Жывапіс і кніжная ілюстрацыя Лізаветы Лянкевіч

Новая творчая гісторыя ў ALOVAK – пра беларускую мастачку Лізавету Лянкевіч, якая пачала маляваць з самага дзяцінства і вельмі рана вызначылася, што мастацтва – гэта асноўны сэнс яе жыцця. Класічная школа, станкавая графіка, манументальны жывапіс, іканапіс, кніжная ілюстрацыя і майстар-класы для дзяцей – як усё гэта спалучаецца ў творчасці Лізаветы Лянкевіч, чытайце ў нашым новым інтэрв’ю, якое падрыхтавана супольна з кніжным выдавецтвам “Папуры”.

Тэкст: Вера Сірата, Паліна Маслянкова
Фота: з архіву Лізаветы Лянкевіч, Кацярына Сперанская

“У дзяцінстве я прэзентавала Беларусь на сусветным фестывалі ў ЗША”

Як я нарадзілася, так і пачала маляваць. Бацькі заўважылі, што ў мяне ёсць такая схільнасць, і з пяці год я хадзіла ў гурток па маляванні ў Палац моладзі. Адтуль і пачаўся мой творчы шлях. Я выігрывала конкурсы ў Палацы моладзі, там былі выставы маіх работ… Карацей, з дзяцінства было выразна бачна, што я люблю маляваць. Што для мяне гэта асноўнае ў жыцці.

Выбітным момантам для мяне стала паездка ў Амерыку ў 1999 годзе, калі мне было 11 гадоў. Я прэзентавала там Беларусь на сусветным фестывалі. Першая мая паездка за мяжу. Культурны шок. Загадзя мы адсылалі 12 сваіх прац, і яны бралі ўдзел у розных выставах па ўсёй Амерыцы. А таксама мы малявалі адну вялікую карціну перад Капітоліем. Усе дзеці свету малявалі мапу планеты. Я малявала нейкіх анёлаў, якія праліваюць на Беларусь малако.

У старэйшых класах я зразумела, што занадта шмат часу аддаю вучобе і ўжо не паспяваю маляваць. Штогод я ездзіла на нейкія пленэры і адчувала, што там, сярод творчых людзей, мне прасцей. А ў звычайнай школе мне было не камфортна. Я са сваімі творчымі амбіцыямі і спецыфічным ладам жыцця не зусім упісвалася ў звычайнае грамадства. Тады я задумалася, што мне рабіць са сваім жыццём, і зразумела, што мне трэба быць у мастацкім асяроддзі. Таму я і паступіла ў мастацкі каледж. Там мы малявалі зранку да ночы і яшчэ паралельна праходзілі праграму сярэдняй школы.

У каледжы была сур’ёзная атмасфера і жорсткая дысцыпліна, але я адчувала сябе на сваім месцы. Там давалі сістэмныя веды – і я атрымала прафесійную базу. А ўжо на гэтай базе, калі хочаш, можаш развіваць сваю творчасць.

“Мне пашанцавала вучыцца ў найлепшых мастакоў”

Вядомы мастак, графік Раман Сустаў неаднойчы падтрымліваў мяне ў маіх новых творчых праектах, пачынаючы з рэцэнзіі на абароне дыплома ў каледжы. Пасля я паступіла ў Акадэмію мастацтваў, на станкавую графіку. На кафедры быў вельмі моцны склад выкладчыкаў.

Напрыклад, кампазіцыю ў нас выкладаў Павел Юр’евіч Татарнікаў. Нягледзячы на сваю сусветную вядомасць, з намі ён быў абсалютна просты. У дачыненні да нас не было ніякага пафасу. З ім было камфортна. Ён даваў нам свабоду і творчасць. На практыках ён плаваў з намі на лодках, сала смажыў. Усё было вельмі натуралёва. І гэта, канешне, ўплывала на нашу супрацу. Прасцей было камунікаваць і разумець, чаго ён ад нас чакае. У той перыяд з кампазіцыяй у мяне быў прарыў.

Павел Татарнікаў мне заўжды казаў: “Давай. Я у цябе веру. Працуй”. Ад яго заўсёды быў пазітыўны зарад. Я так зараджалася ад яго, і ў выніку працавала дома проста нон-стоп. Я рабіла з ім дыплом – ілюстрацыі да “Азбукі” Рыгора Барадуліна. Ён бачыў мае моцныя бакі, дапамагаў мне прыбраць усё лішняе і ўказваў на рэчы, якія трэба развіць.

