ALOVAK любіць пісаць пра незвычайныя спалучэнні розных творчых тэхнік ці нават зусім розных творчых заняткаў у асобе аднаго майстра. Сёння ў нас менавіта такі герой: hair-стыліст, пісьменнік і кніжны ілюстратар Сяргей Календа.
У інтэрв’ю Сяргей распавёў, чаму ўсё жыццё ўцякаў ад цырульніцтва і як яно ўвесь час да сябе вяртала, як праца з кліентамі яму дапамагае ў літаратурнай творчасці і чаму ён пачаў сам ілюстраваць уласныя кнігі.
“Будзеш сваім панкам іракезы стрыгчы”
Сяргей, ты шматгранная творчая асоба, але пачнем з твайго занятку, якім ты цяпер зарабляеш на жыццё. Як ты стаў цырульнікам у 15 гадоў?
Адпачатку я не звязваў свой лёс з цырульніцтвам. У дзяцінстве я наогул марыў стаць хірургам. Але я дагэтуль 7 гадоў вучыўся ў музычнай школе, бо рыхтаваўся паступаць у музычны каледж імя Глінкі. Я тады граў на кларнэце, удзельнічаў у конкурсах юных талентаў, і па выніках конкурсу мяне бралі туды без іспытаў. Але я рэзка вырашыў, што не хачу быць музыкам. Нешта мяне пужала гэтая класіка, бо мы ў двары былі панкамі, гранжамі, хардкорамі. Я ўжо граў на гітары і думаў зладзіць свой гурт.
Тады мама сказала, што трэба ўсё адно чымсьці займацца – не музыкай, дык чымсьці іншым. Неяк у школу прыходзілі з рэкламай і звалі вучыцца на цырульніка. Я тады флаер узяў, але ўвагі на гэта не звярнуў. Ён вываліўся ў мяне дома з падручніка, а мама пабачыла і сказала: “Во, ідзі паспрабуй! Будзеш сваім панкам іракезы стрыгчы. У людзей заўжды валасы растуць – прафесія запатрабаваная будзе заўсёды”.
Я прыйшоў на курсы і быў адзіны хлопчык сярод 12 вучаніц. У першы дзень нам паказалі інструменты, далі нейкую тэорыю, а на наступны дзень нас ужо паставілі стрыгчы. У гэтую цырульню прыходзілі пенсіянеры – і мы іх стрыглі бясплатна.
Мне адразу трапілася жанчына ва ўзросце з доўгімі валасамі, трэба было стрыгчы каскад, а я ўвогуле дагэтуль не трымаў у руках нажніцаў!
Майстрыха падышла і паказала: вось гэтую пасмачку ўверх – і рэжаш на гэтай даўжыні, а астатнія да яе падцягваеш. У мяне быў шалёны трэмар, я ўвесь узмок, але неяк пастрыг гэтую жанчыну, яна сама мяне супакойвала, дапамагала, падтрымлівала, яшчэ і грошы нейкія нават заплаціла. Такім чынам мяне пасвяцілі ў цырульнікі.
У мяне хутка і добра гэта пачало атрымлівацца. Спачатку сапраўды панкам іракезы стрыг, сабаку свайго стрыг, потым пачаў стрыгчы сваіх настаўніц. Першая замова была ад настаўніцы беларускай мовы – гэта быў вялізны стрэс, але ён вельмі загартоўваў. Далей была настаўніца хіміі, гісторыі і г.д. Да 11 класа я ўжо расслабіўся, падпрацоўваў у салоне, і мне нават “энкі” ў школе не ставілі, калі я адсутнічаў на ўроках.
Маючы прафесію і працу, якая дазваляла табе ўжо школьнікам арандаваць кватэру, ты ўсё ж пайшоў ва ўніверсітэт. Чаго табе не ставала?
Я сапраўды зняў кватэру ў Сухарава за 90 даляраў і там стрыг. Кватэра была амаль пустая, мама там не дазваляла ночыць, пакуль я быў школьнікам, але я там ладзіў нейкія тусоўкі. Такім чынам зарабляў сабе грошы і быў самастойны.
Але мне хацелася стаць доктарам. У год майго паступлення можна было падаваць дакументы ў дзве плыні: у чэрвені і ў жніўні. Я прыйшоў здаваць у медыцынскі хімію і біялогію, а таксама я выбраў беларускую мову, бо яна мне заўжды лягчэй давалася. Але мне не хапіла некалькіх балаў на бясплатнае навучанне.
І тады я вырашыў пашукаць сабе іншы ўнівер. Завітаў у БДУ, на міжнародныя адносіны. Там прыгожа ўсё так выглядала. На аддзяленне культуралогіі і гебраістыкі трэ было здаць гісторыю Беларусі і сусветную гісторыю вусна, а таксама беларускую мову. Я гэтыя прадметы здаваў у школе, таму лёгка здаў іспыты. Мяне дужа захапіў універсітэт, бо ў нас выкладалі Галіна Сініла, Марына Шода, Андрэй Хадановіч. Атмасфера, у якую я паглыбіўся ва ўніверы, стала для мяне вельмі значнай, я палюбіў лекцыі і семінары, але паралельна я стрыг, каб зарабляць грошы.
