“Што люблю, тое й раблю” – гутарка з аўтаркай маркі KANVA Настай Васючэнка

Наста Васючэнка – фэшн-дызайнерка з Мінска, заснавальніца брэнда KANVA, якая спалучае этна-культурныя матывы з сучаснымі тэндэнцыямі ў модзе. За яе плячыма перамогі ў фэшн-конкурсах, удзел у тыднях моды і публікацыі ў Vogue Italia. Яна рабіла свае калекцыі па матывах беларускіх народных песень, прысвячала свае вырабы Язэпу Драздовічу і Уладзіміру Караткевічу. Яе саламяныя завушніцы “павукі” і “падковы” носяць вядомыя спявачкі і мастачкі, а фотасэт з беларускімі музыкамі ў жаночых спадніцах скалануў усю беларускую анлайн-прастору.

Мы сустрэліся з Настай і пагутарылі пра творчы шлях ад працы ў Mark Formelle да вырабу эксклюзіўных аксэсуараў пад замову.

Тэкст: Паліна Маслянкова
Фота: Алена Драздова, архіў Насты Васючэнка

– Раскажы, як ажыццявілася твая дзіцячая мара стаць мадэльерам? 

Гэта было маё жаданне з дзяцінства. Я малявала касцюмы лялькам, прыдумвала з імі нейкія гісторыі. Я наведвала мастацкую школу, потым пайшла ў каледж мастацтваў. А ўжо ў Акадэміі мастацтваў ажыццявілася маё жаданне: спачатку я паступіла на тэкстыль, а пазней перавялася на касцюм. Я не бачыла сябе студэнткай аніякае іншае ВНУ. Мне вельмі імпанавала творчая атмасфера акадэміі: ты пішаш карціну і чуеш, як распяваюцца оперныя спявачкі. Вокны нашага корпуса выходзілі на оперны тэатр. Класны асяродак, выкладчыцкі склад, сцены акадэміі – усё гэта на мяне паўплывала. 

Фота: Алена Драздова

Потым панесліся ўсякія конкурсы для модных дызайнераў. А ў год пасля выпуску мы з маёй аднагрупніцай перамаглі ў конкурсе “Новыя імёны” ад BFW, і гэта дало нам магчымасць стварыць уласную калекцыю для вытворчасці ў Mark Formelle.

Ад мас-маркету да высокай моды

– Што табе як майстру дала стажыроўка ў Mark Formelle?

Гэта вялікі досвед працы на вытворчасці. Сутыкненне з новым асартыментам, з тканінамі, з праўкай экскізаў да непазнавальнасці. Многія ідэі спрашчаліся, перакрэсліваліся, перайначваліся. 

Але мне здавалася, раз нам дадзена магчымасць нешта сказаць, пра сябе неяк заявіць, то трэба падымаць важныя тэмы. Калекцыя “Сучасныя Радзівілы” была ў вулічна-барочным стылі. Мы трансфармавалі спартовыя худзі і сукенкі, дадавалі дэталі той эпохі, плюс прынты і вышыўку. Нам далі разгуляцца. Гэтая калекцыя выйшла ў продаж, і мы яе паказалі на подыуме на тыдні моды ў наступным сезоне. Яе апублікавалі ў Vogue Italia, іх стыліст зрабіў з намі асобную здымку.

А яшчэ была калекцыя “Горад сонца”, якую я зрабіла ўжо пад уласным брэндам. Адзеннем з прынтамі “Бессмертен” і “Жить в веках” мне хацелася звярнуць увагу на праблему сучаснай забудовы цэнтру, якая часам не ўпісваецца ва ўнікальны мінскі стыль. Гэта была мая ідэя, з якой я прыйшла да Mark Formelle на вытворчасць, а яны яе падтрымалі, дапамаглі яе рэалізаваць. Я адчувала, што гэта больш вытворчая ідэя, тыражаваная гісторыя, таму і звярнулася да Mark Formelle.