Я запомніла запавет Паўла Юр’евіча. Ён сказаў так: “Вы не панікуйце, калі першыя гады будзе поўны крызіс. Гэта нармальны працэс”.

Ён расказваў, што ў яго таксама былі складанасці пасля Акадэміі, і яго ўласны вопыт мяне супакойваў.

“Паралельна з Акадэміяй я вучылася ў іканапіснай школе пры манастыры”

У Акадэміі мне чагосьці не хапала. А іканапісам я захаплялася з дзяцінства. Мой бацька калекцыянаваў іканапісныя альбомы. Прывозіў іх з розных краін. І я імі натхнялася. Я марыла, што калі я буду старэнькая, то буду пісаць іконы.

Аднойчы я сустрэла сваю аднакласніцу з каледжа, і яна расказала, што ходзіць у іканапісную школу. Я пра яе нешта чула. Вырашыла схадзіць, проста паглядзець. А пасля адкрыла для сябе абсалютна іншы круты свет. Ікона — гэта выток усяму. І гэта ўзбагаціла маё адчуванне мастацтва. Таму пасля Акадэміі я размеркавалася туды і тры гады працавала з іконамі.

Я працавала над іканастасам для новага вялікага храма ў Салігорску. Мы пісалі верхні шэраг – каля 25 метраў. Гэта была самая вялікая мая праца. Круты досвед. Вельмі шмат сіл было пакладзена – і эмацыйных, і фізічных.

І пасля гэтага я вырашыла, што закрыла сваю патрэбу зрабіць нешта важнае ў жыцці. Трэба было ісці далей, спрабавать нешта новае.

Тады я падала дакументы на стыпендыю ў Польшчу – гэта быў шанец для мяне вярнуцца да ілюстрацыі. У мяне была цудоўная выкладчыца – графік, дызайнер Моніка Гануляк. Я падрыхтавала ілюстрацыі да кнігі Яна Бжэхвы “Акадэмія Доктара Клякса”. Але, на жаль, кніга пакуль не выйшла.

“Калі “Азбука” Рыгора Барадуліна з маімі ілюстрацыямі атрымала прэмію Цёткі, я скакала ад радасці”

Я некалькі гадоў чакала выдання “Азбукі”. Першае выдавецтва, якое абяцала, не выдала яе… Для любога мастака траўматычна, калі ён штосьці робіць, разумее, што гэта добры і важны прадукт, але вынік працы ніяк не можа пабачыць свет.

Таму выданне кнігі стала для мяне падзеяй. А калі яшчэ і прэмію атрымала за яе, то для мяне гэта было свята! Я была шчаслівая. Запісвала відэа, як я скачу ад радасці.

Апроч працы над кніжнымі ілюстрацыямі, мне заўсёды хацелася працаваць з вялікім палатном. На ім выплеснуць усе свае эмоцыі. Была спроба зняць памяшканне, але мне гэта не зайшло. Цяпер у кватэры ў мяне асобны пакойчык, дзе я малюю. У 2020 і 2021 годзе я малявала манументальныя карціны.

Пасля вырашыла, што мне трэба адпачыць. Цяжкі быў год. І акурат у гэты перыяд мне прапанавалі праілюстраваць “Палескіх рабінзонаў”.

“Абсалютны давер з боку выдавецтва – гэта, канешне, падарунак для мастака”

Мне напісала рэдактарка “Папуры Наталля Давыдоўская і распавяла, што ў выдавецтве рыхтуецца выданне “Палескіх рабінзонаў” Янкі Маўра. Яна патрапіла ў самае сэрца: я люблю гэтую кнігу з дзяцінства. Гэта настольная кніжка майго таты, ён такія ж падарожжы практыкаваў з намі малымі.

Але ў мяне быў страх, які мне трэба было перамагчы. Мая першая кніжка вельмі доўга не магла пабачыць свет. Другая ніяк не выйдзе ў Польшчы. Праца над “Палескімі рабінзонамі” была для мяне шанцам.

