Беларускамоўныя старонкі майстроў, мастакоў і дызайнераў

У дзень роднае мовы ALOVAK сабраў падборку майстроў, мастакоў і дызайнераў, якія вядуць свае прафесійныя акаўнты па-беларуску. Яны падзяліліся з намі гісторыямі, чаму сталі весці сваю старонку па-беларуску і як гэта адбілася на стасунках з аўдыторыяй.

Змест падборкі

  1. Вырабы з дрэва
  2. Кераміка і прадметы дэкору
  3. Упрыгожанні
  4. Адзенне і аксэсуары
  5. Мастакі і ілюстратары
  6. Выцінанка і паштоўкі
  7. Прысмакі ды зёлкі

Вырабы з дрэва

@redbarbatum

Ягор і Наталля робяць архітэктурныя цацкі з дрэва, а старонку майстэрні сталі весці па-беларуску недзе год таму. Сябры і падпісчыкі з Беларусі і Расіі з павагай паставіліся да гэтага кроку, і майстры ўдзячныя ім за гэта.

“У звычайным жыцці наша сям’я рускамоўная, але за апошнія гады наша жыццё, як і амаль ўсіх беларусаў, перавярнулася з ног на галаву – і ўсё навокал атрымала сэнс, і ў першую чаргу родная мова. Наш акаўнт ніколі не быў 100% камерцыйным, заўсёды ён адлюстроўваў падзеі нашага асабістага жыцця пад фатаграфіямі нашай працы. У апошні год вельмі цяжка стала пісаць хоць што-небудзь, і мова стала нашым выратаваннем♥️ Мы з мужам вельмі часта ўсміхаемся, узгадваючы, як яшчэ нядаўна цяжка было прачытаць хоць адну навіну на беларускай мове, а цяпер, хоць і з памылкамі, але самастойна можна запісваць свае думкі, не адкрываючы слоўнік 🙂 І гэта толькі дзякуючы акаўнту”.

@_busiel_

Аляксандр Бусел у сваёй майстэрні драўляных вырабаў можа зрабіць ўсё што заўгодна: і сталы, і лыжкі, і канапы, і цацкі! Стаў весці свой камерцыйны акаўнт па-беларуску ў 2017 годзе, на той момант сам ужо каля трох гадоў размаўляў толькі па-беларуску, і з жонкай ужо гадавалі на ёй дваіх дзетак.

“За мяжу я ніколі не працаваў, большасць падпісантаў ці з Беларусі, ці з краін, дзе ані рускую, ані беларускую не разумеюць. Людзі, якія падпісаліся на маю старонку, ведалі, што мы па-беларуску размаўляем, то ніхто не здзівіўся. Ну і некаторыя людзі перайшлі ахвотна на беларускую ў перапісцы, нават калі раней з імі па-руску камунікавалі. Затое, спадзяюся, беларуская мова адсякае ад мяне людзей, з якімі мне і самому не прыемна было б працаваць. А для мяне гэта істотна. Я б не рабіў нічога людзям, якія маюць сурацьлеглыя маім погляды, то мова старонкі – моцны фільтр для непрыемных людзей і даволі добры магніт для прыемных”.

@apilki

У рамеснай майстэрні Андруся Камісарава “Апілкі” можна ўбачыць ці набыць вырабы, зробленыя з дрэва ў спалучэнні з рознымі матэрыяламі. Гэтыя слоікі – супольны праект з керамісткай і жонкай майстра Таццянай Рудзеняй @rudzenika.

“Старонка была адразу беларускамоўнай, нават назву я хацеў зрабіць беларускай, доўга шукаў прыдатнае слова. І вырашыў, што “апілкі” вельмі падыходзіць. Нават усе вырабы робяцца з абрэзкаў ці рэшткаў пасля вытворчасці мэблі. Я выкладаю няшмат сваіх работ, гэта хутчэй не камерцыйная старонка, а месца для душы”.

@awhinnia_ptyshka

Мастачка Аўгіння Сухаверхава стварае карціны і драўляныя цацкі, жыве з продажу сваіх прац. Па-беларуску размаўляе даўно і ўжо тры гады вядзе свой профіль па-беларуску, але часам робіць дубляж па-ангельску, бо мае намер прадавацца ў Еўропе і ЗША.

“Старонку я завяла адразу па-беларуску. Тады я асабліва не пераймалася продажамі, бо мела такую-сякую афіцыйную працу. Потым, калі пачала трохі разбірацца ў продажах, зразумела, што толькі на беларускай мове пасты, канешне, маюць малыя ахопы. Дублюю па-ангельску, калі не лянуюся)) У інстаграме продажы ў мяне вельмі рэдкія. Збольшага прадае фэйсбук, хаця і там я вяду старонку па-беларуску. Цікавы момант з мовай быў: аднойчы ўзламалі мой акаўнт Укантакце, дык сябры адразу ж выявілі злачынцаў і напісалі: “А каб жа ты быў Аўгінняю, пісаў бы па-беларуску” – і ў бан паскудніка) Па-беларуску я размаўляю і вяду старонкі прынцыпова, бо хачу, каб беларусы размаўлялі па-беларуску, вучылі дзяцей па-беларуску, вярталі культуру сваю і найперш мову сабе. Бо прыкра і балюча за ўсё, што адбываецца цяпер”.

@drauliany_art.by

Яўген Салаўёў займаеццца рэстаўрацыяй і вырабамі з дрэва, вядзе інстаграм-старонку ўжо паўтара года, але першыя пасты па-беларуску тут з’явіліся зусім нядаўна.

“Першапачаткова гэта быў асабісты блог, дзе я выстаўляў фота сваіх работ, пейзажаў, нейкія назіранні і іншае. Першы пост на беларускай мове ў мяне з’явіўся у кастрычніку 2021-га . Але пастаянна публікаваць па-беларуску я пачаў толькі ў канцы снежня. Такая ідэя спадабалася многім маім падпісчыкам. Іх колькасць пачала павялічвацца. Некаторыя нават пісалі словы падзякі. Шчыра кажучы, ёсць некаторыя цяжкасці, асабліва з перакладам тэхнічных тэрмінаў, але паціху разбіраюся. Дарэчы, сярод маіх падпісчыкаў ёсць і расіяне, часам яны просяць перакласці некаторыя словы ці прапановы. Такі спосаб вядзення акаўнта – спроба папулярызаваць беларускую мову і культуру праз дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”.

@woodworker.mir

Майстар Мікола Гіз з Міра робіць цікавыя вырабы з дрэва, малюе і вядзе сваю творчую старонку па-беларуску.

“Старонка мая адразу была беларускамоўнай. Да інстаграма мяне прывяла дачка Наста. Свае творчыя працы я адпраўляю ёй, а яна выбірае, што друкаваць, пра што пісаць. З камерцыйнага пункту погляду вялікіх грошай я не зарабіў, але набыў многа творчых сяброў. Сам размаўляю на трасянцы і вельмі люблю чытаць кніжкі на беларускай мове”.

@mira.w.s

Вырабы з дрэва з дастаўкай па Беларусі і апісаннем па-беларуску.

“У пачатку рамеснай дзейнасці было не шмат вырабаў, таму старонка з’явілася не адразу, толькі ў сярэдзіне лістапада. Але ўжо да гэтага моманту было вырашана зрабіць старонку менавіта на беларускай мове. Заўсёды людзі, якія размаўлялі на роднай мове, мяне ўражвалі і натхнялі. Я лічу, што беларуская мова вельмі добра адлюстроўвае не толькі самабытнасць цяслярства, але і вылучае старонку сярод іншых майстроў. З падпісчыкамі бывалі розныя моманты: казалі, што больш аўдыторыі прыйдзе на рускамоўную старонку; рускамоўная старонка больш зразумелая. Хтосьці наадварот пачаў мяне падтрымліваць і казаць, што гэта крутая ідэя. Некаторыя майстры з Расеі пакідалі каментары на беларускай мове. Усе людзі розныя і думкі розныя таксама. Усе сумненні зніклі, калі прыйшло адчуванне, што гэтая старонка ствараецца не толькі для грошай, а як часцінка мяне, маёй творчасці. Асабіста для мяне вядзенне беларускамоўнай старонкі – гэта добрая магчымасць ізноў пачаць вывучаць родную мову”.

@majsternia_mroja

У майстэрні “Мроя” можна знайсці прадметы інтэр’еру і экстэр’еру, мэблю з драўніны, шкла, металу. Старонка адпачатку беларускамоўная.

“Выкарыстоўваць мову было свядомым і катэгарычным рашэннем. Пачаў выкарыстанне адразу, але некалькі разоў дадатковыя допісы былі і па-расейску. Прааналізаваць уплыў мовы цяжка, але негатыву дакладна не было. Падпісантаў не шмат, развіццём яшчэ трэба займацца. Пакуль старонка больш існуе як партфоліа”.

@rechybelarus

Драўляныя вырабы ад сямейнай майстэрні з Нясвіжа. Спачатку старонка была на рускай мове і выглядала як каталог тавараў, без асаблівай ідэі і душы. Але потым аўтарам захацелася зрабіць яе больш душэўнай, цёплай. І яны перайшлі на беларускую мову.