Я вельмі ўдзячная Mark Formelle, супраца з вялікай кампаніяй – гэта класны досвед, але мне захацелася рухацца далей у сольным плаванні.

– На конкурсе “Этна Стыль” ты атрымала ў якасці ўзнагароды магчымасць стварыць нацыянальны касцюм для прадстаўніцы Беларусі на конкурсе “Міс Свету”, якой у той год стала Марыя Васілевіч. Ці атрымалася стварыць тое, што было задумана?

Я сапраўды тады перамагла, атрымала сертыфікат у краму “Лянок”, рэалізавала яго і потым зрабіла з набытымі тканінамі новую калекцыю. Праўда, магчымасцю стварыць касцюм для “Міс Беларусь” я так і не скарысталася, але зрабіла касцюм у нацыянальным стылі для прадстаўніцы Беларусі на конкурсе “Місіс Свету”, у якім яна ездзіла ў Лас Вегас. Гэты конкурс ніяк не фінансаваўся дзяржавай, не было ніякага бюджэту на касцюм, затое была поўная творчая свабода. І я рэалізавала ўсё, што хацела.

Місіс Беларусь у сукенцы KANVA

Праўда, аднойчы, у 2018 годзе на свяце горада, Марыя Васілевіч усё ж была ў маім касцюме, за які я і атрымала Гран-пры “Этна стылю”.

– Ты ўдзельнічала таксама ў Ethical Fashion Show. Раскажы, што ў фэшн-індустрыі ты лічыш этычным, а што – не?

Што ў маім брэндзе пра этычнасць, дык гэта ўздыманне лакальных тэмаў, вывучэнне нашай культуры, праца з традыцыямі, выкарыстанне натуральных матэрыялаў. У мяне быў перыяд, калі я перапрацоўвала дэнім. Гэта такі працаёмісты працэс, у мяне быў джэмпер, звязаны са старых джынсаў, як кальчуга

Наогул, у модзе складана быць суперэтычным. Нават на вытворчасць бавоўны ідзе больш электраэнергіі, чым на поліэстр.  

Прадукт, які я раблю, этычны з таго пункту погляду, што ён унікальны. Я не засмечваю свет нечым паўторным, тыражаваным. У мяне самой амаль няма новай вопраткі: я падтрымліваю розныя ініцыятывы кшталту Kalilaska ці Opensfkaf. У мяне амаль уся вопратка – гэта адзенне мамінай маладосці, бабулін куфар, трошкі сэканду і, канешне, KANVA. Але я далёка не ўсё сваё адзенне магу сабе дазволіць…

Стварэнне ўласнага брэнда

– З’яўленне твайго ўласнага брэнда было звязана з калекцыяй ЯDRO, у якой вы з Міланай Собаль ажывілі графічныя замалёўкі Язэпа Драздовіча. Раскажы падрабязней гісторыю стварэння маркі KANVA.

Тады мы працавалі па размеркаванні ў цэнтры творчасці, выкладалі ў студыі дызайну і пашыву адзення. Там я даведалася пра 130-гадовы юбілей Язэпа Драздовіча і захацела прысвяціць яму новую калекцыю. Акурат тады да мяне прыйшло разуменне, што пара ўжо неяк называцца, прыдумляць нейкую вострую назву. Паказ калекцыі ЯDRO ў Нацыянальным мастацкім музеі ўжо праходзіў пад маркай KANVA. 

Фота: Алена Драздова

У слове KANVA зашытыя мае ініцыялы. Мне гэтае слова з усіх бакоў падабаецца. І як тканіна для вышыўкі, бо вышыўка ў маіх вырабах займае важнае месца. І як аснова, ядро, канцэпт кожнай калекцыі.

– Цяпер ты ўсё ствараеш сваімі рукамі ці ў цябе ёсць каманда?

