Ілюстрацыі Лізы Лянкевіч да кнігі Якуба Коласа “Новая зямля”: погляд ілюстратаркі

З нагоды 140-а юбілею з нараджэння Якуба Коласа выдавецтва “Папуры” зрабіла новае выданне “Новай зямлі” з ілюстрацыямі Лізаветы Лянкевіч – кніга ўжо трапіла ў продаж.

Да юбілею мы публікавалі падборку ілюстрацый да твораў Якуба Коласа. Ілюстрацыі Лізы Лянкевіч – шыкоўны ўнёсак у багатую творчую спадчыну мастакоў, натхнёных творамі Якуба Коласа. А нядаўна ў нас было інтэрв’ю з мастачкай Лізай Лянкевіч пра яе творчы шлях. Цяпер жа супольна з выдавецтвам “Папуры” мы падрыхтавалі новы матэрыял пра тое, як Лізавета стварала ілюстрацыі да гэтай кнігі.

Пачытайце, чым натхнялася мастачка і як творча рэалізоваўла ідэі паэмы ў адметных ілюстрацыях да кнігі “Новая зямля”.

Фота кнігі: Кацярына Спяранская

“Я і падумаць не магла, што калі-небудзь мне выпадзе магчымасць праілюстраваць “Новую зямлю” – для мяне гэта сапраўдны падарунак лёсу”

Калі чую словы “Новая зямля” – адразу згадваю дзяцінства і як дзед штонядзелі чытаў нам з братам перад сняданкам урыўкі з паэмы. Гэта вельмі сонечныя ўспаміны, якія сфармавалі маю любоў да Беларусі, да ейнай прыроды, культуры і мовы.

Мне заўсёды хацелася апынуцца ў тых коласаўскіх апісаннях прыроды, быту, апынуцца ў самім творы. І калі мне было 8, мы з бацькамі паехалі ў Альбуць, на радзіму Якуба Коласа. Мы доўга ішлі пешкі, і ўрэшце знайшлі тую елку з хваіною, і той лес падковай, і хату, і ручаіну. Не перадаць, якая я была шчаслівая. Мяне так перапаўнялі пачуцці, што я адразу пачала ўсё замалёўваць: браму, дом, пуню (тыя замалёўкі дагэтуль недзе ў мяне ляжаць), а па вяртанні ў горад намалявала алеем карціну “Альбуць”. Для мяне гэта быў самы значны момант судакранання з беларускай спадчынай і культурай, з яе прыродай і продкамі. Я і падумаць тады не магла, што калі-небудзь мне выпадзе магчымасць праілюстраваць “Новую зямлю” – для мяне гэта сапраўдны падарунак лёсу.

“Каб звязаць усе часткі апавядання ў адно, я выбрала базавы сіні колер – бо гэта і неба, і вада, і снег, і цені, і глыбіня, і слёзы”

Цяпер усе тыя пачуцці ўсплылі зноў. Толькі цяпер, перачытваючы паэму, я змагла зазірнуць у яе глыбей, ужо дарослымі вачыма, як шмат змянілася з тых часоў, і як шмат засталося нязменным. І пастаралася перадаць гэтае бачанне даступнымі мастацкімі сродкамі – раскласці твор на некалькі пластоў і праз сімвалічныя вобразы акцэнтаваць галоўную думку як твора ў цэлым, так і кожнага раздзела. Каб звязаць усе часткі апавядання ў адно, я выбрала базавы сіні колер – бо гэта і неба, і вада, і снег, і цені, і глыбіня, і слёзы.

У кнізе каля 70 ілюстрацый, кампазіцыйна твор падзелены на дзве часткі: прыродную – спакойную, зацішную, і гарадскую – мітуслівую і няўтульную. Стылістычны кантраст між імі яскрава перадае, як адчуваюць сябе героі ў розным асяроддзі, як цяжка ў горадзе вясковаму чалавеку, які пачуваецца быццам расліна пасярод бруку.

“Блізкасць галоўных герояў да зямлі я перадала праз вялізныя спрацаваныя рукі і ногі – каб паказаць, што яны выраслі з гэтай глебы, нібыта дрэвы”

Ад самага першага раздзела я спрабую змясціць, вярнуць чытача ў той родны мне і аўтару кут – спачатку мы бачым яго зверху, падлятаем да яго, нібы птушкі з выраю, потым спускаемся на зямлю, падыходзім да бацькі-Нёмана і разам з аўтарам любуемся маляўнічымі краявідамі. Затым я знаёмлю чытача з галоўнымі героямі, малюючы якіх, я ўяўляла і сябе малую, што бегае там разам з імі.

У стылістыцы афармлення для мяне былі важныя дзве рэчы: выкарыстаць смелыя і нестандартныя мастацкія прыёмы, каб зрабіць кнігу больш сучаснай, але ў той жа час захаваць традыцыйнасць, пакінуць адметныя элементы таго часу і быту.

“Нават анёл не можа адарваць Міхала ад зямлі”

Напрыклад, блізкасць галоўных герояў да зямлі я перадала праз вялізныя спрацаваныя рукі і вялізныя ногі – каб паказаць, што яны выраслі з гэтай глебы, нібыта дрэвы. Той жа самы гіпербалічны вобраз і на вокладцы – чырвонай лініяй ён праходзіць праз увесь твор і ў канцы дасягае эпагею – нават анёл не можа адарваць Міхала ад зямлі пасля смерці – так глыбока той занурыў углыб свае карані і сваё сэрца.

Усё гэта сплятаецца з важнай ідэяй твора – жаданнем займець свой кут, свой дом, сваю зямлю, свабодную ад прымусу, грэблівасці і прыгнёту. Яна перадаецца на сімвалічным узроўні – праз вобраз дома, які прарос каранямі ў зямлю і якія Міхал адсякае, бо вымушаны рухацца ў новае месца; дом, які ён цягне на возе і на плячах, – сімвал пераменлівасці і нетрываласці, ад якой так стаміліся Міхал і яго сям’я. Сам вобраз Міхала – гэта і дом, і дрэва, і птушка, і зямля, і вечная дарога. Пошук прытулку, дзе ён будзе свабодны і шчаслівы, дзе ён зможа ўрэшце пусціць карані.

З аднаго боку “Новая зямля” – твор вельмі жыццясцвярджальны і натхняльны, а з іншага – вельмі цяжкі і драматычны. Побач з гарэзлівымі каточкамі і жартаўлівымі сцэнамі мы бачым у ёй смутак і смерць. Усё гэта я старалася перадаць – праз графічныя прыёмы, праз вобразнасць, праз спалучэнне прыроднага і чалавечага, плоскага і аб’ёмнага, змяняла маштабы прадметаў і людзей, каб расставіць акцэнты і ўзмацніць галоўную думку.

Праз гэтую амбівалентнасць і актуальнасць праца над “Новай зямлёй” была для мяне і шчасцем, і цяжарам адначасова, бо я прапускала праз сябе увесь боль, які пражывае галоўны герой – ці дажыве ён да тых часоў, калі зможа ўздыхнуць свабодна? І хоць твор сканчаецца драматычна, у апошняй ілюстрацыі я ўсё ж даю нам надзею, што мары галоўных герояў мусяць аднойчы спраўдзіцца.

Аўтапартрэт ілюстратаркі Лізаветы Лянкевіч

(С) ALOVAK

Leave a Reply