Прапануем вам стварыць велікодны кошык з непатрэбнай бляшанкі ад печыва, задэкарыраваўшы яе натуральнымі і даступнымі матэрыяламі.
Фота: Кацярына Буто
Такі кошык падобны на пянёк і выглядае на велікодным стале вельмі эфектна – нават не абавязкова фарбаваць яйкі, на наш погляд.
Больш фотаздымкаў сервіроўкі велікоднага стала з нашым кошыкам глядзіце тут.
Неабходныя матэрыялы:
- бляшаная альбо любая іншая круглая скрынка,
- кара розных дрэў,
- мох,
- папяровы скотч,
- пергамент карычневага колеру (крафт).
А таксама неабходныя інструменты:
- клей-пісталет,
- нажніцы,
- макетны нож (нажоўка),
- пінцэт.
Працэс працы
1.Падрыхтуем скрынку – каб пасля прыклейвання моху не кідаўся ў вочы серабрысты край сценак скрынкі, схаваем лішняе за пергаментнай крафт-паперай. Спярша акуратна абгорнем ёй сценкі каробкі па перыметры.
2.З дапамогай папяровага скотчу зафіксуем паперу – і з вонкавага боку, і з унутранага.
3.Пачынаем асноўную частку працы, абклейванне скрынкі карой. Лепш за ўсё загадзя падрыхтаваць (з запасам) кавалачкі кары неабходнай вышыні.
ALOVAK заклікае вас: збірайце кару са зламаных галінак і дрэў, давайце берагчы жывы лес!
4.І прыступаем да абклейвання – клей-пісталет найлепшым чынам спраўляецца з гэтым, але за яго адсутнасцю можна паспрабаваць і звычайны клей-момант.
5.Пасля таго, як самыя буйныя часткі кары будуць прыклееныя, пачынаем запаўняць прасветы больш дробнымі кавалачкамі, а таксама мохам.
Парада. Калі будзеце рэзаць кару для скрынкі, не выкідайце адразу тое, што абсыпаецца пры гэтым – гэтую дробную пасыпку ідэальна выкарыстоўваць для запаўнення маленькіх прасветаў.
6.Запаўняем скрыначку-кошык мохам. Калі ў вас дастаткова моху, то проста ўкладаем яго ўнутр ў некалькі слаёў, а калі не, то выкладаем спярша на дно скрынкі вату або файбертэк.
Гатова! Засталося ўкласці яйкі і ўпрыгожыць кошык на свой густ 🙂
(с) ALOVAK