Тое, што магу, я ствараю сама. У мяне ёсць швачка, ёсць вытворчасць, куды я магу звярнуцца, калі мне трэба стварыць нешта ў вялікіх аб’ёмах. Але ўсю ручную працу, усе ідэі і эскізы, усе фотапраекты і прасоўванне – усё гэта я раблю сама.

Фота: Алена Драздова

Адзенне, якое я хачу ствараць, патрабуе шмат рэсурсаў – як фінансавых, так і энергетычных. Мне не хочацца зніжаць эстэтычную планку, каб зрабіць свае рэчы больш даступнымі. Таму я перайшла на аксэсуары, якія магу ўласнаруч адтачыць, давесці да ідэальнай формы, захаваўшы пры гэтым прымальны кошт.

Так з’явіліся хусткі, саламяныя завушніцы ды іншыя ўпрыгожанні. Мне яшчэ з паказа калекцыі ЯDRO хацелася рэалізаваць ідэю саламяных павукоў, каб гэта было насібельна: трэба было знайсці матэрыял, які б вытрымліваў рэзкія парывы ветру і моцныя абдымкі. Бо саломка вельмі крохкая: яна пасуе для паказаў і фотасесій, але не вытрымлівае выпрабаванняў жыццём. Для гэтых мэтаў добра падышоў шклярус і метал.

Фота: Алена Драздова

– Як хутка KANVA выйшла ў плюс?

Магчыма, плённая праца, удзел у конкурсах і вялікая колькасць праектаў і калабарацый толькі цяпер займелі пэўны эфект. Толькі апошнім годам гэта для мяне не проста творчасць і рамяство, але і прыбытак. Раней я яшчэ мела нейкія падпрацоўкі, нешта дызайніла, рабіла эскізы для вытворчасці. Цяпер жа, на трэці год існавання брэнда, я магу сабе дазволіць займацца толькі “Канвой”. 

Сімвалам росту для мяне будзе неабходнасць наймаць памочнікаў ці неяк пашырацца, калі я перастану даваць рады ўсім замовам. Тыя ж завушніцы, якія знайшлі водгук у маёй аўдыторыі, я пакуль не паспяваю рабіць у такой колькасці, каб у мяне быў увесь асартымент у наяўнасці. 

Фота: Алена Драздова

Фота: Алена Драздова

Крыніцы натхнення

– З самых першых тваіх калекцый ты абрала ў якасці натхнення этна-матывы. Адкуль у табе столькі любові да беларускай культуры і гісторыі?

У акадэміі шмат надзялялі ўвагі беларускай культуры. У нас былі практыкі ў “Скарбніцы” і ў Цэнтры моды. І, як вынік, дыпломная калекцыя ў мяне была выкананая ў стылі этна-канструктывізму. Калі спачатку вывучэнне культуры было добраахвотна-прымусовым, то потым усё больш ішло ад сэрца, выклікала любоў, абуджала карані. Я стала разумець, што ніхто пра нас не распавядзе лепей, чым мы самі. Таму мяне гэта так захапіла, я стала з розных нетрывіяльных бакоў уводзіць фальклорныя матывы ў свае калекцыі.

Яшчэ мая матуля ўсю маладосць танцавала ў народным ансамблі. Цяпер мы з ёй разам звар’яцелыя па беларускай культуры.

– Да юбілею Уладзіміра Караткевіча KANVA выпусціла хусткі з цытатамі класіка. А яшчэ якім асобам беларускай культуры табе хацелася б прысвяціць свае калекцыі?

Я б вельмі хацела прысвяціць сваю работу ўсёй нашай творчай інтэлігенцыі. Гэта таксама будзе звязана з цытатамі, кранальнымі фразамі з вершаў ці прозы.  

Фота: Алена Драздова

Апроч Караткевіча, я яшчэ зрабіла хусткі з радкамі з народных песняў: з купальскіх, веснавых…

– А сама ты ходзіш у хустках?

