Дзіцячыя кнігі на беларускай мове з малюнкамі пра зіму і Каляды

Кніга не перастае заставацца найлепшым падарункам, асабліва калі яна з ілюстрацыямі і, вядома, па-беларуску. Яшчэ 5 гадоў таму мы б не змаглі назбіраць і пяці якасных дзіцячых кніг, каб яны адпавядалі тром простым крытэрам:

  • з малюнкамі таленавітых мастакоў;
  • на беларускай мове;
  • пра зіму і зімовыя святы.

А сёлета мы публікуем цэлую падборку такіх кніг і дзякуем сусветна вядомым мастакам і пісьменнікам, беларускім выдавецтвам і перакладчыкам за тое, што ў нас ўжо ёсць што пакласці дзецям пад ялінку.

Тэкст, фота: Кацярына – аўтарка блога пра кнігі @kniznyja_razmovy.

У гэтай падборцы першымі ідуць кнігі, якія яшчэ можна сустрэць у кнігарнях. А ў канцы сабраны тыя, за якімі варта схадзіць у бібліятэку, бо ў продажы іх ужо не знойдзеш.

“Снежная сястра” – нарвежскі калядны цуд па-беларуску

Гэты цуд падарыла нам выдавецтва “Янушкевіч” і перакладчыца Юля Цімафеева. Сюжэт таямнічы, нават містычны, і вельмі кранальны. Тут і сяброўства, і страта блізкага чалавека, і стасункі ў сям’і, і калядныя цуды. Чытаць лепей разам з дзецьмі і з гадоў 8 як мінімум, бо ёсць драматычныя павароты ў сюжэце.

Візуальна гэта ідэальная кніга для стварэння святочнага зімовага настрою: вялікі фармат, шмат ілюстрацый, і кожная з іх – маленькі шэдэўр. Не памылюся, калі скажу, што на сёння гэта самая прыгожая калядная кніга, выдадзеная па-беларуску.

Кніга ў падарунак: “Снежная сястра”. Мая Лундэ, ілюстрацыі Лісы Айсата. Пераклад з нарвежскай Юлі Цімафеевай. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2020.
Дзе знайсці: у кнігарнях.

“Сабака і зорачка”: кніга аднаго верша і бясконцай пяшчоты

Хочацца напісаць, што гэтая кніга для самых маленькіх, бо складаецца з аднаго верша-казкі Святланы Рабавай, але ж і для аматараў казачных ілюстрацый, якія для кнігі стварыла мастачка Кацярына Бабок. Аднойчы сабачка прысніў зорачку і пасля доўга шукаў яе ў рэальным жыцці. У выніку зорачка знайшлася ў вачах дзяўчынкі, якая ў перадкалядны час забрала сабачку дадому. Дзякуючы такому цёпламу фіналу і некалькім старонкам з зімовымі ілюстрацыямі гэтую кніжку можна смела дадаваць у калядны спіс.

Кніга ў падарунак: “Сабака і зорачка”. Святлана Рабава, ілюстрацыі Кацярыны Бабок. Выдавецтва “Папуры” , 2021.
Дзе знайсці: у кнігарнях

“Каляды ў Булербю” – кніга Астрыд Ліндгрэн ад выдавецтва “Koska”

“Каляды ў Булербю” з ілюстрацыямі Ілон Вікланд выходзілі ў Швецыі яшчэ ў 1963 годзе, а ў 2018 годзе вокладка і макет былі абноўленыя. Гэта вельмі класічная кніга – і тэкстава, і візуальна. Гартаеш яе і быццам праглядаеш бабулін альбом з паштоўкамі.

Кніга ў падарунак: “Каляды ў Булербю”. Астрыд Ліндгрэн, ілюстрацыі Ілон Вікланд. Пераклад са шведскай Надзеі Кандрусевіч. Выдавецтва “Koska”, 2021.
Дзе знайсці: у кнігарнях і ў бібліятэках

“Штуковіна” – перадкалядны дзіцячы трылер пра тое, куды нас могуць завесці жаданні

Жарты жартамі, але гэтая гісторыя можа добра паказытаць нервы, а адкрыты фінал – дадумаць рознае. Падзеі разгортваюцца напярэдадні Калядаў. Два браты жывуць спакойным жыццём, падзяліўшы абавязкі: Рутгер – вынаходнік, Вальтар – займаецца хатняй гаспадаркай. І вось аднойчы апошняму прыходзіць у галаву думка: ці не змайстраваў бы Рутгер нейкую штуковіну, каб тая дапамагала з хатнімі справамі? Ён і змайстраваў. Дзіўны маленькі Памагатар пачынае расці і хутка пачынае вучыць братоў, што ім есці і як ім жыць…

Кніга для моцных нервамі маленькіх чытачоў. Затое пасля яе можна паразважаць, напрыклад, як зберагчы сябе ў сітуацыі, якую ты не можаш кантраляваць.

