Мы пабывалі ў гасцях у аднаго з самых вядомых і ўзнагароджаных кніжных ілюстратараў Беларусі Паўла ТАТАРНІКАВА і даведаліся, што самае галоўнае ў яго творчай майстэрні, як маладому спецыялісту дасягнуць поспеху і чаму ў мастака ніколі не было хобі.
Тэкст: Кацярына Буто
Фота: Яна Яфрэмава
Факты пра Паўла Татарнікава:
-Нарадзiўся ў горадзе Брэсце ў сям’i мастакоў.
-Сярод шматлікіх узнагарод мастака – два вельмі прэстыжныя сярод ілюстратараў прызы “Залаты Яблык” міжнароднага біенале “BIB” за iлюстрацыi да кнiг “Кароль Артур” (2009) i “Прынцэса ў падземным царстве” (2001).
-Жыве і працуе ў Мінску.
Пра творчы працэс ілюстратара
-Павел, раскажыце, як адбываецца ў вас творчы працэс?
Звычайна працую адразу над некалькімі кнігамі. У свой час для “Караля Артура” зрабіў каля 150 ілюстрацый, гэта заняло каля двух гадоў працы. Але за гэты час яшчэ тры іншыя кніжкі праілюстраваў. Такое сумяшчэнне дапамагае: надакучыла адно – пераключаешся на другое. А няма іншай працы, дык у мастака заняткаў хапае, тыя ж планшэты нацягнуць. Пакуль кнігу робіш, акрамя эскізаў і ілюстрацый, ёсць шмат іншай, тэхнічнай дзейнасці – падлічыць колькасць старонак, паласу набору, колькасць знакаў у тэксце, колькасць радкоў на паласе. Бо я павінен намаляваць так, каб засталося месца для тэксту, каб ілюстрацыя была на сваім месцы.
-Як вы арганізуеце сваю працу над праектамі? Што найбольш важнае для вас у майстэрні?
Я прывык працаваць дома, гэта для мяне цалкам нармальна. Калі мы пераехалі ў новы дом, у мяне з’явілася асобная майстэрня, значна большая за тую, якая была раней. Я лічу, што ў мастака павінна быць нейкая свая прастора, дзе ён сам кіруе. Там абавязкова павінна быць святло – у гэтым плане мая новая майстэрня мяне задавальняе, тут вялікае вакно “да падлогі”, у якім бачны прыгожы хваёвы лес. А далей кожны сам для сябе вырашае, як яму зручна. Было б добра, канешне, зачыніцца, але, калі мой сын Ян дома, я люблю, каб ён да мяне прыходзіў. Залезе на каленкі і пытаецца “А можна я?”. І здаецца ж, ёсць у яго свае фарбы, але ён аддае перавагу маім (усміхаецца).

У 2017 годзе выйшла вялікая гістарычная кніга, якую праілюстраваў Павел. У ёй вельмі шмат рэканструкцый панарам гарадоў, замкаў, партрэтаў вядомых гістарычных асобаў. Павел расказаў пра працу над кнігай:
“Акрамя непасрэдна малявання, тут шмат даследчыцкай працы. Чытанне літаратуры, паездкі, нават тапаграфічныя здымкі, кансультацыі з гісторыкамі, археолагамі, рэстаўратарамі, архітэктарамі… 40-50 рэканструкцый, каля 100 партрэтаў – гэтыя ілюстрацыі я пачаў рабіць яшчэ да праекта, пасля з’явілася ідэя сумясціць. Мая праца не скончыцца на кнізе, буду далей займацца гэтай тэмай, мне вельмі цікава”.

