мала проста прачытаць казку, убачыўшы “карцінкі” ў сваім уяўленні, неабходна яшчэ перавесці сваё ўражанне на графічную мову, мову кропак і ліній, колеры і фактуры. А працэс гэты працяглы, але вельмі займальны. 

Крок першы – распрацоўка персанажаў

Распрацоўка персанажа пачынаецца з пачка паперы, алоўка, ручкі. Затым неабходна маляваць як мага больш розных варыянтаў персанажа, эксперыментуючы з формай, прапорцыямі, мімікай, жэстамі і т.д. На гэтым этапе галоўнае не баяцца сапсаваць, зрабіць нешта не так: трэба даць сабе максімальную свабоду, дазволіць сабе маляваць усё, што прыходзіць у галаву, і галоўнае не карыстацца гумкай, захоўваць усе, нават самыя абсурдныя варыянты! У якасці “сямімільных ботаў” я намаляваў Волату скандынаўскія дракары – лодкі вікінгаў, паказваючы тым самым велізарны памер Волата. Дарэчы, гістарычныя або фальклорныя дэталі, арганічна выкарыстаныя ў ілюстрацыі, дапамогуць перадаць тую ці іншую атмасферу, дадаць унікальныя рысы.

Крок другі – стварэнне эскізаў разваротаў

Калі выявы персанажаў створаныя і абраны найболей удалы варыянт, прыдумляюцца кампазіцыі будучых ілюстрацый, гэта значыць персанажы змяшчаюцца ў асяродак і пачынаюць узаемадзейнічаць адно з адным. На гэтым этапе таксама неабходна зрабіць мноства эскізаў, камбінуючы і спрабуючы розныя варыянты.

Крок трэці – выбар тэхнікі і матэрыялаў

У ілюстрацыях да кнігі “Ледзяны волат” я выкарыстоўваў тэхніку малявання пяром і тушшу, колер дадаваў акварэллю і гуашшу. Мноства графічных ліній, кропак і рысачак тушшу дапамагаюць ствараць дробныя дэталі, перадаваць іскрысты снег або паўночнае ззянне. 

Як мастак становіцца суаўтарам кнігі

Я веру, што мастак не проста “малюе” фарбамі тое, што апісаў словамі аўтар, але становіцца суаўтарам, прапануе свой візуальны вобраз, сваю атмасферу юнаму гледачу, укладвае ў гісторыю часцінку сябе. На маю думку, у наш век інфармацыйных тэхналогій, напоўнены “гатовым” інфармацыйным прадуктам, кантэнтам (відэа, мультфільмы, відэагульні), кніга з малюначкамі развівае ўяўленне дзіцяці, дае яму магчымасць таксама стаць суаўтарам. Разглядаючы цікавыя карцінкі, дзіця задумваецца: “пра што гэта?”, “хто тут намаляваны?”, “што здарылася ў гісторыі?” і нават само прыдумляе адказы. Ілюстрацыі таксама падахвочваюць яго прачытаць казку, даведацца, што ж адбылося насамрэч.

Ілюстрацыі ў кнігах – адзін з першых жанраў мастацтва, з якім знаёміцца юны чытач. Ілюстраваныя кнігі могуць стаць дзвярыма, якія адчыняюць дзіцяці свет выяўленчага мастацтва ў цэлым, яны дапамагаюць сфармаваць густ. А самыя першыя ўражанні, уражанні з дзяцінства, застаюцца з чалавекам назаўжды.

(С) ALOVAK

2 Comments

  1. Як жа крута! Мне здаецца, выгадавалася новае пакаленне беларускіх мастакоў і творцаў, не менш таленавітых за папярэднікаў, і пры гэтым – рашучых, актыўных, якія ведаюць, чаго хочуць і што для гэтага трэба рабіць. Зычу Уладзіславу поспеху і натхнення! Будзем чакаць новых кніжак з ягонымі ілюстрацыямі

  2. […] Пачытаць пра гісторыю стварэння Уладзіславам Пятровічам ілюстрацый да кнігі “Ледзяны волат” можна на нашым сайце. […]

Leave a Reply