19 беларускіх афлайн-крамаў з handmade-вырабамі: асартымент, умовы рэалізацыі, лідары продажаў

Мы склалі спіс беларускіх крамаў, галерэй ды іншых афлайн-пляцовак, дзе рэалізуюцца хэндмэйд-вырабы, і задалі іх уладальнікам адны і тыя ж пытанні. Цяпер мы ведаем, якія вырабы яны прымаюць, на што звяртаюць увагу пры адборы, на якіх умовах супрацоўнічаюць з творцамі і што ў іх найлепш прадаецца. А цяпер даведаецеся і вы.

Наша падборка будзе карыснай таксама аматарам ручной работы – тут усе адрасы, дзе можна набыць падарункі сабе і сваім блізкім.  

Безумоўна, гэта не поўны спіс кропак, дзе можна набыць хэндмэйд-вырабы ў Беларусі. Дадавайце свае ўлюбёныя крамы ў каментах, пішыце пра свой досвед рэалізацыі тавараў праз тыя ці іншыя крамы і дзяліцеся нашым матэрыялам з калегамі. Ён створаны найперш для таго, каб майстры знаходзілі новыя каналы продажаў і сустрэчы з пакупнікамі, а пакупнікі радавалі сябе і сваіх блізкіх вырабамі беларускіх майстроў.

Тэкст: Кацярына Буто
Фота на вокладцы: Ганна Латушка

Спіс крамаў

Гродна:

Баранавічы:

Брэст:

Мінск:

Бонус (студыі)

Этнакрама “Цудоўня”

Гродна, вул. Кірава 3

Якія вырабы прымаюцца

Асноўныя патрабаванні для рэчаў у нашай краме – дачыненне да беларускай культуры. Формай, тэхнікай, канцэпцыяй, мастацкім бачаннем. І прымяняльнасць ў сучасным свеце.

Гэта могуць быць ці сучасныя рэчы ў традыцыйных тэхніках, ці рэплікі і стылізацыі археалагічных знаходак і помнікаў беларускага мастацтва, ці рэчы, праз якія нейкая культурная з’ява набывае ўтылітарную форму і становіцца прадметам аздобы сучаснага інтэр’еру, ці адсылкі да гістарычных маркераў на цалкам сучасных вырабах. Галоўнае, каб выраб нёс у сабе ідэю. Як побытавы прадмет адпавядаў ці, прынамсі, не супярэчыў асноўнай канцэпцыі. Наша задача – зрабіць так, каб лакальныя рамесныя тэхнікі праяўляліся ў формах, якія будуць запатрабаваныя людзьмі сёння.

 Умовы супрацоўніцтва

Галоўнае – каб нам з майстрам “па дарозе” было, а таксама жаданне супрацоўнічаць. Усе астатнія нюансы вырашаюцца па сітуацыі. Адно што трэшовай сувеніркі у стылі “попік беларускі” ці “народная лялька ў сінтушным какошніку на драўлянай бошцы” ў нас няма і не будзе.

Працуем пераважна пад рэалізацыю. Бываюць асобныя сітуацыі, калі мы выкупаем вырабы, але гэта пакуль хутчэй выключэнне. Мы спрабуем трымаць кошты ў межах дасяжнасці для звычайнага чалавека і робім сярэднюю нацэнку каэфіцыентам 1,5, то бок адносна нізкую ў нашай сферы. У кожным разе, усе нашыя сістэмы супрацоўніцтва гнуткія і падладжваюцца індывідуальна пад кожнага партнёра.

 Што найлепш прадаецца

На кожную ўнікальную рэч раней ці пазней з’явіцца той, хто ўсё жыццё яе шукаў. Калі крыху пафіласофстваваць: вырабы самі сябе не прадаюць, гэта робім мы, цудоўнікі:) І ў кожнага з нас ёсць свае прыхільнасці. Таму ў залежнасці ад таго, хто з нас у канкрэтнай сітуацыі пасярэднічае паміж майстрам і пакупніком, і рэчы прадаюцца розныя. І вяртанняў вырабаў майстрам насамрэч за ўсе нашыя 7 гадоў было не сказаць, што дужа шмат.

Ну і плюс мы намагаемся ад пачатку не браць пад сваю адказнасць вырабы, якія з высокай верагоднасцю “завіснуць”. Агулам заўжды кепска будзе прадавацца тое, што рабілася без любові да справы, ад няма чаго рабіць.

Крама “Лёля

Гродна, вул. Савецкая, 1-3

Якія вырабы прымаюцца

Кераміка, драўляны посуд, упрыгожанні з палімернай гліны, керамікі, эпаксіднай смалы, металаў. Тэкстыльныя цацкі і цацкі, вязаныя кручком. Аўтарскія ільняныя сукенкі, цішоткі з аўтарскімі прынтамі. Шоперы розных фарматаў і стылістык. Ёсць крыху працаў у стылі стымпанку. І шмат чаго іншага.

Вядома, важная мастацкая каштоўнасць вырабаў, творчая думка, якая ўвасабляецца ў работах майстроў і прыцягвае да сябе сваіх аматараў. Важная таксама і якасць.