Адзінае, чаму я ўвесь час думаў кінуць цырульніцтва, гэта таму, што мяне ўвесь час сцябалі, маўляў, ты што, п*дар?
Гэта быў пачатак 2000-х, тупняк такі сярод моладзі. Я вельмі саромеўся, што я вучуся на міжнародных адносінах, але стрыгу валасы. Праз гэта ў мяне часта здаралася такое: усё, я больш не цырульнік, пайду працаваць у іншую сферу. Мяне штурхала ў розныя бакі: я выкладаў ва ўніверсітэце і ў прыватнай школе, працаваў у банку.
У тыя моманты, калі я сыходзіў ад прафесіі, яна мяне да сябе вяртала сама. І ў 30 гадоў я сказаў сабе: досыць вагацца, пара ўжо сур’ёзна чымсьці заняцца.
“Я ўзяў акадэмічны адпачынак і паляцеў вучыцца і працаваць у Лондан”
Я ведаю, што ты вучыўся ў Лондане. І зусім не таму, што скончыў факультэт міжнародных стасункаў. Раскажы гэтую цудоўную гісторыю.
Неяк я трапіў на конкурсны адбор цырульнікаў на навучанне ў Акадэміі Toni&Guy у Лондане, са 150 майстроў павінны былі абраць толькі трох. Я прыйшоў са сваімі мадэлямі, здаў стрыжкі камісіі, якая хадзіла з лінейкамі, падлічвала міліметры. Некалькі месяцаў чакаў вынікаў, але праз паўгода я перастаў чакаць. І акурат у той перыяд, калі ў мяне ўсё ў жыцці не заладзілася, мне пазванілі і спыталі, ці гатовы я праз месяц ляцець у Лондан. Я адразу ўзяў сабе акадэмічны адпачынак і паляцеў вучыцца і працаваць у Лондан. Мы былі першымі беларусамі, хто туды трапіў.
Цяпер ты цырульнік-універсал, стыліст-каларыст. Раскажы, чым менавіта ты займаешся.
Ёсць істотнае размежаванне паміж цырульнікамі, якія стрыгуць валасы, і цырульнікамі, якія фарбуюць валасы. У Toni&Guy я стрыг, а фарбавалі іншыя. Але цяпер я як універсал магу рабіць усё на свеце (апроч прычосак, гэта не маё). У гэтым плане мне ў прафесіі больш утульна, я магу зарабляць грошы не колькасцю, а якасцю, то бок адной вялікай працай. Напрыклад, барберы арыентаваныя толькі на мужчынскую моду, яны цэлы дзень стрыгуць толькі мужчын, але гэта складана, калі ў цябе за дзень 15-20 кліентаў. Універсал можа за дзень зрабіць складаную афарбоўку, пастрыгчы, зрабіць укладку і зарабіць столькі ж.
У гэтай прафесіі ёсць шмат цікавых разгалінаванняў, напрыклад, тэатральны майстар, які працуе з шыньёнамі, парыкамі, ведае розныя эпохі і стылі. Ёсць майстры, якія працуюць толькі з чыноўнікамі і палітыкамі. Палітык ніколі не мусіць выглядаць свежапастрыжаным, ён павінен выглядаць акуратна – і гэта таксама вялікае майстэрства.
За пяць гадоў працы ў гатэлях ты зрабіў тысячы фрызураў замежнікам. Гэта каласальны досвед!
Я сапраўды два гады працаваў у гатэлі “Мінск”, два – у “Еўропе”, тры – у “Краўн Плазе”. Кожны раз, калі я працаваў у гатэлях, я падпісваў дакументы аб неразгалошванні дэталяў гатэльнага жыцця. За гэтыя гады я назбіраў процьму гісторый, якія потым склаліся ў кнігу “Усё ўлічана”.
Некаторыя гісторыі былі жахлівыя, напрыклад, як адна жанчына ўпала з трэцяга паверха і яе ратаваў ліванскі доктар, які надоечы засяліўся ў гатэль. Аднойчы фанаткі Дэвіда Бэкхэма апрануліся ў адзенне пакаёвак, прайшлі ахову і трапілі да яго ў нумар ушасцёх. Але Бэкхэм не разгубіўся, пафоткаўся з імі, а потым ахова, вядома ж, іх вывела. У Мобі быў райдар такі, што Камароўка не выратавала. Супрацоўнікі пасля дакладна ведалі, дзе набыць казінае малако ды іншыя фермерскія прадукты. Для Джэніфер Лопэс прыбіралі ўсіх з фітнэс-залі, нават тых бізнэсоўцаў, якія таксама адпачывалі ў гатэлі.
