Сёлета ў шосты раз была ўручана Прэмія Цёткі, якая ўганароўвае найлепшыя беларускія кнігі для дзяцей і падлеткаў. Адна з дзвюх намінацый прэміі – за найлепшае мастацкае афармленне кнігі, а ALOVAK пяшчотна любіць прыгожыя кніжныя ілюстрацыі. У кароткі спіс прэміі ў гэтай намінацыі ўвайшло 6 кніг, пра афармленне якіх і пойдзе гаворка ў гэтым артыкуле.
Тэкст падрыхтавала: Кацярына Буто
У склад мастацкага журы Прэміі Цёткі сёлета ўвайшлі мастакі Кацярына Дубовік і Павел Татарнікаў, дызайнер Ігар Юхневіч.
Валерый Славук — Вядзьмар, які рабіўся ваўком: Беларускія чарадзейныя казкі. Мінск, Янушкевіч, 2020
Менавіта Валеры Славук і стаў пераможцам у намінацыі “Найлепшае мастацкае афармленне”. У кнігу, якую аздобіў мастак, ўвайшло 30 беларускіх чарадзейных казак і паданняў, запісаных у канцы XIX — пачатку XX стагоддзя, а цяпер наноў адабраных і апрацаваных Антонам Францішкам Брылём.
Гісторыя стварэння ілюстрацый да кнігі
Валерый Славук: “Укладальнік кнігі, Антон Францішак Брыль, унук пісьменніка Янкі Брыля, сам знайшоў мяне і прапанаваў стаць ілюстратарам кнігі казак. Ён сказаў, што я магу рабіць гэта так, як захачу. З-за гэтага ўласна і пагадзіўся. Першапачаткова кнігу планавалася выдаць невялікага памеру, але я ўсё ж здолеў пераканаць зрабіць добры альбом з вялікімі панарамнымі ілюстрацыямі.
Для кнігі я выканаў 12 вялікіх ілюстрацый на разварот, потым прыйшлося дамаляваць застаўкі для кожнай казкі. Я працаваў толькі над ілюстрацыямі, макетам займалася само выдавецтва.
Многія казкі ў кнізе былі мне вядомыя, але было некалькі цалкам незнаёмых – яны падаліся мне цікавымі, нават нечаканымі. Падчас працы над кнігай, успамінаў сваё дзяцінства, калі ехаў у цягніку разам з мамай да брата, з Беларусі на Урал, і чытаў у доўгай дарозе кнігу беларускіх казак”.
Тэхніка выканання ілюстрацый
Валерый Славук: “Выконваў ілюстрацыі пяром і рознакаляровай тушшу, якую разводзіў сам. Не люблю занадта яркія стракатыя колеры ў графіцы. Хацелася чагосьці больш сціплага – мне падалося гэта магчымым для беларускіх казак.
Звычайна я выкарыстоўваю ў сваіх ілюстрацыях яшчэ і акварэль, але тут яна не спатрэбілася, каляровай тушы аказалася дастаткова.
Арыгіналы ілюстрацый вялікія, прыблізна 40*60 см. Улічваў, што калі пры друку стануць меншымі, будуць выглядаць толькі лепш. Ілюстраванне кнігі заняло каля 3 месяцаў, на адзін разварот мог сысці тыдзень карпатлівай працы”.
Лілія Давыдоўская — Ганна Янкута. Кот Шпрот і зніклы мышамабіль. Мінск, Янушкевіч, 2020
Гэта другая па ліку кніга пра прыгоды ката Шпрота, напісаная беларускай пісьменніцай Ганнай Янкута. Галоўны герой кот Шпрот разам з прывідамі Марай і Жан-Жахам, гуляючы па Мінску, расследуюць новую таямніцу. Ілюстрацыі да кнігі стварыла мастачка Лілія Давыдоўская.
