Віртуальны адвент падарункаў ад беларускіх майстроў (1-10 снежня)

З першага дня зімы мы пачалі адлік да новага 2023 года. Штодзень на працягу снежня ў інстаграм-гісторыях мы дзелімся ідэямі для падарункаў у фармаце анлайн-адвента. Мы запусцілі гэты праект, каб падтрымаць нашых майстроў і даказаць сабе, а потым і вам, што літаральна ўсе падарункі на Каляды і Новы год можна набыць у таленавітых беларусаў.

Як узнікла ідэя анлайн-адвента?

Гэтая ідэя прыйшла да нас з кніжкі! Нам пашэнціла, што да нашай каманды далучылася новая сяброўка Алеся – і адразу прынесла з сабой свежыя ідэі!

Аднойчы мне ў рукі трапіла незвычайная кніжка Анастасіі Валхоўскай “Чарнічны мішка”. Яна мяне ўразіла не столькі прыгожымі малюнкамі, колькі зместам: гэта кніжка-каляндар пра маленькае чараўніцтва ў кожным звычайным дні. Такі падыход наштурхнуў мяне на думку: а што, калі зрабіць падборку #ідэіпадарункаў у фармаце віртуальнага адвент-каляндара і прыдумляць кожнаму яго дню незвычайную назву?

Алеся Акуленка

Штодзень у снежні мы будзем выбіраць назву дня і публікаваць у гісторыях падборку работ на прыдуманую тэму. Напрыклад, у нас дакладна будзе Дзень святочных сукенак і Дзень каляднай казы!

Паводле вынікаў 10 дзён усе работы мы будзем размяшчаць на сайце, а ў інста-допісе публікаваць найлепшыя вырабы дня паводле статыстыкі рэакцый падпісчыкаў. Тэмы дня мы анансуем загадзя, каб кожны майстар мог адзначыць @alovakmag пад сваімі вырабамі на адпаведную тэматыку і трапіць у падборку.

Глядзіце, якія вырабы мы ўжо сабралі за 10 дзён снежня!

1 снежня: Дзень белых зайцоў

Прапануем вам у гэты дзень пашукаць зайца і яго сваяка – труса. “Навошта?” – спытаецеся вы. Дык 2023 год па ўсходнім календары – год труса! І каб прыцягнуць поспех у Новым годзе, варта паставіць на святочны стол яго сімвал.

2 снежня: Дзень мяккіх падушак

А вы ўжо пабудавалі дом? Прапануем вам зрабіць яго з падушак! Для гэтага трэба сабраць іх як мага больш прыгожых і розных.

Для пачатку з самых шчыльных і дужых падушак узводзім сцены «будынка». Пры гэтым трэба не класці падушкі, а ставіць на бок. Зверху кладзем яшчэ адну вялікую цвёрдую падушку або коўдру. Падлогу хаткі засцілаем мяккімі пледамі, якія не спатрэбіліся ў будаўніцтве столі і сцен. Дом з падушак гатовы!

3 снежня: Дзень чароўных мапаў

У гэты дзень прапануем паразглядаць розныя мапы і знайсці на іх самую чароўную краіну. Нашая падборка вам у дапамогу!

4 снежня: Дзень хатніх пантофляў

З пантофлямі мы дзелім салодкія хвіліны абуджэння, п’ём ранішнюю каву і вячэрнюю гарбату, аддаючы ў іх ўтульныя абдымкі свае стомленыя ножкі.

Прынамсі, хатнія пантофлі – гэта частка асаблівай атмасферы і аўры дома, якую не хочацца псаваць бруднымі вулічнымі чаравікамі. А яшчэ хатнія тэпцікі – гэта цудоўны падарунак для мамы, таты, бабулі ці дзядулі альбо нават для сябе!

5 снежня: Дзень імбірнага печыва

Імбірныя пернікі не толькі вельмі смачныя, але і карысныя! Першапачаткова яны прадаваліся ў манастырах, на гарадскіх плошчах і ў аптэках у якасці лекавага сродку. З часам, прыкладна ў XVIII стагоддзі, імбір і іншыя спецыі сталі больш даступнымі, і гэта дазволіла імбірным пернікам распаўсюдзіцца і стаць любімым дэсертам на Каляды.