“Наша майстэрня існуе з 2011 года, але пачалі весці старонку толькі ў 2019 годзе, калі зразумелі, што хочам дзяліцца прыгажосцю не толькі з турыстамі, якія з’яўляюцца нашымі гасцямі, але і з беларусамі, якія, як і мы, карыстаюцца Інстаграмам. З беларускай мовай ў мяне вельмі блізкія адносіны, адсюль і назва, адсюль і мова. Людзі нават калі і не ўжываюць яе ў паўсядзённым жыцці, то вельмі старанна падыходзяць да адказу на асабістыя паведамленні ці ў каментарах. Шмат кампліментаў атрымлівала на конт таго, што пішу менавіта на беларускай мове. Некаторыя сябры нават удзячныя за гэта, бо такім чынам нешта ўспамінаюць, вывучаюць новае. Але такая карціна толькі ў інтэрнэце, на жаль. Бывала такое, што госці нашай крамкі задавалі такія пытанні: “Навошта вам гэтая мова? Колькі вы яшчэ на ёй будзеце размаўляць? Год? Два? Вас усё роўна ніхто не разумее!”… Была адна гісторыя цікавая. Усім кліентам ў Інстаграме адказваю я, а калі патрэбна дастаўка па Мінску, то “цудоўныя рэчы” адвозіць мой муж. Дык вось, адна кліентка зрабіла замову, перапісваліся мы на беларускай мове, але, калі муж прывёз яе скрыначку, яна вельмі здзівілася, што размова вядзецца на рускай мове, гаварыла, што падрыхтавалася да сустрэчы, а ўсё дарэмна!”

Кераміка і прадметы дэкору

@smuha_ceramics

Аўтарка керамічнага брэнду “Смуга”, Маша Лапіцкая, апісвае свае вырабы так: “Кераміка з таямнічай беларускай душой”.

“Крыху сумнявалася паміж ангельскай і беларускай мовамі вядзення старонкі. Цяпер вельмі радая, што выбрала беларускую. Бо весці старонку і так энэргазатратна. А кліентаў мне і беларускіх хапае 🙂 Аўдыторыі падабаецца беларуская мова 🙂 Многія адразу пішуць мне па-беларуску. Цікавая гісторыя: напісала жанчына з Пензы. І хацела шмат чаго замовіць. Я ёй стала адказваць па-руску. Яна адразу знікла. Я падумала, што гэта таму, што яна не атрымала свой кавалак беларушчыны))”

@liaplionka_by

Керамістка Воля Жарнасек з Любчы робіць посуд, свісцёлкі і іншыя вырабы з гліны і вядзе свае старонкі на роднай мове.

“Старонку ў Інстаграме я завяла амаль 2 гады таму акурат з мэтай папулярызацыі і продажу сваёй керамікі. Мая старонка ад пачатку была беларускамоўнай, бо ў жыцці я ўжо 16 гадоў беларускамоўны чалавек. Я знайшла безліч цікавых беларускамоўных людзей і кліентаў. Хаця прызнаюся, што першыя паўгода ў Інстаграме былі для мяне складанымі: пісала многа і часта, вучылася фоткаць, засвойвала цалкам незнаёмую навігацыю, а продажаў і заказаў было няшмат 🙁 Вось тады на зусім кароткі час і ўзнік сумнеў: а можа, мяне мала чытаюць і ў мяне мала купляюць, бо старонка мая беларускамоўная? Але пасля наступіў прарыў: пайшлі першыя замовы і продажы, і з кожным днём усё больш і больш. Сумневы наконт мовы старонкі развеяліся як дым.

Цікава, што я маю не адну беларускамоўную працоўную старонку ў Інстаграме, а цэлых тры! Адна – гэта мікс допісаў пра кераміку, гісторыю Любчы і падарожжы па Беларусі, другая – толькі пра мае керамічныя працы без аніякай лірыкі, і трэцяя – для продажу малочных прадуктаў з нашай казінай гаспадаркі. Дык вось акурат на трэцюю старонку мне напісаў адзін пчаляр. Сваю старонку ён назваў на роднай мове, але піша там допісы па-расейску. Ён пахваліў мяне за ўжыванне беларускай і паведаміў, што спрабаваў па-беларуску раскручваць сваю справу ў ВК, гэта не асабліва атрымалася, і таму цяпер піша ў Інстаграме па-расейску… Ну, а я яму прывяла прыклад, што ўжо амаль 2 гады вяду сваю старонку на роднай мове – і справа паціху, але развіваецца”.

@voliasiamashka

Вольга Сямашка стварае прыгожыя рэчы з гліны і выкладае кераміку ў каледжы.

“Па-беларуску размаўляю даўно і вяду старонку таксама на роднай мове. Першапачаткова завяла старонку, каб падзяліцца сваёй творчасцю, а потым і камерцыя дадалася. Падпісчыкаў не шмат, мяркую, не ўсе разумеюць, што я пішу ў каментарах, але шмат хто дзякуе за мову. Ёсць у меня рускі знаёмы кераміст, ставіў мне падабайкі пад пастамі, а я яму ў адказ: “дзякуй”. І вось улетку мы сустракаемся на керамічным пленэры, ён мне кажа: “Воля, ты такая працавітая і мне заўжды працы зычыш, дзякуй табе”. А я не разумею, пра што ён. Потым высветлілася, што ён пераклаў слова ДЗЯКУЙ, як ПРАЦУЙ”!

@kjn.by

Сямейная майстэрня архітэктараў “Каралі й Надфілі” робіць елачныя ўпрыгожанні і дэталі інтэр’еру з керамікі.

@glinkagraj

У аграсядзібе “Глінка” у в. Валяр’янава каля Мінска існуе творчая прастора беларускай керамікі, дзе праводзяцца майстар-класы (ганчарнае кола, свістулька, ручная лепка, кафля) для дзяцей і дарослых.

@voliechka_piletskaya

Вольга Пілецкая – самы малады народны майстар Беларусі, сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, якая папулярызуе карцінкі на шкле і займаецца выцінанкай па старой тэхналогіі – гільзамі.

“Я распаўсюджваю шкло і збіраю ўзоры. Мая мэта – вярнуць карцінкі на шкле ў сучасны інтэр’ер, бо раней роспіс на шкле быў вельмі папулярны від рамяства, а сёння рэдкі і амаль забыты, бо шкло калісьці памылкова аднеслі да безгустоўнасці і амаль страцілі. Хочацца вярнуць яму другое жыццё і новы росквіт. Камерцыйнай мэты не стаўлю, кошт амаль што сімвалічны. Вяду старонку па-беларуску, каб расказваць людзям пра нашу спадчыну, пра тое, што я знаходжу ў экспедыцыях. Хацела, каб людзі ганарыліся тым, што ў нас такая багатая культура, што і сёння можна знайсці шкло, паясы, дываны. Каб шанавалі, а не палілі бабуліны вышыванкі. Аўдыторыя старонкі – зацікаўленыя людзі, якія часам дасылаюць мне фота сямейных рэліквій”.

@kurapatka.stitch

Наталля вышывае сямейныя партрэты па фота і вядзе старонку па-беларуску з моманту яе стварэння.

“Мая старонка яшчэ зусім маладая, ёй толькі паўгода. У мяне ніколі не было ваганняў, на якой мове тут пісаць, бо ўсе сацсеткі ўжо больш за дзесяць гадоў вяду толькі па-беларуску. Беларуская мова – гэта мова, якую я чула з дзяцінства. Навучанне ў школе, каледжы і ва ўніверсітэце таксама было па-беларуску. Да таго ж беларускамоўных камерцыйных старонак зусім няшмат. І я спадзявалася, што мова, апроч маёй вышыўкі, стане той разынкай, якая яшчэ больш зацікавіць людзей і заахвоціць зрабіць замову. Я пішу тут выключна па-беларуску: шапка профілю, штодзённыя пасты і зносіны з пакупнікамі – усё па-беларуску. Гэта мой свядомы выбар, хоць я і разумею, што, магчыма, калі б профіль быў рускамоўны, патэнцыйных кліентаў магло быць і больш. У мяне пакуль яшчэ не шмат падпісчыкаў, але тая аўдыторыя, што цяпер са мной, вельмі прыветліва ставіцца да беларускай мовы. Я вельмі радуюся, што ўсе людзі, якія ўжо замаўлялі вышыўку ў мяне, прасілі вышываць імёны ці нейкі свой асабісты подпіс менавіта на беларускай мове. Цікава, што пару маіх замоўцаў па ўласным жаданні плацілі больш, чым было агучана пры замове вышыўкі першапачаткова. Гэта быў прыемны бонус і падзяка мне не толькі за прыгожа зробленую працу, але і менавіта за маю падтрымку і прасоўванне беларускай мовы”.

@cynamon.by

Адметныя тэкстыльныя цацкі, з якіх можна сабраць цэлую звярыную сямейку.

@hodnaja_majsternia

“Годная майстэрня” – гэта суполка майстроў розных накірункаў, якія працуюць толькі з натуральнымі матэрыяламі: саломай, травой, лазой, дрэвам, глінай і многім іншым. У майстэрні  любяць спалучаць у сваіх работах традыцыйныя тэхналогіі і сучасныя матэрыялы.

