Гэтая падборка для тых, хто верыць, што найлепшы падарунак пад ялінку – гэта кніга! Асабліва калі яна пра зіму і Каляды. А да таго ж яшчэ з карцінкамі! Разам з Кацярынай, аўтаркай блога @kniznyja_razmovy мы сабралі зімова-калядныя навінкі гэтага і мінулага года, якія яшчэ можна знайсці ў продажы.
Гартайце старонкі з ілюстрацыямі, чытайце агляд Кацярыны на кожную кнігу і дзяліцеся ў каментарах, якія кнігі пра зіму, Каляды і Новы год – вашы ўлюбёныя.
Тэкст: @kniznyja_razmovy
Фота: выдавецтва “Папуры”, @kniznyja_razmovy, Ліана Жванія, Уладзіслаў Пятровіч
“Велікодны дзед” – вясёлая і крыху хуліганская калядна-велікодная гісторыя
У сям’і Дзеда Мароза разгортваецца драма: сын адмаўляецца ісці бацькоўскім шляхам і станавіцца ягоным спадкаемцам. Хлопчык марыць пра вясну, цёплы ветрык, колеры і кветкі, майкі і шорты. Ён хоча стаць Велікодным дзедам.
І маці, і бацька сярдуюць і крыўдуюць, але ім даводзіцца змірыцца: хлопчык кажа, што стаць Велікодным дзедам – навагодняе жаданне, якое Дзед Мароз не можа не выканаць.
Вясёлая і нават крыху хуліганская вершаваная гісторыя бліскуча перастворана па-беларуску Ігарам Крэбсам. З ёй можна весела прабавіць сямейны вечар (як перадкалядны, так і перадвелікодны), але можна і паразмаўляць пра пакліканне, выбар будучыні і тыповыя канфлікты пакаленняў.
“Велікодны дзед”, Марк-Увэ Клінт. Ілюстрацыі – Астрыд Хен. Пераклад з нямецкай – Ігар Крэбс. Выдавецтва “Папуры”, 2023.
“Снегурумі” – цёплая зімовая казка ад Надзеі Ясмінска
Новая кніга ад вядомай беларускай казачніцы Надзеі Ясмінска, аўтаркі вялікай колькасці гісторый як для самых маленькіх, так і для старэйшых дзяцей.
“Снегурумі” – гэта гісторыя пра тое, што нам часта хочацца таго, чаго не маем. Напрыклад, узімку – зялёных дрэваў і сонца, а ўлетку – снега і санак. Дзяўчынка Мія жыве ў цёплым паўднёвым мястэчку і ўсёй душою прагне пабачыць сапраўдны снегапад, пакоўзацца на горцы і зляпіць снегавіка. Аднак снегу ў ейных мясцінах няма адкуль узяцца… Але цуд усё ж такі здараецца і жаданне Міі здзяйсняецца!
“Снегурумі”, Надзея Ясмінска. Ілюстрацыі – Святлана Міхалап. Выдавецтва “Папуры”, 2023.
“Каляды” Якуба Коласа – правераная класіка ў кранальным афармленні
Гэта ўрывак з “Новай зямлі” Якуба Коласа, прысвечаны традыцыйнаму святкаванню Калядаў у нашых продкаў. Тэкст аздоблены пяшчотнымі ілюстрацыямі мастачкі Ліаны Жванія. Прыгожае першае знаёмства з класікам беларускай літаратуры.
“Каляды”, Якуб Колас. Ілюстрацыі – Ліана Жванія. Выдавецкі дом “Звязда”, 2023.
“Мае цудоўныя калядныя гісторыі” – зімовыя святы з французскім флёрам
Гэта зборнік кароткіх калядных гісторый ад французскіх аўтарак і мастачак, які зусім нядаўна выйшаў у выдавецтве “Папуры”. У кнізе амаль 200 старонак, на якіх – 17 апавяданняў і безліч пяшчотных ілюстрацый. Кнігу можна пачынаць чытаць з дзеткамі 2-3 гадоў, але яна можа стаць і добрым першым чытаннем дзякуючы буйному шрыфту і выдзеленым ключавым словам і сказам.
Тут і шчанюк, які думае, дзе схаваць шакаладныя цукеркі, і Санта-Клаус, які згубіў сваю шапку, і самотны траваедны воўкс (не блытаць з драпежнымі ваўкамі!), і дзяўчынка, якая марыць пра малодшага брата ці сястрычку, а сябруе выключна з жывёламі з суседняга лесу – кожны і кожная знойдзе гісторыю на свой густ.
“Мае цудоўныя калядныя гісторыі”. Аўтаркі тэкстаў: Мірэй Савер, Дэльфіна Дзюмушэль, Эла Каальман, Карын Машон, Клэр Бертале. Ілюстратары: Эстэль Мадэдзю, Стэфані Аластра, Жэрэмі Парыжы. Пераклад з французскай – Кацярына Маціеўская. Выдавецтва “Папуры”, 2023.
