Драўляныя цацкі сямейнай майстэрні Redbarbatum

Ягор і Наталля былі паспяховымі архітэктарамі, пакуль не абзавяліся дзецьмі і ўласным брэндам цацак з дрэва. Паступова пара сышла з найму і кінула ўсе сілы на стварэнне самых цёплых на свеце цацак Redbarbatum. Пагутарылі з Наталляй пра хобі Ягора, якое стала сямейным бізнэсам, падзел абавязкаў у агульнай справе, развівальны патэнцыял “адкрытых” цацак і сродкі выжывання ў няпростых умовах сучаснай Беларусі.

Тэкст: Паліна Маслянкова
Фота: Наталля Хоціна

“Першае, што прыйшло ў галаву, гэта зрабіць цацку!”

Гісторыя Redbarbatum пачалася з набыцця чарговага інструмента для Ягора, бо ён усё жыццё захапляўся дрэвам. Тады ў нас ужо былі дзеці, і першае, што яму прыйшло ў галаву, гэта зрабіць цацку! Так з’явілася ліса. Далей да яе далучылася сям’я, лясныя сябры – і панеслася!

На той момант Ягор быў паспяховым архітэктарам-дызайнерам. Я – маладой мамай, якая прагла творчага самавыражэння. Мы абое ўсе сілы і творчыя амбіцыі ўклалі ў гэты праект і зразумелі, што гэта тая самая поўная свабода, пра якую марыць любы творчы чалавек. Акурат тады з’явіліся першыя думкі зрабіць хобі працай.

У Ягора цудоўная рудая барада – RedBarbatum на лаціне. Мы падумалі, чаму б гэтую адметнасць не зафіксаваць у назве. Так і з’явіўся брэнд драўляных цацак RedBarbatum.

“Мы робім цацкі ў стылі Open-Ended Toys”

Распрацоўваючы ідэі, мы, насамрэч, самі гуляем, бо ўсярэдзіне кожнага дарослага жыве маленькае дзіця. Нашы вырабы завуцца цацкамі, але яны нашмат складанейшыя – і нашым замоўцам гэта вельмі падабаецца. Нашы цацкі смела можна дарыць і дарослым, і дзецям. Сучасныя дзеці апярэджваюць нас па развіцці, мы адчуваем гэта па сваіх дзецях. Таму мы ўскладнілі гульню ў кубікі да максімуму і выпусцілі набор у стылі параметрызму. 

Параметрызм – найноўшая плынь у архітэктуры, ён развіваецца ва ўсім свеце, гэта запыт будучыні. Нашы дзеці будуць жыць у будучыні і павінны разумець навакольную прастору, спазнаваць прыроду, падарожнічаць па свеце і гуляць. Мы ў сваіх цацках спрабуем сцерці правілы і межы, гэта наша місія перад будучыняй.

Нават у простых наборах “Лес” і “Ферма”, у антуражы мы схавалі шматзадачныя элементы і прыёмы “адкрытых цацак”: тут адна дэталь можа ператварацца падчас гульняў у розныя прадметы – усё абмяжоўваецца толькі фантазіяй дзіцяці.

“У нас праца падзелена на дваіх” 

Канцэпт і ідэю абмяркоўваем сямейнымі вечарамі. Шмат-шмат размаўляем, гэта вельмі лёгкі і займальны працэс. Ідэй у нас прыдумана на гады наперад. А вось выпуск новай калекцыі – гэта ўжо вельмі складаны працэс. Але Ягор імкнецца рэалізоваць нашы задумкі – і мінімум дзве новыя калекцыі за год з’яўляюцца на свет.

Ягор – аўтар усіх нашых цацак. Ён доўга малюе эскізы, аж да таго часу, пакуль фігурка не “ажыве”. Таксама ён адказны за матэрыял, вытворчасць нарыхтовак і ўпакоўку. Працэс працаёмісты, бо мы амаль усё робім рукамі. Ягор набывае дрэва, з якога рыхтуе дошкі аднолькавай таўшчыні, затым наносіць на дошку эскіз, потым выразае і шліфуе.

Пасля фігуркі трапляюць да мяне. Мая сфера адказнасці – падбор адценняў, шліфоўка, афарбоўка, паліроўка, фотасесіі і прасоўванне ў інтэрнэце. Спачатку я шліфую і палірую, затым мачу вадой і зноў палірую. Пасля такой апрацоўкі цацкі ідэальна гладкія – іх ужо магчыма калераваць і пакрываць воскам. Пасля фінішнага пакрыцця цацка зноў паліруецца і становіцца на дотык як шоўк.

Урэшце Ягор выразае каробку з сарцёрам, запакоўвае і падпісвае імянную паштоўку тушшу. Такім чынам, за дзень з’яўляецца не больш за 10-12 фігурак.

Але стварэнне цацак – гэта не толькі рамяство. Цацкі яшчэ трэба прасоўваць, фатаграфаваць, пісаць пасты, дамаўляцца з крамамі, развозіць, адпраўляць поштай, сачыць за рознымі пляцоўкамі і маркет-плэйсамі – і гэта ўсё трэба рабіць кожны дзень.

Пераход да працы выключна над праектам у нас быў дастаткова плаўны. Я была ў дэкрэце, Ягор працаваў дызайнерам, а ў вольны час рабіў цацкі. Мы рабілі іх павольна, свой набор можна было чакаць некалькі месяцаў: такая чарга была. І цяпер мы працуем толькі пад замову, ніколі мы не заставаліся без замоваў з поўным складам гатовых цацак.