Хусткі люблю вельмі! Яшчэ я люблю насіць кепку, а наверх павязваць хустку

Пошукі аматараў брэнда

– Якія тавары з  лінейкі KANVA найбольш запатрабаваныя, а якія ты ствараеш хутчэй для творчага развіцця, пашырэння гарызонтаў і выхавання густу ў аўдыторыі?

З адзеннем цяжэй: яно павінна падысці твайму тыпу фігуры, яго трэба прымерыць, тактыльна на сабе адчуць, а калі яно яшчэ прываблівае празмерную ўвагу, то да яго выбару ставяцца яшчэ асцярожней. Напрыклад, мадэлі з калекцыі ЯDRO знайшлі сваіх гаспадыняў, але я іх амаль не паўтарала. Яны былі вельмі складаныя, каб стаць шырока запатрабаванымі. У іх было шмат ручной працы, шматслойнасці, шывочкаў, вышыўкі, дэкору і вобразнасці, бо гэта быў амаж ідэйнаму натхняльніку. 

А ў малых формах я знайшла кампрамісную магчымасць і зарабіць, і выразіць сваю думку, якую я несла і ў вытворчых калекцыях на простых байках і майках, і ў складана скроеных камплектах. Упрыгожанні аказаліся больш даступнымі, чым даволі складанае ў рэалізацыі адзенне, на якое яшчэ трэба было знайсці сваю аўдыторыю. Я спадзяюся, што ўпрыгожанні для мяне – гэта прыступка да пашырэння кола прыхільнікаў брэнда, стварэння KANVA-кам’юніці. Давядзецца яшчэ сваю аўдыторыю выхаваць, самой трошкі падрасці, і ўжо на гэтай канве пачаць паказваць новыя калекцыі.

– Твае калекцыі рэгулярна трапляюць не толькі ў фэшн-часопісы кшталту ЭШ ці Fashion Collection, але і ствараюць нагоду для публікацыі ў шырока вядомых медыя. Удаецца дагрукацца да аўдыторыі?

Тое, што я раблю, не так проста зразумець і палюбіць, як прыгожыя сукенкі для дзяўчатаў. З кожнай новай публікацыяй у медыя да мяне прыходзяць новыя людзі. І нават калі хоць нехта з іх праз мае вырабы зацікавіцца глыбей якім-небудзь аспектам нашай культуры, то гэта ўжо маленькая перамога. Бо ў кожнай маёй калекцыі ёсць свая думка, свой канцэптуальны змест.

– Твой брэнд прадстаўлялі розныя знакамітыя людзі Беларусі, напрыклад, Меліціна Станюта. Для каго табе яшчэ выпадала ствараць уборы?

Аня Шаркунова носіць мае завушніцы, і хусткі набывала ў падарунак. Спявачка Паліна мае саламяныя завушніцы і “павукі” з новай лінейкі. Гурту Relikt я стылізавала здымку і рыхтавала іх да выступаў. Мастачка Цемра і завушніцы мае, і панамачку, і хустку. Але так усіх і не прыгадаеш, трэба сесці і скласці спіс маіх улюбёных пакупнікоў, каб у цяжкія хвіліны яго праглядаць і ўзбадзёрвацца.

Меліціна Станюта
Гурт Relikt

– Ці можна неяк ацаніць паспяховасць калабарыцый з артыстамі, мастакамі ці спартоўцамі?

Так, калі гэта сумежная аўдыторыя, то адбываецца дыфузны абмен: нехта выходзіць на мяне, нехта праз мяне даведваецца пра іх. Мне гэта падабаецца. За калабарацыямі вялікая будучыня.

Мужчыны ў спадніцах і завушніцах

– Нядаўна ў сеціве завірусіўся фотапраект KANVA, героямі якога сталі музыкі ў жаночых традыцыйных спадніцах. Раскажы, ці чакалі вы такога розгаласу і жорсткага падзелу аўдыторыі на тых, хто за творчы падыход да традыцыі, і тых, хто супраць такіх эксперыментаў?