Любім супрацоўнічаць як з вядомымі брэндамі беларускага хэндмэйду, так і з зусім невядомымі майстрамі.

Умовы супрацоўніцтва

Супрацоўнічаем з рамеснікамі. Нешта з вырабаў выкупаем, але толькі тое, у чым мы ўпэўненыя. Астатняе – на камісіі.

Што найлепш прадаецца

Найчасцей прадаюцца кубачкі і талерачкі, упрыгожанні – брошкі, завушніцы, пярсцёнкі. Цацкі, драўляны посуд, скураныя вырабы – гаманцы ды вокладкі для розных дакументаў. Шоперы. Свечкі і мыла ручной работы, араматычныя сашэ. Драўляныя цацкі і рэтрамашынкі.

Кавальскія вырабы таксама прадаюцца: вешакі, кручкі, падсвечнікі, дэкаратыўныя анёлы.

Часам вяртаем некаторыя торбачкі, вязаныя кручком, не вельмі яны папулярныя. Нейкія рэчы з невыразнай ідэяй, калі можна так сказаць.

FRIENDS

Гродна, вул. Савецкая, 18, ГЦ “Нёман”, 1 паверх

Якія вырабы прымаюцца

Мы супрацоўнічаем з майстрамі з усёй Беларусі. Адбіраем розныя віды вырабаў, у першую чаргу, зыходзячы са сваіх пераваг і бачання, што спадабаецца нашым пакупнікам, таму вырабы ў краме адлюстроўваюць і наш густ у тым ліку. Тэкстыльныя цацкі і лялькі, упрыгожванні і аксэсуары, свечкі, нататнікі, кубкі і келіхі, скарбонкі, сумкі, натуральнае мыла, паштоўкі, у зімовы перыяд ? шапкі і рукавіцы. У працэсе супрацоўніцтва накіроўваем аўтара і даем рэкамендацыі па вырабу актуальных рэчаў, якія будуць папулярнымі ў пакупнікоў. Таксама мы самі заўсёды ў пошуку новых цікавых вырабаў і калі нешта цікавіць, заўсёды пішам майстрам самі з прапановай.

 Умовы супрацоўніцтва

Наяўнасць рэгістрацыі ІП аб статус рамесніка. Гатоўнасць да выканання індывідуальных замоў або паўтораў таксама вітаецца. Вырабы прымаем на рэалізацыю. У цэлым на пачатковым этапе вітаем наяўнасць асартыменту для разумення стылю майстра, якасці яго работ і прыняцця рашэння пра пачатак супрацоўніцтва. Умоўна, калі майстар звяртаецца да нас і дасылае адно фота: “Вось, у мяне ёсць такая цацка/завушніцы/шапка”, то хутчэй за ўсё мы адмовім. Бо дзеля аднаго выраба, які можа згубіцца ў нашай разнастайнасці, супрацоўніцтва будзе немэтазгодным, і мы лепш працягнём ці пачнём працу з майстрам, у якога будзе прадстаўлена больш варыянтаў.

 Што найлепш прадаецца

У нас прадстаўлены вялікі асартымент вырабаў, і мы пакідаем заўсёды толькі самыя папулярныя пазіцыі. Таму складана вылучыць відавочных фаварытаў.

Заўсёды карыстаюцца попытам упрыгожванні, бо ўхіл нашай крамы збольшага дзявочы — стылёвыя брошкі, модныя завушніцы, упрыгожванні на шыю, якія якраз цяпер у трэндзе. Паштоўкі таксама вельмі любяць, у нас яны прадстаўлены ў вельмі вялікай колькасці.

За час працы крамы (з 2015 года) мы зразумелі, якія вырабы не надта цікавыя нашым пакупнікам, таму не прымаем іх. Напрыклад, вязаныя цацкі (за выключэннем адной пазіцыі) — колькі разоў мы іх ні бралі, амаль заўсёды праз нейкі час адпраўляем назад аўтарам. Таму, калі ў нас нейкіх вырабаў няма, хутчэй за ўсё гэта таму, што яны нам і нашым пакупнікам не падыходзяць. Але гэта не значыць, што іх не трэба прапаноўваць іншым крамам,  там могуць знайсціся  пакупнікі і для іх.

Таксама мы не прымаем аб’ёмныя рэчы, таму што абмежаваныя па плошчы і не зможам іх добра размясціць.

Арт-прастора “Белматыў”

Баранавiчы, вул. Гагарына, 18А

Якія вырабы прымаюцца

Мы прымаем на рэалізацыю вырабы беларускіх рамеснікаў. Асабліва мы радыя бачыць i прымаць тое, што мае беларускія матывы: валошкі, буслы, зубры, арнаменты, нешта традыцыйна беларускае. Мы заклiкаем амаль кожнага рамесніка мець такiя вырабы ў асартыменце, але гэта не строгае правіла, а, хутчэй, наша пажаданне. Частка нашых пакупнiкоў – замежныя госцi цi мясцовыя жыхары, да якiх прыехалi госцi з iншых краiн цi гарадоў. Iм заўсёды хочацца прапанаваць нешта беларускае, традыцыйнае.