Першы час было трывожна кідаць працу і ўсе сілы накіроўваць на праект, не хапала сіл усё пралічыць. Аднак ужо праз два гады ад пачатку стварэння цацак стала зразумела, што мы дамо рады. Адзінае, што мы не здужалі засвоіць за ўсе чатыры гады існавання праекта, гэта дэлегаванне.

“Гэтыя цацкі пяройдуць у спадчыну ці стануць сямейнай каштоўнасцю”

Мы выступаем за разумнае спажыванне і вучым гэтаму дзяцей і сяброў нашага праекта. Цацкі, створаныя з вялікімі высілкамі, маюць матэрыяльную і эмацыйную каштоўнасць. Мы вельмі радуемся, калі чуем ад замоўцаў, што гэтыя цацкі пяройдуць у спадчыну ці стануць сямейнай каштоўнасцю.

Апошні год галоўным чынам замовы прыходзілі з-за мяжы. Геаграфія вельмі шырокая: Амерыка, Афрыка, Аўстралія, Еўропа, Расія, Кітай, Тайвань, Японія. Пачалі паступаць прапановы ўдзельнічаць у выставах, у прыватнасці ў Мілане. З’явіліся сталыя кліенты – як звычайныя людзі, так і крамы.

Цешыла неверагодная зваротная сувязь. У нас нятанны, нішавы прадукт, вельмі высокай якасці. І часцяком людзі заставаліся прыемна ўражаныя змесцівам скрынак. Шмат хто нам пісаў, што атрымаў нашмат больш, чым чакаў ад драўляных цацак. Гэта неверагодна прыемна і з’яўляецца доказам дакладна выбранага шляху!

Вітрына Redbarbatum на амерыканскім сайце themulberrytreehouse.com. Кошт цацак за мяжой павялічваецца ўтрая за конт пасярэдніцкіх паслуг і дарагіх перасылак. Беларусы ж могуць замовіць гэтыя наборы за 81, 100 і 70 рублёў адпаведна.

“І выратавала ў гэтай сітуацыі нас родная мова!”

Асноўная вітрына праекта – гэта інстаграм-старонка RedBarbatum. Яна ніколі не была выключна працоўнай – гэта проста наша жыццё, і ў акаўнце адлюстраваны ўсе падзеі, якія перажывае наша сям’я – і ??сумныя, і радасныя.

У нейкі момант стала небяспечна пісаць тое, што думаеш, – і ў выніку я перастала публікаваць новыя пасты наогул. Гэта быў такі перыяд разбурэння – як рэакцыя на знешнія падзеі. Мы разумелі, што трэба нешта рабіць, – і выратавала ў гэтай сітуацыі нас родная мова! Гэта такі магутны сімвал зараз, менавіта яна нас падтрымлівае ў перыяд моцных перажыванняў.

На старонцы я пішу на трох мовах, бо не маю часу весці тры розныя аккаунты. Траціна нашых сяброў рускамоўныя, траціна падпісантаў лёгка разумеюць і радуюцца беларускай мове, а рэшта з усяго свету – і там нас аб’ядноўвае ангельская мова.

“Самы сур’ёзны іспыт для нашага праекту”

Пачатак вайны ва Украіне – самы сур’ёзны іспыт не толькі для нас, але і для нашага праекту. Мала таго, што мы эмацыйна перажываем за людзей, якія пакутуюць цяпер, і самі ўжо пацярпелі за сваю пазіцыю. Дык яшчэ на праект з усяе моцы абрынуліся санкцыі. 

Найбуйнейшы маркетплейс Etsy, на якім мы актыўна прасоўвалі свае цацкі, спыніў супрацоўніцтва з майстрамі з Беларусі. Да чаго гэта можа прывесці, мы яшчэ не ўсвядомілі. Рэзка ўпалі прыбыткі, але пакуль у нас ёсць яшчэ спіс замоваў. Акурат цяпер мы выконваем вялізную замежную замову, але пакуль нават не адсочваем, ці засталіся варыянты адпраўкі цацак за мяжу. Усё мяняецца кожны дзень, таму мы проста прынялі, што, магчыма, выканаем замовы і не зможам даставіць іх пакупнікам. Будзь што будзе!

Для нас самы горшы варыянт развіцця падзеяў – гэта ад’езд з Беларусі. Мы ўсё ж хочам застацца і знайсці нашых пакупнікоў унутры краіны. Пакупніцкая цікавасць нейкім цудам захоўваецца. Майстры працягваюць працаваць, бо тут альбо стане ўсё, альбо ў нейкім фармаце працягне развівацца. Пакуль нашы цацкі патрэбныя тут, мы будзем працаваць тут.

Цікава, што многія майстры і крамы аб’ядналіся ў чатах і супольна абмяркоўваюць праблемы, у нас цяпер аднолькавыя страхі і клопаты. З’явілася згуртаванасць вакол агульнай бяды.

А яшчэ ў нас тут сябры, родныя, яны нас вельмі падтрымліваюць. Мы разумеем, што мы не адны. Настрой баявы, праект ужо вельмі моцны і трымае нас на плаву. Пакуль мы проста вырашылі не будаваць доўгатэрміновых планаў, а рухаемся прабежкамі на кароткія дыстанцыі.

(С) ALOVAK

Leave a Reply