Мы зусім не чакалі такой рэакцыі! Мы так прызвычаіліся варыцца ўнутры сваёй камфортнай прасторы, што для нас усіх гэты праект быў цалкам нармальны.

Я не ставіла мэты стварыць вірусны фотасэт, я нават не магла падумаць, што можа быць такі розгалас з усіх бакоў! Для мяне проста было важна сумясціць усё гэта: дызайнерскія аксэсуары і ўпрыгожанні, маскулінныя вырабы і элементы этнаграфічнага касцюму. 

Усе хлопцы мне блізкія па ДНК брэнда, гэта не мадэлі, а музыкі, якіх я люблю: Андрусь Такінданг, Артур Дзівія і Глеб TheHМ. Усё было зроблена з вялікай павагай да традыцый, да культуры, з разуменнем таго, што ў модзе можна ўсё, і ўсё гэта ў той ці іншай форме ўжо было, таму і не павінна выклікаць ніякіх благіх эмоцый. Мая аўдыторыя адрэагавала добра, а як толькі наш крэатыў выйшаў у шырокія масы, мы атрымалі шмат негатыву, нават хэйту, абсалютна мне не зразумелага. Выдумана было тое, чаго я туды не ўкладвала, але за гэта адразу і была асуджаная.

Напэўна, многія яшчэ не гатовыя да творчых эксперыментаў, а значыць, нам выпала місія пратоптваць гэтую сцяжынку. Хаця да тых, хто так жорстка адрынуў і асудзіў гэты праект, прыняцце свабоды творчасці ў модзе, музыцы ці любым іншым мастацтве можа ніколі і не прыйсці.

Пасля гэтага фотасэту замацавалася думка, што мы робім такія праекты для такіх жа, як мы, каб падтрымаць адно аднаго, каб не адчуваць сябе ў адзіноце.

Геаграфія брэнда KANVA

– Твой рынак пакуль абмяжоўваецца Беларуссю ці ў тваіх хустках і завушніцах ходзяць людзі па ўсім свеце?

Вялікая частка маёй аўдыторыі цяпер – гэта беларусы за мяжой, якім я часта дасылаю свае вырабы: ад Польшчы і Нідэрландаў да Нямеччыны і Нарвегіі. Ёсць пакупнікі ў Расіі і Украіне, але ўсё ж больш беларусаў.

– Многія дызайнеры з’язджаюць у модныя сталіцы свету, каб дабіцца новых вышынь. Цябе туды не цягне?

Так атрымалася, што амаль усе мае ўлюбёныя дызайнеры з Украіны. Bevza, Ліля Літкоўская, Gunia, Ксенія Шнайдэр… У іх вельмі крутое спалучэнне фолька і фэшна, яны сплятаюць свае карані з сучаснасцю. Напрыклад, Bevza – сусветна вядомы брэнд, хоць ён і пра лакальнасць. 

Мне б хацелася акунуцца ў гэты асяродак, гэта блізкая мне па духу прастора, не такая далёкая, як модныя сталіцы свету, але ўсё ж іншая, больш развітая ў тым кірунку, які мне падабаецца. Мне хочацца паказаць там свае вырабы і займець новыя знаёмствы, натхніццца новай атмасферай. 

– Чаго не стае нашай фэшн-індустрыі?

Калі мы кажам пра вялікія перамены ў модным бізнасе, каб наша індустрыя выйшла на новы ўзровень, трэба аб’ядноўвацца, трошкі прытупіць сваё эга.

Хочацца, каб мы былі больш адкрытымі, менш заціснутымі – гэта можа даць імпульс рухаць індустрыю наперад.

Са свайго боку я раблю ўсё, што магу. Можна скончыць фразай, якая вышыта на маіх футболках, якая ідзе яшчэ з дыпломнай работы і захаплення прыказкамі і прымаўкамі: “Што люблю, тое і раблю”. Трэба рабіць тое, што любіш, – толькі тады яно будзе пачута і вернецца табе бумерангам.