@ellki_igolki

Майстэрня “Ёлкі-іголкі” стварае цікавыя цацкі з вышыванага лёну і дрэва.

@kantri_farmi_dom

Сямейная майстэрня робіць таблічкі з цытатамі, у тым ліку па-беларуску.

“Дзесьцi год назад наша старонка стала беларускамоўнай. З’явiлiся таблiчкi з фразамi беларускiх аўтараў, а ў нашай з мужам свядомасцi адбыўся нейкi выбух: Беларусь, мы – беларусы, у нас самая прыгожая мова. Быццам прачнуўся нейкi ген, вельмi важны ген. Нешта галоўнае – ад бабулi, ад вёскi, ад школьных урокаў беларускай мовы. I гэта нельга губляць. Перайшлi амаль адразу: жартам напiсалi, што вось беларускiя пicьменнiкi патрабавалi, каб мы пра iх фразы пiсалi па-беларуску)) Нават не думалi, паўплывае на нашу аўдыторыю гэта цi не. На першым месцы было данесцi свой погляд. I, па шчырасці, нi колькасць падпiсантаў, нi колькасць клiентаў не зменшылася. Часам адчуваем яшчэ болей павагi і падтрымкi. Дарэчы, заўсёды ёсць функцыя “Показать перевод”. С русскими, конечно, общаемся на русском языке. Адзiн сябар, дарослы дзядзька, натхнёны нашай старонкай, 7 дзён шукаў сваю любiмую кнiжку дзяцiнства… “Людзей слухай, а свой розум май”. Калi знайшоў у iнтэрнэце і набыў, прыехаў да нас у госцi. l ўвесь вечар мы чыталi самыя цiкавыя казкi на свеце. Пiлi гарбату і многа рагаталi. Думаем паўтарыць і зрабiць такую беларус-пацi”.

@ramer.by

Багетная майстэрня ад пачатку стварэння сваёй старонкі, а гэта ўжо амаль 7 год, публікуе допісы па-беларуску.

@adradzennie.by

У мануфактуры металу вядзецца рэстаўрацыя і вытворчасць дэкаратыўных металавырабаў, а старонка мануфактуры на роднай мове.

@koval.straw

На старонцы народнага майстра па саломапляценню Ірыны Коваль можна ўбачыць розныя інтэр’ерныя ўпрыгожванні  з саломы і нават маску для вядомага музыкі з этна-гурта “Троіца” Івана Кірчука.  Ірына піша пасты на сваёй старонцы на беларускай мове, бо займаецца народнымі відамі творчасці – гэта для яе натуральна.

Упрыгожанні

@marysjalos

Мастачка і дызайнерка Марыся Лось робіць фірмовыя брошкі, вышываныя па ільну баваўнянымі ніткамі, бісерам, паеткамі. Пра яе мы ўжо пісалі ў рубрыцы “Творчыя людзі”.

“Завёўшы інстаграм у 2017 годзе, я ад першага паста пісала на беларускай мове. У мяне нават пытання не ўзнікла пра мову расповеду. Ужо ў працэсе вядзення акаўнта была думка дубляваць тэкст па-ангельску і па-расейску, але ад гэтай думкі я адмовілася. Калі чалавеку падабаецца тое, што ён бачыць, спосаб паразумення і камунікацыі знойдзецца. У дырэкт на розных мовах пішуць. За ўвесь час была толькі адна моўная гісторыя. Падпісчыца з Украіны напісала: “На якім такім жудасным “суржыку” вы пішаце, што я не магу вас нармальна разумець?” І не паспела я нешта напісаць, як на яе накінуліся іншыя падпісчыкі, баронячы мову і мяне. Я пачула шмат цёплых словаў, а таксама даведалася, што некаторыя падпісаны на мяне больш праз мову, чым праз вышыўку. А тая паненка выбачылася і нават пачытала на беларускай мове нешта, каб больш не трапляць у такую сітуацыю”.

@rudenka.art

На беларускамоўнай старонцы мастацкай майстэрні з Віцебска Васіля Рудэнкі можна знайсці завушніцы, пярсцёнкі і іншыя ўпрыгожанні з латуні, мельхіёру і натуральных камянёў.

@ursatextilestudio

Багдана Куталоўская мае мастацкую адукацыю і стварае тканыя і вышываныя прыгажосці і вядзе старонку па-беларуску.

“Старонку пачала весці з 2019 года, хоць як рамеснік была аформленая яшчэ з 2014 года. Пасля заканчэння вучобы ў Акадэміі мастацтваў (а скончыла я аддзяленне “вырабы з тэкстылю”) стала працаваць па размеркаванні ў крыху іншай сферы – кераміцы – і цалкам пагрузілася ў тую працу. Пасля быццам бы прачнулася, зразумела, як жа моцна я люблю менавіта тэкстыль, пачала вяртацца ў прафесію. Спачатку штосьці выкладала на асабістай старонцы, а пасля вырашыла завесці для гэтага асобны бізнэс-акаўнт. Старонку пачала весці адразу па-беларуску, бо і ў жыцці ўжо паўсюль і з усімі размаўляла па-беларуску. І, што самае галоўнае, думала па-беларуску. Таму беларуская мова старонкі – гэта як працяг мяне, сапраўдная я. Разумею, што, магчыма, за кошт гэтага мая аўдыторыя звужаецца. Але не хачу хлусіць самой сабе і здраджваць роднай мове – самай прыгожай, каштоўнаму дару Госпада. Раптам для кагосьці гэта стане вельмі важнай кропелькай на шляху да беларускай мовы ❤️ На стасункі з кліентамі, падаецца, мова ніяк не паўплывала. Як пісала вышэй – магчыма, аўдыторыя не такая шырокая. Усе прымаюць беларускую мову добра. Адзінае, калі дакладна ведаю, што да мяне звяртаецца чалавек з іншай краіны, то адказваю на зразумелай яму мове”.

@volyabelaruskaya

Упрыгожванні ручной працы ад майстрыцы Волі. Ідэя камерцыйнай старонкі па-беларуску ўзнікла ў яе адразу з пачаткам творчай дзейнасці.

“Можна ўбачыць нямала прыкладаў рускамоўных старонак з ручной працай. Але хацелася пазіцыянаваць сябе менавіта як беларускага майстра. Старонка заўсёды вялася па-беларуску. Гэта было прынцыповае пытанне. Хочацца сказаць, што не трэба цурацца роднай мовы, нават калі гэта тычыцца камерцыйнай дзейнасці. Менавіта мова робіць нас тымі, хто мы ёсць. Што датычна аўдыторыі, то замовы паступаюць па-беларуску. Нават калі чалавек у жыцці размаўляе па-руску, пры замове маіх вырабаў ён стараецца пісаць на беларускай мове. І гэта натхняе. Што мая работа не проста камусьці падабаецца, але і ў некаторай ступені далучае да нашай культуры і непасрэдна да мовы. Дарэчы, старонка знайшла падтрымку не толькі ў беларускай аўдыторыі ў Беларусі, але і за мяжой! Гэта было так: аднойчы кулончык замовіла адна жанчына. Як аказалася, яе прадзед калісьці жыў у Магілёўскай губерні і паходзіў з дробнага шляхецкага роду. Але абставіны вымусілі бегчы з родных мясцін і асесці ў сібірскіх краях. Аднак памяць пра родную Беларусь перадалася ад продкаў да маёй заказчыцы. Такім чынам кулончык, які замаўлялі, не проста спадабаўся, а дастаўся жанчыне з часцінкай родных беларускіх мясцінаў”.

@los.les

Упрыгажэнні з дрэва ад беларускіх майстроў Алесі Сівохінай і Алеся Лася, якія жывуць на хутары ў Налібоцкай пушчы і натхняюцца беларускай прыродай.

“Нашая старонка з’явілася восенню 2017 года, адначасова з ідэяй рабіць цікавыя рэчы з дрэва. Мы абодва беларускамоўныя, таму ніякіх ваганняў наконт таго, на якой мове рабіць старонку, нават і не было – адразу выбралі беларускую. Пасля былі такія парады, што руская мова для старонкі лепшая, бо ахопіць большую аўдыторыю. Але мы вырашылі, што ў нашай краіне большасць разумее беларускую, таму няхай будзе, як ёсць. Аўдыторыя дзеліцца амаль пароўну: тыя, хто звяртаецца да нас па-беларуску, і тыя, хто па-руску. Усім мы стараемся адказваць на беларускай мове. Мы жывем на ўскрайках Налібоцкай пушчы на сядзібе “Хутар дудара”. Кожны з нас, безумоўна, творчы і натхнёны. Алесь – мастак, музыка, этнограф, майстар па вырабу музычных інструментаў, а я, Алеся, шмат у чым яго вучаніца, паслядоўніца і аднадумца. Аднойчы Алесь рабіў дуду і “забракаваў” невялічкі кавалак дрэва з вельмі прыгожай фактурай, якога відавочна не хапала на цэлую дэталь інструмента. “Магла б быць рагавешкай, але, відаць, не лёс”. Тады мы вырашылі з яго зрабіць што-небудзь, што можна насіць з сабой (ці на сабе) і адчуваць музыку, якая жыве ў дрэве. І першай з’явілася заколка для валасоў з бярозы-чачоткі (карэльская бяроза). А разам з ёй і слоган “Дрэва, якое гучыць”.