Мы таксама праводзiм творчыя майстар-класы i запрашаем рамеснiкаў да супрацоўніцтва i ў гэтым накiрунку.

Умовы супрацоўніцтва

Мы супрацоўнічаем з рамеснікамi i IП з розных мясцінаў Беларусi на умовах рэалізацыі. Перад тым, як прыносiць цi дасылаць свае вырабы, пажадана звязацца з намi i абмеркаваць асартымент.

Што найлепш прадаецца

Складана выдзелiць нейкiя асобныя группы вырабаў, якiя прадаюцца лепш за ўсё , бо мы лiчым, што на кожны тавар ёсць свой пакупнiк, але ж упрыгажэннi несумненна на першым месцы па продажах.

Вырабы з дрэва (асаблiва дошкi и менажнiцы) таксама карыстаюцца папулярнасцю разам з вырабамi, сплеценымі з папяровай лазы.

Магнiцiкi, кубкi, шклянкi i iншыя сувенiры з выявамі Баранавiч ды Беларусi таксама даволi папулярныя сярод нашых пакупнiкоў.

Крама ўтульнасці “Гняздо”

Брэст, вул. Гогаля, 67

Якія вырабы прымаюцца

Спіс майстроў, з якімі мы працуем на дадзены момант, налічвае больш за 300. А асартымент розны: аксэсуары і ўпрыгожванні, кераміка і посуд з дрэва, араматычныя свечкі, стыльныя інтэр’ерныя штучкі ды іншыя дробязі для душы.

Што да вырабаў, вядома, яны павінны быць выкананы якасна незалежна ад таго, майстар пачатковец ці прафесіянал, а працуем мы і з тымі, і з тымі. Калі ўжо рабіць нешта, трэба рабіць выдатна. Раім майстрам не гнацца за колькасцю на шкоду якасці, бо чырванець у выніку будзем не толькі мы, але і яны.  

Аддаем перавагу свежаму погляду на рэчы. Вельмі не любім капіявання, гэта заўсёды відаць і гэтыя вырабы звычайна не карыстаюцца попытам. Стараемся знайсці майстроў са сваім унікальным стылем, што з’яўляецца няпростай задачай.

Умовы супрацоўніцтва

Крытэр такі – афіцыйнае афармленне майстра: рамеснік ці ІП. На дадзены момант мы працуем выключна па дагавору камісіі. Аб’ёмы пастаўкі заўсёды агаворваюцца індывідуальна.

Што найлепш прадаецца

Многае залежыць ад сезону. Карыстаюцца попытам упрыгожванні, асабліва вясной і летам, калі нашы дзяўчаты квітнеюць)

Аксэсуары для дому і свечкі цешаць пакупнікоў больш у прахалодную пару года, калі асабліва хочацца ўтульнасці. Маст хэв – посуд з керамікі і дрэва, гэта заўсёды ў топе продажаў.

“Домік падарункаў”

Брэст, ГЦ “Гасцінны двор” павільён 48, 2 паверх

Якія вырабы прымаюцца

Мы працуем з майстрамі з усёй Беларусі, прымаем вырабы розных напрамкаў і тэхнік.

Умовы супрацоўніцтва

Майстар павінен быць афіцыйна зарэгістраваным рамеснікам, аплаціць рамесны збор. Аб’ём паставак вырабаў – па жаданні майстра, але трэба, каб быў асартымент, з якога пакупніку будзе што абраць.

Працуем з майстрамі па дагавору камісіі, на ўмовах рэалізацыі тавара. Арэнды паліц няма.

Што найлепш прадаецца

Складанае пытанне, прадаецца абсалютна ўсё – нешта лепш, нешта горш, на кожны тавар ёсць пакупнік. Але выбіраюць больш сучасныя накірункі хэнд мэйду. Самае прадаванае  – гэта кераміка і дрэва.

MUSHI SHOP

Мінск, вул. Няміга, 3, 3 паверх, 15 павільён

Якія вырабы прымаюцца

Першапачаткова канцэптам быў любы арыгінальны хэндмэйд. Але па факце мы шмат у чым абмежаваныя квадратурай памяшкання, а таксама ўмоўна традыцыйным для нас асартыментам. У прыватнасці, гэта біжутэрыя, аксэсуары і невялікія прадметы інтэр’еру. Але мы заўжды ў пошуку новых цікавых майстроў. Нейкіх абмежаванняў па відах творчасці няма.

Вельмі глядзім на якасць. Мы добра разбіраемся ў ручной працы, тэхніках і якасці і стараемся забяспечыць нашым наведнікам годныя вырабы. Гэта ж і наша рэпутацыя таксама.

Крытэрыі якасці: акуратнасць з вонкавага і вываратнага бакоў, усе дэталі добра замацаваныя, валяныя вырабы добра заваляныя, дэталі біжутэрыі даціснутыя, прыпой не рассыпаецца, клей не рассыхаецца, шпількі ў брошках заціснутыя. І вельмі важная арыгінальнасць.