Аднойчы прыязджала міністарка замежных справаў Ізраіля, і мяне запрашалі да яе ў нумары, каб я рабіў ёй укладкі ці стрыжкі, спрабаваў з ёй гутарыць на іўрыце (я ж гебраіст, тры гады іўрыт вучыў). Яна была здзіўленая, што ў Менску ёсць майстры, гатовыя падтрымаць гаворку на іўрыце. У кнізе “Усё ўлічана” шмат гатэльных гісторый, але я змог гэта ўсё апублікаваць толькі тады, калі звольніўся.
“Калі я пераехаў у Вільню, тут ужо былі мае кліенты”
Давай пагутарым пра тваіх кліентаў і кліентак. Наколькі я ведаю, у Менску да цябе быў запіс на месяц наперад, а сёння некаторыя беларускі, бываючы праездам у Вільні, адмыслова завітваюць да цябе на стрыжку. Ці змог ты за год эміграцыі аднавіць кліенцкую базу да менскага ўзроўню?
У Менску было лягчэй працаваць, бо я быў самазаняты майстар, плаціў фіксаваны падатак і меў права працаваць у каворкінгах. Такім чынам я сабраў сваю кліенцкую базу, сам вёў запіс на стрыжкі, сам стрыг і фарбаваў, а таксама паралельна быў трэнерам-тэхнолагам, вёў майстар-класы, як працаваць з пэўным брэндам. 5 гадоў я працаваў з Wella, а потым сышоў у венецыянскі брэнд AlterEgo. Гэтага было дастаткова, каб нам хапала на сям’ю, каб жонка не працавала ў дэкрэце.
Калі я сюды пераехаў, я адразу ўладкаваўся ў студыю Figaro, гэта найбуйнейшая сетка салонаў прыгажосці ў Вільні, яны 30 гадоў на рынку. Я адразу трапіў у кампанію з высокай канкурэнцыяй, тут усе майстры вельмі высокага ўзроўню.
У Менску ў мяне была багатая кліенцкая база з мэнэджараў IT-кампаній, сярэдні бізнэс да мяне прыходзіў, там я быў нятанным майстрам. Але прыемна, што, калі я пераехаў у Вільню, тут ужо былі мае кліенты. На менскі ўзровень я выйшаў недзе праз тры месяцы.
На дадзены момант з пераменным поспехам я ўжо зарабляю прыблізна на 20% болей, чым атрымлівалася ў Менску, бо дадаліся літоўскія кліенты, а таксама іншыя еўрапейскія кліенты і кліенткі, якім танней прыляцець сюды на дзень з Гамбургу на складаную афарбоўку і ўвечары вярнуцца дадому. Складаная афарбоўка ў Гамбургу можа каштаваць недзе 600 еўра, а тут я магу зрабіць за 250-300 еўра. Вось гэтую розніцу кліентка можа патраціць на лоўкост і застацца ў плюсе. Да мяне прыязджаюць са Стакгольму, з Амстэрдаму. У Нідэрландах наогул лічаць складаную афарбоўку паштучна: 5-8 еўра за кожную пасмачку ў фользе! Дык вось калі будзе 100 пасмачак, то афарбоўка можа каштаваць 500-800 еўра. А калі 200 пасмачак, то ўдвая болей!
Гэтыя фарбаванні такія дарагія, а наколькі яны шкодныя?
Сама па сабе прадукцыя для асвятлення валасоў стала нашмат больш мяккай, экалагічнай, чым была раней. Цяпер ёсць парашкі з падтрымкай валасоў, ёсць асобныя плэксы, якія дапамагаюць не пашкодзіць іх. Але любое асвятленне робіць валасы больш сухімі, пустымі ўнутры. Мы парашком фактычна забіваем меланін, па сутнасці мы іх набліжаем да сівых. Але ёсць шмат сродкаў догляду, кшталту ліпідных масак, якія дапамагаюць захоўваць валасы здаровымі. Я лічу, што калі ты ўжо траціш на складаную афарбоўку 250 еўра, то ты ўжо мусіш патраціць яшчэ крыху, каб іх добра даглядаць.
“Чалавек прыгожы і сэксуальны незалежна ад колеру ці даўжыні валасоў”
Многія стрыжкі выклікаюць у людзей пэўныя стэрэатыпы, напрыклад, доўгія хвалістыя жаночыя валасы асацыююцца з рамантычнасцю і сэксуальнасцю…
Культ кучаравых валасоў ідзе яшчэ з біблейскіх часоў. У “Песні песняў” кучарашкі параўноваюцца са статкам авечак, якія спускаюцца з гор. Кучаравыя валасы сапраўды маюць больш эратычнасці за простыя. Сам па сабе завіток дадае рамантызму. Грэкі і рымляне таксама млелі па кучаравых валасах. Апрача егіпцянаў, у іх былі стрыжкі карэ і простыя формы.
А які стэрэатып хаваецца за карэ?
Карэ – гэта дакладная стрыжка, якая мае дачыненне да класікі, да касцюму. Яе яшчэ называюць офіснай, але гэта залежыць ад формы карэ. Карэ можа быць строга квадратным, а можа быць больш падоўжаным і акруглым, як боб, і вось такі варыянт ужо схіляе на рамантыку.