Кніга ў падарунак: “Штуковіна”. Марцін Відмарк, ілюстрацыі Эміліі Дзюбак. Пераклад са шведскай Наталлі Паваляевай. Выдавецтва “Папуры”, 2020.
Дзе знайсці: у кнігарнях

Хронікі Нарніі – зімовая кніга ад заснавальніка жанру фэнтэзі

Зіма, асабліва ў самым сваім пачатку, – час, калі хочацца казак і цудаў. І прасцей за ўсё іх знайсці ў фэнтэзі. “Леў, вядзьмарка і гардэроб” – адна з найвядомейшых частак цыкла пра Нарнію – вельмі снежная і вельмі зімовая гісторыя. Дзеці без бацькоў, стасункі паміж братамі і сёстрамі рознага ўзросту, сяброўства, вера і здрада, шчырасць і хлуслівасць – гэта тая гісторыя пра Нарнію, дзе ўсё яшчэ проста ўспрымаць і тлумачыць, нават дашкольнікам. Калі не засяроджвацца на рэлігійным складніку, то маем справу з базавай этыкай і псіхалогіяй (але праз рэлігію усё тлумачыцца яшчэ прасцей). 

Кніга ў падарунак: “Леў, вядзьмарка і гардэроб”. К.С. Льюіс, ілюстрацыі П. Бэйнс. Пераклад на беларускую Андрэя Кіма. Выдавецтва “Пазітыў-цэнтр”, 2017.  
Дзе знайсці: у кнігарнях і бібліятэках.

Secret Santa. Тайны Дзед Мароз – дзвюхмоўная кніга пра цуды, якія людзі самі ствараюць адно для аднаго

У далёкае горнае мястэчка ўжо некалькі гадоў запар не прыходзіць Санта (Дзед Мароз), бо туды дужа складана знайсці дарогу. Таму дзеці пакрысе пачынаюць самі ствараць сюрпрызы: для бурклівай суседкі, для любімай настаўніцы, для паштальёна.

Адметнасць кніжкі ў тым, што тэкст дублюецца па-ангельску. Такім жа чынам зробленыя і дзве іншыя кнігі аўтаркі Машы Чараковай – “Смелая дзяўчынка” і “Мікалай і птушыная нечаканасць”. Гэтым разам суатарам стаў ейны муж Джордж Танер. У кнізе прыемныя ілюстрацыі, а напрыканцы ёсць інструкцыя, як стаць для кагосьці Таемным Сантам. 

Кніга ў падарунак: “Secret Santa. Тайны Дзед Мароз”. Маша Чаракова і Джордж Танер, ілюстрацыі Аната Менакера. Выдавецтва “Папуры”, 2018. 
Дзе знайсці: у кнігарнях

“Калядны сшытак Мамы Му і Крумкача” – з налепкамі ды імбірным печывам

Зімовыя кнігі пра Маму Му можна сустрэць ужо толькі ў бібліятэках, а вось вясёлы і цікавы калядны сшытак пра любімых герояў яшчэ прадаецца ў кнігарнях.

Разам з сшыткам дзеткі могуць падлічыць калядныя печыўкі, дапамагчы адсвяткаваць дзень святой Мусіі ў кароўніку, і нават зрабіць мадэль крумкачынага дамка з імбірнага печыва.

 

Кніга ў падарунак: “Калядны сшытак Мамы Му і Крумкача” (2020). Юя Вісландэр, ілюстрацыі Свэна Нурдквіста. Пераклад са шведскай Надзеі Кандрусевіч. Выдавецтва “Koska”.
Дзе знайсці: у кнігарнях

“Марта і яе мара пра снег” – ад аўтаркі і мастачкі кніг пра ката Шпрота

Гэтую кнігу беларускай аўтаркі Ганны Янкуты можна чытаць цягам усёй зімы і нават цягам усяго года, бо яна больш пра агульначалавечае, чым пра святочна-навагодняе. Аднак ёсць у гісторыі месца і зімовым цудам, а падзеі разгортваюцца ў снежні. Праўда, надвор’ем снежань спачатку больш нагадвае восень альбо вясну. Чаму так – якраз і будзе разбірацца галоўная гераіня кнігі, рудавалосая дзяўчынка Марта.