Ступень вядомасці аўтара для нас не важна зусім. Мы і самі ў стане аўтара “раскруціць”.

Умовы супрацоўніцтва

Прававая ўмова: быць рамеснікам ці ІП.

Аб’ём таксама часткова мае значэнне. Значна зручней працаваць з аўтарамі, якія займаюцца сваёй справай увесь час, а не гады ў рады, і могуць рабіць рэгулярныя пастаўкі. Гэта дапамагае прыцягнуць пастаянных пакупнікоў і фанатаў пэўнай тэхнікі.

Мы працуем па дагавору камісіі. Гэта дазваляе нам захоўваць аўтэнтычнасць і атмасферу, бо мы адразу спрабуем стварыць гарманічную прастору ў краме. Выкуп – гэта наша мара. Але сітуацыя з падаткамі, арэндай, якая прывязана да валюты, і іншымі выдаткамі такая, што мы проста не можам сабе дазволіць выкуп. Ну ці, як варыянт, павысіць гандлёвую нацэнку, але тут таксама складана. Беларусы не гатовыя купляць па такіх коштах.

Што найлепш прадаецца

Нялюбае пытанне ад майстроў: а што ў вас добра прадаецца?

Добра прадаецца тое, чым чалавек гарыць. Мы інтуітыўна шукаем менавіта такіх людзей – яны заўсёды знойдуць сваю аўдыторыю. Такі мікс ідэі і працавітасці. Таму што працяглае супрацоўніцтва абапіраецца і на працавітасць таксама.

А ўвогуле ў нас прадаецца ўсё. Проста ў розную пару года.

Бываюць выпадкі, калі мы вяртаем вырабы. Напрыклад, не прададзеныя сезонныя вырабы: навагоднія ўпрыгожванні мы прадаем з лістапада па студзен, пасля – вяртанне. Часам тавар проста не наш. То бок, калі і нам падабаецца, і якасць добрая, але проста не для нашай аўдыторыі. У такіх выпадках праз некалькі месяцаў вяртаем.

Яшчэ рэдка, але бываюць праблемы з якасцю. Часам пры пастаўцы мы адразу не заўважаем, і брак выяўляецца пазней падчас прымеркі (вельмі кепска, калі ўжо пасля пакупкі). Для нас гэта сігнал, што, верагодна, мы адмовімся ад супрацоўніцтва, калі недахопы не будуць выпраўлены. Мы не гатовы так рызыкаваць рэпутацыяй.

 Dzi4ka

Мінск, вул. Кальварыйская, 21-106

Якія вырабы прымаюцца

Рамеснікі, мастакі, дызайнеры – мы імкнемся шырока глядзець на прадстаўнікоў творчай суполкі Беларусі. Вылучаем тых, чые творы супадаюць з нашым бачаннем свету па эстэтычных ды этычных кірунках. Рады супрацы з майстрамі, што працуюць з натуральнымі мясцовымі матэрыяламі, робяць гэта прафісійна ды самабытна. Асабліва шануем кераміку, шкло, дрэва. Акцэнт робім на ўтылітарнасці, шукаем прыгожую ды зручную замену звыклым побытавым рэчам, што ўпішуцца ў інтэр’ер сярэднестатыстычнага беларуса з добрым густам. Не забываемся на прыемныя дробязі для настрою – упрыгожанні, сувеніры і паштоўкі, але пазбягаем ультрамодных хуткіх трэндаў, бо зберагаем рэсурсы планеты і нашых кліентаў. Не хочацца быть той установай, што памнажае колькасць цацанак у свеце.

Пабудаваўшы свой невялічкі сусвет прыгажосці, мы пільна сочым за якасцю твораў, унікальнасцю і не працуем з тымі майстрамі, хто выбраў капіяванне замест пошуку свайго шляху. “Крадзі як мастак” часам трактуецца даволі груба, і мы бачым занадта шмат падробак.

Не залішне прыпомніць фактар коштаў – наш выбар падае на творы, якія балансуюць у ідэальным трыа: лагодны кошт+якасныя матэрыялы+унікальнасць.

Умовы супрацоўніцтва

Мы супрацоўнічаем з майстрамі на аснове дамовы камісіі. Усё проста для рамесніка ці юрыдычнай асобы: зрабіў пастаўку, падпісаў паперкі, раз на месяц атрымлівае заробак.

Што тычыцца доўгай ды прадуктыўнай працы з майстрамі, то аддаем перавагу тым, хто, акрамя выдатных творчых і тэхнічных дадзеных, дэманструе гатоўнасць чуць пажаданні і вытрымлівае дамовы.

