Новая творчая гісторыя ў ALOVAK – пра дызайнерку ўпрыгажэнняў Анастасію Псеўкіну @stassy_inspiration, якая падзеліцца сваім досведам у стварэнні брошак з дрэва і вядзенні прывабнай Instagram-старонкі для паспяховага прасоўвання і анлайн-продажу сваіх вырабаў праз інтэрнэт.
Тэкст: Паліна Маслянкова
Фота: інстаграм Анастасіі Псеўкінай
Пошукі нішы
– Насця, ты ўжо больш за 10 гадоў у творчым бізнэсе. Раскажы пра той момант, калі ты зразумела, што стварэнне ўпрыгажэнняў для цябе не хобі, а асноўны занятак.
Мне з дзяцінства падабалася творчасць, і выбар маёй прафесіі быў вызначаны. У 2007 годзе я паступіла на графічны дызайн у мастацкую вучэльню і ў працэсе навучання зразумела, што мне хочацца ствараць нешта прыкладное сваімі рукамі. Мы з аднагрупніцамі збіраліся разам і рабілі для сябе нейкія ўпрыгажэнні. Калі я стала прыходзіць у вучэльню з брошкамі ці завушніцамі з лямцу, я адчула, што і ў сяброў, і ў выкладчыкаў ёсць інстарэс да такіх вырабаў, што людзі гатовыя іх набываць. Мне не хапала тады смеласці адразу распачаць продаж, здавалася, што трэба спачатку атрымаць адукацыю, досвед. Але потым, калі дайшло да штодзённай працы, я зразумела, што пара ўжо браць з людзей грошы, пралічваць сабекошт упрыгажэнняў, шукаць пляцоўкі, дзе б я магла іх прадаваць.
Я разумела, што ніша цалкам свабодная і вельмі запатрабаваная. У мяне амаль не было канкурэнтаў, магчымасцяў развівацца тады было нашмат болей. Цяпер людзі сталі больш свядомымі ў дачыненні да спажывання, плюс крызіс, плюс яшчэ мільён фактараў. А тады мы з аднагрупніцай стварылі групу Ўкантакце, зарэгістраваліся як рамеснікі, прадавалі анлайн і аддавалі вырабы ў першыя хэндмэйд-крамы. Ужо тады гэта быў для мяне хоць і не вялікі, але заробак. Сяброўка з часам сышла ў графічны дызайн, а ў мяне стварэнне ўпрыгажэнняў ператварылася ў асноўную дзейнасць. Канешне, я падладжвалася пад трэнды, пад попыт сталых пакупнікоў, нешта новае для сябе спрабавала. Паступова знайшла нішу, якая адгукаецца мне і запатрабаваная сярод маёй аўдыторыі.
– Я пагартала старонкі майстроў, якія займаліся брошкамі ў Беларусі і былі вельмі паспяховыя ў гэтай нішы, але на дадзены момант многія ўжо не працуюць з упрыгажэннямі: хто ў дэкрэце, хто за мяжой, хто ў ІТ-сферы. Як табе ўдаецца займацца ўпрыгажэннямі з 2010 года і не выгараць?
Я яшчэ ў студэнцтве адчувала, што гэта маё. У кожнай прафесіі ёсць людзі, у якіх ёсць асаблівая любоў да сваёй справы. Гэта пра мяне.
Што тычыць малявання, мне яшчэ перад паступленнем у мастацкую вучэльню рэпетытар казала: “Я не магу сказаць, што ты таленавітая”. Канешне, мяне гэта моцна раніла, былі нейкія комплексы на гэты конт. Але аб’ектыўна я разумею, што мае аднакурсніцы маглі намаляваць аб’ёмны збан за пару секунд, а мне даводзілася сядзець падоўгу, вывучаць, як падае святло, які яно дае цень. Навык фармаваўся гадамі і спатрэбіўся мне ў стварэнні ўпрыгажэнняў. Думаю, сілы і рэсурсы для развіцця я знаходжу ў тым, што займаюся ўлюбёнай справай, у тым, што не маю мэты прадаць як мага болей, а прадаваць менавіта таму, каму мая творчасць сапраўды адгукаецца.