Ілюстрацыі для кнігі зрабіла мастачка Лілія Давыдоўская, вядомая нам па серыі кніг пра ката Шпрота. У гэтай кнізе ілюстрацый значна менш (і разлічана яна на старэйшы ўзрост), але яны яркія і запамінальныя – не пазнаць руку мастачкі немагчыма.

Кніга ў падарунак: “Марта і яе мара пра снег”. Ганна Янкута, ілюстрацыі Ліліі Давыдоўскай. Выдавецтва “Папуры”, 2020.
Дзе знайсці: у кнігарнях

24 сонечныя перыяды: Зіма – кітайская кніга пра зіму па-беларуску

Незвычайная кніжка-альбом пра зіму ў Кітаі. Апошняя з серыі “24 сонечных перыяды”, куды ўваходзяць таксама кнігі пра кітайскую вясну, лета і восень. З яе можна даведацца, што зіма ў Кітаі пачынаецца ў лістападзе, пасля чаго адзін за адным ідуць перыяды Малы снег, Вялікі снег, Зімовае сонцастаянне, Малы холад і Вялікі холад. Пасля чаго надыходзіць новы год і вясна. Кніжка спалучае ў сабе гісторыю дзяўчынкі Яі з дзіцячай энцыклапедыяй: дзяўчынка наведвае вясковых бабулю і дзядулю і назірае за зменамі ў надвор’і і звычках людзей. Што гатуюць і ядуць, як працуюць і бавяць вольны час, што і як святкуюць кітайцы ўзімку – усё гэта знойдзецца на старонках кнігі. 

Кніга ў падарунак: “24 сонечныя перыяды: Зіма”, Гао Чуньсян, Шао Мінь. Ілюстрацыі – Сю Мінчжэнь, Лі Цзын. Пераклад з англійскай мовы Таццяны Цуканавай. Выдавецтва “Новое знание”, 2021
Дзе знайсці: у кнігарнях

12 месяцаў. Снежань

Гэта апошні зборнік з 12-кніжнага каляндарнага цыкла ад выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Кожная кніга – чытанка на канкрэтны месяц года. Серыя мае адметнае афармленне, яе дужа цікава гартаць і разглядаць, хоць выбар тэкстаў застаецца дыскусійным. Першай і апошняй ідуць, напрыклад, казкі Лідзіі Чарскай. Ёсць тут і Леў Талстой, і Уладзімір Адоеўскі, і рускія народныя казкі ў апрацоўцы Афанасьева. Між імі – беларускія казкі і казкі народаў свету ў перакладзе Віктара Гардзея. 

У афармленні выкарыстаны кніжныя ілюстрацыі, створаныя ў розныя гады выдатнымі беларускімі мастакамі. То бок з мастацкага пункту гледжання кніга – сапраўдны скарб. Дызайнерка праекта – Наста Капульцэвіч. 

Кніга ў падарунак: “Дваццаць месяцаў. Кніга 12″. Укладанне Алеся Бадака. Выдавецтва”Мастацкая літаратура”, 2020
Дзе знайсці: у кнігарнях і бібліятэках

Калядная зорка – казка пра хлопчыка Каляду і яго прыгоды

Калядная гісторыя, пабудаваная на падмурку беларускай міфалогіі. У старадаўнія часы ўладар замагільнага царства Чарнабог і ягоны сын Вій захацелі падпарадкаваць сваёй уладзе ўвесь свет, але ў кабеты Златагоркі і асілка Вышаня нарадзіўся сын Каляда, якому наканавана было выратаваць людзей ад цемры. Ён нарадзіўся – і ўзышла зорка на небе, якая дарыла спадзеў на паратунак. Сюжэт вядомы, і ў тэксце ёсць тлумачэнне: усё паўтараецца ў гэтым свеце, таму калі людзі забудуцца пра папярэдняга збаўцу, прыйдзе новы. 