Гісторыя стварэння ілюстрацый да кнігі
Лілія Давыдоўская: “Я з дзяцінства любіла кнігі і заўжды марыла, што калі-небудзь сама змагу намаляваць ілюстрацыі для якой-небудзь цікавай гісторыі. Неяк далучылася да праекта ў ЖЖ (калі той яшчэ быў жывы), у якім трэба было за год намаляваць уласную кнігу. Я захапілася ідэяй і ўзялася за працу. І праз год у мяне была не толькі праілюстраваная гісторыя, але і разуменне таго, што мне сапраўды падабаецца гэта справа.
Калі Ганна Янкута шукала ілюстратара, ёй сярод іншага параілі і мой блог з гэтым самым праектам. Аўтарцы мае ілюстрацыі спадабаліся, а я была ў захапленні ад гісторыі пра ката Шпрота, так і пачалося наша супрацоўніцтва. З таго часу з’явілася ўжо тры кнігі, дзве з каторых трапілі ў кароткія спісы прэміі Цёткі. Першая ў 2020 годзе, другая сёлета.
Тэхніка выканання ілюстрацый
Лілія Давыдоўская: “Для ілюстрацый я выбрала змешаную тэхніку. Спачатку ў графічнай праграме я намалявала каляровыя эскізы. Пасля іх зацверджання раздрукавала контуры, якія перавяла на мастацкую паперу. Асобныя персанажы і фаны, якія складаюць аснову, маляваліся акварэллю, для другой кнігі я вырашыла яшчэ дадаць алоўкі, мне падабаецца тэкстура, якую яны даюць паверх заліўкі. Потым гэтая аснова сканавалася, і ў фоташопе сумяшчаліся ўсе фрагменты, вядома, з дадатковай апрацоўкай.
Такі падыход забірае даволі шмат часу, але дае і большы кантроль над працэсам. Мне хацелася выкарыстоўваць “жывыя” матэрыялы, але ў той жа час пакінуць сабе магчымасць лёгка выправіць памылку ці нешта памяняць у ілюстрацыі, калі я пабачу, што так будзе лепш”.
Вольга Дзятко — Алесь Пальчэўскі. Рэкс і Казбек: апавяданні. Мінск, Мастацкая літаратура, 2020
У гэтую невялікую кнігу ўвайшлі апавяданні Алеся Пальчэўскага, двойчы рэпрэсаванага пісьменніка ХХ ст, рэабілітаванага ў 1954 г. У апавяданні, якое дало назву зборніку, трое паляўнічых на прывале расказваюць гісторыі пра сваіх сабак. Праілюстравала кнігу мастачка і дызайнерка Вольга Дзятко.
Гісторыя стварэння ілюстрацый да кнігі
Вольга Дзятко: “Я працавала ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” некалькі гадоў, на працягу якіх праілюстравала 8 кніг. І цяпер, пасля звальнення, перыядычна заходжу ўзяць працу. Люблю працаваць з кнігай, асабліва з дзіцячай.
Так было і ў гэты раз, мастацкі рэдактар выдавецтва Насця Капульцэвіч якраз распрацоўвала афармленне для новай серыі кніг для малодшага школьнага ўзросту “Я люблю чытаць”. Я з задавальненнем пагадзілася ўзяць замову і прыступіла да працы”.
Тэхніка выканання ілюстрацый
Вольга Дзятко: “Гэта было непазбежна! З 2016 года я ляпіла з гліны ўпрыгожанні і аксесуары. Таму ідэя стварыць кнігу з ляпнымі ілюстрацыямі лунала ў паветры. Можна сказаць, мы з мастацкай рэдакцыяй выдавецтва аднадушна вырашылі, што кніга будзе асаблівай.
Тэрміны былі сціснутыя, усе ілюстрацыі ствараліся за два тыдні – на адным дыханні. Звычайна на такую ??працу ідуць месяцы.
Я працавала самазастывальнай глінай. Усе элементы былі вылеплены ўручную. Магчыма, друк не перадае ўсю фактуру і аб’ём ілюстрацый, ужывую іх вышыня дасягае 1-1,5 см.
