Віртуальны адвент падарункаў ад беларускіх майстроў: 21-31 снежня

З першага дня зімы мы пачалі адлік да новага 2023 года. Штодзень на працягу снежня ў інстаграм-гісторыях мы дзяліліся ідэямі для падарункаў у фармаце анлайн-адвента. Мы запусцілі гэты праект, каб падтрымаць нашых майстроў і даказаць сабе, а потым і вам, што літаральна ўсе падарункі на Каляды і Новы год можна набыць у таленавітых беларусаў. Ці гэта ў нас атрымалася, мяркуйце самі!

Віртуальны адвент падарункаў ад беларускіх майстроў: 1-10 снежня

Віртуальны адвент падарункаў ад беларускіх майстроў: 11-20 снежня

21 снежня: Дзень чыстай красы

Ідэальны падарунак для сябе – гэта ўпрыгожанне, абранае на свой густ. Яго можна дадаць у віш-ліст, каб блізкія маглі вас парадаваць менавіта тым, што дакладна вам будзе пасаваць і падкрэсліваць вашу індывідуальнасць.

22 снежня: Дзень магічных люстэркаў

Часам, каб убачыць добрага чалавека, дастаткова толькі зірнуць у люстэрка! Беларускія майстры робяць вельмі адметныя люстэркі, здольныя ўпісацца ў самы розны інтэр’ер.

23 снежня: Дзень файных прынтоў

Падарыць сябру ці калегу цікавы падарунак можна, абраўшы фтболку ці байку з цікавым прынтом. Балазе, нашы майстры і мастакі робяць цікавыя калабарацыі, каб вы маглі падкрэсліць сваю індывідуальнасць пры дапамозе адзення ці аксэсуараў.

24 снежня: Дзень каляднай зоркі

Неад’емным сімвалам Калядаў з’яўляецца зорка. Часцей 8-канцовая зорка на кійку, унутры якой мусіў гарэць жывы агонь (свечка, паходня). У калядным гурце нават спецыяльны чалавек ёсць – зорканоша. Зараз гэты сімвал выконвае больш дэкаратыўную ролю, і жывы агонь часта замяняецца гірляндай.

Але яшчэ не так даўно да каляднай зоркі ставіліся з большай пашанай, бо яна сімвалізуе нанава народжанае Сонца ў паганскай традыцыі альбо Віфлеемскую зорку (якая першая заззяла на небасхіле, абвясціўшы аб нараджэнні божага сына) – у хрысціянскай. І абыход з ёю двароў мусіў паспрыяць новаму ўраджаю, а, значыць, і працягу жыцця.

25 снежня: Дзень батлейкі

Батлейка – беларускі народны тэатр лялек, у асноўным на біблейскую тэматыку, які атрымаў распаўсюджанне ў Беларусі з XVI стагоддзя і перажывае адраджэнне ў форме нацыянальнага дзіцячага і каляднага тэатра ў наш час.

Слова “батлейка” паходзіць ад назвы горада Бэтлеем, напісанне якога ў афіцыйным правапісе замацавалася як Віфлеем. Узнікненне батлейкі звязанае з каляднымі святамі (бо Бэтлеем – месца нараджэння Хрыста). З часам у батлейцы ўзніклі і побытавыя матывы, а ў наш час можна сустрэць і пастаноўкі казак у жанры батлейкі.

Сёння ў нашым адвент-календары мы разгледзем батлейку яшчэ шырэй. Тут будуць:

  • калядныя інсталяцыі на біблейскую тэму,
  • дзіцячы ценявы тэатр лялек,
  • падказкі, дзе можна паглядзець батлейку,
  • калядны дэкор з матывамі пра Божае нараджэнне.

А Вам хочацца пажадаць, каб калядны цуд не абмінуў ваш дом!

А тут вы можаце ўжывую паглядзець спектаклі народнага тэатра – батлейкі:

26 снежня: Дзень калядных анёлкаў

Калядныя анёлы – нед’емны сімвал Раства. Мы сабралі самыя розныя ідэі іх увасаблення: карціны і паштоўкі, статуэткі і елачныя цацкі, насценны дэкор і нават крылы ручной работы, якія можна скарыстаць для тэатральнага выступлення або тэматычнай фотаздымкі.

27 снежня: Дзень зімовых карцінак

Мы сабралі настраёвыя малюнкі сучасных беларускіх мастакоў з зімовымі і навагоднімі сюжэтамі, каб наблізіць адчуванне Новага года. Наладжвайцеся на святочную хвалю!

28 снежня: Дзень пакавання падарункаў

Мы падзяліліся прыкладамі таго, як стылёва і крэатыўна беларускія майстры і дызайнеры пакуюць свае вырабы для сваіх пакупнікоў.  Калі пакупка становіцца прыемней яшчэ больш!

29 снежня: Дзень смачных рэцэптаў

На святы мы не маглі праігнараваць творчасць кухараў і кулінараў, якія ствараюць смачныя стравы і вядуць свае кулінарныя блогі па-беларуску. Спадзяемся, нешта з нашай падборкі рэцэптаў вам прыйдзецца да смаку і ўпрыгожыць ваш калядны стол.

Шукайце рэцэпты тут.

30 снежня: Дзень зазірання ў заўтра

З надыходам Новага года нам хочацца перамен і здзяйснення жаданняў. Мы глядзім у будучыню з надзеяй на лепшае. Каб параўнаць, як мы змяніліся за год, можна напісаць сабе ліст у будучыню. Для гэтага паслання не трэба адрасу ці маркі, бо яно прызначана для Вас.

Напішыце нешта важнае пра сябе, раскажыце пра тое, што Вас хвалюе, кім Вы бачыце сябе праз некалькі гадоў, пастаўце мэты ці проста пажадайце сабе нечага прыемнага. Затым пакладзіце ліст у канверт, заляпіце яго і пазначце дату адкрыцця: як мінімум праз год, каб добра забыць змест паслання.

Гэты ліст – выдатны спосаб лепш спазнаць сябе ці ацаніць свой дар прадбачання.

Калі баіцеся, што ліст у будучыню згубіцца ў сучаснасці, скарыстайцеся адмысловымі анлайн-сэрвісамі, дзякуючы якім вы гарантавана атрымаеце свой ліст на электронную скрыню ў абраны вамі дзень, напрыклад: futureme.org.

31 снежня: Дзень святочных віншаванняў

Каманда ALOVAK шчыра віншуе вас з Новым годам і Калядамі! Зычым вам натхнення, творчых поспехаў і самарэалізацыі! Хай Новы год прынясе вам паболей радасці, шчасця, любові, цяпла і дабра! Міру вам, дабрабыту і здзяйснення запаветных мараў!

(с) ALOVAK

Leave a Reply