Чытаецца тэкст лёгка і гучыць надзвычай актуальна, у ім ёсць гумар (асабліва ў стасунках мядзведзя Міколы і казы Амалфеі, з якімі Каляда блукае па свеце) і нечаканыя сюжэтныя павароты. Але ад афармлення кнігі хацелася б большага. 

Кніга ў падарунак: “Калядная зорка”. Ягор Конеў, ілюстрацыі Алега Грубіна. Выдавецкі дом “Звязда”, 2021. 
Дзе знайсці: у кнігарнях і бібліятэках

“Мама Му, Крумкач і Каляды”: самая святочная кніга з усёй серыі пра Маму Му і Крумкача!

Як заўсёды, чытача чакаюць побытавыя замалёўкі і вясёлыя дыялогі, а скончыцца ўсё тым, што Мама Му з дапамогай курэй зробіць калядны сюрпрыз для Крумкача: упрыгожыць свечкамі елку, на якой той жыве. Усё гэта ў падрабязнасцях намаляваў Свэн Нурдквіст. Нядаўна выдавецтва “Koska” перавыдала гэтую кнігу (яна выходзіла ў 2014 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”), чаго вельмі чакалі ўсе аматары гарэзлівай Мамы Му і бурклівага Крумкача – але і яе ўжо нідзе не знайсці.

Калі адной кнігі пра Маму Му вам раптам будзе мала, то можна дадаць яшчэ дзве зімовыя гісторыі: дынамічную “Маму Му на санках” і лірычна-філасофскую “Маму Му ўяўляе”.

Кнігі ў падарунак: “Мама Му, Крумкач і Каляды” (2020), “Мама Му на санках” (2020), “Мама Му ўяўляе” (2018). Юя Вісландэр, ілюстрацыі Свэна Нурдквіста. Пераклад са шведскай Надзеі Кандрусевіч. Выдавецтва “Koska”.
Дзе знайсці: у бібліятэках

“Ліс і Гном” – яшчэ адна атмасферная кніга пра Каляды

“Ліс і гном” – гісторыя паэтычная і нават містычная. Асобнай кнігай яна выйшла ў Швецыі зусім нядаўна, у 2017 годзе, і ўпершыню – з ілюстрацыямі Эвы Эрыксан. Гэтая шведская мастачка ўжо вядомая беларускім чытачам па кнігах “Маё шчаслівае жыццё” Роўз Лагеркранц і “Найлепшы спявак у свеце” Ульфа Нільсана.

Кніга ў падарунак: “Ліс і Гном”. Астрыд Ліндгрэн, ілюстрацыі Эвы Эрыксан. Пераклад са шведскай Надзеі Кандрусевіч. Выдавецтва “Koska”, 2021.
Дзе знайсці: у бібліятэках

Казачка пра гандляра Пятра, Казу і Каляды – рарытэт 2012 года!

Танюткая кніжачка з ўсяго адной казкай – затое якой! Цёплая і добрая гісторыя пра Казу і Каляды расказвае, чаму з’явілася зіма на зямлі і чаму калядаваннікі шукаюць казу, спяваюць пра яе і частуюць. Надзвычай удалая аўтарская апрацоўка народных сюжэтаў, дапоўненая атмасфернымі ілюстрацыямі ад Алесі Галоты. Можна сесці і прачытаць усёй сям’ёй пасля вячэры – шмат часу не зойме, а калядны настрой створыць гарантавана. 

Кніга ў падарунак: “Казачка пра Казу, Пятра і Каляды”. Ігар Кузмініч, ілюстрацыі Алесі Галоты. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”, 2012. 
Дзе знайсці: у бібліятэках

 “Калядны гном для Фіндуса” – самая тоўстая кніга з серыі

Гэта лонгрыд пра галоўных улюбёнцаў усіх маленькіх чытачоў: Пэтсана і Фіндуса. Кніга выйшла ў выдавецтве “Koska” і стала галоўнай крыніцай каляднага скандынаўскага хюге для чытачоў дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

На 135 старонках Пэтсан майструе гнома, які мусіць прыйсці і павіншаваць Фіндуса з Калядамі. Усё гэта з вясёлымі дыялогамі, прыгодамі і, вядома, каляднымі цудамі! Гэта першае выданне пра дзівакаватага старога і няўрымслівага коціка, дзе тэксту болей, чым ілюстрацый. Але ж і іх тут багата: Свэн Нурдквіст па-ранейшаму педантычна намаляваў усе распрацоўкі Пэтсана і ўсе забаўкі Фіндуса.