Што найлепш прадаецца

Трэнды змяняюцца: на месца дэкаратывізму і яскравым колерам прыходзіць натуральнасць ды сціпласць прыродных адценняў. Замест штучных матэрыялаў у прыярытэце экалагічныя. Рухаючыся за гэтай плынню з задавальненнем раім майстрам прытрымлівацца актуальных веянняў і вяртаем творы, якія не суадносяцца з сённяшнім слоў лайф. Ёсць кампрамісныя рэчы, што добра прадаюцца, бо знаходзяць водгук у нашых пакупнікоў – эмацыйныя паштоўкі, мілыя цацкі. Але ва ўмовах канцэпцыі “Дзічкі” мы робім намаганні, каб творы, што па сэрцу камандзе, добра прадаваліся. У топе: керамічны посуд, шоперы, ліхтары і лаканічныя ўпрыгожанні.

Этнакрама “Рагна”

Мінск, вул. Сухая, 4

Якія вырабы прымаюцца

Мы працуем з тымі, каму цікава ствараць рэчы ў беларусім этна-стылі. Таксама пры прыёме рэчаў на рэалізацыю ў нас няма абмежаванняў да выкарыстаных матэрыялаў, тэхнікі і тэхналогій вырабу.

Найперш нас цікавіць якасць рэчаў нашых партнёраў. Усё астатняе – суб’ектыўныя фактары супрацоўніцтва.

Умовы супрацоўніцтва

Мы супрацоўнічаем з усімі творчымі асобамі, незалежна ад формы іх арганізацыйнай рэгістрацыі. У нашай краме самая распаўсюджаная форма дакументальнага афармлення супрацоўніцтва з партнёрамі – дамова камісіі. Час ад часу мы выкупляем рэчы ў майстроў.

Што найлепш прадаецца

Пасля правядзення адбору згодна з канцэпцыяй нашай крамы, з прапанаваных нам для рэалізацыі рэчаў у нас прадаецца ўсё. Вяртаць зрэдку даводзіцца рэчы, якія мы ўзялі на рэалізацыю для эксперыменту, творчага пошуку. 

Музейная крама (Нацыянальны мастацкі музей)

Мінск, вул. Маркса, 24

Якія вырабы прымаюцца

Нягледзячы на ??тое, што наша крама – частка вялікага музея са статусам Нацыянальнага, мы не хочам акцэнтаваць увагу на тыповых сувенірах з тэрытарыяльным брэндам. У першую чаргу мы хочам прэзентаваць рэчы, якія імкнуцца адлюстроўваць культуру, як народную, так і сучасную. І калі праект будзе супадаць з нашым бачаннем, няхай гэта будзе хустка, шопер-торба ці аўтарская кераміка – усё атрымаецца.

Мы заўсёды разглядаем кожны індывідуальны выпадак і лічым, што замест жорсткіх крытэрыяў заўсёды лепш размаўляць з канкрэтным творцам, наш Direct у Інстаграме заўсёды адкрыты. Але тое, што звычайна трапляе ў стоп-ліст, – гэта ювелірныя вырабы, якіх у нас вельмі мала, і асартымент «горада майстроў», які, гледзячы на наш досвед, у нас проста не працуе.

Умовы супрацоўніцтва

Каб падрыхтавацца да працы з крамай, неабходна мець рэгістрацыю рамесніка або быць юрыдычнай асобай, мець дакументы для дагавора камісіі і ўзгаднення з музейнымі службамі.

Што найлепш прадаецца

Для аўдыторыі і для нас важнейшыя вырабы, звязаныя з музейнай калекцыяй, часовымі і пастаяннымі экспазіцыямі: так атрымліваюцца калабарацыі з брэндамі і дызайнерамі, якія выклікаюць цікавасць.

YOLKI KIDS&HOME

Мінск, вул.Багдановіча, 3 

Якія вырабы прымаюцца

Мы самі адбіраем майстроў. Нам цікавыя вырабы для дзяцей і дзіцячага пакоя (цацкі): драўляныя, тэкстыльныя і вязаныя. Імкнемся, каб вырабы ўпісваліся ў нашу канцэпцыю. Вельмі важная якасць вырабаў і гарантыйныя абавязацельствы.

Наколькі далей здолеем пашыраць працу з майстрамі, пакуль не можам сказаць. Цяпер мы прапрацоўваем нашу далейшую канцэпцыю і працу.

Умовы супрацоўніцтва

Афіцыйны статус рамесніка, цікавыя і якасныя вырабы. Працуем па дагавору камісіі.

Кошт вырабаў павінен быць аднолькавы: які ў майстра, такі і ў нас. Выплаты ажыццяўляюцца ў наступным месяцы пасля справаздачнага за вылікам нашай камісіі.

Што найлепш прадаецца

Добра прадаюцца актуальныя вырабы і навінкі, а не рэшткі.

Мы ўжо скарацілі спіс рамеснікаў, з якімі супрацоўнічалі,праз тое, што часта прывозілі вырабы няякасныя ці неактуальныя (тое, што ў іх не прадалося), не хацелі дапамагаць прасоўваць (не даюць фота ні для сацсетак, ні для сайта), не хацелі несці ніякіх гарантыйных абавязацельстваў.

Трэба памятаць, што эфектыўна прадаваць афлайн – гэта не проста прывезці вырабы ў краму. Гэта сумесная праца па прасоўванні.