А калі жанчына вырашае пагаліцца – гэта пра што?
Ёсць у мяне адна кліентка: што ёй стрэльне ў галаву – то мы і робім. Такіх людзей я называю трэндсэтэрамі – гэта людзі, здольныя на эксперыменты, з імі можна паспрабаваць нешта цікавае, новае. Бо звычайна ўвесь працоўны дзень ты робіш класіку і не звяртаешся да нейкіх альтэрнатыўных стрыжак, таму кліентаў са смелымі ідэямі я заўжды падтрымліваю.
Калі кліент хоча нечага канкрэтнага, я ніколі не адгаворваю. З валасамі можна рабіць усё, што заўгодна, яны потым адрастаюць, мяняюць форму, таму эканоміць міліметры ці адкладаць жаданыя перамены на потым я нікому не раю.
А што наконт мужчынскай лысіны?
Я лічу, што ў выпадку аблысення кароткія стрыжкі лепшыя за падоўжаныя. Але і цяпер ёсць мужчыны, якія адрошчваюць на макаўцы валасы і зачэсваюць іх на лысіну. Зрабі ты сабе класную стрыжку і стань Брусам Ўілісам! Ці зрабі перасадку: зганяй у Турцыю на тры дні і зрабі ўсё, што хочаш, за 3 тысячы еўра.
Калі ўжо загаварылі пра лысіну, што ты думаеш пра сівізну?
Сівізна – гэта класна. Я ўжо магу прасачыць эвалюцыю стаўлення да сівізны на працягу 20 гадоў. Сівізну ў 2000-ых трэба было фарбаваць дашчэнту, каб ніводнага намёку на сівізну не было. У 2010-я ўжо стала ўсё больш менш лагодна, мы сталі фарбавць у натуральныя колеры, і калі сівізна не прафарбоўвалася, яе ўжо не хавалі. З 2020-ых гадоў у мяне сталі з’яўляцца кліенткі, якія сівізну пакідаюць, але проста дадаюць тон, мы робім яе крыху фіялетавай, ружовай ці абрыкосавай.
Сівізна – гэта не паказчык узросту. На дадзены момант тэндэнцыя такая: чалавек сам па сабе прыгожы, сэксуальны незалежна ад колеру валасоў. Можна быць маладым і зусім не ўмець падаць сябе, а можна быць ва ўзросце і пры гэтым прыгожым, сэксуальным і сівым. Цяпер больш надаецца ўвагі таму, наколькі ты здаровы і як ты сябе падаеш.
“Кліенты прыходзяць і кажуць: Сярожа, рабі, што хочаш”
Калі дзяўчыне хочацца нешта змяіць у сваім жыцці, яна хутчэй за ўсё найперш зменіць фрызуру. З чым гэта зазвычай звязана?
Шмат з якімі кліенткамі і кліентамі я падтрымліваю сяброўскія стасункі. Некаторыя кліенткі кажуць, што я пра іх ведаю значна больш за іх мужоў. З некаторымі я працую ўжо больш за 20 гадоў! Яны паспелі не толькі развесціся, але і нанова выйсці замуж, нарадзіць дзяцей і нават стаць бабулямі!
Ёсць кліенты, якіх я стрыгу ў трэцім пакаленні! Пачынаў з бацькоў, потым стрыг дзяцей, а цяпер ужо і ўнукаў стрыгу.
Магу сказаць, што, калі прыходзяць за кардынальнымі зменамі, то гэта выклікана эмацыйным парывам, жаданнем змяніць жыццё. Калі ты робіш новую стрыжку, 60-70% таго, што ты бачыш у люстэрку, мяняецца. Бо фрызура моцна змяняе форму твару, хавае ці наадварот падкрэслівае форму ілба, скул, броваў, вачэй, носу.
Прычынай кардынальных зменаў найчасцей бываюць расставанні або нейкія хваробы. Вядома, ёсць і вясновае абвастрэнне, якое выклікана эмоцыямі, якія не асэнсоўваюцца кліенткамі да канца. Прыходзіць дзяўчына з карэ і кажа, што хоча стаць бландынкай. Мы робім яе бландынкай: на парашку, пасмачкамі, хайлайтс – усё на свеце. Гэта працы 4 гадзіны. Потым мы дадаём тон, прастрыгаем крыху іншую форму, яна сядае да люстэрка і кажа: ой, не, хачу зноў цёмны колер і кароткую піксі. Мы зноў фарбуем у цёмны і робім кароткую піксі – і ўсё гэта за дзень!
Вясной майстрам трэба быць з кліентамі далікатнымі і ўважлівымі, бо падчас такога абвастрэння раскрываюцца эмоцыі, якія не можа патлумачыць ні кліент, ні майстар.