Усё пачыналася з эскіза, лінейнага малюнка. Далей ішла праца з планамі, фактурамі. Шмат увагі надала падбору колеру, усе адценні вымешвала з базавых колераў, што дало магчымасць стварыць задуманую каляровую гаму.
Вядома, стварэнне ілюстрацый з гліны адрозніваецца ад працы з фарбамі. Тут ты малюеш наўпрост рукамі, без пэндзля – такі працэс мне падаецца займальным і цікавым”.
Андрэй Пакроўскі — Марыя Мартысевіч. Як пазбыцца Маматута. Мінск, Koska, 2020
Паэтка і пісьменніца Марыя Мартысевіч стварыла незвычайную кнігу дзіцячых вершаў для дарослых. Праілюстраваў кнігу празаік і мастак Андрэй Пакроўскі.
Гісторыя стварэння ілюстрацый да кнігі
Андрэй Пакроўскі: “Думаю, Маматут з Марыяй выбралі мяне таму, што я не толькі класны ілюстратар, але яшчэ і ў нядаўнім мінулым (у маштабах Сусвету) малады бацька. Таму маляваў я абапіраючыся не толькі на тэкст, але і на свой бацькоўскі досвед. Калі моцна прыгледзецца, у карцінках можна знайсці пасхалкі з маіх бацькоўскіх, а калі капнуць глыбей, і дзіцячых гадоў”.
Тэхніка выканання ілюстрацый
Андрэй Пакроўскі: “Усе карцінкі намаляваны па-дзедаўску: толькі лайнеры і папера. Магчыма, выкарыстанне лічбы паскорыла б працэс, але навошта паскараць тое, ад чаго ты атрымліваеш асалоду. Штрыхоўка, якую я выкарыстоўваў у ілюстрацыях, была для мяне амаль як медытацыя, спосаб адключыцца ад міру і надзённых трывог. Каб парадаваць сябе яшчэ больш, маляваў я на цвёрдай акварэльнай паперы, таму акрамя ілюстрацый у мяне атрымалася яшчэ і серыя карцінак, якія можна павесіць на сцяну”.
Лізавета Пастушэнка — Уладзімір Караткевіч. Старая казка. Мінск, Народная асвета, 2020
У зборніку твораў беларускага класіка Уладзіміра Караткевіча сабраны казкі, напісаныя ў розныя гады яго жыцця. Ілюстрацыі да кнігі стварыла мастачка і выкладчыца Беларускай акадэміі мастацтваў Лізавета Пастушэнка.
Гісторыя стварэння ілюстрацый да кнігі
Лізавета Пастушэнка: “З дзяцінства я марыла, што некалі аформлю якую-небудзь кнігу. Так і атрымалася ў маім жыцці, я стала мастаком-графікам. Калі мне патэлефанавалі і прапанавалі аформіць складанку казак Уладзіміра Караткевіча, я не доўга думала. Тут усё супала: і любоў да ілюстрацыі, і тэматыка (заўсёды было цікава працаваць з казкамі і дзіцячай літаратурай), і асоба аўтара. Мне вельмі падабаецца творчасць Караткевіча, я нават была мастаком у мультфільме па яго творчасці “Вясна ўвосень” на кінастудыі “Беларусьфільм”. Таму, нягледзячы на ??невялікія тэрміны для выканання, з задавальненнем пагадзілася на ўдзел у праекце”.
Тэхніка выканання ілюстрацый
Лізавета Пастушэнка: “Ілюстрацыі выкананыя ў аўтарскай тэхніцы. Гэта мікс з розных графічных прыёмаў. Інакш яшчэ такі падыход у працы завуць змяшанай тэхнікай. У аснове манатыпія, выкананая друкарскай фарбай, і далей дапрацоўка шклографам і тушшу. Гэтая тэхніка мне вельмі падабаецца і дазваляе рашаць усе задачы, якія я стаўлю перад сабой у працы. Таксама за кошт гэтай тэхнікі можна ўзбагаціць працу цікавымі фактурамі і графічным эфектамі, немагчымымі ў традыцыйных тэхніках.
