Балансаваць паміж жывапісам і рамесніцтвам. Быць прыхільніцай класікі і не цурацца новага. Заставацца запатрабаванай і не здрадзіць сабе. Гэтае інтэрв’ю пра творчасць і сэнс жыцця брэсцкай мастачкі Вольгі Данілюк.
Ад роспісу тканіны да акварэльнага жывапісу
У маленстве Воля прагна размалёўвала фотаздымкі і майстравала цацкі з паперы і гліны. Талент Вольгі Данілюк выявіўся рана і не застаўся незаўважаным. Яшчэ ў школе яе запрыкмеціў настаўнік малявання і прапанаваў наведваць адмысловы гурток пры жабінкаўскай школе. Далей адбылося навучанне ў доме творчасці ў Брэсце і поўнае пагружэнне ў творчае жыццё.
– Я заўсёды малявала па любові, але ўжо ў шостым класе мая творчасць прынесла мне першы заробак, – успамінае Вольга.
– На адной з выставаў людзям спадабаліся мае творы, і яны захацелі іх набыць. Грошы, канешне, былі невялікія, але ж гэта так натхняла і дадавала ўпэўненасці!
У старэйшых класах Вольга ўжо дакладна вызначылася з тым, што звяжа сваё жыццё з мастацтвам, хоць бацькі і спрабавалі схіліць яе ў бок “прэстыжных” у той час прафесій эканаміста ці стаматолага. Воля ж захацела вучыцца на мастака-мадэльера ў Віцебску, але ў выніку пайшла на мастака-педагога ў Брэсце. А потым сышла з галавой ў роспіс па тканіне.
– Бацік захапіў мяне яшчэ ва ўніверсітэце. Дэкаратыўныя пано, роспіс адзення… Я прапрацавала ў гэтай тэхніцы каля 12 гадоў і стала вядомай менавіта як мастачка па тэкстылю.
Яшчэ да эпохі смартфонаў Вольга стварыла ўласны сайт, дзякуючы якому знаходзіла пакупнікоў за мяжой. Расія, Украіна, Польшча, Германія, Нідэрланды, Канада, Грэцыя, Афрыка – распісаныя ёю палотны траплялі ў прыватныя калекцыі ў самых розных краінах свету. Яна актыўна брала ўдзел ў рэспубліканскіх выставах і пленэрах, перамагала ў творчых конкурсах. Пра яе мастацтва пісалі блогеры і СМІ.
Аднак, у хуткім часе таксічнасць фарбаў і пароў далася ў знакі. Давялося мяняць мастацкі вектар. Вольга прыгледзелася да акварэлі, скрыначка з якой амаль некранутай ляжала дома яшчэ з часоў студэнцтва.
– У мастацкім коле акварэль мае рэпутацыю капрызнай і складанай тэхнікі. На тое, каб падпарадкаваць яе, ва ўніверсітэце няма часу, а ў многіх наўпрост не хапае вытрымкі. Аднак, калі я паспрабавала, то здзівілася таму, наколькі акварэльны жывапіс падобны да роспісу па тканіне. Вырашыла развівацца ў гэтым кірунку.
“Здаецца, пасля сканчэння ўніверсітэту я так і не спынялася вучыцца”
Увесь час Вольга шукала шляхі і магчымасці манетызаваць сваю творчасць. Яшчэ студэнткай падпрацоўвала, малюючы эскізы для мадэльераў і парыкмахераў, здавала свае жывапісныя і рамесныя работы ў мастацкія салоны і сувенірныя крамы. Бацік, жывапіс, стварэнне паштовак, вырабаў з салёнага цеста, керамікі, палімернай гліны… творчых эксперыментаў было столькі, што ўсяго і не прыгадаць, аднак нестабільнасць гэтага заробку ўсё ж вымусіла пэўны час папрацаваць у найме.
– Трэба было гадаваць дзіця і аплачваць рахункі. Упэўненасці на тое, каб цалкам сысці на творчы хлеб, пэўны час не хапала. Аднак з часам я набралася досведу і смеласці – і сышла. Ні кропелькі не пашкадавала пра гэта.
– Цяпер працую як вольны мастак і вельмі ганаруся гэтым. Гэта была мая мара.
Тым не менш зарабляць на творчай ніве не так проста, як можа падацца на першы погляд. Імклівая глабалізацыя і развіццё тэхналогій прымушаюць быць вельмі гнуткай. Рэклама, фота, відэамантаж, прасоўванне ў сеціве – да стварэння асабістага брэнду трэба прыкласці нямала намаганняў і падыходзіць комплексна. Адных толькі мастацкіх здольнасцей тут недастаткова – упэўнена гераіня.