Шлях брошкі ад эскізу да ўпакоўкі
– Ты ствараеш брошкі з дрэва ўжо шосты год. Раскажы, якія этапы праходзіць адна брошка ад эскізу на паперы да ўпакоўкі ў каробачку. І якія з гэтых этапаў ты робіш сама, а якія дэлегуеш?
Спачатку я раблю эскізы на паперы, натхняючыся рознымі раслінамі ці іншымі сюжэтамі. Потым пераводжу малюнкі ў вектарную графіку і аддаю на вытворчасць, дзе адбываецца лазерная рэзка і гравіроўка драўлянай асновы. Гэта вельмі дарагое і складанае абсталяванне, якое робіць ювелірную работу. Тут трэба ведаць розныя налады і тэхнічныя моманты, бо гравіроўка можа быць тонкай ці тоўстай, раўнамернай ці фактурнай. Я супрацоўнічала з чатырма майстэрнямі, перш чым знайшла, каму можна даверыць гэты этап працы, бо не кожнае абсталяванне пасуе для маіх задач.
Тэхнічных момантаў у працы становіцца больш, калі ты пераводзіш сваё захапленне ў творчы бізнэс. І разбірацца ва ўсім гэтым – гэта вялізная праца над сабой. Перш чым дэлегаваць, трэба спачатку зразумець, што ты хочаш атрымаць у выніку. Трэба стварыць дакладнае тэхнічнае заданне, каб драўляная аснова потым выглядала не як кавалачак дрэва, а як маленькі твор мастацтва. Многія менавіта на гэтым этапе заходзяць у тупік і выгараюць.
Потым драўляная аснова распісваецца акрылавымі фарбамі. Я пераспрабавала вельмі шмат матэрыялаў і цяпер спынілася на літоўскім вытворцы прафесійных мастацкіх фарбаў. Пасля роспісу брошкі я пакрываю воданепрымальным лакам, каб іх можна было насіць на верхнюю вопратку: яны не баяцца сонца і ападкаў. Нават калі я выконваю буйную замову на вялікую колькасць брошак, роспісам я займаюся сама, бо пакуль не стаўлю за мэту маштавабацца, мне важна, каб мае ўпрыгажэнні выходзілі лімітаванымі калекцыямі і не ператвараліся ў мас-маркет.
Таксама я сама камунікую з пакупнікамі, займаюся прасоўваннем і продажамі, адпраўляю пасылкі па пошце. Па Мінску часам карыстаюся Яндэкс.дастаўкай. Я не маю права наймаць супрацоўнікаў, але я купляю паслугі ў канкрэтных кампаній, каб палегчыць сабе працу.
Свая майстэрня
– Этап размалёўкі загатовак – гэта для цябе руціна ці нешта накшталт медытацыі?
Я вельмі расслабляюся, для мяне гэта адпачынак. Я прыходжу ў майстэрню недзе днём, першую гадзіну адказваю на паведамленні, дамаўляюся пра сустрэчы, а потым адкладаю тэлефон і адпачываю пад роспіс. Я вызваляюся ад трывожных думак і атрымліваю асалоду ад працэсу.
– Калі ты зразумела, што табе неабходная майстэрня, і як ты шукала памяшканне для яе?
Думка пра сваю майстэрню ў мяне з’явілася гады два таму, калі я зразумела, што мае кліенты прыходзяць на маркеты толькі для таго, каб набыць брошкі, ужо выбраныя праз Instagram. А маркет – гэта клопатная справа: усе вырабы збяры, раскладзі ў каробачкі, потым раскладзі на стэндзе, цэлыя выходныя камунікуй з людзьмі, давай рэкамендацыі і парады, потым зноў усё збяры і завязі назад. Часам гэта вымотвае. Плюс нерацыянальна плаціць арэнду маркету за тое, што мае кліенты прыйшлі і набылі. Я разумела, што адкрыць краму – гэта зусім іншыя выдаткі, таму майстэрня стала самым лагічным варыянтам у нашых рэаліях.