@alenkizy

Вырабы ручной працы: упрыгожванні з раслінкамі, блакноты з сэнсам, вырабы з дрэва і шкла.

“Нягледзячы на тое, што беларускамоўны інстаграм абмяжоўвае ахоп патанцыйнай аўдыторыі, выбар між беларускай, рускай і англійскай быў прынцыповы. У майстэрні мы працуем разам: я – Аленка і мой муж Віктар. Я размаўляю па-беларуску з юнацтва, а вось спадар Віктар рускі, таму і размаўляе па-руску, беларускую мову паважае і цудоўна разумее, часам нават размаўляе)) А ў стасунках з кліентамі кожны піша на сваёй роднай мове. Дарэчы, так лёгка вызначыць, хто з нас вядзе дыялог. Рэакцыі бываюць розныя, часцей пазітыўныя і вельмі шчырыя, а пра дрэнныя не будзем узгадваць. На кірмашы неяк спадару Віктару, пачуўшы ад яго беларускую мову, доўга і з запалам казалі, як жа здорава, што ёсць беларусы, якія размаўляюць па-беларуску. Суразмоўца распавёў, што вывучаў мову толькі ў школе, а цяпер і двух слоў звязаць не можа і дужа аб гэтым шкадуе. Віктар вырашыў не бянтэжыць чалавека і не прызнаўся, што ён рускі”.

@dobra_made

Упрыгожанні з вышыўкай, натхнёныя прыродай і беларускім арнаментам.

@heta_znak

Майстэрня “Гэта знак” прапануе значкі на любы густ і ад самага пачатку вядзе сваю старонку па-беларуску.

“Я не выбірала мову для сваёй старонкі. Проста я жыву ў Беларусі, гавару па-беларуску, раблю розныя прыемныя штукі для беларусаў. Усё проста і шчыра. Уплыў непасрэдна мовы камунікацыі ацаніць складана, бо няма з чым параўноўваць. Часам прылятаюць падзякі і захапленні, часам пытанні пра беларускую ў асабістым жыцці. Нехта расказвае пра свой досвед, але гэтага не так шмат. Часта кліенты ў ліставанні пераходзяць на беларускую мову, хоць спачатку пішуць па-руску🙃 Быў у мяне адзін кліент, які па ўласнай ініцыятыве зрабіўся дылерам, калі можна так сказаць. Ён сам не з Беларусі, але любіць нашу краіну, размаўляе па-беларуску, а цяпер яшчэ і разносіць па свеце “купляйце беларускае” і прапануе мае значкі. Ці гэта не знак, каб пачаць весці бізнэс па-беларуску?”😉

Культуролаг і музеязнаўца пасля атрымання “хатняй хіміі” вымушана была стаць рамесніцай. Яна вядзе сваю старонку па-беларуску.

“Я вельмі шмат працавала са сцэнарыямі, тэкстамі экскурсій, вяла дакументацыю ў музеі. Усё ж мова была для мяне не абавязковай. На працы ўжывала, але, калі прыязджала са справаздачамі ў Гарадзенскі музей, дзівілася, што супрацоўнікі размаўлялі па-беларуску і ў жыцці. Прыблізна пяць гадоў назад, калі я ўжо не працавала ў музеі і адышла зусім ад мовы, дачка, студэнтка Акадэміі музыкі, папрасіла размаўляць з ёй па-беларуску. Пасля падзей 2020 я перайшла на беларускую мову адразу без сумнення. Гавару, пішу, думаю па-беларуску ўвесь час, клавіятура беларуская. Людзі заўважаюць, дзякуюць, спрабуюць адказваць па-беларуску. Ніводнага разу не пачула асуджэння”.

Адзенне і аксэсуары

@honaradziennie

Адзенне “Гонар” беларусы ведаюць і цэняць даўно: за якасць іх вырабаў і прынцыповую пазіцыю.

“У нас цалкам беларускамоўны брэнд з самага пачатку існавання – 2013 год. У анлайн-краме honar.by яшчэ ёсць англамоўная версія”.

@moj_rodny_kut

Майстэрня цікавых рэчаў з сапраўднай вышыўкай.

“Старонку на беларускай мове пачалі весці адразу, бо інакш і не ўяўлялі, як гэта ствараць вырабы, натхнёныя Беларуссю, яе культурай, і рабіць гэта без беларускай мовы. Заўсёды людзі вельмі добра ставяцца, што старонка на роднай мове. Заўжды адны пазітыўныя эмоцыі ад ужывання беларускай мовы. Часта людзі праз некаторы час пішуць ўжо не на расейскай мове, а звяртаюцца на беларускай”.

@vandra.by

Ілюстраваная скрэтч-карта – праект, з якога ўсё пачыналася, а потым дадалося яшчэ і адзенне з цікавымі прынтамі на тэму турызму.

“Старонка па-беларуску была на самым пачатку ідэі, яшчэ са стварэння ілюстраванай скрэтч-карты Беларусі. Чаму? А калі распавядаць пра Беларусь, то як іканш? Турызм – гэта спалучэнне геаграфіі, гісторыі, краязнаўства, таму досыць дзіўна было б пісаць па-руску. Тое, што большасць гаворыць па-руску, ніякі не аргумент пры вядзенні старонкі. Выключэннем стаў VANDRA-падкаст, дзе плануецца чаргаваць мовы. Успрымаць мову на слых больш цяжка, чым чытаць + не заўсёды суразмоўца гаворыць вольна па-беларуску. 

Ніякіх адмоў і негатыўных выказванняў не было. Першы пачынаю на беларускай мове, калі кліент адказвае па-руску – мы пераходзім на рускую. Але ж стаў заўважаць, што большасць спрабуе працягваць размову на беларускай мове, з памылкамі, але ж гавораць – і гэта галоўнае. Варта пераадолець першы бар’ер – не баяцца размаўляць з памылкамі. Скажу, што вядзенне старонкі па-беларуску нават больш паўплывала на мяне, бо раней у звычайным жыцці я не размаўляў па-беларуску. Цяпер часцей: з бацькамі, часам з сябрамі. Дайшлі да таго, што ад сябраў стаў чуць “дзякуй” замест “спасибо” – і гэта кайфова!”

@lt_mulanibabylia

Праект ад дызайнеркі lena tsokalenko натхнёны кніжкай Лены Андэрсан “Мулан і бабуля”, якую пераклала для выдавецства “Коска” Надзя Кандрусевіч. На беларускамоўнай старонцы праекта можна знайсці сукенкі, хатні тэкстыль, кераміку.

@yarnahandicraft

Беларускамоўная старонка тэкстыльнай майстэрні Наталлі Ярмалінскай “ЯРНА”, якая вядомая найперш сваімі тканымі вырабамі, а таксама хусткамі, аздобленнымі ў тэхніцы набойкі.

“Усе мае старонкі ў сацсетках былі па-беларуску, аж з часоў ЖЖ, таму пытанне мовы для мяне не ўзнікала. Напачатку мая прафесійная старонка ў інстаграме была двухмоўная – беларуска-ангельская. З кліентамі я вяду стасункі на зручнай ім мове, але на старонцы – толькі беларуская. Час ад часу падпісанты з Расіі пакідаюць каментары накшталт “нічога не зразумеў, але карцінка прыгожая”. Лічу, што гэта выдатны спосаб прадэманстраваць адрозненне нашых моваў 🙂 Вельмі прыемна атрымліваць водгукі ад украінцаў наконт нашай мовы, якая яна прыгожая і мілагучная. Мая асноўная мэтавая аўдыторыя – менавіта беларусы. І я лічу, што трэба насычаць мовай штодзённую прастору, у тым ліку і рэкламу, сацсеткі, камунікацыю. Я не падзяляю пазіцыю некаторых смм-шчыкаў наконт білінгвізму старонак для больш шырокага ахопу аўдыторыі (калі гэта не датычыцца ангельскай). “Мой” кліент лаяльны да мовы і блізкі да культуры. А “не-мае” выхоўваюцца :))”

@nastassia_glushko

Мастачка, этнограф, рэстаўратар, майстар народнага адзення Наста Глушко можа апрануць вас з ног да галавы згодна з беларускай традыцыяй! Вышытыя і тканыя рэчы, паясы, галаўныя ўборы, вясельныя вянкі і аздобы, валяныя рэчы – шапкі-магеркі, рукавіцы, валёнкі, верхняе адзенне – вось прыкладны спіс таго, што можна замовіць у мастачкі. Яшчэ ў Насты можна набыць шалікі, снуды і торбачкі з малюнкамі, створанымі ў тэхніцы набойкі.