– Сёння мастакі павіннны быць самі сабе і мэнэджарамі, і маркетолагамі. Я няспынна вучуся і адаптуюся пад рэаліі. Наведваю розныя курсы, семінары, штосьці чытаю. З’явіліся Tik-tok, REELS ў інстаграм – і нікуды не падзенешся, пачынаеш вучыцца іх здымаць. Здаецца, пасля скачэння ўніверсітэту я так і не спынялася вучыцца. Мне важна заставацца цікавай і зразумелай для свайго патэнцыйнага пакупніка, а ў яго, вядома, няма ўзросту.
– Таму трэба быць на хвалі часу і авалодваць сучаснымі інструментамі прасоўвання, ведаць як выкарыстаць іх на карысць сабе.
– А якія мастацкія напрамкі цяпер з’яўляюцца найбольш камерцыйна перспектыўнымі?
– Цяжка сказаць, што сёння камерцыйна выгадна і мае гарантыю на поспех. Заўважаю попыт на інтэр’ерны жывапіс – тыя самыя каляровыя плямы і гіпсавыя пано з паталлю. Цяпер гэта ў трэндзе, прывабна глядзіцца ў сучасных інтэр’ерах. Аднак, не ў крыўду майстрам кажучы, я такое мастацтва не прымаю. Мяне вабіць больш асэнсаваны жывапіс, дзе карціна – адлюстраванне нейкай ідэі і думкі мастака, увасабленне яго светапогляду і стылю. Гэтыя ж творы не нясуць ніякай сэнсавай нагрузкі. Міне мода – і яны разам са шпалерамі будуць знятыя са сцен і выкінутыя на сметнік. Рука гаспадара нават не здрыганецца, бо гэтыя карціны адпачатку не маюць мастацкай каштоўнасці. Таму камерцыйны складнік для мяне не так важны, як пасыл.
Тым не менш Вольга прызнаецца: прафесійная статуснасць і прэстыж для яе не пусты гук. Летась мастачка стала сябрам Саюзу акварэлістаў Расіі, а нядаўна была прынятая ў сябры Саюзу мастакоў Беларусі. Яна ўвесь час працуе над новымі ідэямі і арганізуе выставы сваёй творчасці.
– Усіх выставаў, у якіх я брала ўдзел, і не ўспомніць, але персанальных ужо было 18. Дзве з іх у свой час прайшлі ў Польшы. Самая буйная адбылася ў 2022 годзе ў Брэсце. На ёй я з’явілася выключна як акварэлістка і прадставіла 80 работ. Многія з іх у выніку потым былі прададзеныя. Я лічу, што выстава як з’ява павінна быць ў жыцці кожнага мастака, абавязкова.
– Прычым лічу, што варта заўсёды дэманстраваць свой творчы рост і прадстаўляць свежыя работы. Гэта не толькі падсумаванне вынікаў нейкага творчага этапу, але і своеасаблівая заява пра сябе.
– Пачуцці, якія ты адчуваеш падчас правядзення сваёй выставы, складана з чымсьці параўнаць. Вельмі шмат падтрымкі, станоўчых эмоцый і водгукаў ад гледачоў і калег. Застаешся пасля ўсяго гэтага зараджаным і натхнёным. Аднак трэба разумець, што арганізаваць сваю выставу зусім няпроста; і напісаць карціны – гэта нават не паўсправы ў гэтым пытанні.
“Я ведаю, як адрозніць канструктыўную крытыку ад спробы самасцвердзіцца за конт іншага чалавека”
Пасля адыходу ад баціку Вольга паспяхова рэалізавалася не толькі як мастачка, але і як рамесніца. Апошнія гадоў 6 яна стварае драўляныя ўпрыгожанні з роспісам, у прыватнасці партрэтныя брошкі паводле фотаздымкаў.
– А колькі атрымліваецца зарабляць на творчасці?
– Месяц ад месяцу розніцца. Прыбытак нестабільны, але ў пэўныя перыяды ён вышэйшы, што дае магчымасць не хвалявацца пра матэрыяльную забяспечанасць у моманты, калі заробак меншы. Напрыклад, пераднавагоднія кірмашы – час, калі можна добра зарабіць на продажы святочнай атрыбутыкі. У студзені ўсе адыходзяць ад святаў, і даход будзе меншым. Лета таксама дае прасадку, бо людзі аддаюць перавагу актыўнаму адпачынку і не так зацікаўленыя ў набыцці нейкіх рукатворных рэчаў.