Я доўга шукала памяшканне. Пасля вучэльні я працавала ў сферы моды – у італьянскіх буціках. Нас вучылі надзяляць шмат увагі сэрвісу і стасункам з кліентамі. Таму, калі я выбірала памяшканне для майстэрні, для мяне была вельмі важная лакацыя (цэнтр горада, паркоўка, хвіліна ад метро) і атмасфера ў будынку (ніякіх прапускоў і прахадных, жорсткага графіку працы).
Роўна год таму тут, каля кінатэарта “Беларусь”, працавала мая майстрыца па манікюру. І калі я прыйшла ў гэты будынак, я зразумела: ён мне так падабаецца, што я не хачу адсюль сыходзіць! Недзе праз пару месяцаў у мяне ўжо была свая майстэрня. Тут усяго 12 квадратных метраў, але мне гэтага дастаткова: ёсць мой стол, дзе я займаюся роспісам, вітрыны з чокерамі і брошкамі, дзе можна іх выбраць, і два люстэркі, дзе можна іх прымерыць.
Я заўсёды чую, што ў пакупнікоў вочы разбягаюцца. Каб палегчыць выбар, у мяне ўсе брошкі раскладзеныя па колеравых блоках – гэтая фішка ў мяне з’явілася яшчэ з маркетаў.
Я назіраю за кліенткамі і заўважаю, па якіх крытэрах яны шукаюць сабе ўпрыгажэнні. Напрыклад, у дзяўчыны чырвоная сукенка, і яна хоча сабе брошку ў тон. А ў мяне ёсць чырвоная кветкавая брошка, але ў ёй шмат градацый колераў, за кошт гэтага яна падыдзе да сукенкі розных адценняў чырвонага і пры гэтым не сальецца з фонам.
– Ты яшчэ робіш брошкі пад замову ці можна выбіраць толькі з таго, што ёсць у наяўнасці?
Калі дызайн нейкай кветкі я ўжо распрацавала, яе можна набыць альбо замовіць, калі яе няма ў наяўнасці. Калі ж у мяне просяць намаляваць нейкага персанажа, напрыклад, вавёрачку ці лісічку, я бяру замову, але гэта больш дарагая паслуга, бо тут я ўжо працую не толькі як майстар, але і як дызайнер, ствараючы нешта персанальна пад чалавека.
– Раскажы, калі ты вырашыла праводзіць майстар-класы па стварэнні брошак і што гэта табе дае як майстру?
Майстар-класы я пачала праводзіць у 2012 годзе, бо сфера хэндмэйду была практычна свабодная ў Беларусі, а майстроў з мастацкай адукацыяй амаль не было. Мяне сталі зваць розныя арганізацыі і сямейныя цэнтры. Потым у мяне з’явіўся інстаграм-акаўнт, і адтуль пачалі прыходзіць замовы. Я нідзе не рэкламавала майстар-класы, але людзі пісалі і запрашалі праз сарафаннае радыё. Пэўны час я адчувала сіндром самазванца, бо я мастачка, а не выкладчыца, але з досведам гэта прайшло.
Цяпер у мяне ёсць майстэрня, таму майстар-класы я стала праводзіць на рэгулярнай аснове. Мне не шкада дзяліцца сваімі ведамі, для мяне гэта разрадка, новы досвед. Мне падабаецца, што дзяўчаты сыходзяць натхнёныя, акрыленыя, пакідаюць вельмі шмат водгукаў. Мы размаўляем пра тое, чым адрозніваецца роспіс ад размалёўкі, вучымся змешваць фарбы, распазнаваць унікальныя брошкі ад паўторак.