І тады я знайшла для сябе кампраміс. Я намалявала спачатку для прыкладу некалькі ілюстрацый, як я сабе гэта ўяўляла, і сказала выдавецтву: “Калі вас так задаволіць, калі вы згодны з маёй стылістыкай і гатовы выдаць такія ілюстрацыі, то ўсё добра, я буду маляваць. І паспею за кароткі тэрмін”. І яны пагадзіліся. Так у нас і атрымалася кніжка.

Гэта была дужа прыемная супраца. Паколькі ілюстрацыі я малявала на планшэце, то дзе б я ні была, я паўсюль працавала над ілюстрацыямі. Я разумела, што гэтую кнігу будуць чытаць дзеці, таму мне хацелася, каб быў насычаны візуал і шмат ілюстрацый.

Самае цяжкае – гэта першы час працы: калі ты настраіваешся. Калі працэс пайшоў, то ўжо лягчэй. Паколькі сюжэт развіваецца, напруга нарастае, то і стылістыка малюнкаў крыху змяняецца, увесь час трэба думаць і аналізаваць, быць у тонусе на працягу ўсёй кніжкі.

Апошні месяц перад выхадам кнігі быў самы пакутлівы. У мяне ўжо была дамоўленасць на працу над новай кніжкай, таксама для “Папуры”, але я не магла працаваць над новым праектам, пакуль не выйшла гэтая кніга. Хацелася ўжо адпусціць усе думкі пра рабінзонаў.

“Камунікацыя з дзецьмі – гэта мой моцны бок”

Праводзячы творчыя майстар-класы з дзецьмі, я зразумела, што камунікацыя з дзеткамі – гэта мой моцны бок. Ніякіх кніг, як паводзіць сябе з дзецьмі, я не чытала. Я проста вельмі добра памятаю сябе ў дзяцінстве.

І дазваляю маленькім людзям рабіць штосьці творчае. Ствараць. І не баяцца. І часам у нас атрымоўваюцца вельмі файныя штукі.

Проста не трэба заганяць дзіця ў рамкі. Калі яно хоча неяк сябе праяўляць, то трэба даваць яму гэтую магчымасць. Хачу алоўкамі памаляваць. Хачу фарбамі. Хачу вялікую паперу. Хачу маленькую… Дазваляць яму гэта. Хай дзеці эксперыментуюць. Акружаць іх прыгажосцю, добрымі кнігамі. Вось гэтая нагледжанасць вельмі важная. Творчасць непасрэдна ўплывае на псіхіку дзіцяці і развівае яго густ.

Ёсць рэчы, у якіх я цалкам аддаю сябе. У супрацы з дзецьмі з мяне сыходзіць уся энергія. Я вельмі аддаюся ў такія моманты. І мне трэба ўзнаўляцца.

Ёсць рэчы, якія нясуць з сабой напругу. А ёсць рэчы, якія напаўняюць вельмі моцна.

Мяне захапляе, калі з нейкай плямкі нешта пачынае праяўляцца. Раптам з’яўляецца вобраз — і гэта напаўняе. Творчасць цячэ такімі хвалямі: то ты аддаеш, то табе прыбывае.

Асаблівасць майго мастацкага шляху ў тым, што я мяняю сферы і не баюся, калі мне прапаноўваюць паспрабаваць штосьці новае. Мне падабаецца, калі ў працы для мяне ёсць нейкі выклік. Мне падабаецца праяўляцца. Цяпер у мяне перыяд, калі я афармляю кнігі. Год таму я малявала інтер’ерныя карціны, і мне было цікава.

Я не магу адказаць, чым бы адным я хацела займацца. Не. Мне падабаецца НЕ манатоннасць.

*******

А пра тое, для каго Лізавета гатова маляваць бясплатна, якую кнігу яна марыць праілюстраваць, колькі зарабляе ад продажу карцін і які ўплыў на Лізавету аказаў мастак Захар Кудзін, чытайце ў нашым тэлеграм-канале ALOVAK.

(с) ALOVAK

2 Comments

  1. […] гісторыя ад Антона Францішка Брыля і мастачкі Лізаветы Лянкевіч. Мышаняты Юрка і Надзейка, брат з сястрой, зімуюць […]

  2. […] натхнёных творамі Якуба Коласа. А нядаўна ў нас было інтэрв’ю з мастачкай Лізай Лянкевіч пра яе творчы шлях. Цяпер жа супольна з выдавецтвам […]

Leave a Reply