KROPKA

Мінск, вул. Зыбіцкая, 8

Якія вырабы прымаюцца

Майстры, з якімі мы супрацоўнічаем, абсалютна розныя, заўсёды шукаем нешта новае і цікавае, каб здзівіць нашых пастаянных кліентаў і гасцей сталіцы. У нас прадстаўлены: вышыўка, дрэва, кераміка, тэкстыльныя цацкі, працы з саломы – усяго і не пералічыш.

Мы аддаем перавагу невялікім, мілым падарункам, сувенірам і проста рэчам, якія прымушаюць усміхнуцца. Крамка ў нас невялікая, таму вялікія працы выстаўляць магчымасці няма, але мы заўсёды гатовыя прарэкламаваць працы майстроў праз нашы сацыяльныя сеткі.

Умовы супрацоўніцтва

Пры выбары работ мы абапіраемся выключна на свой густ. Аднак заўсёды стараемся ісці насустрач майстрам і бярэм вырабы на пробны месяц. Нам усё роўна, знакаміты майстар ці не, галоўнае каб мы натхніліся яго вырабамі. І тады – гэта ўжо не продажы, а пошук дома для нашых выдатных вырабаў.

Працуем з творцамі па дагавору камісіі, некаторыя вырабы выкупляем.

Што найлепш прадаецца

Стараемся не браць тое, што не прадаецца. Мы не бачым сэнсу ў такім супрацоўніцтве. Калі зроблена з душой і па адэкватным кошце, сапраўды прадасца.

Галерэя рамёстваў “Славутасць” і “Славутыя майстры”

Мінск, вул. М. Богдановіча, 21, 2 паверх;  Траецкая наб., 6Б

Якія вырабы прымаюцца

Нашы галерэі, як бачна з назваў, існуюць дзеля дапамогі майстрам і мастакам атрымліваць замовы і прадаваць свае вырабы. Я, як мастацтвазнаўца, (прым.рэд. – на пытанні ALOVAK адказала дырэктарка галерэй Алена Спірыдонава) раблю адбор і выяўляю тыя рэчы і напрамкі мастацкай дзейнасці, якія адпавядаюць такога ўзроўню якасці, каб быць прадстаўленымі ў нас.

У нас невялічкая зала, каля 100 кв.м., мы вельмі старанна робім адбор вырабаў, каб не было ў памяшканні гармидару і кожная рэч глядзелася годна. Пры адборы звяртаем увагу на наступнае. Па-першае: гэта мусяць быць аўтарскія распрацоўкі. Па-другое: якасць i акуратнасць выканання. Для кожнага выраба патрэбная ўпакоўка, пажадана прывабная і ахайная.

Мы аб’ядноўваем каля 1000 майстроў. Сярод іх ёсць тыя, з якімі мы працуем амаль 30 гадоў. Гэта i чальцы творчых саюзаў, i простыя рамеснiкi.

Умовы супрацоўніцтва

Калi майстар – рамеснiк i заплацiў збор, а таксама, калi ён прадпрымальнік – мы не маем дачынення да яго падаткаў. Калi гэта фiзічная асоба, у момант выплаты яму аўтарскай узнагароды, мы пералiчваем яго асабiсты падатак у дзяржаўны бюджэт. 

Працуем па дагавору камiсii. Наша щзнагарода – 30 адсоткаў ад цаны аўтара. Аплата пасля продажу. Але, калi майстар выконвае нашу замову, разлiк iдзе пасля пастаўкі тавару. 

Што найлепш прадаецца

Цяпер не самы просты час для продажу падарункаў, але жыццё працягваецца.

У турыстычны сезон лепей у нас набываюць рэчы з беларускімі сімваламі ці з выявамі славутых месцаў нашай краіны, культурнай спадчыны. У іншы час пакупнікам больш патрэбныя прыгожыя падарункі да дзён нараджэння ці іншых асабістых святаў. 

Сувенірная крама ў музеі “Краіна міні”

Мінск, пр-т Незалежнасці, 25

Якія вырабы прымаюцца

Наша крама супрацоўнічае з абсалютна рознымі майстрамі, якія працуюць у розных тэхніках і напрамках. Адзін з ключавых момантаў – нам цікавыя сувеніры пра Беларусь, але таксама заўсёды радыя вырабам, якія цешаць вока і маглі б стаць падарункам. У нас ёсць вялікі асартымент магнітаў, цацак, паштовак, памятных сувеніраў пра Беларусь, керамічных вырабаў, брошак ды іншых упрыгожванняў. Ёсць унікальныя рэчы, напрыклад, акарыны (музычны інструмент), каваныя вырабы з бронзы, шкляныя вітражныя гадзіннікі, алавяныя салдаты, мініяцюры з натуральных матэрыялаў на бярозе.