Да мяне на майстар-класы прыходзіць іншая аўдыторыя. Як правіла, гэта дзяўчаты, якія думаюць: “Ну што тут расфарбаваць гэтую брошку, зараз за 5 хвілін усё зраблю!” А потым у працэсе яны літаральна спасцігаюць каштоўнасць ручной працы. Калі яны самі гэта зрабілі, калі яны зразумелі, што на адну брошку трэба не 10 хвілін, а як мінімум гадзіна працы! І роспіс па дрэве – гэта не самы цяжкі працэс. Напрыклад, у кераміцы этапаў у мільён разоў болей.
Ва ўдзельніц майстар-класаў погляд на мяне адразу змяняецца. Нават калі яны не былі маімі кліенткамі, яны становяцца імі пасля, набываюць брошкі мамам і сяброўкам. Таму для мяне місія майстар-класаў у тым, каб данесці каштоўнасць ручной працы.
– Падзяліся парадамі, як насіць брошкі, каб выглядаць сучасна і стылёва?
Адна справа – гэта тэндэнцыі ў модзе, а другая справа – твой унутраны свет. Калі прыходзіць дзяўчына, і ў яе гараць вочы, ёй падабаецца пэўная стылістыка, пэўныя аксэсуары, то яна апрыёры выглядае стылёва, бо яна нясе ў сабе святло: глядзіце, якая я прыгожая і які ў мяне ўнікальны аксэсуар!
Але трэба ўлічваць, канешне, тыпаж. Ёсць бяспройгрышныя спалучэнні, напрыклад, шэра-ружовы. Але ён падыдзе дзяўчынам класічнай славянскай знешнасці: з блакітнымі вачыма і русымі валасамі. А дзяўчыне з рудымі валасамі лепш будзе пасаваць нешта аліўкавае, высакародная зеляніна, напрыклад.
Сакрэты прывабнай старонкі ў Instagram
– Прыгожы інстаграм для майстра ўпрыгажэнняў – гэта must have?
Інстаграм майстра можа складацца і з акуратных здымкаў вырабаў на белым фоне. У кожнага свой падыход. Нехта хоча толькі прадаваць, нехта хоча рабіць гэта неяк адметна.
Я магу сказаць, што недзе 50% маіх падпісчыкаў на мяне падпісаліся не таму, што я раблю брошкі, а таму, што ў мяне прыгожы інстаграм. Яны спачатку падпісаліся і толькі потым пачалі набываць. Нехта гэта зрабіў праз тыдзень, а нехта і праз два гады.
Прыгожы інстаграм – гэта дадатковы інструмент продажаў, спосаб затрымаць у сябе на старонцы нават тых, каго ў дадзены момант не цікавяць брошкі, але я буду побач у падпісках, калі спатрэбіцца ідэя для падарунка.
– Калі ты стала надзяляць асаблівую ўвагу Інстаграму як пляцоўцы для прасоўвання і што зрабіла ў першую чаргу?
Калі з’явіўся Instagram, у мяне ўжо была даволі раскручаная група Ўкантакце, і мне не хацелася нешта мяняць. Але сяброўка мяне пераканала, што будучыня за Інстаграмам, і я здалася. Я адразу разумела, што не буду посціць сэлфі і ежу, а паспрабую яго весці ў творчым рэчышчы. Я шмат чытала, праходзіла вэбінары па продажах і алгарытмах гэтай пляцоўкі. А што тычыць візуалу, гэта нагледжанасць, якая сфармавалася на працягу навучання: пачуццё колеру, кампазіцыі, густу. У мяне адпачатку быў сур’ёзны падыход да вядзення старонкі, і цяпер я спрабую яго прытрымлівацца.
– Раскажы, якія задачы вырашае твой прыём чаргавання прадметных здымкаў з брошкамі, дзе іх можна разгледзець у дэталях, і партрэтных фота, дзе брошкі – толькі дэталь вобраза?