“Старонку па-беларуску я вяду ад самага пачатку, ад першага знаёмства з сацсеткамі. Спачатку быў фэйсбук і вк, цяпер інстаграм. Беларуская мова – гэта мая мова зносінаў у сям’і і з сябрамі, таму пытання не стаяла весці па-беларуску ці па-руску. Ніколі не паўставала праблем у зносінах з кліентамі ці суразмоўцамі на старонцы, я імкнуся неяк паказаць чалавеку, што ён можа не саромецца памылак у маўленні, ці можа пісаць мне па-руску, калі так камфортней. Раней перапытвала, ці зручна, калі я пішу па-беларуску. Усім заўжды было ўсё зразумела))) Людзі імкнуліся весці са мной размову па-беларуску, што вельмі прыемна)) Па-беларуску можна размаўляць і з украінцамі, і з палякамі, нават з чэхамі і славакамі – усе разумеюць) Паколькі я займаюся беларускімі традыцыйнымі рамёствамі, фальклорам – вывучэннем, папулярызацыяй і распаўсюдам, мова для маёй старонкі як знак якасці) Народны спеў, народны строй лепш гучаць па беларуску, чым у перакладзе, мне падаецца)) Ну і адначасова лаяльны падыход да суразмоўцы мае добрае ўздзеянне – гэта ўжо праверана. Калі чалавек не саромеецца і не палохаецца, мае магчымасць патрэніравацца размаўляць па-беларуску – гэта заахвочвае яго звяртацца зноў. Камерцыйнай старонкі няма дагэтуль, пакуль у распрацоўцы. Планую прысвяціць яе менавіта вырабу народнага адзення, каб у адным месцы сабраць усё, што я магу прапанаваць”. 

@lokonkokon

Тут адзенне з лёну шыюць па вашых мерках, прытрымліваюцца прынцыпаў адказнай моды і вядуць старонку па-беларуску.

@maisternia_leta

Беларускі хэндмэйд брэнд, які працуе са скурай і натуральнымі камянямі.

“Пачала адразу весці старонку па-беларуску, як толькі з’явіўся ў мяне інстаграм. Бо заўжды ўсе сацыяльныя сеткі вяла па-беларуску. У мяне не замаўляюць нічога людзі з Расіі. Таму трэба памятаць, што калі вырашаеце весці старонку на беларускай мове, то аўдыторыя будзе выключна з Беларусі. Было і цікавае непаразуменне ў каментарах. Звычайна, каб трапіць на выставу, трэба падаваць заяўку, а потым чакаць адказ. Майстры выбіраюцца на конкурснай аснове, і арганізатары адпраўляюць лісты з запрашэннем або адмовай. І адна дызайнерка ўбачыла анонс, што я буду ўдзельнічаць у выставе, а ёй на той момант, відаць, нічога не адказалі. Яна мне пакінула каментар пад публікацыяй, і я ёй напісала паведамленне ў асабістыя. У каментарах пазначыла: “Адказала ў дырэкт”, на што атрымала адказ: “Да, похоже, что отказали”. То бок чалавек не ведаў значэнне такога простага беларускага слова, як “адказаць”.

@makrame.design.by

Дызайнерскія вырабы з макрамэ: кашпо, дэкор, аксэсуары.

@pryhozy_aniolak

Аксэсуары ручнога вырабу для аматараў беларускага стылю.

“Ад пачатку задумкі стварыць свой маленькі бізнэс я вырашыла, што гэта абавязкова будзе па-беларуску. Бо я збіралася рабіць сучасныя аксэсуары з беларускай нацыянальнай тэматыкай, каб папулярызаваць беларускасць. З’явілася пытанне, як назваць брэнд… І аднойчы, чытаючы са сваёй дачушкай, якой тады было 4 гады, кнігу па-беларуску пра анёлка, вырашыла, што назва будзе “Прыгожы анёлак”. Таму, калі паўстала жаданне завесці камерцыйную старонку ў 2019 годзе, пытанняў, на якой мове яна будзе, не было. Кліенты нашы вельмі розныя, яле ў большасці гэта беларускамоўныя людзі ці тыя, хто любіць і цягнецца да беларушчыны, але пакуль не размаўляе на роднай мове. Шмат замаўляюць з-за мяжы. Аднойчы нам даслалі фота з афрыканскай краіны, дзе на мясцовых дзяўчатах былі нашы ўпрыгожванні. Гэта было вельмі прыемна”.

@volavialla

Сучасныя рэчы с ручной вышыўкай сімвалаў беларускага арнаменту.

“У ліпені 2021 году ўпершыню пачала займацца вышыўкай. І моцна захацелася вышываць менавіта сімвалы беларускага арнаменту. Адразу свае пасты з творчымі работамі публікавала на беларускай мове. А як інакш падтрымліваць візуальную беларускую мову – толькі допісамі на роднай мове) Было прыемна, што каментары і замовы кліенты стараюцца рабіць таксама па-беларуску, нават у асабістай размове. На памылачкі абсалютна не звяртаю ўвагі – сама вярнулася да мовы ў снежні 2020 году і часам раблю памылкі. Родная мова такая мілагучная і смачная – звароты, падзякі да маіх даражэнькіх гучаць і чытаюцца нашмат прывабней на роднай мове)”

@crazy_guzik

Іна, дызайнерка розных штук, вядзе старонку сваёй швейні “Шалёны гузік” пераважна па-беларуску.

“У 2014 годзе ў мяне з’явілася хобі: вырабляць упрыгожванні са скуры. Пасля пайшлі вокладкі, гаманцы, торбы… А калі надышоў час прыдумаць назву сваёй майстэрні, атрымалася беларуская: “Шалёны Гузік”. А з такой назвай рускай мовы й ня хочацца чуць;) Старонка была беларускамоўнай, але не надта каб актыўнай. Але у 2020-м годзе яе ўзламалі – і аднавіць не атрымалася. Прыйшлося ствараць новае інстаграмнае жыццё маёй швейні. Пасля пэўных падзей апошніх год я не надта хацела весці старонку па-беларуску, але шмат выкладвала беларускамоўных сторыз, дзе аднойчы зладзіла апытанку наконт мовы, і большасць адказалі ЗА беларускую 🙂 Цяпер я паступова пераходжу зноў на беларускую. Адразу я баялася, што мае падпісанты не зразумеюць ды паўцякаюць, але ж усё часцей у каментарах ды ў прыват прыходзяць беларускамоўныя водгукі ды пытанні. Асабліва прыемна чытаць беларускія словы ад людзей, якія ў жыцці звычайна не карыстаюцца беларускай мовай”.

Мастакі і ілюстратары

@animatarka

Воля Кузьміч – ілюстратарка, якая праілюстравала шмат кніг, у тым ліку беларускамоўных, гульняў, ролікаў ды іншых праектаў.

“Я прыйшла ў Instagram, як толькі платформа пачала рабіцца папулярнай. Акцэнт на візуальнае ў Instagram спакусіў мяне адразу, бо гэта дапамагае быць зразумелай людзям з усяго свету, а мова камунікацыі дадае адметнасці. Таму ваганняў пра тое, як пісаць і пра што, у мяне не было – быць сабой! ☺️ А значыць, пісаць па-беларуску пра самыя цікавыя мае адметнасці: выхад ілюстраваных кніг, паштовак, анімацыйных ролікаў, гульняў, ілюстратарскія майстар-класы ды іншыя мае творчасці, Палессе і вандроўкі, жыццё. Можа быць, таму аўдыторыя майго блогу самая чуллівая і актыўная. Бо па-беларуску ў Беларусі – гэта значыць адказна і лагічна. Тады любая тэма блогу/бізнэсу набывае важны акцэнт, бо адразу паказвае, адкуль ты і як ставішся да свайго. ??Хоць мае падпісчыкі – людзі з усяго свету і з рознымі мовамі, якія далучаюцца найперш праз вядомасць маіх ілюстрацый. І як паказвае мой досвед, добры настрой і эмацыйнасць дапамагаюць быць зразумелай на любой мове. Чаму б тады не абраць тую, якая найбольш цябе выдзяляе і нясе да таго ж важны грамадскі сэнс? Гэта я прыгадваю адзін з маіх эфіраў на тэму ілюстрацый і экалогіі, на якім поруч з беларусамі былі ўдзельнікі з Эстоніі – і яны ўсё разумелі!”

@leanovich

Надзея Леановіч – беларуская мастачка, вядомая  сваімі яркімі карцінамі Мінска,  вядзе старонку па-беларуску.