Ілюстрацыі практычна манахромныя, г.зн. колер прысутнічае мінімальна. Вядома, збольшага такое рашэнне прадыктавана тэхнікай выканання, але ўсё ж гэта не вырашальны момант. Мне падаецца, што казкі Уладзіміра Караткевіча не зусім дзіцячыя, яны падыходзяць і будуць цікавыя чалавеку любога ўзросту. Яны філасофскія, і прымушаюць задумацца пра сэнс жыцця. Выявы, створаныя аўтарам часам фантастычныя і таямнічыя, а часам наіўныя і чыстыя. Але заўсёды глыбокія. І такое манахромнае рашэнне ілюстрацый, на мой погляд, дапамагае чытачу ўдумліва і з вялікай увагай паставіцца да тых сэнсаў, якія аўтар уклаў у тэкст.
Я з вялікім задавальненнем працавала над гэтай кнігай, і ўдвая прыемна, што на гэтае выданне звярнулі ўвагу журы Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” і Прэміі Цёткі”.
Стася Сакалоўская — Стаселька Кірыл. Пімкі. Мінск, Галіяфы, 2020
Гэта кніга невялікіх гісторый-казак, у якіх пераплятаюцца беларуская міфалогія і фальклор, выдумка і гісторыя. Над дызайнам вокладкі працавала мастачка Стася Сакалоўская, ілюстрацыі стварыў сам аўтар кнігі, Кірыл Стаселька.
Гісторыя стварэння ілюстрацый да кнігі
Стася Сакалоўская: “Так сталася, што я рабіла вокладкі да ўсіх кніг Кірыла, не выключэннем стала і кніга “Пімкі”. Ідэя вокладкі даволі простая: легенды і паданні – гэта сувязь пакаленняў, мудрасць, гумар, вопыт, якія пакідалі нам нашы продкі. Таму на першай палове вокладкі дзядуля, якога ўжо няма, лямпай свеціць на старонкі кнігі, якую чытае яго ўнук”.
Кірыл Стаселька: “Вокладкі, якія рабіла Стася да маіх кніг, атрымаліся нетыповымі, заўважнымі, атмасфернымі. Ды візуал вокладкі і візуал унутраных малюнкаў кнігі адрозніваюцца па сваім прынцыпе. Менавіта таму я не браўся за вокладку, але падзяліўся з чытачамі толькі сваім бачаннем, сваім адчуваннем некаторых персанажаў і з’яваў тэкста. Мне падаецца, што менавіта ў выпадку дадзенага тэкста (я ніколі дагэтуль не ілюстраваў кнігі) атрымалася апраўдана і арганічна”.
Тэхніка выканання ілюстрацый
Стася Сакалоўская: “Вокладка выканана каляровымі алоўкамі і простым алоўкам”.
Кірыл Стаселька: “Вядома, я не з’яўляюся прафесійным мастаком ці ілюстратарам, тым не менш, на аматарскім узроўні займаюся візуальнай творчасцю даўно. Звычайна гэта замалёўкі на паперы. Для кнігі ж я ствараў ілюстрацыі адразу ў электронным фармаце пры дапамозе адмысловых планшэта і стылуса, а не лічбаваў гатовыя малюнкі”.
***
Даведка. Прэмія Цёткі ўручаецца з 2016 года. За гэты час пераможцамі прэміі ў мастацкай намінацыі рабіліся Павел Татарнікаў (“Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі” Уладзіміра Арлова), Лізавета Лянкевіч ( “Азбука. Вясёлы вулей” Рыгора Барадуліна), Кацярына Дубовік (“Чаму Меша не мае хаты” Надзеі Ясмінска), Вераніка Шпак («Як зубраня “Зубраня” наведала» Генадзя Аўласенкі).
(с) ALOVAK
[…] Брошкі “Фрыда” з японскай гіны стварае дызайнер і ілюстратар Вольга Дзятко: […]