Кампанаванне здымкаў для стужкі – гэта таксама мая любоў і яшчэ адна грань майго творчага бізнэсу. Мне здаецца, гарманічная старонка, на якой можна разгледзець самі вырабы і ўявіць, як яны будуць глядзецца ў вобразе, закрывае амаль усе пытанні, якія могуць ўзнікнуць пры выбары ўпрыгажэння.
Але часам я станаўлюся ахвярай сваёй стужкі. Напрыклад, я ведаю, што пасты з топавымі вырабамі, напрыклад, з валошкамі, мне могуць прынесці больш продажаў, але я не магу пераступіць цераз сябе, бо разумею, што яны не будуць спалучацца з перадкаляднай тэматыкай і каларыстыкай пастоў. Але ёсць цудоўнае выйсце – можна публікаваць валошкі ў сторыс! Гэта вельмі добры інструмент продажаў!
Развіццё асабістага брэнду хэндмэйд-майстра
– Ты прынцыпова не прыдумвала назву брэнда. Тваё імя – і ёсць твой брэнд. Ты з’яўляешся на сваёй інстаграм-старонцы ў кожным другім пасце. Раскажы, наколькі важна развіццё асабістага брэнду для майстра?
У мяне ўсё склалася інтуітыўна, бо мне не падабаліся старонкі, на якіх за вырабамі не было бачна майстра. Акурат тады я паступіла ў ЕГУ на турызм і культурную спадчыну, шмат падарожнічала, і мне вельмі хацелася гэтым дзяліцца. Я вырашыла, што буду міксаваць брошкі і свае вандроўкі, адкрыцці, уражанні. А калі з’явілася паняцце асабістага брэнду, у мяне ён ужо быў сфармаваны.
Калі ж мая старонка стала асноўнай крыніцай прыбытку, я прайшла вэбінар пра асабісты брэнд у Сашы Мітрошынай – блогеркі-мільённіцы. Самае каштоўнае, што яна транслявала, гэта быць сабой, не рабіць, як яна, а знайсці ў сабе адметнасць і яе развіваць.
Цяпер жа ўсе разумеюць, што неяк трэба трансляваць асобу майстра, але не адчуваюць мяжы: калі гэта да месца, а калі не дарэчы. Таму лагічней пачынаць з прадукта, а потым паступова публікаваць нейкія факты пра творчасць, навучанне, натхненне. Усе пытанні гэтага інтэрв’ю можна ўзяць за кантэнт-план для старонкі якога-небудзь майстра.
Напрыклад, у мяне пытаецца знаёмая астролаг, у якой каля 300 падпісчыкаў: “Я, апроч астралогіі, люблю вышываць. Можа, мне пісаць яшчэ і пра вышыўку?” Па шчырасці, так рабіць не варта, гэта зусім розныя нішы.
Калі блог вялікі, напрыклад, 20 тысяч падпісчыкаў, як у мяне, то пэўныя адступленні ад асноўнай тэматыкі магчымыя. Да прыкладу, калі я сёння іду на Джэймса Бонда, я, напэўна, падзялюся гэтым. Мая аўдыторыя ўжо прызвычаілася, што я вяду актыўны лад жыцця, наведваю розныя мясціны. Я ўжо адчуваю сваю аўдыторыю. У мяне там маладыя дзяўчынкі ці мамы падрослых дзетак, яны таксама часта кудысьці выбіраюцца, ім гэта блізка. Я ведаю, што ім цікава і пра кіно, і пра кавярні, і пра нейкія імпрэзы. А калі ты яшчэ не адчуваеш сваю аўдыторыю, не ведаеш, хто твая падпісчыкі, чым яны займаюцца, лепш трансляваць свае вырабы і паказваць, як ты іх ствараеш.
– Ты замаўляеш кантэнт-фотасесіі ці табе пашэнціла з сябрамі фатографамі?