“Першы год мая асабістая старонка @leanovich была на рускай мове, але ў 2014 годзе, калі працавала ў школе выкладчыцай выяўленчага мастацтва, мяне спыталі: ці магу выкладаць малюнак і жывапіс па-беларуску? Канечне, магу. Я 11 год навучалася ў беларускамоўнай школе і для мяне гэта было натуральна. Каб меней пераключацца з аднаго асяроддзя ў іншае, я паступова перавяла сацсеткі на беларускую. Іншая старонка @drankikets з’явілася толькі ў 2017, а ў 2020 зрабілася вітрынай для продажу карцін, і зразумела, што яна адразу была па-беларуску, бо мае творы ўсё ж арыентаваны на суайчыннікаў. Бывае, звяртаюцца замежнікі, часта яны карыстаюцца перакладчыкам і спрабуюць пісаць па-беларуску, калі я бачу, што чалавек не тутэйшы, то прапаную дамаўляцца па-ангельску, няма праблем. А вось беларусы, у якіх зусім дрэнна з мовай, чамусь не ведаюць, як працуе перакладчык, і пачынаюць абурацца, чаму я не адказваю ім па-руску, калі яны адпаведна запыталіся. З апошняга непаразумення ў мяне настойліва перапытвалі “тыдзень – это когда, в какой день?”, а я далей адказала, што магу сустрэцца ў нядзелю – гэта дзяўчына праігнаравала, мо было занадта ўжо складана зарыентавацца. З плюсаў сітуацыі: яна ўсё ж атрымала мае календары, спадзяюся, так яна вывучыла назвы месяцаў. Калі глядзець глабальна, то мова не ўплывае на мае стасункі з аўдыторыяй, бо сапраўдная мая мова – фарбаў, а не словаў. Не люблю гаварыць пра свае творы, няхай яны кажуць за мяне. А вось сябе як асобу я арганічна адчуваю толькі так, я ж беларуска)”

@liza_liankevich_art

Ліза Лянкевіч – мастачка і ілюстратарка дзіцячых кніг, такіх як “Азбука” Рыгора Барадуліна і “Палескія рабінзоны” Янкі Маўра.

“Свой інстаграм я пачала ў 2019 годзе, калі нарэшце саспела на тое, каб выкладаць свае працы і весці ўласную старонку, бо ў мяне назбіралася ўжо дастаткова матэрыялаў, якімі хацелася падзяліцца. І хоць было страшнавата, я разумела, што для мастака важна быць актыўным у сацсетках. Спачатку я вяла яго па-ангельску, бо арыентавалася на самую шырокую аўдыторыю. Да таго ж, для мастака першасная мова – візуальная. Але праз год паступова пачала пісаць пасты таксама і на беларускай мове, бо ў жыцці збольшага размаўляю па-беларуску. Рэакцыя на беларускую мову заўсёды была пазітыўная. Я заўважыла, што з часам стала толькі больш беларускіх каментароў і рэакцый – і гэта мяне стымулюе працягваць весці старонку па-беларуску. Перыядычна былі сітуацыі, што чалавек звяртаецца па-руску, а ў працэсе камунікацыі пераходзіць на беларускую) Ці хаця б напіша слова дзякуй, гэта заўжды радуе ) Некалькі разоў мне казалі, што ўпершыню размаўлюяць па-беларуску – выглядае, што гэта сапраўды матывуе людзей рабіць першыя спробы і не баяцца”.

@ellgone

Лізавета Ганчарова – беларуская ілюстратарка, з якой у нас выходзіў падкаст.

“Мне беларуская мова толькі дапамагала ў пошуках сябе, у пошуках працы. Гэта было для мяне вялікім плюсам. Я думала пра гэта два гады таму, калі пачала весці інстаграм па-беларуску – як жа мяне зразумеюць тыя ж расейцы ці тыя, хто не разумее беларускую мову. Але я ўсвядоміла з цягам часу, што мова для ілюстрацыі гэта другаснае, а для блога наадварот вялікі плюс, таму што гэта плюс 100% да ўнікальнасці. Таму што цяпер ёсць беларускамоўныя блогі, і іх становіцца больш. Для мяне беларуская мова і поспех заўжды ішлі побач. Мне сустракаліся заўсёды людзі, якія размаўлялі па-беларуску і былі паспяховымі і мяне натхнялі”.

@liliya_busarova

Мастачка Лілія Бусарава вядзе свой акаўнт па-беларуску.

“У інстаграм я не адчуваю сабе як дома, у адрозненні ад фб, дзе ў асноўным людзі, якіх я больш-менш ведаю. Тут вялікая аўдыторыя… Таму амаль не пішу пра жыццё і адчуванні, а толькі выкладваю працы з невялікімі допісамі-гісторыямі… Тут адразу ўсё было па-беларуску. Але пасля таго, як выпадкова прачытала аўтаматычны пераклад на рускую мову, зразумела, што трэба рабіць гэта самой, бо атрымоўвалася абы-што:)) Аднойчы адна падпісчыца напісала: “Ліля, я, канешне, разумею, што ў вас прыўкраснае пачуццё гумару, але навошта пісаць мацерныя словы?!” Я зацікавілася, дзе яна такое прачытала… Паглядзела пост, а там перакладчык насамрэч пераклаў зусім бяскрыўднае слова, як камбінацыю з трох літар:) Дзе ж пасля гэтага не будзеш перакладаць! Хаця спачатку я гэта не рабіла… І многія пыталіся, пра што напісана, што ім вельмі падабаецца мова і яны спрабуюць на ёй чытаць:) Ну а на продажы мова ніяк не ўсплывае, на мой позірк:) Многія пішуць на ангельскай… На ёй і адказваю:)”

@shapavalau

Мастак-графік Зміцер Шапавалаў вядзе сваю старонку па-беларуску.

“Завёў я старонку два гады таму і адразу па-беларуску. Каму штосьці цікава, пішуць ды пытаюцца на любой мове, што пацвярджае мае думкі пра тое, што мова не самае галоўнае пытанне ў мастацтве (прынамсі ў выяўленчым)”.

@syrmar.art

Мастачка Марыя Сыракваш праводзіць мастацкія пленэры, выставы і натхняе іншых мастакоў весці свае старонкі па-беларуску.

“Я перайшла на беларускую мову цалкам тры гады таму. Шчыра кажучы, нямала часу сышло, каб гэта зрабіць, не магу сказаць, што бракавала слоўнікавага запасу, усё разумееш, але як хочаш нешта сказаць – патрэбнае слова выскоквае з галавы) Але мова ў нейкі момант стала для мяне мэтай. Пасля было каля месяца практыкі з сяброўкай, беларуская музыка, размовы ўголас сам-насам, і я наважылася! Пазней пытання, на якой мове ствараць старонку, нават не існавала. Людзі бачаць, што старонка беларускамоўная, і ў прыват звяртаюцца ў большасці выпадкаў адразу па-беларуску, або нейкі асобныя словы ўжываюць беларускія – гэта вельмі прыемна”.

@magenta_rising

Мастачка Таццяна Багданава малюе партрэты жывёл.

“Я пачынала весці старонку па-ангельску і спачатку посціла ўсё запар, што малявалася. Ставіла нейкія рэндомныя тэгі, без разумення, што да чаго. Калі вызначылася, што хачу сканцэнтравацца на партрэтах гадаванцаў, перайшла на расейскую, бо думала ставіць таргет не толькі на Беларусь, але і на Расію (спойлер: у выніку на Расію ні разу не ставіла). Але ўвесь час мяне дапякалі згрызоты сумлення, бо гэта нібы была не я. У жыцці я беларускамоўная. Пачала пераход на беларускую мову з 2006 гоа, увесь час пашырала кола тых, з кім я камунікавала па-беларуску. Асабісты інстаграм таксама вяла і вяду па-беларуску. Таму з цягам часу зразумела, што весці другую старонку па-руску – гэта няшчыра. І я пачала ладзіць у сторыс апытанкі, каб прамацаць, наколькі мяне будуць разумець па-беларуску. Кшталту, фотка матэрыялаў і апытанне з варыянтамі адказаў: ці ведаеце вы, як гэта завецца па-беларуску. Апытанкі – гэта весела, у іх актыўна ўдзельнічалі, але я бачыла, што далёка не ўсе разумеюць нават звычайную побытавую лексіку, кшталту пэндзаль, аркуш, асадка… Для мяне гэта не было прычынай кінуць ідэю з пераходам на беларускую. Бо насамрэч гэта такі адукацыйны момант: хто не ведаў, даведаецца, а яшчэ, магчыма, запомніць, што даведаўся ад мяне. Гэта ж крута! Нейкі час я міксавала дзве мовы, баялася рэзкага пераходу, каб не адштурхнуць падпісантаў. Але дарэмна баялася. За ўвесь час не чула ніводнага абразлівага слова, не было ніякіх непаразуменняў. Беларуская мова – гэта такая ж натуральная частка мяне, як і мая творчасць. Насамрэч не трэба быць нейкім надзвычай смелым, каб весці старонку па-беларуску. І каб размаўляць па-беларуску ў жыцці. Але найперш трэба разумець, навошта вам гэта: не дзеля хайпу ці штучнага прыцягнення ўвагі, а менавіта дзеля сябе, бо ў нейкі момант адчуваеш, што папросту не можаш інакш”.

@vaukalatka

Мастачка Валерыя Вікторчык ілюструе кніжкі для дзяцей і розныя цікавыя праекты, напрыклад, вокладку для праграмы “Кніжны воз” рабіла менавіта Валерыя.

“Калісьці мне падалося, што трэба ўжо нарэшце стварыць старонку ў Іnstagram, і вось яна з’явілася) Пра мову, на якой буду яе весці, калі шчыра, нават не задумвалася, я размаўляю па-беларуску, усе мае праекты беларускія, неяк само па сабе так атрымалася) Мяркую, калі замежнікам стане цікава прачытаць нешта пра мае ілюстацыі, а тэксаў ў мяне зусім мала, то перакладчык у Іnstagram цудоўна перакладае, я сама часам карыстаюся гэтай карыснай кнопкай) Беларуская мова на маёй старонцы – гэта проста мова, на якой я звычайна пішу”.

