Што такое творчыя калабарацыі і навошта яны майстрам?

Калі калабарацыямі ў фэшн-сферы ўжо нікога не здзівіш, то сярод беларускіх майстроў гэта пакуль што рэдкасць, а дарма. Звярніце ўвагу на гэты эфектыўны інструмент, з  дапамогай якога можна не толькі ствараць нешта сапраўды ўнікальнае і самабытнае, але і абменьвацца з партнёрамі па калабарацыі аўдыторыямі і прыцягваць увагу патэнцыйных пакупнікоў.

Расказваем, якія бываюць калабарацыі, дзеля чаго іх варта рабіць, як іх арганізоўваць і на што зважаць пры выбары партнёра.

Што такое творчая калабарацыя?

Калабарацыя – гэта сумесная ўзаемавыгадная супраца двух або болей майстроў, дызайнераў, мастакоў і нават блогераў, вынікам якой становіцца нейкі новы праект або выраб.

Больш за тое, удзельнікі калабарацыі могуць прыдумаць і рэалізаваць такія спалучэнні, якія ніхто раней не мог уявіць – гэта выклікае дадатковую цікавасць.

Калабарацыі ствараюць і файную магчымасць для інфанагоды – іх абмяркоўваюць,  пра іх расказваюць сваёй аўдыторыі.

Не абавязкова распрацоўваць нешта глабальнае. Сумесны допіс, фотасесія вашых з партнёрам вырабаў, узаемапіяр і нават супольны конкурс – усё гэта таксама прыклады калабарацый. Але да такіх формаў калабарацый варта таксама падыходзіць творча.

Прыклады калабарацый

Апошнім часам айчынныя брэнды адзення актыўна эксперыментуюць з прынтамі і папулярызуюць творчасць самых розных беларускіх мастакоў і ілюстратараў. Напрыклад:

Карціна Надзеі Леановіч на байках ад Honar :

Ілюстрацыя Лізы Хіхлушкі на футболках ад “Холад”:

Карціна Наташы Неўмержыцкай на футболцы ад PAR:

Калабарацыі сярод майстроў можна сустрэць не так часта, але яны таксама ёсць. Напрыклад, завушніцы, якія стварылі сумесна майстрыца Юлія (брэнд упрыгожванняў СОВЕСТЬ) і мастак Сяргей Русакоў:

Нам прыемна, што ўдзельнікі #фотадзень_ад_ALOVAK карыстаюцца выніковымі фота для самых розных калабарацый – ад допісаў, у якіх адзначаюць сваіх калег, да сумесных разыгранак. Прыклады ад мануфактуры аўтарскіх рэцэптаў Maroziva, майстрыцы Сашы Баршчовай, праекта “Лёгкая мова”:

Больш прыкладаў калабарацый ад беларускіх дызайнераў і майстроў глядзіце ў артыкуле ніжэй.

Мэты калабарацыі

🔹 Пашырэнне аўдыторыі і павелічэнне пазнавальнасці

Удзельнікі калабаў абменьваюцца паміж сабой аўдыторыямі. Аб’ядноўвацца дзеля сумеснай працы могуць як майстры-калегі, так і тыя, хто працуе ў розных сферах.

🔹 Творчыя эксперыменты

Калабарацыі дазваляюць майстрам праявіцца, паказаць свае здольнасці  найлепшым чынам, паспрабаваць сябе ў новым для сябе матэрыяле і нават спалучыць неспалучальнае!

🔹 Скарачэнне выдаткаў

Калабарацыя – добры спосаб падзяліць выдаткі (на вытворчасць / фотасесію / прасоўванне)

🔹 Гучная інфанагода

Так, гэта таксама можа стаць мэтай калабы, але ў такім выпадку варта звярнуць увагу на трэндавыя тэмы і кірункі, якія прыцягнуць увагу людзей.

🔹 Новыя ўражанні

Творчыя калабарацыі – гэта заўсёды чэлендж для сябе, новы і карысны досвед, які дазваляе пазнаёміцца бліжэй з цікавымі творчымі людзьмі

Даша, стваральніца свечак ШЭМ піша ў сваім профілі пра калаборацыі з больш чым з 10 керамістамі.

Як арганізаваць калабарацыю: інструкцыя

Важна: які пункт інструкцыі для вас будзе першым, вырашаць вам. Магчыма, у вас ужо ёсць задумка калабарацыі, а магчыма, вы дакладна ведаеце, з кім бы хацелі яе арганізаваць.

1) Выбіраем партнёраў

Каб калабарацыя была не толькі паспяховай, але і прыемнай, выбіраючы партнёра для супрацы, варта ўлічыць наступныя фактары:

🔹 Падабенства каштоўнасцяў

Падумайце, якія якасці і перакананні патэнцыйнага партнёра вам важныя, даведайцеся больш пра таго, каму хочаце прапанаваць ідэю супрацы.