Пра навыкі малявання і любімую справу
-Калі пайшла гаворка пра дзяцей, у інтэрнэце пішуць, што маленькі Павел Татарнікаў маляваў у кнігах. А сыну вашаму не забараняеце такую творчасць?
Мне ж не ва ўсіх кніжках дазвалялі маляваць: бацькі глядзелі, якую можна ўзяць, якую – не, каб больш каштоўныя, тыя ж мастацкія альбомы, не пашкодзіць. А ў нашы часы дзіцячая літаратура з’яўляецца ўжо не толькі наратыўнай кніжкай, аздобленай ілюстрацыямі, яна стала яшчэ і цацкай. Тэксты спалучаюцца з размалёўкамі, налепкамі, выразанкамі… Сына я нават прашу маляваць у такіх кнігах.
-Як вы лічыце, як і калі можна разгледзець у дзіцяці нейкі творчы патэнцыял?
Напрыклад, можна заўважыць, як дзеці карыстаюцца кісцю рукі, калі малююць. Бо ў мастака падчас малявання працуюць усе элементы рукі – ад першых фалангаў пальцаў да плечавога сустава, і гэта ўсё звязана з дзейнасцю мозга. Нейкі талент, канешне, закладваецца ў чалавека, але чым раней у дзіцяці фармуюцца навыкі, тым хутчэй яно будзе вылучацца на фоне тых, хто такога вопыту не мае. І немалое значэнне тут мае тое, што дзіця бярэ прыклад з дарослых – менавіта так і з’яўляюцца дынастычныя мастакі. Акрамя таго, дзіцячая адчувальнасць і ўсе што тычыцца сферы пабудовы вобразаў і абстрактнага мыслення, звязана з чытаннем і з назіраннем. І толькі потым ужо ўключаецца талент – бо не абавязкова яго наяўнасць азначае, што дзіця стане мастаком ці музыкантам.
І толькі потым ужо ўключаецца талент – бо не абавязкова яго наяўнасць азначае, што дзіця стане мастаком ці музыкантам.
Я з дзяцінства бачыў, як працуе мастак, чуў прафесійную тэрміналогію, мне дазвалялася шмат – таму я рана пачаў засвойваць навыкі. Ды і магчымасцяў у мяне было больш, у часы майго дзяцінства не ў кожнай сям’і былі хаця б каляровыя алоўкі. Таксама ў мяне быў лёгкі доступ да кніг, таму што ў сям’і была вялікая бібліятэка.
-А калі ў чалавека не было магчымасці вучыцца ў дзяцінстве, а маляваць хочацца?
Мне жонка неяк расказала: большасць людзей на планеце не любяць сваю прафесію, гэта ж няшчасце! Адсюль, мусіць, і з’яўляюцца хобі. Але творчасць выклікае імгненнае прывыканне, таму бывае так, што дарослыя людзі, маючы прафесію, працу, усё кідаюць і становяцца мастакамі. Прыкладаў шмат, вядомы Поль Гаген быў дастаткова паспяховым біржавым брокерам.
У мяне ніколі не было хобі ў жыцці. Я і зараз малюю, як гуляю. Мая прафесія – быццам працяг дзяцінства, я атрымоўваю вялікае задавальненне ад працэсу малявання.
Мая прафесія – быццам працяг дзяцінства, я атрымоўваю вялікае задавальненне ад працэсу малявання.

Ёсць такі выраз: “Калі чалавек будзе займацца любімай справай, то не будзе працаваць ніводнага дня”…
Так і ёсць. Адзін замоўца мяне пытае: “Атрымоўваеш асалоду, задавальненне ад творчага працэсу?” “Канешне”, – кажу я. А ён мне ў адказ: “Дык хто каму павінен плаціць?” Цалкам верагодна, што зменіцца сітуацыя і такое можа быць цалкам магчымым: мастакі будуць прыплачваць, каб ім не перашкаджалі працаваць! (смяецца)
-Як вы ставіцеся да меркавання, што абсалютна ўсе могуць навучыцца маляваць?
Усе тычыцца ступені майстэрства. Усе ж дзеці малююць прыкладна аднолькава, так і з дарослымі. Ёсць навыкі, якія могуць засвоіць амаль усе. Але перасягнуць мяжу, выйсці на ўзровень вобразу не кожны зможа. Для гэтага трэба ўмець абстрагавацца. Густ у нейкай ступені можна прывіць, але з большага гэта дадзена прыродай.
Пра натхненне і парады маладым мастакам
-У мастака праца складаецца не адно з малявання. Як вы знаходзіце баланс паміж творчасцю і пазатворчай дзейнасцю?
Гэта частка прафесіі. Канешне, гэта не падабаецца, адцягваеш да апошняга, але трэба сябе прымушаць. Мастакі часцяком ходзяць пакрыўджанымі (замоўцамі, выдаўцамі і г.д.), таму што ў свой час ленаваліся ці лічылі, што тыя ж юрыдычныя пытанні іх не тычыцца. Графікі, ілюстратары больш падрыхтаваныя ў гэтым плане, таму што працуюць з выдавецтвамі, паліграфіямі: прыходзіцца ўключацца ў працэс, вучыцца. Але і мастакі ёсць розныя, ведаю даволі педантычных.
Мастакі часцяком ходзяць пакрыўджанымі (замоўцамі, выдаўцамі і г.д.), таму што ў свой час ленаваліся ці лічылі, што тыя ж юрыдычныя пытанні іх не тычыцца.
-Калі ўсе пытанні вырашаны, адкуль бярэцца натхненне маляваць?
Усе залежыць ад характару. Бывае так, што ёсць час і ўсе ўмовы для творчасці, а ты сядзіш і не працуеш. І так доўжыцца, пакуль не з’явіцца нейкае эмацыйнае напружанне, напрыклад, тэрміны зыходзяць. Хутчэй за ўсё, для творчасці нейкі элемент напружанасці проста неабходны. Іначай, адкуль узяць нейкі штуршок для эмоцый? А ў другога мастака іншы характар, ён ходзіць у майстэрню, як на працу, і пытанняў з натхненнем не ўзнікае.
Хутчэй за ўсё, для творчасці нейкі элемент напружанасці проста неабходны.
Натхненне для мяне – умоўная рэч, гэта жаданне маляваць, гэта настрой. Менавіта тая эмацыйная напружанасць, разрадка, калі ты атрымоўваеш задавальненне ад малявання. Ці нават калі не атрымоўваеш, калі працэс ідзе складана, у так званых пакутах творчасці, але гэта таксама натхняе.Бывае так, калі загадзя пачынаеш працаваць і яшчэ на стадыі эскізаў перагараеш эмацыйна. А наперадзе яшчэ арыгіналы рабіць, колеры падбіраць – а для гэтага павінна быць эмоцыя, без яе нічога не атрымаецца. Тады ўжо пакута прымушае – і нічога не атрымоўваецца, праца выходзіць “выпакутаванай”. Студэнтаў сваіх я вучу: ні ў якім разе не перапрацоўваць, не выходзіць у дробныя дэталі на стадыі эскізаў, таму што эмоцыя і задавальненне ад працэсу могуць згарэць.