Кліентка можа прыйсці і сказаць: мне ўсё не падабаецца, я не ведаю, што рабіць з гэтымі валасамі. І як дасведчаны майстар у такі перыяд я магу адмовіць, бо я бачу, што чалавек не настроены ні на які прыклад, ні на які вынік. Тады я тлумачу, чаму цяпер за працу не вазьмуся, і раю прыйсці пазней. Вядома, у такім выпадку кліенты могуць крыху пакрыўдзіцца і нават знайсці іншага майстра, які возьмецца за гэтую працу. А потым прыходзяць і прызнаюцца: я пакрыўдзілася, пайшла ў іншы салон, а там мяне абкарналі. Такія кліенты потым мне больш давяраюць, нават прыходзяць і кажуць: Сярожа, рабі, што хочаш.
І што ты тады робіш?
У маёй працы ёсць вялікі адсотак перадпрацы. Гэта кансультацыя, аналіз формы твару, колеру скуры, вачэй і вуснаў, формы носа і падбароддзя, структуры валасоў, іх патэнцыялу – і ў выніку я прапаноўваю варыянты, якія можна зрабіць, абапіраючыся на свае веды. І мы пачынаем працаваць.
Ты ўжо больш за 20 гадоў стрыжэш і фарбуеш. Гэта ўжо руціна ці заўжды застаецца месца для творчасці?
Цырульніцтва стала для мяне медытацыяй. Калі працую, я адпачываю. Я сябе не напружваю. Калі я толькі пачынаў працаваць, я спяшаўся скончыць. Цяпер я працую і не звяртаю ўвагі на тое, калі я павінен скончыць працу. Я знаходжуся ў моманце, які мне моцна падабаецца. Вядома, я стамляюся. Моцна стамляюцца рукі, пальцы, сушчэпы, ногі, моцна стамляюцца лёгкія, бо шмат дыхаеш валасамі, хіміяй. Гэта ўплывае на мой фізічны стан, але я цяпер атрымліваю большае задавальненне ад працэсу, чым гэта было раней. Мне вельмі падабаюцца вынікі, стрыжкі, якія я зрабіў. Гэта адчуваюць і кліенты.
“Напісанне кнігі сталася для мяне псіхатэрапіяй”
Ну а цяпер давай пагаворым пра іншы бок тваёй творчасці – літаратуру. Раскажы, як ты пачаў пісаць?
Я падлеткам адкрыў для сябе кнігі Стывена Кінга. Потым з’явіліся кнігі Жэлязнага, Азімава, Гарысана. Я пачаў чытаць усё звязанае з містыкай і фантастыкай. Ужо ў 10 класе я пісаў гісторыі, як мы з аднакласнікамі пайшлі ў лес, знайшлі там нейкі труп – ну, я капіяваў Стывена Кінга.
Аднойчы ўжо ва ўніверы я прачнуўся з адчуваннем, што ў мяне ёсць гісторыя, якую я хачу напісаць. Я сеў і пачаў пісаць апавяданне “Маміны рэцэпты”, натхнёнае навінамі пра тое, як у расейскай глыбінцы арыштавалі сям’ю канібалаў, там маці прыносіла забітых людзей і рабіла з іх катлеты. Ну, што яшчэ можа напісаць падлетак, які вырас на кнігах Кінга?
А ў нас ва ўніверы былі хлопцы з дызайну, якія стварылі інтэрнэт-часопіс “Блядзь”. Я ім даслаў гэтае апавяданне, а яны мне такія: “Зашыбісь, чувак, які трэш! Пойдзе ў “Блядзь”!” Гэта была мая першая публікацыя)))
А як ты пачаў пісаць па-беларуску?
Калі ў мяне назбіралася апавяданняў на першую кніжку “Помнік атручаным людзям”, яна была напісана напалову па-расейску, напалову па-беларуску. Я адправіў гэтую кнігу ў “Галіяфы”, а Зміцер Вішнёў мне адказаў: “Класная кніжка, будзем друкаваць, толькі давай ўсё па-беларуску”. Неяк яно проста адбылося. Потым быў “Логвінаў” – і я нават не заўважыў, як усё закруцілася.
Ты напісаў трылогію, пачатую кнігай “Падарожжа на край ложка“, падхопленую “Часам панкі паміраюць“ і завершаную кнігай “Акварыум“. Гэта аўтабіяграфічная проза?
Усё пачалося з кнігі “Падарожжа на край ложка”. Тады ў мяне захварэла мама, у яе была складаная форма раку, яна некалькі гадоў пакутавала. Я быў дужа злосны і пакрыўджаны на гэты свет, спрабаваў сабе патлумачыць, чаму яна захварэла. Я тады адкрыў для сябе Луі Фердынанда Сэліна, у якога першая кніга была напісаная на надрыве і называлася яна “Падарожжа на край ночы”. Мне спадабалася гэта форма апавядання, калі ты не пішаш, а нібыта скардзішся і плюешся на гэта ўсё. Такім чынам я вырашыў назваць сваю кнігу “Падарожжа на край ложка”, бо я праводзіў шмат часу каля ложка маці, калі я яе даглядаў. З гэтым надрывам я напісаў гісторыю мамінай хваробы, як споведзь, мне хацелася ўсё гэта апісаць.