@belarusian_monsters

Артур Басак мае папулярную ў Інстаграме старонку, прысвечаную беларускай міфалогіі, і вядзе яе па-беларуску ад самага пачатку (вясна 2021 года).

“Па-беларуску вяду старонку з самага пачатку яе заснавання (гэта вясна 2021 года). Тут як бы ўсё вельмі лагічна, мае малюнкі пра беларускую міфалогію, фальклор, легенды і казкі, таму, канешне ж, яе трэба ў першую чаргу весці менавіта на роднай мове. Наадварот, мне здаецца, калі б я зрабіў такую старонку без роднай мовы, то да мяне былі б пытанні 😄 Але потым я пачаў яшчэ дадаваць ангельскую і расейскую мовы, бо ў мяне ў падпісантах пачалі з’яўляцца расейцы, літоўцы, палякі, вельмі шмат украінцаў. Яны яе разумеюць, як сваю. Пра гэта мне яны неаднойчы пісалі. Нават некаторыя з іх здзіўляліся, што аказваецца добра разумеюць беларускую мову, бо да сустрэчы з маёй старонкай яны не былі знаёмы з беларускай мовай. Шмат беларусаў і ўкраінцаў пытаюцца, навошта я пішу яшчэ па-расейску? Некаторых гэта нават абурае, але ж, на мой погляд, тут вінаватая палітыка і апошнія палітычныя з’явы. Я лічу, што не бывае дрэнных нацыянальнасцей ці моваў, бываюць толькі дрэнныя людзі, а яны ёсць сярод беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў таксама”.

@tryklia

Вольга Tryklia займаецца ілюстрацыяй, скетчынгам, лінагравюрай, а з нядаўняга часу яшчэ і вышыўкай – і паказвае вынікі сваёй творчасці на сваёй старонцы.

“Старонка вялася ад пачатку па-беларуску і па-ангельску. У гэтым не было нейкага разліку, проста так было для мяне натуральна, бо на працы і ў жыцці я найчасцей карысталася гэтымі дзвюма мовамі. Нейкі час думала наконт таго, каб перакладаць і на расейскую, але лянота перамагла:) Тэкстаў у акаунце не тое каб шмат, карцінкі кажуць самі за сябе. У дырэкце ж я звычайна адказваю на мове суразмоўцы, калі хоць троху ёй валодаю:)”

@pra_maya_art

Мая Пракаповіч-Бусел – мастачка-ілюстратарка, якая вядзе старонку па-беларуску.

“Нашая сям’я з ліку свядомых беларускамоўных. Мы з тых, што беларускую мову пілі не з малаком маці. А з тых, што, ужо як сталі ўзросту крапчэйшых напояў, свядома абралі беларускую мову для зносін міжсобку. У адзін дзень усё і закруцілася. Сёння мне здаецца, што ў нашай сям’і не толькі дзеці беларускамоўныя, але і сабака. Мне ўтульна, калі вакол мяне ўсё афарбавана беларускім флёрам. Гэта, праўда, вымагае штодзённых высілкаў, як клопат пра сваю дзяляначку на планеце, каб яна не зарасла баабамі. Затое беларускамоўнасць прыцягвае і праекты, якія сапраўды нас цікавяць. Напрыклад, мой муж Алесь на днях рабіў канструктар-макет Нясвіжскага замка”.

@maryjkamam

Марыя Каралёва стварае карціны і выцінанкі беларускіх краявідаў.

“Я размаўляю па-беларуску, то ў мяне нават не ўзнікала пытання, на якой мове весці старонку. Збольшага, мае пакупнікі беларускамоўныя таксама))”

@dash.vlasova

Дызайнерка і мастачка Дар’я Уласава абрала сваім улюблёным матэрыялам акварэль. Перавяла свой профіль на беларускую мову ў 2021 годзе. Арт-тэрапія для Дар’і – ездзіць па Беларусі і замалёўваць нашы архітэктурна-культурныя каштоўнасці.

“У траўні 2021 году вырашыла падпісваць свае працы па-беларуску. Гэта адбылося пасля пленэру з беларускамоу?най мастачкай Марыяй Сыракваш. Спачатку была рускамоўная і троху ангельская старонка. Потым прыйшло адчуванне, што я магу зрабіць хоць нешта маленькае, што можа паўплываць яшчэ на кагосьці – і так будзе больш беларускамоўных людзей. Акрамя подпісаў, стараюся весці камунікацыю з людзьмі (сторыз і асабістыя гутаркі ў дырэкт) на беларускай мове і заўважаю, што многія пачынаюць адказваць таксама на беларускай мове. Гэта вельмі прыемна)”

@daria_mandzik

Дар’я Мандзік калісьці займалася яшчэ і керамікай, але цяпер пераключылася выключна на ілюстрацыю. Напрыклад, вядомыя календары “Не маўчы па-беларуску”, а таксама дзіцячы часопіс “ДуДу” праілюстраваныя менавіта Дар’яй.

Выцінанка і паштоўкі

@palunisa

Мастачка і народны майстар выцінанкі Вольга Бабурына, інтэрв’ю з якой можна знайсці на нашым сайце.

“Я вяду старонкі ў сацсетках па-беларуску ад самага пачатку з’яўлення мяне ў іх. Недзе з 2006 года. У мяне толькі станоўчы досвед стасункаў на беларускай мове. Мова падобная да дабраякаснага вірусу: калі на ёй размаўляць, то наваколле пачынае карыстацца ёй таксама незаўважна для сябе. Мова прабіваееца парасткамі і імкнецца быць прызнанай! Выпусціце яе! Яна жыве ў кожным! Разам з ёй на паверхню ўзойдзе шмат неверагоднана і нечакана прыемнага!!!”

@lizavetachervon

Мастачка і народны майстар Лізавета Чырвонцава стварае выцінанкі і выкладае мастацкія дысцыпліны ў каледжы.

“Старонку вяду на беларускай мове з самага пачатку. Увогуле пішу больш па-беларуску, на працы ўся дакументацыя, справаздачы і метадычныя распрацоўкі на роднай мове. Па-руску ўжо і цяжка бывае ўспомніць ці перакласці нейкія тэрміны, звязаныя з беларускім мастацтвам, фальклорам і культурай. Выкладаю не толькі мастацкія дысцыпліны, але і тэарэтычны прадмет “Матэрыяльную культуру Беларусі” ў каледжы. Па-беларуску размаўляла мая маці, не толькі дома, але і на працы. Яна таксама была выкладчыцай. Таму мову я чула заўсёды. На стасунках з аўдыторыяй і кліентамі мова ўплывае толькі станоўча. Бывае чалавек не вельмі добра ведае, але стараецца размаўляць ці пісаць па-беларуску. І гэта вельмі прыемна”.

@natawycinanka

Наталля Сухая робіць выцінанкі, пано і паштоўкі, сілуэтныя партрэты па фота. Займаецца вырабам традыцыйнага народнага адзення і асобных элементаў.


“У сацсетках пішу заўсёды па-беларуску. Старонка не зусім камерцыйная, хутчэй вінегрэт: пра жыццё, дзяцей, мастацтва, праекты, у тым ліку арт-тэрапія. Часам раблю паралельны пераклад тэкстаў на рускую мову для сяброў і калег з іншых краін. Былі ў мяне разважанні, што я нібыта абмяжоўваю кола кліентаў і сяброў праз мову. Але практычна я не заўважаю ніякага дэфіцыту праз беларускую мову. Напэўна, мае кліенты альбо беларускамоўныя, альбо тыя, хто спакойна разумее”.

@jak_toj_rezha

Майстар выцінанкі Віталь Назарэвіч мае некалькі старонак у Інстаграме – і ўжо даўно вядзе іх па-беларуску. У тым ліку і той, што прысвечаны выцінанцы.

“Я свядома перавёў сацсеткі на беларускую, бо беларус і хачу пісаць па-беларуску. Зразумела, што па выніках беларускасць старонкі прыцягвае беларускамоўных ў тым ліку – і гэта вельмі добра. Бо, як вядома, размаўляць/пісаць/карыстацца беларускай – гэта свядомы выбар, і звычайна дрэнных людзей сярод іх мінімальная колькасць. У мяне шмат сяброў ў Расеі, і часта чую ад іх, маўляў, перакладзі тэкст таксама і на расейскую, бо мы ні халеры не разумеем. На што я адказваю, што беларусы разумеюць абедзьве мовы і што сэнсу перакладаць на расейскую я не бачу. На крайні выпадак ёсць кнопка транслэйт. Сам я таксама размаўляю па-беларуску, але з 2017 г., калі авалодаў ёй ў той ступені, якая дазволіла мне свабодна на ёй размаўляць”.

@skarbnitsa_pashtovak

Паштоўкі ў нацыянальным стылі і на любы густ.