Раней мяне здымалі сябры, бо я не гналася за прафесійнымі здымкамі. Цяпер даволі якасныя тэлефоны: пры добрым асвятленні мяне і сяброўка можа сфоткаць прыгожа. Але сёлета на адкрыццё майстэрні я запрашала фатографа і дагэтуль часам замаўляла фотасесіі для кантэнту.
Я зразумела, што мне прасцей заплаціць за фотасесію, чым напружваць сваіх сябровак. Гэта не так дорага, але затое я ведаю, што фатограф зробіць шмат якасных кадраў, якія дакладна мне падыдуць.
Пасля некалькіх прафесійных здымак мне сталі пісаць фатографы і прапаноўваць супрацоўніцтва. Цяпер ёсць фатографы, якія гатовыя здымаць мяне бясплатна. І ёсць фатографы, да якіх я магу звярнуцца на камерцыйнай аснове.
– Услед за трэндамі і попытам на відэакантэнт пачалі з’яўляцца відэаролікі і ў творчых акаўнтах. А гэта балючае пытанне для тых, хто ўжо фота рабіць навучыўся, а відэа яшчэ не засвоіў. Ці так неабходна здымаць відэа для Інстаграм, каб не страціць ахопы?
Відэакантэнт – гэта не толькі трэнд, але і круты бясплатны сродак прасоўвання! Але калі хэндмэйд-майстар ці мастак не можа здымаць Reеls ці кароткія відэа, то гэта можна дэлегаваць кантэнт-мэнэджару ці відэографу. Відэакантэнт – гэта дадатковая крыніца трафіку ў акаўнт. Reеls паказваюцца іншай аўдыторыі падпісчыкаў, часам яны збіраюць вельмі добрыя ахопы.
Калі ёсць час, у гэтым можна разабрацца і самастойна. Інфармацыі пра тое, як здымаць і мантажаваць відэа, шмат у адкрытым доступе. Таксама ёсць курсы і бясплатныя марафоны.
Галоўнае – мець жаданне, спрабаваць нешта новае, выходзіць з зоны камфорту – і тады ўсё атрымаецца. Канешне, можна абысціся і без відэакантэнту. Ёсць людзі, якім дастаткова на фота пабачыць выраб з розных бакоў, але відэа – гэта дадатковыя продажы.
– Ты і майстар, і мадэль для сваіх упрыгажэнняў. А твая аўдыторыя такая ж, як ты?
Аўдыторыя ў мяне розная. У мяне ёсць дзяўчынкі, падобныя да мяне: маладыя, паспяховыя, маюць нейкі бізнэс ці цікавую працу. Таксама ў мяне шмат мам, якія ўжо вырасцілі сваіх дзяцей і маюць больш вольнага часу і жадання сябе ўпрыгожваць. Ёсць і мужчыны, якія спачатку прыходзяць, бо жонка папрасіла, а потым прыходзяць зноў, бо ўжо ведаюць, што жонцы падабаецца, і хочуць зрабіць сюрпрыз.
– А як да цябе прыходзяць пакупнікі? Толькі праз Інстаграм ці ёсць яшчэ нейкія каналы прасоўвання?
Канешне, асноўная частка пакупнікоў прыходзіць праз Інстаграм. У будынку майстэрні вісіць мая шыльда – некаторыя людзі заходзяць і адразу нешта набываюць. Яшчэ я паспрабавала размяшчэнне на партале nalune.by – некаторыя продажы ідуць адтуль. Колішнія знаёмыя прыходзяць наўпрост па старой памяці, а не праз Інстаграм. А вось з групы Ўкантакце ўжо даўно не было продажаў.
Улюбёныя метады прасоўвання ў Інстаграм
– Ці ўкладала ты калі-небудзь грошы ў прасоўванне сваёй старонкі ў Інстаграм?