Кніга ў падарунак: “Калядны гном для Фіндуса”. Свэн Нурдквіст, ілюстрацыі аўтара. Пераклад са шведскай Надзеі Кандрусевіч. Выдавецтва “Koska”, 2019.
Дзе знайсці: у бібліятэках

“Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды” – сапраўдны рарытэт

Гісторыя, у якой да Пэтсана і Фіндуса прыходзяць госці, і ў іх дамку нарэшце становіцца шумна і весела не толькі праз гарэзлівага коціка ў паласатых штанішках. Праўда, суседзі прыходзяць не таму, што іх запрасілі да святочнага стала, а таму, што Пэтсан пашкодзіў нагу і не можа выходзіць з дому напярэдадні Калядаў. Гэта аповед пра сяброўства, суседскую падтрымку і маленькія калядныя цуды, якія мы можам рабіць самі для сябе і для тых, хто побач.

Пра перавыданне гэтай кнігі мараць усе аматары Пэсана і Фіндуса. Пакуль жа яе можна пазычыць у сяброў, сустрэць у букінісце ці ўзяць у бібліятэцы. Альбо паслухаць у аўдыё: напрыклад, у мабільным дадатку “Кніжны воз”.

Кніга ў падарунак: “Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды”. Свэн Нурдквіст, ілюстрацыі аўтара. Пераклад са шведскай Надзеі Кандрусевіч. Выдавецтва “Кнігазбор”, 2015.
Дзе знайсці: у бібліятэках.

“Калядная каша”, якую заварыў Свэн Нурдквіст

У Швецыі на Каляды дзеці чакаюць не Дзеда Мароза ці Святога Мікалая, а Каляднага гнома. І гном прыходзіць, але разлічвае, што людзі пачастуюць яго каляднай кашай, бо так павялося з пракаветных часоў. Аднак апошнім часам людзі сталі забывацца на старыя дамоўленасці…

Як заўсёды на ілюстрацыях Свэна Нурдквіста ўсё вельмі падрабязна намалявана, шмат цікавых дэталяў і персанажаў, яны цёплыя і вельмі ўтульныя.

Кніга ў падарунак: “Калядная каша”. Свэн Нурдквіст, ілюстрацыі аўтара. Пераклад са шведскай Надзеі Кандрусевіч.  Выдавецтва “Кнігазбор”, 2017.
Дзе знайсці: у бібліятэках.

Чарадзейная зіма – зімовая гісторыя пра мумітроляў

Сёлета выйшла адна з самых зімовых кніг з цыклу пра мумітроляў – “Чарадзейная зіма”. Тут ёсць усё, што ўласціва гісторыям пра мумітроляў: утульнасць, таямнічасць, любоў, пяшчота і, вядома, шмат розных дзівосных персанажаў. 

Звычайна ўсе жыхары Мумідолу спяць узімку, але нечакана Мумітроль прачынаецца і бачыць свой дом і свой свет зусім іншымі: цёмнымі і халоднымі. Гэты зімовы свет поўны маленькіх таямнічых істотак, якіх цягам года не відаць і не чуваць. Яны прыходзяць у дом, каб схавацца ад маразоў і Ледзяной Панны, сілкуюцца запасамі сочыва Мумімамы і паціху расцягваюць з Мумідома розныя дробныя рэчы. Мумітроль у разгубленасці ад гэтага, а яшчэ ад таго, што снег падае з неба, а не расце з-пад зямлі, як ён лічыў раней. І ў купальні на беразе мора цяпер жыве Туў-цікі і нябачныя мышкі, а ў шафе з купальнымі халатамі – хтосьці зусім таямнічы…

Кніга ў падарунак: “Чарадзейная зіма”. Тувэ Янсан. Пераклад са шведскай Алесі Башарымавай. Выдавец Зміцер Колас, 2022. 
Дзе знайсці: пазычыць у сяброў /сустрэць у букінісце

Каляды з хроснай – пяшчотная гісторыя з прыгожымі, вельмі зімовымі ілюстрацыямі

Калядная гісторыя ад казачніцы Алены Масла, выдадзеная больш за 10 гадоў таму. У кнігарнях усё яшчэ можна знайсці рускамоўную версію кнігі, якая выходзіла пазней. 