🔹 Аўдыторыя партнёра

Тут няма нейкіх агульных парад, усё залежыць ад мэтаў калабарацыі і вашых асабістых пажаданняў. Аўдыторыі партнёраў могуць быць як сходнымі – калі вам будзе дастаткова нагадаць пра сябе тым, хто і так пра вас ведае, так і цалкам рознымі – каб знайсці новых патэнцыйных пакупнікоў.

На фота з фотадзень_ад_ALOVAK: кераміка “Травы мары”, тэкстыль Mayafactory.by і фларыстыка Ганны Савановіч

2) Фармулюем мэты

Перад запускам калабарацыі важна выразна сфармуляваць яе мэты – ад гэтага будзе залежыць выбар выніковага прадукта і інструментаў прасоўвання. Вашы мэты з партнёрам/-і могуць адрознівацца, але важна, каб яны не супярэчылі адна адной.

3) Прыдумляем прадукт

Падумайце, які выніковы прадукт вы бачыце: ці гэта будзе адзін выраб, ці лімітаваная калекцыя, ці шырокі тыраж.

Але што б гэта ні было, важна, каб выніковы прадукт адлюстроўваў вашы каштоўнасці, каб у ім адчуваліся і гарманічна спалучаліся моцныя бакі партнёраў.

Прыклад сумесных вырабаў: кераміка Таццяны Рудзені з драўлянымі вечкамі ад майстэрні “Апілкі

4) Фіксуем дамоўленасці

Важна не толькі дамовіцца, але і зафіксаваць нейкім чынам тое, пра што вы дамовіліся з партнёрам – хто адказвае за лагістыку, за вынікі, як вы дзеліце выдаткі і прыбыткі, аўтарскія пытанні і іншыя моманты. Гэта можна зрабіць ці ў дагаворы, ці хаця б у гугл-дакуменце.

5) Заяўляем пра сябе

Калабарацыя можа быць геніяльнай, але калі пра яе ніхто не даведаецца – будзе сумна.

Пра калабарацыі можна і трэба расказваць у сацсетках партнёраў не толькі пасля стварэння гатовага прадукта, але і да гэтага моманту: публікуйце анонсы, дзяліцеся працэсам стварэння. За такім назіраць заўжды цікава!

6) Аналізуем эфектыўнасць

Тое, як вы будзеце ацэньваць вынікі калабарацыі, будзе залежыць ад пастаўленых мэтаў: жадаеце падвысіць пазнавальнасць – глядзіце на колькасць рэпостаў і адзнак у сторыз; разлічваеце павялічыць прыбытак – сачыце за колькасцю продажаў; імкняцеся пашырыць аўдыторыю – улічвайце прагляды, падпіскі, падабайкі і каментары.

Паказ-калабарацыя адзення Ton-in-ton, упрыгожанняў ад Vedovka і вязаных балаклаў ад Svetlana Bast

Бонус! 10 ідэй для калабарацый

Стварэнне сумесных вырабаў з іншым майстрам (тэкстыль + вышыўка, дрэва + свечкі, кераміка + роспіс і г.д.).

Прапанова ілюстратару / мастаку распрацаваць прынт для вашых вырабаў.

Супраца прадметнага дызайнера і майстра-рамесніка (напрыклад?).

Супраца людзей творчых прафесій з блогерамі (напрыклад, стварэнне мерчу ці партыі вырабаў).

Стварэнне вырабаў для аграсядзібаў, кавярняў, сувенірных крамак музеяў, фотастудый.

Актыўнасці ў сацсетках і не толькі: супольныя эфіры, марафоны, інтэрв’ю, падкасты.

Стварэнне мерчу для выставы ці іншай імпрэзы.

Сумесны ўдзел у маркеце з майстрам, чые вырабы добра спалучаюцца з вашымі (тэкстыль + кераміка, упрыгожанні + аксэсуары і інш.)

Удзел у супольных фотаздымках, напрыклад, у #фотадзень_ад_alovak

Стварэнне сумесных адукацыйных прадуктаў: майстар-класаў, курсаў, гурткоў.

Прыклад калабараыі дызайнеркі ўпрыгожанняў Анастасіі Псеўкінай і адзення Honar

Карціна мастачкі Ірыны Малукалавай на футболках ад “Холад”

***

Пішыце ў каментарах, на якія калабарацыі вы гатовы? З кім бы хацелі пасупрацоўнічаць? Няхай клёвых і запамінальных калабарацый стане болей!

Leave a Reply