Какедама – пакрокавы майстар-клас

Прапануем азеляніць свой творчы куток разам з намі, скарыстаўшыся незвычайнай тэхнікай вырошчвання хатніх раслін, якая прыйшла ў нашую краіну з далекай Японіі. Гаворка вядзецца пра какедаму.

Тэкст, фота: Ганна Савановіч

Какедама – гэта земляны шар, абгорнуты ў мох, у які пасаджана дэкаратыўная расліна. Выглядае такі спосаб вырошчвання хатніх раслін надзвычай прывабна, як быццам кавалачак лесу завітаў ў хату, каб падараваць гаспадарам спакой і цішыню. А сам працэс стварэння какедамы заварожвае і спрыяе аднаўленню чысціні думак.

Для стварэння какедамы спатрэбяцца:

  • дэкаратыўная расліна
  • грунт
  • баваўняная нітка
  • лясны мох

Для зручнасці раім працаваць ў пальчатках і мець напагатове місу з вадою для дадатковага змочвання зямлі.

Працэс

Падрыхтуйце грунт для стварэння землянога кома. Грунт лепш браць падыходзячы для канкрэтнай расліны і перад пачаткам працы яго неабходна добра ўвільгатніць. Мох таксама раскладзіце на роўнай паверхні і шчодра спырсніце вадой. Для працы падыходзіць звычайны лясны мох, які можна самастойна сабраць у хваевым лесе.

Акуратна, стараючыся не пашкодзіць карані, дастаньце раслінку з кантэйнера або гаршчочка. Прыбярыце лішні грунт з карэньчыкаў. Не трэба разбіраць усе карані, няхай яны трымаюць сваю форму, прыбірайце толькі тое, что само паддаецца пры дотыку.

Затым бырыце невялікія порцыі мокрага падрыхтаванага грунту і аблеплівайце клубок каранеў з усіх бакоў, фарміруючы далонямі земляны шар.

Калі земляны шар зроблены, вазьміце невялікі кавалачак моху і пачынайце абкладаць ім зямлю. Прыкладаючы кожны кавалак моху, абкручвайце вакол шара баваўняную нітку, каб зафіксаваць мох і падтрымаць форму какедамы.

Калі мох з усіх бакоў закрые зямлю, праверце яшчэ раз, ці правільнай формы шар у Вас атрымаўся і дадайце мох, калі недзе есць відавочныя паглыбленні.

Какедама гатова!

Даглядаць за какедамай нескладана: сачыце за тым, каб земляны ком не перасыхаў, своечасова апырскваючы яго вадой, або нават апускаючы какедаму ў емістасць з вадой на непрацяглы час. Не забывайцеся, што найлепшыя расліны для паляпшэння мікраклімата Вашай хаты або майстэрні – хларафітум, фікус, алоэ, спатыфіллум, сансевіерыя, герань. Смела перасяляйце гэтыя расліны ў дамкі з моху і атрымлівайце асалоду ад прысутнасці лясного паветра вакол Вас.

(c) ALOVAK

2 Comments

  1. ідэя цікавая ,але ці не будзе пры паліванні расліны ўсё сцякаць на падлогу і шпалеры?

  2. […] Майстар-клас, як стварыць какедаму сваімі рукамі – гля… […]

Leave a Reply