Частуйцеся прыгожымі і якаснымі беларускімі пернікамі з нашай падборкі!

6 снежня: Дзень выцінанкі

Выцінанка – ажурны ўзор, выразаны з белай, чорнай ці каляровай паперы, а таксама від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

У Беларусі ў XIX – першай палове XX стагоддзяў выцінанкі ўжываліся для афармлення жылля, выкарыстоўваліся як частка аздаблення інтэр’ера на святы. Упрыгожваліся таксама падзоры на паліцы, суднікі, вушакі дзвярэй, бардзюры на рамы, ана захадзе Беларусі чорнымі ці паліхромнымі выцінанкамі ўпрыгожвалі беленыя сцены жытла.

У наш час матывы і прыёмы выцінанкі пашыраны ў афармленні кніг, упаковак, паштовак. Прапануем і вам натхніцца і ўпрыгожыць свой дом выцінанкамі.

7 снежня: Дзень саломапляцення

Беларускае саломапляценне занесена ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА! Рашэнне прынялі на 17-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая адбылася ў Марока. “Сучаснае мастацтва саломапляцення ў Беларусі заснавана на народных традыцыях і пастаянна ўзбагачаецца творчымі дасягненнямі спецыялістаў, якія перадаюць свае веды і навыкі ў сетцы, у адукацыйных установах, арт-студыях, цэнтрах рамёстваў і на фестывалях”, – гаворыцца на сайце ЮНЕСКА.

Прапануем вам палюбавацца сучаснымі працамі майстроў, якія ператвараюць беларускае золата ў вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

8 снежня: Дзень зімовых кніжак з карцінкамі

А гэты дзень мы пагаворым пра кніжкі, бо кніга не перастае заставацца найлепшым падарункам, асабліва калі яна з ілюстрацыямі і, вядома, па-беларуску. Яшчэ 5 гадоў таму мы б не змаглі назбіраць і пяці якасных дзіцячых кніг, каб яны адпавядалі тром простым крытэрам:

  • з малюнкамі таленавітых мастакоў;
  • на беларускай мове;
  • пра зіму і зімовыя святы.

А сёлета мы публікуем цэлую падборку такіх кніг і дзякуем сусветна вядомым мастакам і пісьменнікам, беларускім выдавецтвам і перакладчыкам за тое, што ў нас ўжо ёсць што пакласці дзецям пад ялінку.

Пагартаць зімовыя кнігі

9 снежня: Дзень аранжавага настрою

Узімку так мала яркасці. Але толькі не на нашых старонках! Прапануем вашай увазе ідэі падарункаў аранжавага колеру не выпадкова. Бо гэты колер сімвалізуе радасць і паўнату жыцця, энергію і сілу эмоцый. Цягу да аранжавага колеру часта праяўляюць шматгранныя і творча адораныя асобы, людзі з мастацкім мысленнем і багаццем думак. Пераканайцеся самі!

10 снежня: Дзень зыркіх агеньчыкаў

Цяпла хочацца зімовымі вечарамі. І яго можна падарыць! Свечкі і падсвечнікі, начнікі і свяцільні – вось што ў цэнтры нашай увагі ў гэты дзень. Але ззяць могуць і вочы вашых блізкіх, калі ў іх адаб’ецца святло падораных вамі рэчаў ручной работы.

Сачыце за нашымі інстаграм-гісторыямі ўвесь снежань і абірайце падарункі для сваіх блізкіх!

Працяг: Віртуальны адвент падарункаў ад беларускіх майстроў: 11-20 снежня

(С) ALOVAK

2 Comments

  1. […] Віртуальны адвент падарункаў ад беларускіх майстроў: 1… […]

  2. […] Першая частка віртуальнага адвенту за 1-10 снежня ўжо сабраная ў адным месцы – і вы можаце зірнуць, што б такога […]

Leave a Reply