Умовы супрацоўніцтва

Адмысловых умоў па аб’ёме паставак, афіцыйным статуце майстра ў нас няма, усё імкнёмся абмяркоўваць індывідуальна. Часта бярэм вырабы майстроў-пачаткоўцаў, дапамагаем ім і падказваем, якія тавары лепш спрабаваць прадаваць. Таксама заўсёды радыя майстрам з розных рэгіёнаў краіны, каб дапамагчы ім прасоўвацца ў Мінску.

Мы працуем па дамове рэалізацыі, гэта значыць не выкупляем тавар. Кожны месяц да 5 чысла мы робім справаздачы і аплачваем усё прададзенае за месяц.

Бывае, выкупаем вырабы, калі для нас робяць сувеніры з лагатыпам музея пад замову.

Што найлепш прадаецца

У нас ёсць пэўная сезоннасць у працы, і ад гэтага залежаць самыя прадаваныя тавары. Напрыклад, падчас школьных вакацый заўсёды добра прадаюцца недарагія сувеніры для школьнікаў, напрыклад магніты, свістулькі, збанкі-шаптуны, шкляныя фігуркі, значкі, стыкеры.

Вядома, заўсёды ў топе продажаў у нас магніты, брошкі, дзіцячыя драўляныя мячы, алавяныя салдаты, мініяцюры, упрыгожванні для валасоў.

У нас не вельмі добра прадаюцца сумкі, галаўныя ўборы, адзенне. Усе астатнія тавары трэба спрабаваць, калі тавар мінімальна ўпісваецца ў канцэпцыю сувеніраў, мы заўсёды гатовы спрабаваць і вывучаць попыт разам з майстрам. Нам гэта цікава, таму што наша мэта не толькі прадаць, але і прасоўваць Беларусь і беларускія вырабы ручной работы.

Ёсць правіла, што калі за 3 месяцы не было ніводнага продажу, то робім зварот, або мяняем тавар. Гэта не датычыцца дарагіх унікальных тавараў.

Апошні кантынент

Мінск, пр-т Незалежнасці, д. 58, 3 паверх, пав. 323 ( ГЦ Маскоўска-Венскі)

Якія вырабы прымаюцца

Мы працуем з 2016 году і маем таксама сваю майстэрню. Мы заўсёды імкнуліся рабіць акцэнт на незвычайнасці вырабаў, а не выключна на тое, што яны ручной працы.

Мы прымаем вырабы і іншых творцаў у сваю краму, яны павінны быць у стылі асартыменту: фэнтэзі, казкі, міфалогія, нешта змрочнае і загадкавае.

Умовы супрацоўніцтва

Прымаем на рэалізацыю. Рэгістрацыя рамесніка абавязковая.

Вырабаў у нас ужо вельмі шмат, таму новых майстроў мы прымаем рэдка. Мы не ўзгадняем асартымент, як кажуць, “на месцы”, просім высылаць варыянт вырабаў (і кошты абавязкова!!) на электронную пошту ці ў месэнджэры.

Што найлепш прадаецца

У нас часта пытаюцца: а што лепш ідзе? Прадаецца тая рэч, якую вы б самі купілі. Не заляжалы неліквід, які застаўся пасля кірмашоў. На жаль, шматлікія майстры спрабавалі нам здаваць рэчы са словамі “вось гэта ў мяне дрэнна ідзе, таму я здам вам”. Гэта даслоўная цытата. Лепш прыносьце самае лепшае, што ёсць у вас у асартыменце, што вашыя пакупнікі на кірмашах раскупляюць хутчэй за ўсё.

Таксама рэкамендуем не скнарнічаць у кошце, ставіць мінімальную цану, за якую вы згодныя прааць свой выраб. А калі вы ўбачыце добрыя продажы – кошт можна будзе потым павысіць.

Дом з Плюшу

Мінск, ГЦ “Цівалі”, 1 паверх, ГЦ “Няміга 3”, 1 паверх

Якія вырабы прымаюцца

Мы супрацоўнічаем на сённяшні дзень з больш чым 200 майстрамі з усёй Беларусі, у нашых дзьвюх кропках прадстаўлена каля 10 тыс. самых розных вырабаў.

Канкрэтных крытэрыяў, якія вырабы мы прымаем, у нас няма, на якасць і стылістыку не глядзім – гэта абумоўлена фарматам нашага праекта, мы здаём паліцы ў арэнду. Аўдыторыя ў гандлёвых цэнтрах, дзе знаходзяцца нашы крамы, сама паказвае, наколькі той ці іншы выраб запатрабаваны. І не важна, гэта праца вядомага творцы ці навічка.

Колькасць вырабаў не прынцыповая. Бываюць складаныя працы, напрыклад, лялькі – на выраб адной такой можа сыходзіць тыдзень, то на палічцы майстра можа быць усяго 2-3 лялькі.

Мы не прымаем хіба што прадукты харчавання, пернікі, напрыклад. Ну і аб’ёмныя працы фізічна мы прадаваць не можам. А так, усё, што робіцца рукамі і не забаронена законам, мы прымаем.