Калі мінуў час, я зразумеў, што я мог паміж гэтымі часткамі дадаць нешта больш вясёлае, абнадзейвальнае. Была не толькі хвароба маці, было яшчэ насычанае жыццё таго ж панка. І я пачаў ствараць кнігу пра панкаў “Часам панкі паміраюць”. Там некалькі гісторый, якія я склаў мазаікай, іх можна чытаць у адвольным парадку і потым складваць іх у адно. Гэтая кніга трапіла ў фінал прэміі Гедройця і атрымала прэмію Алексіевіч.
Літаратура стала для мяне псіхатэрапіяй: калі я напісаў кнігу “Падарожжа на край ложка”, я сам сабе дапамог справіцца з тым, што мама захварэла і цяпер яе няма.
А потым я ўжо дадаў трэцюю кнігу “Акварыум” – гэта быццам жыццё рыбаў, якія ў сваім акварыуме туды-сюды сноўдаюцца. Але для мяне гэта пераход ад жыцця, звязанага з мамай і панкамі, да чагосьці новага. Калі ўсе гэтыя тры кнігі сабраць у адно, то атрымаецца мастацкая кніга, але з элементамі аўтабіяграфізму.
“Псеўданім дае большую свабоду творчасці, здымае ўсялякую самацэнзуру”
У цябе было твочае альтэр-эга са сваёй біяграфіяй і адметнай творчасцю. Раскажы, як узнік Аляксандр І. Бацкель?
Калі ў мяне з’явіліся першыя кнігі, нехта іх хваліў, нехта крытыкаваў. Я тады не ўпісваўся ў нейкае літаратурнае жыццё. Я стварыў псеўданім, бо было жаданне, схаваўшыся за іншым пісьменнікам, больш вольна напісаць і паглядзець, як паставяцца да творчасці невядомага пісьменніка чытачы.
Дзявочае прозвішча маёй мамы Бацкель. І вось пад гэтым псеўданімам я стварыў раман “Мімікрыя”. Я прыдумаў гісторыю чатырох летуценнікаў, якія жылі ў Менску, не зважаючы на тое, што адбываецца ў краіне.
І як паставіліся чытачы да твора, выдадзенага пад псеўданімам?
Рэч у тым, што тады была прэмія для маладых пісьменнікаў, у якіх выйшла першая кніга. Адзін з маіх сяброў панёс маю кнігу ў офіс ПЭН-цэнтра, каб яе намінавалі на прэмію “Дэбют”. І ўжо тады мой псеўданім падаў заяўку, каб яго ўзялі ў ПЭН-цэнтр, нават раней за Календу! Але Хадановіч нешта заўважыў у маёй кнізе, бо ў ёй шмат літаратурных гульняў, з якіх была бачная ўніверсітэцкая адукацыя. І Шода хутка сцяміла, што мае адсылкі супадаюць з праграмай сусветнай літаратуры ў нас на курсе.
Тады Хадановіч напісаў мне нешта накшталт: “Спадар Календа, дзень добры! Тут, як мне здаецца, ваш сябра грукаецца ў прэмію, але ж трэба, каб гэта была яго першая кніга, а ў вашага сябра, здаецца, яна не першая”. Ну, прафесіянал! Раскусіў!
З прэміі тады кніжку знялі, а я пачаў пад псеўданімам Бацкеля пісаць кароткія гісторыі яго жыцця на сядзібе, у вёсцы. Адна за адной выйшлі тры кнігі гісторый, некаторыя з іх былі сюррэалістычныя, некаторыя надта натуралістычныя. І ўсё гэта было яшчэ да вясёлых прыгодаў Андруся Горвата з “Радзівам “Прудок”.
Мне здавалася, што першыя кнігі, якія я напісаў, – гатэльная кніга “Усё ўлічана” і “Помнік атручаным людзям” – гэта не тыя кнігі, якія я хацеў напісаць першымі. Хацелася напісаць першымі тое, што я пісаў пад псеўданімам.
Мне тады падавалася, што гэта правільны ход – даць сабе яшчэ адзін шанец пачаць свой літаратурны шлях. Але цяпер я разумею, што ўсе кнігі, якія я тады пісаў пад сваім імем і пад псеўданімам, – гэта ўсё яшчэ перыяд фармавання погляду, стылю, жадання паспрабаваць рознае. Пад Бацкелем мне падабалася ствараць кароткія гісторыі, яны атрымліваліся лепей, чым у Календы. Я адпускаў сябе, падарожнічаў, Календа так не мог.
“Я зразумеў, што мастацтва можа падтрымліваць літаратуру”
Зборнік казак “Балтыйскія шкарпэткі” ты нават сам праілюстраваў. Раскажы пра кнігу і гэты новы досвед мастака-ілюстратара.