-Што б вы параілі маладым мастакам?
Не сумаваць. Хоць мастацтва ніколі не лічылася асабліва важнай справай длярамадства, не трэба здраджваць самому сабе. Заўсёды трымаць сваю любоў для малявання і да мастацтва на належным узроўні. І тады будзе задавальненне, таму што творчасць павінна прыносіць радасць.
Не ленавацца, удзельнічаць у конкурсах і выставах для таго, каб цябе ведалі. Важна, што ты не толькі сябе паказваеш, але і параўноўваеш з іншымі – можна шмат пра сябе даведацца. Конкурсаў вельмі шмат, яны амаль у кожнай краіне ладзяцца. Самыя вядомыя, бадай, Міжнароднае біенале ілюстрацыі ў Браціславе (BIB), Дзіцячы кніжны кірмаш у Балонні (Bologna Children’s Book Fair), Прэмія імя Ханса Крысціяна Андэрсана для ілюстратараў (Hans Christian Andersen Award for Illustration). Калі прайшоў адбор у Балонскім кірмашу, то гарантавана без кавалка хлеба не застанешся.

Прыкладна 10 гадоў малады мастак прабівае галавою сценку, не кожны можа гэта вытрымаць. Маладым часам здаецца, што ўсе чыннікі для поспеху ў іх ёсць, адчуваюць моц, талент, патэнцыял, а яшчэ і адукацыю атрымалі, усё ведаюць. А паказаць – няма чаго. Для гэтага і трэба папрацаваць. Талент, як добрае віно, павінен настаяцца.
Талент, як добрае віно, павінен настаяцца.
У якіх конкурсах я толькі не ўдзельнічаў у свой час, дзе толькі не выстаўляўся. Мая “сцяна” прабілася, таму я ўжо маю магчымасць выбіраць. Працы вельмі шмат, выдаўцы і замоўцы стаяць у чарзе на некалькі гадоў наперад. Ніякай сакральнасці ў адносінах да мастацтва ў мяне няма. Гэта прафесія. Працую, зарабляю грошы, стараюся ўтрымліваць сям’ю, хоць гэта вельмі не проста. У вольных мастакоў то густа, то пуста, да гэтага маладому мастаку трэба рыхтавацца.
(с) ALOVAK
[…] гэта мае бацькі. Мы з братам, дарэчы, вядомым графікам Паўлам Татарнікавым, выраслі ў мастакоўскай сям’і, у майстэрні […]
[…] кампазіцыю ў нас выкладаў Павел Юр’евіч Татарнікаў. Нягледзячы на сваю сусветную вядомасць, з намі ён быў […]