Гэта гісторыя дзяўчынкі Вікі, якая разам з маці пераязджае жыць з горада да бабулі і дзядулі, бо тата цяпер працуе далёка, а мама адна не дае рады з працай і з дачкой адначасова. Дзяўчынка сумуе па хроснай, якая засталася ў горадзе. Хросная падаецца ёй добрай чараўніцай, таму што жыве на апошнім паверсе самага высокага ў горадзе дома ў атачэнні аблокаў і чароўных даляглядаў. Напярэдадні зімовых святаў родныя дзяўчынкі захварэлі, і таму ёй дазваляюць адсвяткаваць Каляды і Новы год у хроснай. Цяпер кожны дзень з Вікай здараюцца цуды і прыгоды: разам з хроснай яны праз вакно ловяць зоркі, фатаграфуюць анёла, начароўваюць завіруху.

Кніга ў падарунак: “Каляды з хроснай”. Алена Масла, ілюстрацыі Уладзіміра Даўгялы. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”, 2012. 
Дзе знайсці: у бібліятэках

 “Снежны чалавек” і “Снежны чалавек у Мінску” Эвы Сусы

“Снежны чалавек” з ілюстрацыямі Бенджэмэна Шо выходзіў па-беларуску 10 год таму. Гэта гісторыя пра тое, як двое шведскіх хлопчыкаў заблукалі ў лесе і сустрэлі Снежнага чалавека. Той спачатку прынёс іх у сваю пячору, пачаставаў, а пасля аднёс дахаты. З двух гісторый пра Снежнага чалавека першая прасцейшая для ўспрыняцця: і сюжэтна, і візуальна.

А потым, дзякуючы супрацы выдавецтва з пісьменніцай, у “Снежнага чалавека” з’явіўся працяг! Беларускі працяг!

Ілюстрацыі да “Снежнага чалавека ў Мінску” зрабіла вядомая беларуская мастачка Кацярына Дубовік, пра якую ў нас выйшла творчая гісторыя. Стыль Кацярыны вельмі пазнавальны і, калі можна так сказаць, больш дарослы. Сюжэт таксама больш пакручасты: Снежны чалавек, ратуючыся ад пацяплення, у пошуках новай пячоры даходзіць да зімовага Мінска, дзе сустракае двух школьнікаў, ледзь не спыняе транспартны рух у цэнтры горада, знаёміцца з міліцыянткай і частуецца мясцовым кіселём у парку Горкага. А пасля – вяртаецца на радзіму.

Кнігі ў падарунак: “Снежны чалавек”. Эва Суса, ілюстрацыі Бенджэмэна Шо. Пераклад са шведскай Алесі Башарымавай. Выдавецтва “Юніпак”, 2013.

“Снежны чалавек у Мінску”. Эва Суса, ілюстрацыі Кацярыны Дубовік. Пераклад са шведскай Дзмітрыя Плакса. Выдавецтва “Кнігазбор”, 2016.
Дзе знайсці: у бібліятэках.

“Бася і Піглас” – зімовая кніга ад Надзі Букі

Кніга Надзі Букі пра Басю і Пігласа не столькі пра Каляды, колькі пра цуды – з марозна-мандарынавым водарам. Аднойчы да дзяўчынкі Басі завітвае Піглас – незвычайная істота, якая размаўляе бурбалкамі і харчуецца драўлянымі прышчэпкамі. Бачыць яго можа толькі Бася… Гэта гісторыя пра сілу дзіцячага ўяўлення, пра натхненне, добрыя ўчынкі і сямейныя каштоўнасці.

“Бася і Піглас” – дэбютная кніга беларускай мастачкі Надзі Букі, таму, вядома, у ёй поўна яркіх аўтарскіх ілюстрацый. Але ўжо выйшла другая кніга серыі, якая называецца “Бася і яе чароўны свет”, якую яшчэ можна сустрэць у кнігарнях.

 

Кніга ў падарунак: “Бася і Піглас”. Надзя Бука, ілюстрацыі аўтаркі. Выдавецтва “Звязда”, 2016.
Дзе знайсці: у бібліятэках

Падборку дзіцячых ілюстраваных кніг падрыхтавала аўтарка блога пра кнігі @kniznyja_razmovy. Падпісвайцеся, каб быць у курсе кніжных навінак на беларускай мове.

(с) ALOVAK

2 Comments

  1. Дзякуй вялікі за такую цудоўную падборку!

Leave a Reply