“Ледзяны волат” – арыгінальная фінская казка з пазамінулага стагоддзя
Фінская аўтарская казка з незвычайным сюжэтам і добрым гумарам. Старажытны Ледзяны волат прачынаецца і сутыкаецца вынаходкамі чалавечай цывілізацыі. Такія волаты ўжо зніклі, іх знішчыў сваім молатам бог Тор, але гэты схаваўся ў ледніках і цяпер, маючы за плячыма не адно тысячагоддзе, прачынаецца кожныя сто гадоў. Гэтым разам, паблукаўшы па Скандынавіі ў сямімільных ботах, ён трапляе ў фінскую вёсачку, дзе збіраецца пачаставацца дзяцьмі, што коўзаюцца з горкі на санках. Але хлопчык Матэ ўцягвае Волата ў інтэлектуальнае спаборніцтва і – перамагае.
Пачытаць пра гісторыю стварэння Уладзіславам Пятровічам ілюстрацый да кнігі “Ледзяны волат” можна на нашым сайце.
“Ледзяны Волат”, Сакрыс Тапеліюс. Ілюстрацыі – Уладзіслаў Пятровіч. Пераклад са шведскай – Алеся Башарымава. Выдавецтва “Тэхналогія”, 2022.
“Пра зайца, ваўка і мядзведзя” – вяртанне забытых дзіцячых тэкстаў
Гэта кніжка-гармонік на шчыльным картоне для самых маленькіх чытачоў. У ёй – зімовы верш-казка Тодара Кляшторнага “Пра зайца, ваўка і мядзведзя” і чароўныя ілюстрацыі Кацярыны Сцяжко, якія распавядаюць пра зімовае жыццё ў лесе. У выдавецтва атрымалася шыкоўнае спалучэнне класічнага верша з вімельбухам.
Тодар Кляшторны – адзін з расстраляных у 1937 годзе беларускіх паэтаў. Гэты верш Кляшторнага выходзіў асобнымі кнігамі ў 1935 і 1964 гадах.
У камплекце з кнігай ідзе размалёўка.
“Пра зайца, ваўка і мядзведзя”, Тодар Кляшторны. Ілюстрацыі – Кацярына Сцяжко. Выдавецтва “Славянка”, 2023.
Зімовы сшытак ад “Жэўжыка” – калейдаскоп перадкалядных галаваломак і заняткаў
Летась часопіс “Жэўжык” падрыхтаваў “Зімовы сшытак” з заданнямі на перадкалядны час. І ў нас добрая навіна: яго ўсё яшчэ можна знайсці ў продажы: напрыклад, у віленскай кнігарні “Гартайка”.
З Жэўжыкам можна зрабіць каляндар чакання зімовых святаў, упрыгожанн на ялінку, разгадаць багата галаваломак, памаляваць, згатаваць каляднае печыва і запоўніць калядную анкету.
“Мышыныя Каляды” – гісторыя пра тое, што нават мышы святкуюць Каляды
Прыгожая вершаваная гісторыя ад Антона Францішка Брыля і мастачкі Лізаветы Лянкевіч. Мышаняты Юрка і Надзейка, брат з сястрой, зімуюць разам з сям’ёй на гарышчы дома. І калі асноўныя справы-забавы пераробленыя, мышаняты, каб не сумаваць, пачынаюць даследваць самы далёкі кут, дзе сярод іншага знаходзіцца… батлейка! Старая мыш бабця Хрысця расказвае малым, для чаго тая патрэбная, і мышаняты вырашаюць зладзіць выступ. Бо да Калядаў – акурат сем дзён! Ну а што далей – чытайце самі! Альбо слухайце бясплатна ў мабільнай праграме “Кніжны воз”.
“Мышыныя Каляды”. Антон Францішак Брыль, ілюстрацыі Лізаветы Лянкевіч. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2022.
Казачкі на Калядачкі – зборнік зімовых казак
Яшчэ адна танюткая кніжачка з каляднымі гісторыямі і прыемнымі ілюстрацыямі. Гэта тое нешматлікае, што выйшла сёлета на калядную тэматыку. Казак у кніжцы тры і яны вельмі розныя. Магчыма, калі б іх было болей, такая розніца ў сюжэтах была б менш заўважная. Цяпер жа падборка выглядае эклектычнай, хоць самі па сабе гісторыі харошыя. Першая – пра руплівую майстрыху Зіму і зайздросніцу Адлігу; другая – пра ваўчаня, якое не любіла паляваць і выць на поўню; трэцяя – успамін з жыцця дзядулі аўтаркі пра здарэнне ў лесе напярэдадні Новага года.
“Казачкі на калядачкі”. Алена Міхаленка, ілюстрацыі Вольгі Міхаленкі. Выдавецтва “Беларусь”, 2022.
(с) ALOVAK
[…] Свежыя кнігі пра зіму і Каляды глядзіце ў нашай новай п… […]