Тым не менш у сярэднім мой заробак не меншы, а часам і большы за той, які я атрымлівала, працуючы метадыстам ў аддзеле адукацыі. Яго мне хапае на рэалізацыю ўсіх маіх патрэбаў. Гэта пражыццё, набыццё якасных матэрыялаў для работы, падарожжы, культурны адпачынак і іншыя прыемнасці – ўсім гэтым я забяспечваю сябе менавіта дзякуючы творчасці.
– Вядома, працаваць даводзіцца 24/7. Свая справа, як і бізнэс, прадугледжвае поўную ўключанасць ва ўсе працэсы. Ты думаеш пра сваю працу ўвесь час, плануеш яе і днём, і ноччу, заўсёды знаходзішся на сувязі з кліентамі. Але асабіста мяне гэта не стамляе, бо гэта мая справа, тое, што мяне цікавіць, што я люблю.
– Я падзараджаюся ад сваёй дзейнасці і задаволена тым, як усё складаецца.
– Ці шмат было крытыкі (ці нават хэйту) на творчым шляху?
– У творчым асяроддзі зайздрасць і хэйт – частая з’ява. Я неаднойчы з гэтым сутыкалася. Але адрозніць канструктыўную крытыку ад спробы самасцвердзіцца за конт іншага чалавека даволі проста. Калі я бачу, што чалавек імкнецца толькі абясцэніць мае набыткі і абразіць, – найлепшае, што можна зрабіць, гэта не рэагаваць на яго ці яе напады і спыніць ўсе спробы на вас паўздзейнічаць. Я ў стане заўважыць свае памылкі і працаваць над імі і бачу, калі чалавек шчыра імкнецца дапамагчы.
– А так, калі ты нешта робіш і выходзіш з гэтым у свет, можна пачуць ўсялякае. На творчым шляху ёсць канкурэнцыя. Таму крытыка і хэйт як былі спрадвеку, так нікуды і не знікнуць. Не трэба гэтага баяцца. Кожны ідзе сваім, непадобным да іншых шляхам і прыходзіць да вынікаў у свой час.
– Нават ад настаўнікаў часам можна адчуць рэўнасць і нядобразычлівасць. Мне, як і любому жывому чалавеку, зайздрасць таксама ўласціва, бо заўсёды знаходзяцца мастакі, якія цябе пераўзыходзяць. Іншае пытанне, што вы з гэтым пачуццём робіце. Мне асабіста няма цікавасці выліваць нейкі бруд і хэйт на кагосьці, якія б пачуцці ён ці яна ў мяне не выклікалі. А калі чалавек зрабіў штосьці годнае, я лічу, што зусім не ганебна яму пра гэта сказаць.
“Свой глабальны план я ўжо выканала даўно”
Цяпер у Вольгі Данілюк улюбёны жанр – гарадскі пейзаж. Мастачкай ўжо створаны шэраг акварэльных карцін з жывапіснымі дворыкамі Брэста.
– Працягваю прыкмячаць прыгожыя куточкі ў Брэсце і імкнуся перанесці іх на паперу. Летам адкрыла для сябе яшчэ і тэму старадаўніх храмаў. Можа гэта ўжо ўзрост? – усміхаецца Вольга. – Не ведаю. Але ў вясковых храмаў асаблівая энэргетыка, і гэта хочацца занатаваць.
Апошнім часам Вольгу ўсё больш захапляе працаваць над роспісам драўніны. У прыватнасці ствараць драўляны дэкор для дому у беларускім стылі.
– Гэта новы для мяне досвед, але я задумвалася пра гэта яшчэ гадоў 10 таму, проста тады не было побач чалавека, які б дапамог з рэалізацыяй ідэі. Цяпер я знаёмая з майстрам Анатолем Люкевічам. Мы сумесна стварылі першую калекцыю драўляных вырабаў. Гэта ключніцы, птушкі шчасця, сэрцы — усё выканана ў адмыслова састараным стылі, з элементамі беларускага арнаменту.
– Ці ёсць нейкія планы і мары, да рэалізацыі якіх вы імкняцеся?
– Нейкія планы і мэты заўсёды ёсць. Апошняя – увайсці ў склад Саюзу мастакоў – дасягнутая месяц таму. Цяпер мне хацелася б засяродзіцца на ўдасканаленні свайго мастацкага ўзроўню і прымаць ўдзел у выставах рэспубліканскага значэння.
А свой глабальны план, лічу, я ўжо выканала даўно. Яшчэ ў юнацтве, калі не падманула сябе нейкімі “перспектыўнымі” прафесіямі і абрала тое, да чаго імкнулася сэрца. Гэта маё галоўнае дасягненне, і я бясконца ўдзячная сабе за яго.
(с) ALOVAK