***

І яшчэ некалькі здымкаў Алены Драздовай з майстэрні Насты, калі яна яшчэ была на плошчы Перамогі ў Менску:

Што новага?

У красавіку 2023 года мы зноў звязаліся з Настай і распыталі, што змянілася ў яе жыцці і творчасці з моманту нашай сустрэчы ў Менску.

Наста, з часу нашае гутаркі мінула паўтара года, шмат што змянілася. Раскажы, як ты прыняла рашэнне пераехаць у Польшчу?

Рашэнне далося цяжка. Але зараз я імкнуся выкарыстоўваць гэты час у Польшчы з карысцю для брэнду і сябе. Тэхнічна пераезд мне даўся адносна лёгка, таму што я займаюся больш аксэсуарамі і гэтыя малыя формы патрабуюць менш месца. Але швейную машынку дагэтуль не атрымалася перавезці.

Падтрымліваю сувязь з сваёй менскай швачкай і майстрыцай па саломцы, але гэта ўсё цяжэй, бо ўсё менш сяброў вандруюць туды-сюды, каб нешта перадаць у Беларусь альбо з Беларусі. Новае месца патрабуе новых кантактаў. Цяжка, але трэба пачынаць шмат чаго з нуля.

Раскажы, як паўплываў пераезд на продажы?

Шмат беларусаў раскідана па свеце, таму ў некаторым сэнсе стала прасцей, таму што я часта дасылаю свае вырабы ў краіны Еўропы. У Варшаве ты раптам сустракаешся і з новымі для сябе творчымі беларусамі, з якімі нешта не атрымоўвалася ў Менску пазнаёміцца.

Чым адрозніваецца рынак дызайнерскіх аксэсуараў у Польшчы і Беларусі?

Пакуль адчуванне, што мы ідзём наперадзе са сваімі ідэямі. Палякі, здаецца, больш кансерватыўныя і сціплыя, але я дакладна ведаю яшчэ няшмат. Заўважыла, што любяць усё “аля франсэ” і мас-маркет.

Але разам з тым для сябе вырашыла, што я не падымуся з кален, пакуль да мяне не прыйдзе першая полька.

Я прайшла курс па брэндмэнэджмэнту People against fashion ад Дашы Бамбалінай. Вырашыла, што трэба аднавіць веды на новым месцы. Дзякуючы яе досведу і сувязям, спадзяюся, мая інтэграцыя ў мясцовае асяроддзе пойдзе хутчэй.

Якія навінкі пабачылі свет за апошнія паўтара года і што нас чакае далей?

Калі пачаць з калабарацый, то гэта праца з брэндам гарсэтаў Toto і сумесная калекцыя ўнісэкс цішотак з Shilo.

З уласных праектаў:

  • ГАРЧЭЙ ЗА ПАЛЫН з хусткамі, прысвечанымі Чарнобыльскай трагедыі і ўдзел у выставе Sunflower,
  • Калекцыя КУПАЛАК – шаўковых хустках з купальскімі песьнямі,
  • Летняя капсула празрыстых рэчаў з арганзы,
  • Зімовыя хусткі і рукавіцы – утульны дроп,
  • І яшчэ запуск калядных боксаў і фірмовых саламяных цацак KANVA KALIADА.

Я планую тут аптымізаваць і паляпшаць сваю працу, каб было больш прасторы для росту. Хочацца пераасэнсаваць сваю творчасць і нават зрабіць невялічкі рэбрэндынг. Я ўжо памяняла лога – гэта першы крок!

Працягваць кіраваць павучымі шабашамі – яны карыстаюцца папулярнасцю, і я рада, што да традыцыі ў маім выкананні ёсць такая буйная цікаўнасць.

І, канешне, калабарацыям быць;)

Наста Васючэнка і аўтарка інтэрв’ю Паліна Маслянкова

(c) ALOVAK

Leave a Reply