Тады быў развіты краўдфандынг. У мяне было 10 падлеткавых гісторый “Балтыйскіх шкарпэтак”, створаных вакол Балтыйскага мора. Я зразумеў: тое, што я бачу ў гэтых гісторыях, я магу паспрабаваць візуалізаваць. Я вырашыў быць наіўным мастаком. Не браў ніякіх урокаў, не глядзеў ніякіх майстар-класаў. Я проста браў палатно і акрылавыя фарбы і пачынаў маляваць. Я намаляваў 30 карцін і кожную з іх паставіў лотам на краўдфандынгу. За кошт таго, што я прадаваў карціны, я збіраў грошы, каб надрукаваць кнігу. Для краўдфандынгу гэта была новая ідэя: усе збіралі проста на кніжкі, а я прадаваў карціны. У мяне атрымалася прадаць 16 карцін, яны разляцеліся па ўсім свеце: ёсць на Ямайцы, у ЗША, у Канадзе, у Ізраілі і ў Беларусі. Я зразумеў, што такім чынам мастацтва можа падтрымліваць літаратуру.
Ты вось кажаш, што ў цябе апавяданні, гісторыі. А ці не замахваўся ты на вялікую прозу?
У мяне ёсць замах на вялікі праект: літаратурна-мастацка-гульнявы. Гэта будзе каробка, у якой будзе кніга, комікс і настолка. Я пакуль не магу раскрыць усе карты, бо я хвалююся, каб усё атрымалася. Для гэтага праекта мне трэба фінансаванне: у мяне ёсць каманда, ідэя, досвед. Адзінае, чаго не стае, гэта грошай.
На жаль, твая кніга “Хлопчык Томчык” з тэкстам на трох мовах і з цудоўнымі ілюстрацыямі Марыі Шэндзель не паспела сабраць патрэбную суму на краўдфандынгавай платформе. Што з ёй цяпер будзе?
Так, амерыканскі Kickstarter – гэта не наш “Вулей”, які актыўна працаваў з беларускай аўдыторыяй і паспяхова заклікаў да данатаў. А тут амерыканскі рынак, на які я паспрабаваў прыцягнуць беларускую аўдыторыю, але гэта атрымалася не дужа паспяхова. Да таго ж Kickstarter за два месяцы ні разу не прасунуў мой праект, ён публікаваў у рассылцы ўсё, што заўгодна, толькі не маю кніжку. І ўмовы там былі: або 100%, або нічога. Мы назбіралі толькі 25%.
Цяпер шукаю выдаўца, бо ўвесь тэкст і ілюстрацыі ўжо гатовыя да друку. Я адправіў кніжку на адзін конкурс, чакаю, што яны адкажуць. Гэтая кніжка створаная з маім сынам, у нас ёсць раздрукаваная версія з каляровымі ілюстрацыямі, на якой я рабіў праўкі. Мы яе пакуль чытаем, яму падабаецца, усім распавядае, што гэта ён.
“Я мог цэлы год проста пісаць і за гэта атрымліваць грошы”
У цябе ўжо выйшла мінімум 15 кніг. Якія з іх ты любіш найбольш?
Мне падабаецца мая трылогія, яна выглядае цалкам арганічна. Люблю “Балтыйскія шкарпэткі”. І мне даспадобы зборнік “Апранутыя апавяданні”. Я лічу яго вельмі ўдалым за кошт ідэі. У маіх “Апранутых апавяданнях” гісторыі людзей звязаныя адзеннем з сэканд-хэнду. Напрыклад, там ёсць гісторыя пра чалавека, які насіў кашулю, потым гэтая кашуля трапіла ў менскі храм, а потым пра жанчыну, якая насіла гэтую кашулю ўжо ў Менску.
Канцэпцыю “Апранутых апавяданняў” я прыдумаў, калі ехаў у тралейбусе ля касцёла, з якога выходзілі людзі з рознымі падарункамі. Я каталік, нам таксама дарылі розныя падарункі і адзенне ў касцёле на Раство.
Мне тады пашчасціла, я трапіў у Нямеччыну на пісьменніцкую стыпендыю, дзе я мог цэлы год проста пісаць і за гэта атрымліваць грошы. Я прыдумаў каля 80 рэчаў, распісаў імёны іх першых і наступных уладальнікаў, а потым прыдумляў, як іх усіх аб’яднаць. Там гісторыі з усяго свету, але ёсць персанаж, які праходзіць праз усе гэтыя апавяданні, – гэта святар. Усе гэтыя гісторыі заканчваюцца каляднай каробкай, якую назбіралі, каб перадаць у дзіцячы дом для дзяцей з асаблівасцямі. Я вырашыў, што пра іх таксама трэба напісаць, бо я бачыў іх на свае вочы, яны шчыра радуюцца падарункам.
Ты таксама выдаеш літаратурны альманах “Мінкульт”. Раскажы пра тонкасці самвыдату ва ўмовах Беларусі і ў эміграцыі.