Канешне. Кожны дзень укладаю. Я ўкладаю ў прасоўванне больш, чым у матэрыялы. Гэта таргет, гэта рэклама ў блогераў, гэта выдаткі на пакупку аксэсуараў і фонаў для фотасесій. А яшчэ хутка будзе марафон па прасоўванні, у якім я буду распавядаць, як рабіць фатаграфіі, якія дапамагаюць прадаваць. Я заплаціла за ўдзел, бо там я сярод іншых экспертаў, якія будуць распавядаць нешта цікавае і даваць рэкламу на гэты марафон у сваіх акаўнтах. У выніку кожны падзеліцца са сваёй аўдыторыяй, а зацікаўленыя людзі падпішуцца на ўсіх экспертаў, каб атрымаць доступ да марафона.
– Якія метады прасоўвання ты выкарыстоўвала наогул і якія з іх аказаліся найбольш эфектыўныя?
Усе эфектыўныя. Я спрабавала самыя розныя метады і магу сказаць, што ўсе яны працуюць. Канешне, бываюць няўдачы. Прычым такое бывала менавіта з буйнымі блогерамі, бо яны хутка страчваюць давер аўдыторыі.
Цяпер тэндэнцыя на рэкламу ў малых блогераў: ад іх можа прыйсці болей людзей, і гэтая аўдыторыя будзе больш лаяльная.
– Ёсць меркаванне, што розыгрышы сталі антытрэндам Інстаграма. Што ты думаеш на гэты конт?
Для кагосьці антытрэнд, а для кагосьці – не. Я прыняла рашэнне, што ў мяне іх будзе меней, чым раней. Людзі сапраўды насыціліся, свядомае спажыванне перарасло ў свядомыя падпіскі. Людзі не хочуць падпісвацца на 20 левых акаўнтаў, нават калі разыгрываюць дайсан ці айфон. Але людзі ўсё адно любяць падарункі, і я буду іх часам дарыць.
– Назаві 5 тваіх самых ўлюбёных метадаў прасоўвання ў Інстаграм:
- Лайктаймы – я іх праводжу ўжо каля трох гадоў. Я прывучыла да іх сваю аўдыторыю. Гэтая актыўнасць вельмі добра падымае ахопы і на арганічным узроўні павялічвае аўдыторыю. Плюс я кааперуюся з рознымі дзяўчатамі – і атрымліваецца вельмі добры бясплатны метад прасоўвання.
- Таргет – гэта вельмі дорага, але ён дазваляе атрымаць самую гарачую мэтавую аўдыторыю, якая гатовая набываць больш за ўсё.
- Блогеры – ад іх прыходзіць цёплая і лаяльная аўдыторыя, якая давярае ім і гатовая ў перспектыве ў мяне набываць. Пры выбары блогераў я сачу за акаўнтамі 3-4 дні, гартаю стужку, гляджу сторыз і аналізую, што чалавек рэкламуе. Калі гэта зніжкі ў “Еўраопце”, то я наўрад ці да яго звярнуся. Я ўжо ўсвемдаляю, каму падабаюцца мае ўпрыгажэнні. І па тых каштоўнасцях, якія транслюе блогер, я разумею, пасуе ён мне для рэкламы ці не. Напрыклад, аўдыторыя маладых мам – гэта добрая аўдыторыя, але не зусім мая. Мне пасуюць блогеры, якія займаюцца яшчэ чымсьці, акрамя мацярынства, маюць свае захапленні ці цікавую працу.
- Арганічны рост – гэта рост за кошт якаснага кантэнту, трэндавых фатаздымкаў, якія заўважаюць буйныя тэматычныя паблікі і рэпосцяць іх сабе на старонку. Мне самой падабаецца рабіць атмасферныя кадры, ствараць прыгожы візуальны кантэнт, таму гэты метад мне адгукаецца.
- Марафоны – цікавы варушняк, але пра эфектыўнасць скажу пазней, бо даўнавата ў іх не ўдзельнічала і вось у хуткім часе змагу ацаніць.
– Ці бярэш ты рэкламу сама?
На шчасце, я маю магчымасць браць рэкламу толькі на тыя тавары і паслугі, якімі сама карыстаюся. Гэта канкрэтныя прадукты: касметыка, адзенне беларускіх дызайнераў ці хэндмэйд-вырабы. Тое, што я сама гатова насіць і ўжываць, я з задавальненнем магу рэкамендаваць.