Умовы супрацоўніцтва

Фармат нашай працы прадугледжвае, што майстар арандуе паліцу ў краме, а мы прадаём вырабы за кошт, які майстар заявіў. Не хаваем інфармацыю пра майстра. Гэта адрознівае нас ад крам, дзе бяруць вырабы на рэалізацыю. Юрыдычная частка: заключаецца дагавор арэнды, тавар перадаецца паводле акту прыёму-перадачы. Выплаты ажыццяўляюцца на працягу 7 працоўных дзён пасля продажу. Пра продаж паведамляем майстру на наступны дзень.

Што найлепш прадаецца

Мы заўважаем са свайго досведу, што ў дзвюх нашых крамах прадаюцца розныя вырабы. Гэта звязана з трафікам саміх гандлёвых цэнтраў. У “Цівалі” ходзіць шмат маладых мам, у “Нямізе, 3” – збольшага моладзь. І там, і там лепш за ўсё прадаюцца ўпрыгожванні з недарагога сегменту. У “Цівалі” – гэта яшчэ і цацкі (прыкладна 30% ад продажаў).

Кепска прадаюцца занадта дарагія працы, а таксама не сезонныя.

Крама-кавярня ONLY for YOU

Мінск, вул Ракаўская, 20

Якія вырабы прымаюцца

Мы працуем з майстрамі і дызайнерамі ў сферах керамікі, упрыгожванняў, свечак, мыла і аўтарскай касметыкі, драўляных вырабаў і посуду. Шмат у нас і дызайнерскіх паштовак, ёсць мяккія цацкі, гіпсавыя вырабы.

Умовы супрацоўніцтва

Майстар павінен быць аформлены як рамеснік, разумець тонкасці сваёй працы, каб вырабы былі якаснымі, акуратнымі, без браку.
Мы працуем з майстрамі па дамове камісіі з выплатай па меры рэалізацыі. Калі робім у майстра карпаратыўную замову для кліента або для свята, выкупляем замоўленыя вырабы.

Што найлепш прадаецца

У нас добра прадаецца кераміка, посуд і інтэр’ерныя працы, соевыя свечкі, брошкі і ўпрыгожванні, але не ўсіх майстроў. Усё залежыць ад стылістыкі і актуальнасці вырабу.

 БОНУС

Існуюць пляцоўкі, у якіх прадаюцца вырабы з абмежаванага спісу майстроў – як правіла такія студыі ці крамы ствараюцца самімі творцамі. Яны прымаюць у свае рады новых майстроў у выключных выпадках, але тым не менш шанец трапіць у іх кампанію ёсць.

OSOT.STUDIO

Мінск, вул. Мельнікайтэ, 2, каб. 509

Гэта супольнасць майстроў розных сфер творчасці, якія ўскладчыну арандуюць памяшканне для сустрэч з кліентамі.

У асноўным тут прадстаўлены ўпрыгожванні, аксэсуары, вырабы для дома з лёну, палантыны, сумкі. З духмяных вырабаў – свечкі і лавандавыя сашэ.

Кожны майстар у нашай студыі арыентаваны ў асноўным на сваю аўдыторыю, таму ўзровень вядомасці для нас не важны. Важна, каб была афіцыйная рэгістрацыя (можна рамеснікам) і годны ўзровень у працах.

Усе майстры ў студыі арандуюць сваю прастору ў студыі (стол або паліцу). На дадзены момант усе вольныя месцы занятыя, але сюды можна напісаць і, калі нейкае месца вызваліцца і вашыя працы падыдуць (і не перасякуцца ў кірунку з іншымі майстрамі, прадстаўленымі ў нашай студыі), з вамі звяжуцца.

Shufladeca Studio

Мінск, пл. Свабоды, 23-124

Гэта не крама, а шоурум, адкрыты трыма брэндамі, якія аб’ядналіся з дружалюбнымі праектамі знаёмых рамеснікаў. У выніку атрымалася агульная прастора, куды майстры могуць клікаць пакупнікоў і падпісчыкаў, бо ў кожнага майстра паасобку няма камфартабельных памяшканняў для гасцей. Яшчэ адна прычына адкрыцця шоурума – адсутнасць нацэнкі на кошты вырабаў, што больш прывабна для пакупнікоў.

На сённяшні дзень тут сабраны вырабы больш чым 20 дызайнераў. Прастора невялікая, таму праект не здольны да сябе браць шмат новенькіх. Але бываюць выпадкі, калі мы шукаем замены тым, хто вырашае з’ехаць з Беларусі, ці пераходзіць цалкам на дыстанцыйныя зносіны са сваімі кліентамі праз сацсеткі.

 

Калі вам ёсць чым дапоўніць нашу падборку – пішыце ў каментарах!

(с) ALOVAK

2 Comments

  1. […] Рэчы ручной работы вы можаце набыць у любы дзень у афлайн-крамах з вырабамі ад беларускіх майстроў – вялікая падборка такіх ёсць на нашым сайце. […]

  2. […] Купить вещи ручной работы вы можете в любой день в офлайн-магазинах с изделиями белорусских мастеров – большой их выбор есть на нашем сайте. […]

Leave a Reply