Першы мой часопіс “Макулатура” я заснаваў яшчэ тады, калі паўстаў “Вулей”. Людзі перадзамаўлялі часопіс, я друкаваў і раздаваў тым, хто замовіў. Так мы рабілі, пакуль не знік “Вулей”. А потым узнік “Мінкульт”, і я яго выдаваў за данаты з фэйсбуку. Грошы ішлі на друк і на заробкі тым, хто працаваў з нумарам, а я раздаваў часопіс тым, хто данаціў. З калядным нумарам было прыкольна: я надрукаваў больш асобнікаў і раздаў тым, хто данаціў, а рэшту разаслаў па адрасах тых, хто раней падпісваўся на “Балтыйскія шкарпэткі”, на “Макулатуру”. Атрымаў больш за 300 падзяк ад тых, для каго гэта сталася прыемнай неспадзяванкай на свята.
Але цяпер фэйсбук вырашыў, што больш нельга збіраць данаты фізасобам, можна толькі верыфікаваным кампаніям і арганізацыям. Зніклі данаты, але шосты нумар пра эміграцыю і падарожжы я паспеў надрукаваць. Гэта 21 тэкст ад беларускіх пісьменнікаў – сапраўдны ўзор таго, што змог зрабіць часопіс “Мінкульт”. Сёлета я не ведаю, што будзе. На працяг “Мінкульта” ў мяне пакуль няма сіл і рэсурсаў. Я больш хачу засяродзіцца на дзіцячых кнігах і на сваім вялікім праекце.
“Усе паспяховыя пісьменнікі не чакаюць натхнення”
Назаві 5-10 тваіх фаварытаў у беларускай літаратуры.
З беларускімі літаратарамі я адчуваю сябе ў сваёй Беларусі, яны мае сябры. Кожная іх кніга, тэкст, думка – гэта ўсё маё, роднае. Некаторымі іх творамі я натхняюся, але стараюся шмат не чытаць іх, бо яны могуць паўплываць на тое, што я хачу напісаць. Нават падсвядома. Я люблю Альгерда Бахарэвіча, але стараюся шмат яго не чытаць, бо потым заўважаю, што ў мяне сказы атрымліваюцца, як у яго. Я таксама люблю Адама Глобуса, а потым у мяне можа быць перыяд, калі я тыдзень буду пісаць, як Глобус: каротка, прыгожа і па сутнасці. Эсэ Уладзіміра Жбанкова – гэта тое, што трэба. Ян Станкевіч, Віктар Марціновіч, Андрусь Горват, Таццяна Заміроўская, Саша Філіпенка, Уладзімір Рабіновіч. Я і рускамоўных пісьменнікаў лічу беларускімі пісьменнікамі, пра іх трэба ведаць.
А дзе шукаць ідэі для гісторый, сведкам якіх не быў ты сам?
Мне тут пашчасціла, я мноства гісторый бяру ў сваіх кліентаў. Мне шмат чаго распавядаюць. Я бачу розныя характары: хто як сядае, хто як распавядае. Ёсць такія кліенты, якім трэба выгаварыцца. Некаторым трэба сябе паказаць, нават свае аголеныя фоткі. Ёсць розныя людзі. Часам я бяру сабе і некаторыя літаратурныя гісторыі. Я перапісваю іх для сябе, пераствараю. Ну і плюс жыццёвы досвед!
Што б ты параіў маладым пісьменнікам, якія хочуць навучыцца пісаць добрыя творы?
Я б параіў пісаць кожны дзень і выдаляць. Не шукайце часу ці музы, а навучыце сябе пісаць штодзень пры любых абставінах. Кожны малады пісьменнік павінен навучыцца працаваць з самім сабой. Праз гэта з’явіцца добрая якасная проза. Усе паспяховыя пісьменнікі не чакаюць натхнення. Пісьменнік, у якога ёсць ідэя, мэта, кампазіцыя, будзе пісаць штодзень, без выходных і адпачынкаў.
Калі я пісаў першыя кнігі, я не ведаў, як я магу нешта выдаліць. Рэдактар кажа: “Гэты кавалак табе не патрэбны”. Як непатрэбны? Я выдаткаваў на яго гадзіну! Цяпер я ўжо магу сказаць: не шкадуйце таго, што вы выдаляеце. Пішыце шмат, 3-5 старонак на дзень, а потым палову выдаляйце. Напрыклад, можна доўга заходзіць да апісання, а потым рабіць кароткае апісанне – гэта вельмі карысная практыка. Проста давайце тэксту крыху адляжацца і праз тыдзень рабіце праўкі, выдаляйце няўдалыя абзацы. А калі не ведаеш, што выдаліць, пастаў сабе за мэту з дзвюх старонак зрабіць адну – любымі спосабамі.
А яшчэ не трэба баяцца быць да кагосьці падобным, пераймаць нечы стыль – гэта нармальна. Ніводны пісьменнік не піша з нуля. Ён спачатку абапіраецца на тых, каго любіць. Трэба спачатку навучыцца пісаць, як Хантэр Томпсан, як Сэлін, як Дзюма, а потым ужо зразумець, дзе ва ўсім гэтым ты.
(с) ALOVAKMAG