Памылкі і парады
– Якія памылкі ты часта назіраеш у творчых акаўнтах?
Калі казаць пра памылкі ў візуале, то часцей за ўсё гэта не зусім якасныя прадметныя здымкі, фатаграфіі з вялікай колькасцю дэталяў без акцэнту на прадукце. Ёсць і тэхнічныя недахопы: баланс белага, глыбіня рэзкасці, праблемы са святлом. Але ўсе гэтыя недахопы лёгка выправіць: прайсці фотакурсы па здымцы на фотаапарат ці тэлефон або дэлегаваць здымку кантэнт-фатографу.
Улічваючы трэнд на асабісты брэнд, рамеснікі-пачаткоўцы часта пачынаюць трансляваць у блогах адразу ўсё сваё жыццё, якое часам не перагукаецца з творчай тэматыкай. Пачынаецца каша, няма суцэльнай карцінкі ўспрыняцця. Таму я рэкамендую першапачаткова рабіць акцэнт на сам прадукт, а ўжо потым, калі вы адчуеце сваю аўдыторыю і яе інтарэсы, плаўна ўводзіць асабісты брэнд.
– У якіх творчых акаўнтах ты чэрпаеш натхненне?
Я не асабліва сачу за персанальнымі творчымі акаўнтамі, але мне даспадобы афіцыйная старонка etsy ды іншыя еўрапейскія ці амерыканскія паблікі.
Асноўная мая крыніца натхнення – гэта камунікацыя з творчымі, паспяховымі, цікавымі людзьмі. Напрыклад, неяк мы з сяброўкай былі на прэзентацыі кнігі Віктара Марціновіча, а ў кнізе была валошка. Караліна мне сказала: “Рабі брошкі-валошкі – гэта ж сімвал Беларусі”. А мне тады неяк не асабліва падабаліся валошкі. Гэта цяпер я бачу прыгажосць у любым пустазеллі, а тады мне больш падабаліся півоні ды ружы. Але я стала да іх прыглядацца, распрацавала дэталёвы малюнак – і цяпер валошка ў мяне ўзначальвае топ продажаў.
Цікава, што мне прапаноўвалі нават на лагатыпе размясціць валошку, бо мяне ўжо па іх пазнавалі: ага, тая Насця, што робіць брошкі-валошкі. Яны часцей за ўсё прадаюцца, заўжды ёсць у наяўнасці, асацыююцца з Беларуссю і на Еўрабачанне ездзілі. Не ведаю, чым я заслужыла такую вядомасць, але па валошкі часцей за ўсё прыходзяць да мяне.
– Якія парады ты гатова даць майстрам, якія прачытаюць гэты матэрыял і вырашаць рухацца да прыгожай і эфектыўнай Instagram-старонкі?
Першапачаткова падыходзьце да гэтай справы з усёй адказнасцю. Ведайце, што вам давядзецца не проста ствараць прыгожыя вырабы ручной работы – вам прыйдзецца мець справу з рэкламнымі кампаніямі, падрыхтоўкай кантэнту, перапіскамі з замоўцамі, продажамі.
Трэба даваць рады з усімі абавязкамі або вучыцца дэлегаваць нейкія моманты. Стварэнне тэкстаў і фота можна аддаць на аўтсорс фатографу ці SMM-спецыялісту.
Канешне, я рэкамендую шукаць аднадумцаў, развівацца, праходзіць навучанне, марафоны, курсы. А яшчэ з любоўю падыходзіць да сваёй справы, каб не было выгарання і дэпрэсіі.
Больш натхнення і карысці шукайце ў інстаграме нашай гераіні @stassy_inspiration.
(с) ALOVAK
[…] калабараыі дызайнеркі ўпрыгожанняў Анастасіі Псеўкінай і адзення […]