“Першапачаткова была ідэя стварэння профілю ў Інстаграм для прыцягнення кліентаў, каб паспрабаваць зарабіць на тым, што падабаецца. Аднак канцэпцыя вельмі хутка змянілася – і мы не сталі бізнэс-акаўнтам. Па факце ўсё, што вы бачыце, з’яўляецца толькі адлюстраваннем работ, якія былi створаны для родных, сяброў, знаёмых. @skarbnitsa_pashtovak – гэта творчасць дваіх людзей: Кацярыны (гэта я) і маёй сяброўкі Ганны. Ідэя прыйшла пасля таго, як рабіла запрашэнні на сваё вяселле😊 Падбор каляровай гамы, неабходных элементаў да самых дробязяў – усё было не проста ў радасць, а прыносiла задавальненне. А вынік, які адзначылі ўсе запрошаныя, і прымусіў задумацца “чаму не?”… Распавяла сяброўцы, разам прадумалі, што і як будзем рабіць. Да таго моманту было яшчэ некалькі гатовых паштовак і канвертаў. Хацелася неяк вылучыцца сярод вялікай колькасці інстаграмных старонак, паказаць прыгажосць нашага арнаменту, нагадаць пра меладычную родную беларускую мову. І назва прыйшла сама сабой. Першыя публікацыі былi падпісаны на дзвюх мовах: беларускай і расейскай, бо думалі, што не ўсім будзе зразумела. Але потым патрапілі пад “разбор” акаўнта – і там параілі абраць адну мову і не дубляваць на іншых. Выбар быў відавочны) Не скажу, каб гэта кардынальна паўплывала на нашую невялікую аўдыторыю падпісчыкаў. У асноўным людзі чапляюцца за карцінку, а тэкст – другарадны. Безумоўна, ёсць тыя, хто падзяляе нашу любоў да нацыянальных элементаў, але гэта, на жаль, меншая частка. Вельмі прыемна чытаць у каментарах і паведамленнях “якая прыгажосць”, “клёва”. Гэта зараджае пазітывам і матывуе”.

Прысмакі ды зёлкі

@lubeckaja_lavanda

Воля засадзіла бульбяное поле лавандай і цяпер стварае цікавыя наборы з лаванды, аромасашэ ды розных прыемных дробязяў.

“Адразу ў мяне была свая беларускамоўная старонка, пасля я перарабіла яе ў лавандавую беларускамоўную. Шчырыя тэксты ў мяне атрымоўваецца пісаць па-беларуску, а наш лавандавы бізнэс гэта таксама пра шчырасць)) Калі падабаюцца букеты, то не мае значэнне, на якой мове апісанне да яго. Людзям прыходзіцца судакранацца з мовай. Праўда, я не пыталася, як ім такое))” 

@smakadasha_by

Кандытарка Дар’я Маслоўская вырабляе пернікавыя смакоцці, аздараўляе дэсерты пад любую (нават веганскую) дыету і стварае салодкі настрой.

“Першы пост быў адразу па-беларуску. На той момант я была ўжо амаль год як у дэкрэце і размаўляла з усімі беларусамі па-беларуску ўжывую, а ў інтэрнэце дык і шчэ значна раней. Нават і не думала пісаць па-руску. Я стварыла інстаграм, каб запосціць дэсерт і прыняць удзел у розыгрышы. А далей посціла ўсе свае дасягненні, каб пабачыць, ці ёсць попыт у маім гарадку. Хто ведаў мяне, то не здзіўляўся мове. Хтось мог па-беларуску і пракаментаваць, ці ў дырэкце раз-два ды ўставіць беларускія словы і фразы. Заразна ж, праўда?) А так перыядычна пішуць падзякі за родную мову. Вельмі прыемна чуць. А яшчэ прыемней, калі са мной і пераходзяць хоць крышачку на родную мову. Але па канонах інсты не вяду старонку, прам адмыслова так каб раслі ахопы ды аўдыторыя. Мне хапае таго, што маю. Пакуль я выбіраю сям’ю, а там бачна будзе)”

@hodny_keks

Вераніка з Гародні❤️ варыць смачныя ірыскі, памадку і карамель на замову, пячэ духмяны хлеб і печыва, дзеліцца рэцэптамі выпечкі з падчыпісчыкамі.

“Перад стварэннем старонкі ў мяне нават не ўзнікла пытання, на якой мове яе весці. Рабіла я гэты акаўнт для сябе, каб не губляць запіскі з рэцэптамі. Але людзі пачалі падпісвацца. І тады я пачала дубляваць рэцэпты на рускую мову. Доўга гэта не працягнулася, бо, каб паглядзець тэкст у перакладзе на рускую, дастаткова націснуць “Посмотреть перевод”. Таму і вырашыла пакінуць як і было першапачаткова, толькі па-беларуску. Назваць маю старонку камерцыйнай пакуль складана, бо я раблю толькі першыя крокі ў гэтым накірунку. Я не ведаю, колькі чалавек падпісалася на старонку праз беларускую мову (добрае пытанне для сторыс!). Бо яна для мяне ніколі не была чымсьці незвычайным. Гэта штодзённасць, якая са мной заўсёды. Былі толькі адзінкавыя выпадкі, калі падпісчыкі дзякавалі за беларускую мову. Часта мне пішуць нешта падобнае:

  • “Ого, а я не ведала, што противень гэта бляха!”
  • “А што за вяршкі такія?”
  • “А распушчальная кава, гэта якая?”
Я з задавальненнем тлумачу чалавеку:) Карацей, дзякуючы Годнаму кексу можна і навучыцца гатаваць штосьці смачнае, і мову падцягнуць”.

@skrypen

Аўтарскія зборы зёлак – яны зробяць ваш ранак (абед, вечар і далей па коле).

@svaya_garbata

Тут прапануюць крафтавую гарбату, ферментаваны іван-чай, карысныя фітазборы з беларускіх зёлак, ягад, кветак, наборы для глінтвейну.

“Назва нашай прадукцыі “Свая гарбата”, таму што мы выкарыстоўваем выключна расліны са сваёй лакацыі (брэсцкі рэгіён, Белавежская пушча), ніякіх “заморскіх” кампанентаў не дабаўляем. У сувязі з гэтым планаванне старонкі ў інстаграм было толькі на беларускай мове. Потым былі парады пісаць пасты адразу на 2 мовах, каб пашырыць аўдыторыю і падняць ахопы, каб замаўляць маглі і з іншых краін. Мы так не робім, але хэштэгі пішам і па-расейску. Напрыклад, калі ў дырэкт замоўцы цікавяцца гарбатай, коштам, складам, я адказваю па-беларуску, і гэта выклікае станоўчыя эмоцыі ў кліентаў: “Ого, так интересно, вы отвечаете на белорусском! Классно!” Калі мы выязджаем на кірмашы, то ў кліентаў больш магчымасцей блізка пазнаёміцца з прадуктам, прачытаць склад, панюхаць. Тут могуць быць і неспадзяванкі: назвы многіх раслін і кветак зусім па-іншаму гучаць ў беларускай мове. Таму людзі пытаюцца, а што такое язмін, глог, святаяннік, валошкі, скрыпень. Вось такі лікбез па слоўніку!”

@matulin_hleb

Майстэрня-пякарня з аўтэнтычнымі караваямі.

@shufljadka

Мастачка Юля Прашковіч мае хобі – корпацца ў агародзе і вырошчваць розныя расліны. Восенню ў яе можна набыць прыгожыя дэкаратыўныя гарбузы розных колераў і памераў. Вядзе старонку па-беларуску.

“Чаму я вырашыла весці “Шуфлядку” па-беларуску? Усё проста. Я люблю родную мову. Мой акаўнт пачынаўся як асабісты, і ў нейкі час я вырашыла весці яго па-беларуску. Ой, як цяжка мне было. Большая частка маіх падпісантаў не беларусы, і я перажывала, як яны гэта успрымуць. Яны ж наогул перастануць разумець мае допісы! Аўтаперакладчык на той час быў зусім недасканалы і часта перакладаў абы-што. А потым падумала: я падпісана на шэрах скандынаўскіх інстаблогаў, і калі націснеш аўтапераклад – анічога не зразумела. Ну дык я і не дзеля таго падпісана, каб нешта там разумець, я наўпрост гляджу прыгожыя здымкі. Гэта мяне неяк супакоіла, у мяне ж не літаратурны інстаблог, а ўсё ж такі візуальны. І мне было так дзіўна і прыемна, калі мяне падтрымалі, мне пісалі расейскія мае знаёмыя, што амаль нічога не разумеюць, але ім падабаецца. Шчыра кажучы мне і дагэтуль цяжка па-беларуску пісаць, я час ад часу пераходжу на рускую. Не ведаю, як будзе далей. Я хачу ў перспектыве зрабіць “Шуфлядку” фермерскім кветкавым блогам. І мяне цешыць думка, што кветкі – гэта лакальны прадукт. Яны прадаюцца тут, побач, у Беларусі. І каму, як не кветкавым фермерам, па-беларуску размаўляюць. Мы з пакупнікамі дакладна зразумеем адно аднаго”.

(C) ALOVAK

Leave a Reply